Выбрать главу

«няхай зноў

вечныя гострыя вілы

выграбуць імёны

плямёнаў

з вадзяной магілы» -

такія ён казаў пацеры

і зьвяртаўся да паганскага бога

эстонцаў Тара

І я загарэўся напісаць верш

«Ultima Thule»

я сьніў яго але раніцай ня мог

узнавіць ніводнага радка

я чуў яго ад нарачанскіх хваляў

але ня здолеў перакласьці на родную мову

я бачыў словы верша

выкладзеныя літарамі-аблокамі

над восеньскай пожняй

але ня мог ахапіць позіркам усе літары

каб прачытаць хаця б радок

Па дарозе якая вяла да крыніцы

мы йшлі па ваду -

я васьмігадовы сын Антон

чатырохгадовы пляменьнік Андрэй

і двухмесячны кокер-спаніэль Боб

які ўвесь час блытаўся пад нагамі -

крыніца неўтаймоўнага аптымізму

Быў вечар наперадзе заходзіла сонца

і я адчуваў што вось мы йдзём па

крынічную ваду заходзіць сонца

дзеці бесклапотна балаболяць пра

свае дзіцячыя зацікаўленьні -

гэта той выпадак

калі я магу напісаць верш «Ultima Thule»

толькі сёньня толькі зараз

або ніколі

я паклікаў на дапамогу Вялеса

і мулкімі вуснамі пачаў бязгучна нашэптваць

«Прыйдзі Ultima Thule як срэбная хмара

як вызваленьне ад праклёну сярод ночы

калі не чакаеш ня просіш ня кленчыш -

сьціплая ўзнагарода за дзённую працу

вызваленьне ад грахоў якіх не рабіў

якія не даюць табе ўзьняць галавы

сказаць «Дабрыдзень» і паклікаць гасьцей

прыйдзі як сон пра які расказаў мне бацька

а бацька пачуў ад дзеда

як аса якая прыляцела на твой салодкі стол

і ты радуешся што нехта яшчэ апроч цябе

адчуе смак тваёй хвіліннай насалоды

і ўпершыню ты пазнаеш неба прывітаешся

з сонцам дакранешся да дрэва

і гэта адбудзецца калі прачнешся

а мінулае - як сон як насланьнё

і будзе тое поле і ня тое

тыя ж аблокі - і ня тыя

тыя ж краскі - і ня тыя

ты ўпадзеш у пярыну падбелу

мацярдушкі скрыпеню жывакосту

дзівасілу сьвятаяньніку браткоў

адчуеш пах красак

і ўбачыш між аблокаў

ускраіну паўночнай зямлі -

Эстонію»

Матс Траат прачытае мой верш

калі Ultima Thule прыйдзе й абвесьціць -

Цяпер тут ускраіна

* Ultima Thule (лац.) - край сьвету, ускрайні рубеж.

* * *

іду па Парыжы

як турыст

іду па Парыжы

як чужы

іду па Парыжы

як эмігрант

іду па Парыжы

як дысыдэнт

іду па Парыжы

як летуценьнік

іду па Парыжы

як змоўнік

іду па Парыжы

як барбар

іду па Парыжы

як заваёўнік

іду...

ПАРЫСКІЯ ВЕРАБ'І

На каменным беразе Сены

кармлю з далоні тутэйшых вераб'ёў

папрашайкі падобныя да полацкіх

толькі яшчэ больш нахабныя

дзясяткі фотаапаратаў японскіх турыстаў

здымаюць нас як супэрзорак

парыскія нахабнікі

лезуць у самую далонь

У МУЗЭІ ПІКАСА

У залях музэя Пікаса

думка - немастацтвазнаўчая -

не пакідала маю галаву -

для апантанага гішпанца

у цэнтры Парыжу вызвалілі палац

а для Селяшчука ў Менску

не знайшлося невялічкай залі

* * *

Пяць разоў на парыскіх вуліцах

сустрэчныя мінакі пыталіся ў мяне пра час

- ня ведаю - адказваў я ўсім

на шосты раз не стрымаўся

і паведаміў полацкі час