Гартаю радыёхвалі, як старонкі
таўшчэзнае скрэмзанае кнігі...
(«Апошнія паведамленьні»)
У сьвеце вершафактаў, што творыць Аркуш, пакуль замала аб'ектаў, а паветра разрэджанае. Нядзіўна: паэт яшчэ не пасьпеў нацягаць туды ўсяго, што мае нацягаць. Але ён ужо вызначыўся з тым, адкуль браць: міталёгія (Пярун, Вялес, Грыфон, каляды й радаўніца), інтэлектуальны досьвед і ўспамін. Так, шэраг вершаў Аркуша ўспрымаюцца як аплікацыя, у якой кавалачак студэнцкага юнацтва наклейваецца на аркуш сучаснасьці.
Ці мо гэта й ёсьць прыкмета сталеньня? Як і тое, што Аркуш, здаецца, пераходзіць на вэрлібр. Калі шчыра, дык пераход да нерыфмаванае паэзіі для мяне часам выглядае як праява ня толькі сталасьці, але й старасьці. То бо ж на вэрлібр перайшла стамлёная ды састарэлая літаратура Эўропы. Цуды вэрсыфікацыі, жангліраваньня рыфмамі лягчэй атрымліваецца ў маладых (раньнія Барадулін, Разанаў, Танк), а пасьля іх усё болей будзе хіліць да вольнага вершу.
Таму можа й няварта (пакуль) Алесю Аркушу цалкам забывацца на рыфму, каб не перасталець заўчасна. Ягоныя «Парыскія вераб'і» зачылікалі б крыху весялей, калі б сталіся як сьлед урыфмаваныя.
Паломніцтвам у сталіцу мод і прывезеным адтуль вершам Аркуш пацьвердзіў сваю эўрапейскасьць. Полацкаму вераб'ю няблага ў агульнаэўрапейскае літаратурнае прасторы, хаця сваё постмадэрновае гняздо ён ладзіць з тутэйшае саломы.
Падрыхтаванае на падставе: Алесь Аркуш, Выбранае: Вершы — Полацак-Горадня: 1999. — 56 с.
Алесь Аркуш — беларускі паэт, эсэіст, выдавец. Нарадзіўся 28 траўня 1960 году ў Жодзіне. Скончыў Жодзінскі політэхнікум і Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. З 1987 году жыве ў Полацку. Пачаў друкавацца ў 1986 годзе. Уваходзіў у літаратурную суполку „Тутэйшыя”. Першая кніга, зборнік паэзіі „Вяртанне” (сэрыя „Бібліятэка часопіса „Маладосць”), выйшла ў 1988 годзе. Заснаваў і выдаў 6 нумараў літаратурнага альманаху „Ксэракс Беларускі”. Пісаў тэксты для полацкага рок-гурта „Мясцовы час”. У 1993 годзе стварыў Таварыства Вольных Літаратараў. Выдавец і галоўны рэдактар літаратурнага альманаху „Калосьсе”. Старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес”. Аўтар тэксту гімна горада Полацка.