Выбрать главу

У хаце Паўла ў куце стаялі жалезныя ламы, цяпер ужо надоўга не патрэбныя, на сценах віселі напраўленыя сеці розных памераў, на стале і лаўках ляжалі нядаўна звітыя шнуры рознай таўшчыні і даўжыні, зробленыя з дроту кручкі і кручочкі. Данілка, цяпер ужо статны і прыгожы васемнаццацігадовы хлапец, амаль увесь дзень дапамагаў Паўлу круціць шнуры і рабіць кручочкі. Рабіў ён гэта з вялікай ахвотай, таму што, як і Павел, змалку горача палюбіў рыбалоўства.

Перад полуднем з дзіцем на руках прыйшла Ўльяна. Гэта было яе чацвёртае дзіця, хрэсьбіны якога адбыліся зімой. Павел таксама быў на тых хрэсьбінах, ахвотна размаўляў з суседзямі і быў вельмі ветлівы з сястрой. На гэтых хрэсьбінах людзі канчаткова пераканаліся ў тым, што Павел на сваю нягодную жонку забыўся і зусім па ёй не сумуе, наадварот, ён, мабыць, рады з таго, што яна пакінула яго і што тое глупства, якое ён зрабіў, ажаніўшыся з ёю, не прывяло да яшчэ большага няшчасця. Падпіўшы на хрэсьбінах сына, Піліп нават весела пажартаваў з Паўла:

- А што, швагер, як той казаў, баба з калёс, калёсам лягчэй!

Укруціўшы дзіця ў цёплую хустку, Ульяна паклала яго на пасцелі брата, падпаліла ў печы і згатавала мужчынам страву. Стоячы перад агнём, гэта здаровая і прыгожая кабета ўвесь час гаварыла: то аб новых дошках, якія патрэбны Піліпу для рамонту парома, то аб тым, што ім, мабыць, крыху збожжа не хопіць да новага, то аб тым, што яе старэйшы, Сымонка, на прамілы бог ботаў дамагаецца. Гаворачы аб усім гэтым, яна крадком пазірала на брата, і яе блакітныя вочы пры гэтым сквапна паблісквалі. Яна, відаць, спадзявалася і вельмі хацела, каб брат дапамог ёй ва ўсіх гэтых клопатах. Расказваючы аб малым Сымонку і яго норавах, яна весела смяялася, пабліскваючы белымі зубамі. Павел уважліва слухаў, сцвярджальна ківаў галавой, даючы гэтым зразумець, што клопаты сястры ён ведае і дапаможа ёй. Ён накарміў бульбай Курту, які аціраўся ля яго ног, а пасля ўзяў з пасцелі малога, пагушкаў на руках і пачаў забаўляць яго. З двара Казлюкоў пачуўся голас Піліпа, які клікаў жонку. Ульяна ўзяла ў Паўла дзіця і выбегла з хаты. А неўзабаве на другім беразе Нёмана пачуўся працяглы вокліч:

- Па-а-ром! Па-а-ром!

Данілка кінуў напалову скручаны шнур і пабег дапамагаць Піліпу.

Перапраўляць шастамі паром па шырокай, бурнай у гэтую пару рацэ было справай нялёгкай. «Хто ведае, ці здолеюць яны ўдвух?» - падумаў Павел. І сапраўды, неўзабаве пад акном пачуўся голас Піліпа:

- Швагер, хадзіце дапамажыце, калі ласка!

- А трэці шост ёсць? - запытаў Павел.

- Ёсць, ёсць!

Павел нацягнуў на галаву шапку і, як быў у кароткай світцы і высокіх ботах, заспяшаўся на дапамогу Піліпу.

Калі ён вярнуўся, у хаце было ўжо цёмна. Ульяна паставіла гаршчок з вячэрай у печ, прыкрыла яе драўлянай засланкай. Агонь больш не асвятляў хаты, толькі ў адным куце яе цьмяна пабліскваў самавар, а ў другім чарнелі ламы, каромыслы, мётлы і кашы. Сеці, развешаныя на сценах, былі падобны да блукаючых, бясформенных ценяў. За акном шумеў вецер і сыпаў часты сакавіцкі дождж, а ад Нёмана далятаў манатонны і глухі шум.

Павел запаліў лямпу і, адсунуўшы ўбок кручкі і шнуры, разгарнуў кніжку. На працягу першай зімы Павел прачытаў старонак шэсцьдзесят, на працягу другой - удвая больш, а за трэцюю яшчэ болей. Аднак усёй кніжкі да канца яшчэ не адолеў. Малітвы, якія падабаліся яму найбольш, ён закладваў святымі абразкамі, якіх было нямала ў малітоўніку Франкі. Сярод іх трапляліся і паштоўкі яе гарадскіх сяброў і знаёмых з віншаваннямі з нагоды Новага году або імянінаў. На картачках гэтых былі намаляваны вялікія ружы, гірлянды, букеты, чырвоныя сэрцы, прабітыя залатымі стрэламі і жоўтыя, з зіхатлівымі крыламі, купідоны. А ўнізе або збоку напісаны імёны і прозвішчы кавалераў, ад якіх яны былі прысланы, а таксама даты. Аднак Павел надпісаў прачытаць не мог і паштоўкі гэтыя таксама прымаў за святыя абразкі, а купідонаў за анёлаў. Вось і цяпер, разгарнуўшы малітоўнік, ён набожна паднёс да вуснаў паштоўку з чырвоным сэрцам, якое трымалі купідоны, пацалаваў, асцярожна, далікатна паклаў яе ў кніжку і пачаў паволі мармытаць:

- «Прыгатуй твой пышны храм, о Сыёне!»

Ён замаўчаў і, утаропіўшыся вачыма ў кніжку, задумаўся. Ён думаў аб тым, хто гэты Сыён? Мабыць, нейкі кароль, а можа, вельмі багаты пан, калі святая кніжка загадвае яму пышны храм прыгатаваць. Што азначае пышны храм, ён разумеў, але словы гэтыя выклікалі ў яго ўяўленні вялікую, пышна прыбраную залу, якую ён бачыў аднойчы ў панскім палацы праз прыадчыненыя дзверы. Аднак жа, хто гэты Сыён?

- «І прымі караля Хрыста»...

Каля брамы раптам загрукаталі калёсы. Забрахаў на суседнім двары Курта, зарыпелі вароты. Павел узняў галаву і прыслухаўся. Ціха. Акно нібы хто чорным саванам завесіў, а вецер і дождж з кожнай хвілінай шумяць мацней. Павел зноў нахіліўся над кніжкай.

- «Палюбі Марыю»...

Павел хвіліну падумаў:

- Ага! Гэта таму Сыёну, каралю або багатаму пану, святая кніжка загадвае палюбіць Марыю!..

Ён чытаў далей:

- «Бо яна - брама нябесная».

Павел уздыхнуў:

- Ой, каб пасля смерці ўвайсці ў гэту браму нябесную...

Цяпер ён выразна пачуў, што ў сенцах ад двара зарыпелі дзверы.

«Напэўна, Аўдоцця», - падумаў ён.

У сенцах пачуліся крокі, але гэта была не Аўдоцця. Тая ступала цяжка, моцна грукала грубымі ботамі. А тут нехта ступаў паціху, нясмела, краўся, як мыш. Павел напружана слухаў, несвядома камечыў пальцамі жоўтую старонку кніжкі і не зводзіў вачэй з дзвярэй. Ціхія нясмелыя крокі заціхлі, а дзверы не адчыніліся. Нешта за імі зноў зашамацела і сціхла, і Паўлу здалося, што ён чуе нечае стрыманае цяжкое дыханне. Бровы яго ўзняліся ўгару, ён падышоў да дзвярэй і парывіста расчыніў іх насцеж.

- Хто тут? - запытаў ён.

- Гэта я.

- Хто? - зноў запытаў Павел і ўвесь падаўся наперад.

- Я... Франка.

Павел пераскочыў цераз высокі парог, вобмацкам знайшоў ля сцяны плячо ў шорсткім прамоклым рукаве і, моцна схапіўшы, уцягнуў у хату невысокую кволую кабету ў цёмным паліто, з якога на падлогу сцякала вада, у падзёртай хустцы, што закрывала галаву і твар. Калі бледнае святло лямпы ўпала на яе, яна, апусціўшы рукі, моўчкі спынілася ля дзвярэй. Павел адпусціў яе плячо, адступіў на крок, утаропіўся ў яе вачыма і голасам, падобным на ікаўку, усклікнуў:

- Ты!.. Ты!.. Ты!..

Сярод складак мокрай хусткі свяціліся, як вуголле, яе вялікія чорныя запалыя вочы, а вузкія бледныя вусны яшчэ цішэй, яшчэ баязлівей прашапталі:

- Я... Не гневайся...

Але Павел нават не чуў яе слоў:

- Вярнулася-такі!.. А я ўжо не спадзяваўся. Спачатку - чакаў... а пасля перастаў...

Ён пляснуў рукамі і замаўчаў, нібы захлынуўся слінаю і слязьмі.

Прамоклая Франка ўсё яшчэ нерухома стаяла ля дзвярэй, толькі крыху гучней, хоць усё яшчэ нясмела, прамовіла:

- Калі можна мне тут застацца, дык добра, а калі не, дык я зараз пайду...

- Вось дурніца! - засмяяўся Павел. - Хутчэй, хутчэй распранайся, а то яшчэ захварэеш ад гэтай сырасці... - усхвалявана казаў ён, дрыжачымі рукамі зрываючы з Франкі хустку.

Франка ад холаду ці якой іншай прычыны калацілася так, ажно зубы яе стукалі. Яна паціху сказала, што паліто не скіне, таму што дождж намачыў яго толькі зверху, а без яго ёй будзе вельмі холадна. І, не гаворачы больш ні слова, села на тапчане на Паўлаву пасцель, апусціўшы галаву і паклаўшы на калені рукі. Раскалмачаныя і расплеценыя яе валасы ападалі на лоб і плечы, а з іх вільготнай чарнаты выглядаў малы, жоўты, засмучаны твар, і ад доўгіх апушчаных веек на яе худыя, уздрыгваючыя шчокі клаліся доўгія цені. Павел стаяў перад ёю, моцна сплёўшы далоні, і неадрыўна глядзеў на яе.

- Вярнулася-такі! Вырвалася з чартоўскіх кіпцюроў... Зразумела-такі, дзе тваё выратаванне. Ой, мая ж ты бедная! Мая ты няшчасная!..