Выбрать главу

Заблытаў лёскі адмыслова.

Гучней за музыку «Дып папал»

Раўлі гурбою - ну і д'ябал!

ГОСЬЦЯ

Ты ўвайшла нечакана, ікліва.

Я пісаў і нічога ня чуў:

Ад гранёнага слова шчасьлівы,

І ад роспачы слёзы ўваччу.

Ты ўвайшла і як сябру сказала:

- Добры дзень, кандыдыт на Парнас!

Ты прабач, на хвілінку з вакзала...

Ну як справы? Відаць, ужо ас?!

Прыгадала было здарэньне,

Толькі ў ім я сябе не пазнаў.

- Вось прывезла літроўку варэньня,

Гэта вішні, як ты заказаў.

І пайшла, і як воблака зьнікла,

Нават дзьверы ня рыпнулі ўсьлед.

Толькі білі гадзіньнікі звыкла

Ды літроўку разглядваў буфэт.

Хто яна, таямнічая госьця?

Я ня ўспомню, ня ўспомню ніяк!

Гэта сон, гэта мне падалося...

Слоік вішняў - пакутлівы знак.

НА ПАЛЯВАНЬНІ

Бусел - балотны каморнік -

Мерае багну рупліва.

Шчыльны трысьнёг ледзьве горне

Вецер - стары і сварлівы.

Порсткі сабака дзядзькі Ягора

Раптам замёр, быццам стодка з фарфору.

РАСПЛАТА

У люстэркі лістоты

глядзіцца сонца.

Зьняважыў злачынца дрэва

Абразай ілжывых слоў,

У сьпіну нібыта стрэліў,

І словы атруцілі дол.

Як трызьніла дрэва сутоньнямі!

Як моташна лісьце гуло!

Наўкольныя парасткі кволыя

Ня ўзьнімуцца ўжо на крыло.

Ня трэба ні шроту, ні пораху -

Люстэркі на дрэве зіхцяць...

Нацэліла зброю на ворага,

І полымя бег не суняць.

ІНДУСТРЫЯЛЬНА-ХІМІЧНЫ ДЖАЗ

Зноў людзкія адбіткі заганныя,

Як музыкі, ў нябёсах лятаюць -

Працінаюць пякельную ноч.

Нараджаюць мэлёдыі танныя:

Дзьмуць у комінаў доўгія пальцы,

Дзьмуць да чырвані пацерак-воч.

Іх музычны імпэт без падману -

Не жартуюць браты-блюзьняры.

Уздымаюцца клубы туману,

Тлум цярушыцца на ліхтары.

Што паперныя столі і дахі!

Тлум укрые таксама і нас.

Тлумны час, як заўсёды, ня ў час.

І мацнеюць мелёдыі жаху,

І цярушацца пёрамі птахаў -

Вар'яцее атрутны джаз.

ЗДРАДНІК

Хто хаваецца ў лесе днямі?

- Гэта зраднік, - адказвае сыч. -

На скарэлым шынэльным лямцы

У кустоўі, як мёртвы, ляжыць.

Тое мейсца абходзяць зьвяры.

Толькі хмарай над ім камары.

Ён баіцца, аднак, зварухнуцца,

Ён чакае цямнейшай начы:

Каб да твані паўзьці - дацягнуцца,

Каб у багну ад нас уцячы.

А РАПТАМ...

Што калі раптам нашчадак,

Крануўшы таемнасьці ключык,

Праз процьмы мінулых стагодзьдзяў

Нат' кволую думку агучыць?

МАСТАК

Усе яго малюнкі на

зрэзе воласу.

Якая вытанчанасьць!

Якое майстэрства!

Ён Майстар зь вялікае літары.

- Ён Гулівэр у краіне

волатаў, - кажа адзін.

- Ён Гулівэр у краіне

малеч, - кажа другі.

КАРЦІНА

Я марна шукаў яе ў сёньняшнім сьвеце,

Міналі, здаецца, стагодзьдзі.

Яна, як жывая, жыла на партрэце.

Сказалі: карціна у Лодзі.

У Лодзі сказалі: карціна ў Парыжы.

Ў Парыжы ня чулі ніколі.

Дзядуля сівы падказаў: у Нясьвіжы

Жыве яна зь месяц, мо болей.

Вярнулася ўрэшце... заўсёды я верыў...

Няхай на партрэце, няхай праз стагодзьдзі...

Шырэй рашчыніце пудовыя дзьверы -

Я да людзей панясу Багародзіцу.