Выбрать главу

- Не хачу! - горача зашаптаў Павел. - Не хачу!

Аднак, калі цяпер ён прагоніць яе з хаты, яна ўжо ніколі не вернецца, і ён ніколі, ніколі не ўбачыць яе, не ўбачыць гэтых вялікіх ззяючых вачэй, не пагладзіць гэтых чорных валасоў, не пачуе яе гучнага залівістага смеху, які так моцна любіў.

У начной цемры зноў пачуўся ягоны шэпт, змешаны з глухімі рыданнямі:

- Не магу... Божа ж мой, Божа, ніяк не магу!

А пасля:

- Што мне рабіць? Што мне рабіць, божа мой?!.

Калі позні сакавіцкі досвітак сіняватым святлом пачаў разганяць цемру, Павел яшчэ спаў. Напаўраспрануты, толькі без ботаў і світкі, якую ён паклаў сабе пад галаву, ён ляжаў, выцягнуўшыся на вузкай лаве, у белай зрэбнай сарочцы, плячысты і доўгі. Нягледзячы на тое, што заснуў позна, прачнуўся ён у свой звычайны час і, адразу прыгадаўшы, што сталася ўчора, прыўзняўся на локці, абапёр на руку галаву і пачаў неадрыўна глядзець на ложак, які стаяў ля процілеглай сцяны.

Франка таксама не распраналася, скінула толькі паліто і чаравікі і спала вельмі моцна. Відаць, перад тым як заснуць, яна плакала, утуліўшы ў падушку твар, бо і цяпер ён напалову тануў у падушцы. Па плячах яе чорнымі хвалямі рассыпаліся валасы. Пад тонкай бруднай кофтачкай тырчалі худыя лапаткі, а з-пад запырсканай граззю спадніцы выглядвалі ногі ў брудных, дзіравых панчохах. Нейкае неахайнае бязладдзе і беспрасветная галеча ішлі ад гэтай скурчанай постаці з цудоўнымі распушчанымі валасамі, праз пасмы якіх жаўцеў яе бледны твар. Павел, насупіўшы бровы, глядзеў на яе вільготнымі вачыма.

Раптам у змрочным блакіце яго вачэй мільгануў вясёлы агеньчык і сурова сціснутыя вусны кранула ледзь прыкметная ўсмешка. Ярка-чырвоны камячок, які дагэтуль нерухома ляжаў пры баку Франкі, заварушыўся і высунуў спачатку пару маленькіх босых ножак, а пасля галаву ў раскалмачанай ільнянай кудзелі і жоўты, як воск, тварык. Нарэшце, з падзёртых рукавоў кашулі ўзняліся дзве маленькія далоні. Запусціўшы іх у валасы, дзіця павольна, нібы ў глыбокім роздуме, аглядала хату вялікімі чорнымі вачыма. Новае месца, відаць, ані не палохала яго. Ці ўзрадавалася яно, угледзеўшы на стале хлеб, ці зацікавіў яго цьмяны бляск лома, што стаяў у кутку хаты, але яно прыўзнялася і, здзіўлена вылупіўшы вочы, з ціхім смехам зашчабятала:

- Хлі-хлі-хлі-лі-лі!

Невядома, што азначалі і з якой мовы паходзілі гэтыя гукі, толькі Павел усміхнуўся яшчэ шырэй, а вочы яго сачылі за малым датуль, пакуль не сустрэліся з яго здзіўленым і крыху спалоханым позіркам. Угледзеўшы незнаёмага чалавека, дзіця, відаць, спалохалася. Яно знерухомела, адарвала ад валасоў далоні, абхапіла імі сваю малую ножку і выставіла яе, нібы зброю. Ад процілеглай сцяны пачуўся шэпт:

- Хадзі сюды...

Рухам галавы і пальцам Павел запрашаў да сябе дзіця, але яно, усё вышэй узнімаючы ножку, ужо крывіла свае бледныя вусны і гатова было заплакаць. Тады чалавек, што ляжаў, абапёршыся на локаць, паўтарыў:

- Хадзі! Цукру дам...

І тады босая ножка імгненна выпала з рук, якія яе сціскалі, і разам з другой пачала апускацца на зямлю. І ў хаце, напоўненай шэрым святлом, не то зазвінеў сярэбраны званочак, не то забуркала галубка:

- Цук-лю! Цук-лю! Цук-лю!

Павел устаў з лавы і пайшоў да чырвонай шафкі, а за ім па глінянай падлозе хутка-хутка затупалі дзіцячыя ножкі.

Калі ён, трымаючы ў руцэ кавалак цукру, адвярнуўся ад шафкі, да самых яго ног падкаціўся маленькі чырвоны камячок, з узнятымі да яго чорнымі вачыма і тонкімі ручанятамі.

- Дай... дай... дай! - на ўсю хату звінеў дзіцячы галасок.

Чырвоная сукенка, абсыпаная чорнымі крапінкамі, нагадала Паўлу маленькае мілае насякомае, якое гойдаецца ўлетку на зялёных травінках. Ён нахіліўся і ўзяў на рукі дзіця, якое смактала цукар.

- Ой ты, маленькая божая кароўка! - зашаптаў Павел. - Нявіннае божае стварэнне!

Ён сеў ля акна, пасадзіўшы малога на калені. За Нёманам ужо ўзыходзіла сонца, кідала ў сінюю шэрасць досвітку палосы бледна-ружовага і залатога святла. На двары Казлюкоў, вынюхваючы і нечага шукаючы на зямлі, бегаў жоўты Курта. Хлопчык, трымаючы ў адной руцэ споры кавалак хлеба, а ў другой - цукар, з цікаўнасцю пазіраў праз акно на сабаку, аж нарэшце зашчабятаў:

- Цю-ця! Цю-ця!

- Цюця, сабачка, - адказаў Павел.

Здзіўлены ці зацікаўлены яго голасам, хлопчык павярнуў да Паўла галаву і сур'ёзна запытаў:

- А ці... ці... хто?

Павел, ссунуўшы бровы, пазіраў на яго і маўчаў. Тады хлопчык пачаў тузаць яго за рукаў.

- Хто ці? Хто ці? Хто? - звінела зноў у хаце - не то сярэбраны званочак, не то буркаванне галубкі.

Не дачакаўшыся Паўлава адказу, малы раптам усклікнуў:

- Кі-ця?

Ён угледзеў, як за акном, пад плотам, крадучыся, бег кот.

Калі Франка прачнулася і ўзняла павекі, у вачах яе адбілася здзіўленне, блізкае да жаху. Павел сядзеў ля акна і ў шырокіх сваіх далонях трымаў дзіця, якое, стоячы ў яго на каленях, сваімі маленькімі пальцамі корпалася ў яго кароткіх сівеючых валасах. Франка хуценька падхапілася з пасцелі і, не абуваючы чаравікаў, паціху падышла да акна, памкнулася была ўзяць у яго з каленяў дзіця. Ён азірнуўся, сустрэўся вачыма з яе спалоханым позіркам і, прытуліўшы бліжэй да сябе дзіця, сказаў:

- Не трэба.

- Ён табе надакучыць, - заўважыла яна.

Павел нічога не адказаў. Франка, відаць, была хворая - яна дрыжала ўсім целам і, хоць у хаце было цёпла, хуталася ў сваю дзіравую кофту.

- Можа, у печы падпаліць? - запытала.

- Падпалі.

Яна пачала завіхацца ля печы. Час ад часу з яе грудзей вырываўся міжвольны стогн, і яна аберуч хапалася за галаву. Аднак у печы распаліла хутка. Хлопчык злез з каленяў Паўла і тупаў за маці, прыглядаючыся да яе работы, а калі ў печы запалаў вясёлы агонь, ён нават усклікнуў ад радасці. Стоячы тварам да печы, Франка зноў запытала:

- Можа, абраць і згатаваць бульбы?

- Згатуй, - адказаў Павел і, устаўшы з лавы, моўчкі надзеў світку і боты. Пасля ён адрэзаў ад бохана кавалак хлеба, паклаў яго ў кішэню і, узяўшы шапку, пайшоў да дзвярэй. Каля дзвярэй спыніўся, паглядзеў на жанчыну, якая стаяла перад агнём, і, сустрэўшы яе трывожны позірк, апусціў вочы.

- Усё ў хаце на тым самым месцы, дзе было раней, - прамовіў ён глуха. - Бяры, гатуй, еш і кармі дзіця. Рабі што хочаш. Ты тут зноў такая ж гаспадыня, як была даўней.

Падаўшыся ўперад, Франка з трывогай у вачах слухала яго, а пры апошніх словах зрабіла такі рух, нібы хацела кінуцца да яго. Але Павел паспешна павярнуўся да дзвярэй і ўжо на парозе, не азіраючыся, сказаў:

- Вярнуся надвячоркам. Калі баішся заставацца сама, зачыні дзверы на засаўку!

Ён прыняў ужо канчатковае рашэнне, але было ў ім, відаць, нешта яшчэ, што пацягнула яго на вольнае паветра, на быструю, бурлівую ваду - можа, нейкі неадолены сорам, боль, працінаючы нажом сэрца. У сенцах ён узяў два вяслы і, ускінуўшы іх на плячо, шырокім крокам пачаў спускацца з гары. Неўзабаве сярод неабсяжнага шляху ракі чорнай кропкай скакаў па чорных хвалях яго човен, з хуткасцю птушкі ляцеў удаль, а перад ім, за ім, вакол яго чуўся шумны і няспынны спеў быстрай, бурлівай вады. Яна спявала яму цяпер аб ранах здраджанага кахання, аб джалах рэўнасці, аб салодкай надзеі, атручанай ядам успамінаў, а найбольш аб святым чалавечым абавязку ратавання бліжняга, пра які ён перастаў быў думаць. Цяпер гэты абавязак зноў паўставаў перад ім і, нібы ясным месячным святлом, асвятляў яго пастарэлы, аброслы сівеючымі валасамі твар.