Выбрать главу

- Ты пераможаш, не вагайся! -

уночы мне казаў Вялес, -

Але таго асьцерагайся,

хто пераблытаў сэнс і зьмест.

4

Куды ляцеў Грыфон мядзяны?

Каму на крылах нёс загад?

Таемнай злучнасьці падданы,

што ў параўнаньні зь ім масад,

казюрка на сухой сьцяблінцы.

Ён Тэрмінатар 3 - ня менш.

Такі у полацкай глыбінцы

тае ўчыніць - не засьнеш.

5

Нараньні сябар завітаў,

ён выгляд меў стамлёны дужа,

далонь халодную падаў,

нябогу трэсла, як у сьцюжу.

Ён пляшку «Полацкае» меў

для пераможнага «намазу» -

ня кожны раз трапляе леў,

а тут яшчэ арол адразу.

Пілі гарэлку, як ваду, -

ні смаку, ні цяпла жарынкі,

я засьпяшаўся - ужо пайду,

а сябар - пасядзім хвілінку.

Хавае вочы і маўчыць,

затым гаворыць ціха: - Годзе!

Нам ад наступстваў не ўцячы.

І хутка ад мяне сыходзіць.

Пра што ён? Во дае дзівак!

Якой шыпшынай укалоўся?

Няўжо спалохаўся ён так?

Ці ноччу нешта адбылося?

6

У родных соснах заблукаць

зусім ня цяжка, як здаецца.

Я Полацак ня мог пазнаць,

вачмі ня мог, і нават сэрцам.

За ноч зьмянілася усё.

Ці можа я зьмяніўся гэтак?

Навокал сьмецьце і рызьзё

І пах грамадзкага клязэту.

О, Полацак, куды ты зьнік?

Якія гуны тут прайшліся?

Хто патушыў Зьніча агні,

панёс дзядоў, як долам лісьце?

Сьпіць крыж Сафіі над Дзьвіной,

нямком маўчыць Барысаў камень...

Бяспамяцтва ідзе вайной -

нікога ля разьбітай брамы.

7

Яшчэ здалёк убачыў я,

што дзьверы насьцеж у кутузцы.

Страх абудзіўся заскарузлы,

Так воўчая аточвая гайня.

- Параза! - вымавіў, як стогн, -

Хто адчыніў у ночы дзьверы?

Якія духі, людзі, зьверы?

Хто выпусьціў цябе, Грыфон?

«Нам ад наступстваў не ўцячы».

Ўзгадаў я ранішнія словы

і сябра постаць, вочы, бровы,

і папярэджаньне ўначы.

У дзьверы біў, бы страціў клёк,

крычаў у роспачным бясьсільлі,

і толькі ў Кіеўскай Сафіі

Забіўся сьвечкі матылёк.

8

Я кепскім вучням быў, Вялес,

ня спраўдзіў я твае надзеі.

Чужое рэха будзіць лес,

ад гукаў сэрца ледзянее,

і жэглішча зьнікае сьлед,

вятрыска воблака разьвее.

Няма Яго - і Ён паўсюль:

шкрабецца мышшу пад ялінай,

у дрогкім поступе казуль,

у дотыке біблейскай гліны.

Я ведаю: Ён побач, тут,

чакае новае радзіны.

Глядзіць таемна птах-груган,

матыль аб шкло упарта б'ецца,

зьмяя ахоўвае курган,

буслы ляцяць дамоў праз Грэцыю -

у кожнай зьявы пэўны знак,

любві маленькая фартэцыя.

9

Грыфон па небе не ляціць,

смуга наўкол і дзьме вятрыска.

Ні Грунвальд, ні Барадзіно,

Каршун ні высака, ні нізка.

Ні Ватэрлё, ні Сталінград,

ні перамога, ні параза.

Ёсьць выканаць каму загад,

няма каму змагацца разам.

Няма сьвятла ў тваім вакне,

Смуга наўкол і дзьме вятрыска.

Так не бывае на вайне -

ні ворага, ні абеліска.

Ды зорка блісьне сярод хмар,

ды голас Вялеса падасца.

Я запаліў кажан-ліхтар...

Ніколі Полацак ня здасца.

1995 г.