Марна ратунку гукаюць.
На мэталёвым пяску
Сьлед пісягом застаецца.
Рыба, згубіўшы луску,
Блешняй сама абярнецца.
ТРАСКА
У кансэроўцы зварухнулася траска.
І плаўнікі запрацавалі, што вінты.
У плаўнях морквы і лаўровага ліста
Яна ўсплывала са статычнае вады.
Марудзіць час... лятуць вякі...
Траска ўсплывае - новы мацярык.
Ня ведаюць спакою маракі.
Лунае акіянам рыбін крык.
* * *
Сьвет наш ня ведае райскіх мясьцін,
Мусіць, яны толькі ў кнігах ды песьнях
Клічуць вандроўнікаў мройным узлесьсем.
Сьвет наш ня ведае райскіх мясьцін.
Прывіднай зьнічкаю думка ўваскрэсьне:
Досыць рабіць пісягі каляін, -
Сьвет наш ня ведае райскіх мясьцін,
Мусіць, яны толькі ў кнігах ды песьнях.
Зьнічка хвіліну трымціць...
ВАБІК
Забі пярун мяне, - я чую
Выразны сумны голас твой!
Наперадзе чарот сьцяной.
Праз чараты на кліч прастую,
Бо голас - ТВОЙ!
Хаваюць неба чараціны.
Хапаюцца за ногі балаціны.
А голас кліча, мкне чароўны
І працінае мне душу.
Марудна як! Хай парашут
Мяне на голас выкіроўваў.
Я захліснуў бы парашут!
Сьцяну апошнюю патрушчыў.
Насупраць - праз лагчыну - пушча,
Дзе пад кашлатаю ялінай
Дзьмуў паляўнічы ў чараціну.
* * *
Вэнэра пацеркай мігціць,
У аскетычны космас запрашае.
Камэты срэбнаколерная ніць
Тчэ немаўлятам стужкавыя шалі.
У цемры нараджаецца жыцьцё.
Сусьвет - нібыта казачна-умоўны,
Чаканьне, як паўночнае ліцьцё
Расплаўленага месяца у чоўны.
ЧОРНЫЯ ПТУШКІ
Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы
Ў жудасны колер.
Голае поле. Дарога. Калёсы.
Вецер у коле.
Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы...
Птушак няволяць -
Гоняць, як хмару, птушыныя лёсы.
Вецер у коле.
Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы...
Цьмяна у полі.
Пругкія крылы, як вострыя лёзы.
Вецер у коле.
Чорныя птушкі ўсадзілі ў нябёсы
Крылы.
Даволі!
Ўпалі на глебу чырвоныя сьлёзы...
Вусьцішна ў полі.
ДЭЛЕГАТ
Сто тысяч людзей дэлегата
Сем дзён выбіраюць на Сойм.
Сто тысяч пытаньняў узьнята.
(Багата прыкрыюць крысом.)
Дзьве тысячы кандыдатаў
Люд вынес на суд грамады.
Зь іх кожны прамоўца выдатны
І вораг нішчымнай вады.
Зь іх кожны грамадзкі руплівец...
А гэты глядзіць немаўлём.
Хто ў позірк паверыў шчымлівы?
Хто праўду заблытаў жыцьцём?
Я САМ УБЫЧЫЎ
Не пазычай мне сваіх воч,
Я сам убачыў, не дзіця,
Сусьветаў бездань - калі ноч,
А калі дзень - мяжу жыцьця.
Яшчэ я ўбачыў птушкі сьлед,
Што на шляхох вятроў, аблок,
І як займаецца сусьвет,
Дзе панаваў мярцьвячы змрок.
І цуды дробныя - наўзбоч,
Не патрабуюць адкрыцьця.
Не пазычай мне сваіх воч,
Я сам убачыў, не дзіця.
МЯНТУЗ
У сонных водах рэчкі Гайна
Жыцьцё віруе разнастайна.
Міфалягічныя істоты
Мянтуз пакінуў без работы.
Як вадзянік, людзей пужае,
Лятае ноччу на кажане.
Сарвецца - плёх - буйныя хвалі
На строме рэчку абганялі.
А рыбакам замест улову