Да пільні, да гвалту, да дошак, да стружкі.
АДБІТКІ
Люстэрка трымае да ночы адбіткі:
Рахманыя, ветлыя, хіжыя твары.
І маюць яны, нават самы някідкі,
Імёны свае, як расьліны ў гербарыі.
А ноччу адбіткі пакінуць люстэрка,
Пасыплюцца долу - заб'юцца ўтрапёна,
Як соліды важкія з бомкай манеркі, -
І профілі згубяць дазваньня імёны.
УЦЁКІ
Уначы Вурдалак галасіў.
Ў Мёртвым возеры білі званы.
Я з апошніх падманлівых сіл
Пілаваў на сабе кайданы.
Гэта ноч для уцёкаў - як ёсьць.
Я ня ведаю лепшых замоў:
Абароніць мяне прыгажосьць,
Захавае ад скону любоў.
Што мне жахі твае, Вурдалак?
Ты ў памыйныя здрады ня ўлез.
Вечарніца, як змоўніцкі знак,
Мне сьцяжыну пазначыла ў лес.
Ў Мёртвым возеры білі званы...
ПОЗІРК
Са сквапнага даўняга веку
Апошні скалечаны тур
У вочы глядзіць чалавеку
Праз незваротнасьці мур.
Глядзіць нерухома, сіберны.
Навошта тлумачыць, дарма!
Калі абуджаецца зерне,
Шчымліва сьпявае сурма.
ЯБЛЫКІ
У неба яблыкі ўзьляталі,
А зь неба падалі каменьні.
І людзі з боскім утрапеньнем
Глыжы ў садох сваіх зьбіралі.
Яны дзівіліся, як дзеці,
Яны былі на сёмым небе:
- Гніляк няхай бы трапіў дзесьці...
- Відаць, падзейнічаў малебен.
Зімой дзівіліся нанова:
- Вось гэта, браткі, захаваньне,
А што цьвярдыя для ўжываньня -
То яблык сьпее адмыслова.
Чакаюць людзі - як умеюць, -
Калі ўжо яблыкі пасьпеюць.
СІВЫЯ ЛІСТЫ
Гэта роспач пісала, не я,
Гэты ліст напаўзмрочнай парою.
Гэта вецер віхурнага дня
Ліст прыбіў да магілы героя.
Хто яму прачытаў гэты ліст?
І няўжо тыя словы кранулі?
Бо ён жыў невядома калі,
Ў час далёкі: між дзідай і куляй.
Бо сплыло столькі рознай вады,
Неспакойна і сёньня герою...
Мне прыходзяць сівыя лісты,
Ды атрамант бярэцца крывёю.
СТАРЫ ДУБ
Гайдаюць пругкія галіны,
Сваволяць жалуды-малечы.
Сьпякотных тыдняў успаміны
Дуб занатоўвае пад вечар.
Забыўся на мясьціну гэту
Пяшчотны дождж сівых абшараў.
Ды ведаю, наложыць вета
На сьпёку колішняя хмара.
НЕМАЎЛЯ
На сьнезе знайшлі немаўля -
У неба глядзіць і ня плача.
Далонька сьціскае імя -
Адзіную спадчыну.
Марозу яго не працяць,
І сьнег не пячэ халадэчай.
Гілі ўсьлед за сонцам ляцяць,
І бачыць іх толькі малеча.
Ніякіх ня ведае слоў,
Свабода - дзіцяці калыска.
Існуе ў сьвеце яно
Як сьнег, як мароз, як вятрыска.
* * *
Шукае лекавыя травы
Сабака брудны, нехлямяжы.
Паміж няіснасьцю і явай
Прашкандыбае - зноўку ляжа.
Няўжо ня знойдзе і загіне?
Няўжо ў Чырвонай кнізе лекі?
Цьвітуць у дворыках вяргіні,
Буяюць флёксы ля аптэкі.
СТАЛЁВАЯ РЫБА
Рыба губляе луску -
Сталь дамагаецца цела.
Па мэталёвым пяску
Рыба зьнямогла ляцела.
Чуеш - як скрыгат расьце,
Воды стаўбурацца ў гудзе?
Безьліч сьмяротных асьцей
Рэчцы патрапілі ў грудзі.
Бачыш - хвалюецца сталь,
Срэбныя воды ўскіпаюць?
Чайка і хлопчык-вудаль