Роля зайца яму ў нашай казцы.
Будзе сьледам кульгаці ліса
У сяброўскай падманлівай масцы.
Наш маршрут праз сумёты й лес,
Дзе даўно не кугае зязюля,
Дзе пануе сучасны прагрэс
І блукае шалёная куля.
Мужыкі там гуляюць у віст,
А жанчыны - у хованкі зь лёсам.
Нашы песьні, як ветрыка сьвіст,
Толькі чуюцца ў комінах вёсак.
Ды на ганку хаціны старой
Мы дзяўчынку-паненку сустрэнем:
Будзем песьні сьпяваць для адной.
Заяц-трус адпачне на каленях.
АБРАЗ
Абраз трымаецца нібыта на цьвіку,
Які забіты ў шэры воблак.
Абраз нібы блізьня маладзіку -
Высока зіхаціць таемны воблік.
Ад позірку суровага зь нябёс
Жуда, як дзіда, працінае здайцаў,
І ўжо ня вабіць іх заганны лёс -
Па-змоўніцку ня слухаюцца пальцы.
І не схаваць вачэй - як бы хацеў,
і вытрымаць той позірк немагчыма, -
На кожнага, хто кат і ліхацей,
Праменіць боль ён зыркімі вачыма.
РЫБАК
Шпурляў Ён блешню за аблокі
Наўмысна, - ды яму не шанцавала:
Вярталася зіхоткая прынада
Нішчымнаю. Але рыбак не наракаў
На нешчасьлівы лёс і не казаў,
Што зноў надвор'е не спрыяе:
Маўляў, бясконца дзьме вятрыска,
Халодна нават для душы.
Чатыры жнівеньскія тыдні
Ён адмысловую шпурляе блешню,
і кожная няўдача пакрысе
Надзеяй грэе стылую душу, -
І ўсё выразьней паўтараюць стомленыя вочы:
Там, за аблокамі, драпежнікаў няма...
ПАГАНЯТЫ
Паганяты страху ня ведае -
Быдла гоніць празь гібельны лес,
Папярэджаны строга кабетамі -
Каб у навалач гэту ня ўлез.
Там зьвяры крыважэрных намераў -
Бескарысна прасіць літасьцівасьці.
Там зьвяры велічэзных памераў
І кіпцюрыстай д'яблавай хцівасьці.
Паганяты той чхаў са званіцы
На дзіцячыя байкі кабетаў,
Бо за лесам лугі й крыніцы,
Трэ пасьпець - покуль сонца й лета...
Кажуць людзі, і сёлета чулі
Паганятага пугу.
ВАЛАЦУГА
Валацуга хаваецца ў нетры,
Зашываецца ў самы гушчар:
Не хапае для волі паветра,
Не хапае прастору для хмар.
Страшна там - на раўнюсенькім полі.
А які Валацуга бяз волі?
АБСЯГ
Дастаткова адвечныя песьні сьпяваці,
Апантанасьць глушца замілоўвае хеўру.
Ваяры ноччу сьцелюць таемныя гаці,
Ладзяць новы абсяг для манэўру.
* * *
Над пожняй плачуць правады,
Амаль галосяць.
Бэтонны слуп, як правадыр,
Выводзіць восень.
Іржышча захавае сьлед,
Сьняжок нібыта.
Сусьвет глядзіць вачмі камэт
На квадры жыта.
ЧОВЕН
Паміж хваляў човен чорны.
Ў рэчцы - чорная вада.
Не відаць на дне нічога -
Барада вадзяніка
Захінае дно старанна
І матляецца, як віж,
Таямніца дна схавана
Ад вачэй і рук паміж
Вечак ракавін замшэлых,
Хваляў чорнае ракі.
Ад вясла вакол цішэе
Сьпеў пудлівай асакі.
Рэчка сунецца няспынна,
Як у дрэве жыўны сок.
Човен лісьцікам з галіны
Ціха ляжа на пясок.
РУЖА-КВЕТКА
Т. К.
Ружа-кветка ўзышла паміж бруду -
Прыгажэйшай ня бачыў ніколі.
Паміж думак збуцьвелага хлуду,
Паміж трантаў хвілінных патоляў.