Бо Д'ябал можа спакушаць
На ўзроўні цэнаў і пасадаў,
Улады, страўніка, акладаў -
І толькі гэтак кіраваць.
Парадак усталюе тут
Бадай што толькі мужнасьць духу.
Змагайся з Д'яблам, космас слухай,
Вазьмі СВАБОДУ за статут.
ПАТРЭБА ВЯРТАНЬНЯ
чарада слоў
драбніцы стракатых падзей
мэтамарфозы быцьця
навонкі
і толькі ў сярэдзіне
разважлівасьць валуна
і акамянелыя адбіткі
хваляў
таму ў сярэдзіне
тваё жытло
сьпічастыя вежы
каляровыя аканіцы
заможныя дзябёлыя
брамы
выпадкова не патрапіш
на вулкі гэтага места
яго няма - пакуль ты
ня ўявіш яго сам
будзеш кружляць
на зорным небе
будзеш клыгаць
як прывід-вандроўнік
пакуль не адчуеш
патрэбы вяртаньня
як алоўкі
што пакідаюць сьлед
зьнікаюць людзі
паломніцтва ў нікуды
крэсьленьне па крэсьленьні
БЫЦЬЦЁ
Марны занятак - зьбіраць
дажджавыя кроплі
аб'яднаныя
яны зьнікаюць
мяняюць сваю сутнасьць
ператвараюцца ў вільгаць
і нават адну кроплю
немагчыма
трымаць у няволі
* * *
Кладу ў імбрычак зёлкі
пры гэтым вымаўляю
сапраўднае імя кожнай
ЗЬМЕНЫ
зьдзіўляюся - зьмены
як марскія хвалі
бясконца выпраўляюць свой малюнак
бурштынавыя перакочваюцца каменьчыкі
а чарупіны - рэха акіяна
зьдзіўляюся - штодзень я іншы
сталеюць думкі
чаргуюцца жаданьні
пры сустрэчы я спытаю -
хто гэта?
сын прыкладае чарупіну
да вуха - уважліва слухае
ты павязеш мяне летась на мора?
я ніколі ня бачыў мора
нават успаміны аб мінулым
мяняюцца як рэчышчы
родных рачулак
няўжо нехта мае ўладу
над маімі ўспамінамі?!
зьдзіўляюся - гляджу на фотаздымкі
пажоўклыя лісты кнігі
зьдзіўляюся - жыву даўнейшай марай
якая зьдзейсьнілася
на вежы б'е гадзіньнік -
вітае чарговую зьмену
найменьня маёй мары
ВАНДРОЎКА
сын кліча мяне ў вандроўку
яму карціць пабачыць тое
што ніколі ня бачыў
пачуць -
што ніколі ня чуў
паспытаць -
што ніколі не спытаў
ён яшчэ верыць у свае здольнасьці -
усё пабачыць усё пачуць усё паспытаць
і я быў некалі такім
што параіць сыну?
сказаць што гэта марны занятак -
ці ня згубіць хлопец цікавасьць
да жыцьця?
патлумачыць - што нельга ахапіць
неахопнае -
ці дасьць веры?
параіць - засяродзіцца на чымсьці
адным -
ці не памыліцца ў галоўным?
нічога ня буду казаць
мы пойдзем разам
і я ўбачу тое
што ніколі ня бачыў
пачую тое
што ніколі ня чуў
паспытаю тое
што ніколі не спытаў
ULTIMA THULE*
Верш з такой назвай я прачытаў
у эстонскага паэта Матса Траата
ён напісаў яго ў 70-я гады
калі Эстонія таемна марыла
пра ўласны дом
калі захрасла вятроў кола
ў спадчынных ветраках
калі ўпарта змагалася з хвалямі
старая адзінокая сасна
на Балтыйскім узьбярэжжы
Матс тады быў зусім малады
і верыў толькі ў моц свайго слова