Выбрать главу

ВЕРШАФАКТЫ

Постмадэрнізм можа або вырошчвацца, або выкідвацца з мастацтва. Вырошчвацца, як расьліна, як водарасьць, як грыб, што галавою прабівае асвальт. Выкідвацца, нібы Гастэла, з літаратурнае сфэры, і мы маем літаратурныя выкідышы, якія рэпрэзэнтуюць новую паэтыку.

Алесь Аркуш урастаў у постмадэрнізм, нібы ўчэпістая бярозка або амяла. Ягоная вучнёўская паэзія паўтарала ўсе зьвівы традыцыяналізму, але мне было зразумела ўжо тады, падчас першых сходак «Тутэйшых», што ў беларускую кандовую паэзію «градзе» лірык новае генэрацыі.

Новай лірыцы наканавана было асвойваць, пераствараць аб'екты старой літаратуры, зьмяняць старатворы ў новатворы. У адным з вучнёўскіх вершаў Аркуш перастварыў матыў чароўнае панны, незнаёмай. Першай літарай знакавай абэцэды Алеся Аркуша стаўся слоік вішняў:

І пайшла, і як воблака зьнікла,

Нават дзьверы ня рыпнулі ўсьлед.

Толькі білі гадзіньнікі звыкла

Ды літроўку разглядваў буфэт.

Хто яна, таямнічая госьця?

Я ня ўспомню, ня ўспомню ніяк!

Гэта сон, гэта мне падалося...

Слоік вішняў - пакутлівы знак.

(«Госьця»)

«Слоік вішняў» атаясамліваецца з уваходжаньнем Алеся Аркуша ў элітарнае беларускае пісьменства. Ён прынёс сябе ў літаратуру ў абліччы белага, амаль ня сьпісанага аркуша. У кутку гэтага аркуша паэт намаляваў свой першы артэфакт - слоік вішняў, нібы Карлсан, які праз усё жыцьцё маляваў на аграмадным белым аркушы маленькую самотную ліску. Я памятаю, як накінуліся на «Госьцю» «тутэйшыя» літаратары, што ладзілі сваё чарговае спатканьне пад дахам Дома літаратара. Перапала і «госьці», і «варэньню», якое дакладней было назваць «сочывам», і сьціпламу візітанту сталіцы, што насьмеліўся прачытаць свае вершы ў прысутнасьці дваццацівасьмігадовых мэтраў...

Але сёньня я з задавальненьнем перачытваю «Госьцю» ў зборніку «Выбранае» як, паўтараюся, альфу знакава-паэтычнай сыстэмы Алеся Аркуша. У далейшым можа падацца, што Аркуш катапультаваўся з афіцыйнае літаратуры ў альтэрнатыўную, але я прыкмячаю дакладныя рысы «ўрастаньня»: пераніцоўваньне знакаў традыцыйнага пісьменства, фармаваньне новага вершабачаньня, тварэньне новых вершафактаў.

Новая вершафактура вырастае з «працоўных рук» дзядзькі Рыгора («Пільня»), з «сонных водаў рэчкі Гайна» («Мянтуз»), з вяргіняў ды флёксаў, што красуюць на гарадзкіх дворыках («Шукае лекавыя травы...»).

Новая вершафактура зіхціць сталёвай луской мэталёвай рыбы:

Рыба губляе луску -

Сталь дамагаецца цела.

Па мэталёвым пяску

Рыба зьнямогла ляцела.

. . . . . . . .

На мэталёвым пяску

Сьлед пісягом застаецца.

Рыба, згубіўшы луску,

Блешняй сама абярнецца.

Вершафактура Аркуша ўрастае ў тэхнагенную сфэру, не цураецца геамэтрызму, выразна перакрэсьленых ліній, што мы назіраем у творчасьці ўсіх паэтаў-урбаністаў. Аркуш умее ладзіць рацыянальныя паэтычныя канструкцыі, угрунтаваныя на вядомым прынцыпе бясконцага капіраваньня, замкнёнай сістэмы люстэрак:

Навокал нас - скрозь люстэркі.

Неба - люстэрка

і зямля - люстэрка,

люстэркі - сябры

і люстэркі - ворагі,

і дрэвы, і зоркі,

і дамы, і тратуары,

і кроплі дажджу...

(«Люстэркі»)

З гульні ў люстэркі пачыналі, як вядома, новараманісты... Блуканьні ў тэхнагеннай зоне - любімая забаўка іхніх герояў. Але аркушаў герой-сталкер арыентуецца ў сваёй зоне па ўласных знаках, што трапілі сюды са старой літаратуры:

Над пожняй плачуць правады,

Амаль галосяць.

Бэтонны слуп, як правадыр,

Выводзіць восень.

Іржышча захавае сьлед,

Сьняжок нібыта.

Сусьвет глядзіць вачмі камэт

На квадры жыта.

У пошуме аркушавага мэгаполісу, на тле урбаністычных зыкаў часам пачуеш і голас дагістарычнае катрынкі. І такі добра знаёмы, песенны рэфрэн...

Пяць мэлёдый катрынка сьпявае,

Толькі ведай - круці рукавятку.

Люд у скрыню да старца кідае

Неўміручага жыта зярняткі.

Грай, катрынка,

Сьпявай безупынку.

(«Катрынка»)

Бальшыня вершафактаў Аркуша ўкаранёныя ў літаратурную традыцыю, абапёртая на папярэднія тэксты, як дрэва на корань. Радыёпрыймач, па якім лірычны герой чуе або «таямніцы», або «апошнія паведамленьні», аказваецца мадыфікацыяй тэксту: