Гіпнатычна казаць, гіпнатычна любіць,
Адчуваць чарназём баразны.
Два жаданьні - адно мне прымусам дано,
Не пазбыцца яго аніяк.
У кілішках статычна чакае віно -
Ці адбудзецца змоўніцкі знак.
Я ахвяра - і споведзь мая, як пчала,
Абавязак і праца - штодзень.
Гіпнатычная хваля мяне ўзьняла,
Як бярно, як мэталь, як камень.
НА ВЯЛЕСАВЫМ ЖЭГЛІШЧЫ
Вялес, нібы глушэц, сьпявае гімн
Сваем ўладаньням і сваем падданым,
Трубіць у рог, рагоча апантана,
На пір зьбірае ўсіх, на жэглішча сваё.
Сярод аблокаў адгукаецца Ярыла,
Ляціць на кліч, як ластаўка дамоў,
Хутчэй на сьвята - дзе каханьне і віно,
Две веснавая ўладарыць сіла.
Вялес, ня маючы старых ілюзій,
Мне даспадобы твой бясхітрасны хаўрус,
Ды толькі ведаю - не адгукнуўся Зюзя,
І больш таго - зьлякаецца Пярун.
РАЗЬВІТАНЬНЕ З ТАНТАЛАМ
Дзе вуліцы, дзе сьнег даюць па картках,
Ніводнай страказы, ні мятліка, ні пчолкі,
Адзіны слуп, зь яго у бездань скокне месяц, -
Ўладаньне змрочнага Аіду.
Прыступак не відно - ідзеш гарызантальна,
Ў паветры жахі сноў дзіцячых
Лятуць усьлед - паветраныя шарыкі на нітцы.
Хачу сказаць: - Бывай, Тантал!
Аід не гаспадар - ён Пан і Бог,
Ён сустракае кожнага абдымкам,
Ягоная гасьціннасьць - хітрыкі пракуды,
Дзіця - якому безьліч год.
І ты, ахвяра ўласнага нахабства,
Вар'ятам аглядаеш сьвет фантомаў,
Зьняверлівы ва ўсім, ва ўсіх, -
Бывай, Тантал!
Зярнятка кволае - адзіны апанэнт Аіда,
Для навуковых спрэчак вільгаці хапае.
Дарэмна шкадаваць цябе, Тантал,
Ты сам сабе ўзнагарода і вырок,
Твой лёс, як лябірынты Мінатаўра,
Ты заблукаў, ты схлусіў сам сабе.
Вада зьнікае - рэха вадаспадаў цьвеліць:
Бывай, Тантал!
Бывай, ні шкадаваньня, ні трымценьня,
Учынкі засталіся за плячыма,
Цяпер маё жыцьцё крынічкаю струменіць,
Кудысь бяжыць, сьпяшаецца ўпарта,
Ніхто ня ведае куды.
Ты назіраеш з хіжасьцю вар'ята,
Ня верыш іншаму зыходу,
(Падман Аіда?) бо вакол фантомы,
І толькі голас мой сапраўдны:
Бывай, Тантал!
* * *
На душы супакой, восень зьвіла кубло,
Дождж патрэбны для стомленых воч.
І адразу ўсплывае, як месяц у ноч,
Варажнеча дурманлівых слоў.
Кроплі-гукі дажджу працінаюць мяне,
Як паверхню лагоднай ракі.
На ўзьбярэжжы алешыну вецер ня гне -
Разыйшоўся ў чатыры бакі.
На душы супакой, адчуваю сябе,
Нібы ў чоўне на днішчы ляжу.
Твой, Ясон, карабель, карабель... карабель...
Мне прымроіўся ў рысах дажджу.
* * *
З майго сэрца вырасьце аер.
Ён ад ветру будзе ціха шамацець...
Сэрца - птах, што выбіўся ляцець,
Бо да неба страчаны давер.
Толькі птах ня стане на калені -
Крылы ператворацца ў карэньні.
НОНКАНФАРМІЗМ
Аб чым спрачацца мне з табой?
Мы дзеці рознае сыстэмы,
Цябе хвалююць, дружа, цэны,
А я лічу іх рост лухтой.
Што мусіць быць у сьвеце гэтым -
Адбудзецца, як не суроч,
Дзень сыйдзе, запануе ноч, -
Наклеюць новыя партрэты.
І толькі твой уласны сьвет
Залежыць ад твайго жаданьня,
Ніхто, ні ў якім Татарстане,
Ня зьменіць рух яго плянэт.
І лепшай зброі для людзей,
Чым моц свайго нонканфармізму,
Ня ведае сусьвет вялізны --
Ні ліхадзей, ні дабрадзей.