Яшчэ не змяркалася, калі ён увайшоў у хату. Франка ляжала на ложку, але не спала. Угледзеўшы Паўла, яна падхапілася і сарвала з галавы мокрую хустку.
Ставячы ля сцяны вёслы, Павел запытаў:
- Што, галава баліць?
Франка адказала, што цяпер ёй ужо значна лепш, яна адпачыла.
- Вось і добра, што адпачыла.
А праз хвіліну запытаў:
- Хтавіян спіць?
- Заснуў. Увесь дзень сваволіў так, што не дай бог, усё ў хаце абмацаў, пытаў: «Што гэта? Што гэта?» Я ўжо баялася, каб ён чаго не сапсаваў, не нарабіў якой шкоды. А цяпер, дзякуй Богу, заснуў!
Усё гэта яна гаварыла ўжо трохі смялей і гучней, але з пасцелі не ўставала, а ў гаворцы і паставе яе адчувалася яшчэ трывога і няўпэўненасць. Праз хвіліну яна сказала:
- Я кашы грачанай зварыла... У печы стаіць і, мабыць, яшчэ гарачая.
Павел дастаў з печы гаршчок, адрэзаў ад бохана кавалак хлеба. Еў ён паволі, даволі доўга, але не пры стале, а стаяў перад печчу, пасля сеў на лаве і, звяртаючыся да Франкі, якая нерухома сядзела на пасцелі, лагодна прамовіў:
- Хадзі сюды, пагаворым.
Калі Франка ссоўвалася з пасцелі і праходзіла праз хату, у яе рухах было ўжо нешта ад даўняй жвавасці і гібкай кацінай грацыі. Аднак яна не абняла, як некалі, шыі чалавека, побач з якім села, не прытулілася да яго, як раней, распешчанай кошкай. Хоць Павел гаварыў з ёю цяпер лагодна, хоць сказаў, што яна тут, як даўней, гаспадыня, яна не была яшчэ спакойная. Што ён зараз ёй скажа? Як з ёю абыдзецца?
- Ну, што? - пачаў Павел. - Досыць нацярпелася гора і крыўды? Задаволена цяпер, што ад мяне ў свет пайшла і зноў трапіла да д'ябла ў кіпці? Добра, мабыць, табе жылося, калі вярнулася сухая, як трэска, хворая, голая? Чаму пайшла і чаму вярнулася? Ну, кажы!
О, толькі гэтага і так выказанага звароту трэба было Францы, каб адчыніліся ўсе так доўга замкнёныя шлюзы яе шчодрай і бурнай мовы, каб нястрымным патокам пачалі вылівацца з яе душы накіпеўшыя за гады бадзяння горыч, скаргі і гнеў. Маланкай мільгануў у яе галаве ўспамін пра тую далёкую хвіліну, калі на востраве сярод снежных гваздзікоў расказала гэтаму чалавеку ўсё чыста, а ён абышоўся з ёю як бацька з дзіцем, як спавядальнік з пакутніцай і нават з таго дня пакахаў яе. Успамін гэты дадаў Францы смеласці, і ёй яшчэ больш захацелася адкрыць перад ім душу. Са звычайнай сваёй гордай шчырасцю яна сказала Паўлу, што ў таго лёкая закахалася як шалёная, сама нават не ведае, як і калі гэта сталася, прападала за ім, жыць без яго не магла. А ён прысягаў ёй, што будзе кахаць яе вечна і ніколі не пакіне. І так соладка гаварыў, быў такі далікатны і заўсёды хораша апрануты, як пан. Ён жа, як і яна, паходзіў з добрага роду. Бацька яго быў нават шляхціцам, а дзеці толькі з гора пайшлі служыць. Франка, як толькі ўбачыла яго, адразу пазнала, што ён паходзіць з добрага роду, і гэта адразу пацягнула яе да яго. Спачатку было ёй у горадзе вельмі добра і весела. Месца яна знайшла ў такім доме, дзе слуг было шмат і работы мала. Караль амаль штодзень прыходзіў да яе, у нядзелю і святы вадзіў яе на шпацыр і ў тэатр. Так пражыла яна з ім некалькі месяцаў, аж раптам паехаў ён са сваім панам некуды далёка, у вялікі горад. Калі развітваўся з ёю, плакаў як бабёр, але казаў, што такога месца і такіх даходаў, якія мае тут, на ўсім свеце не знойдзе, быў бы вар'ятам, калі б адмовіўся ад месца. Як яна ні плакала, як ні прасіла, каб ён узяў яе з сабой, ён, хоць таксама плакаў, узяць яе не згадзіўся. «Куды я цябе дзену? Навошта ты мне там патрэбна?» І паехаў. І яна праз два тыдні за ім паехала. Думала, што ў той горад, дзе ён быў, прыедзе, і Караль дапаможа ёй у тым няшчасці, якое яе напаткала. Але ад'ехала яна недалёка, і ў зусім іншым горадзе тое няшчасце яе захапіла. Нарадзілася дзіця. Ахрысцілі яго Актавіянам. Імя гэта вельмі прыгожае, але сярод простых людзей не ўжываецца. А Каралю яна нават напісаць не магла, бо не ведала ні вуліцы, ні дома, у якім ён жыў са сваім панам. Ці ён сам не ведаў яшчэ адраса, калі расставаўся з ёю, ці сказаць не хацеў? Нагаравалася тады так, як ніколі ў жыцці. На апошнія грошы знайшла кут у нейкай прачкі і праядала свае сукенкі і розныя дробязі, якія купіла сабе ў часе апошняй сваёй службы. У незнаёмым горадзе цяжка было знайсці месца. Некалькі месяцаў яна наймалася па дамах мыць бялізну і нават падлогу. Яна карміла дзіця і жыла ў галечы, а таму хутка аслабела і пачала зарабляць зусім мала, а то і зусім нічога. Пасля ўсё ж знайшла месца, а дзіця пакінула ў прачкі і плаціла за яго. Нейкі час ёй жылося ніштавата, але грызла яе туга, крыўда і злосць на гэтага нягодніка, які выцягнуў яе адсюль, а пасля пакінуў у няшчасці. Часам яна так мучылася, што суконку на сабе ў шматкі дзёрла, а ў галаве так шумела, нібы дзесяць вазоў грукатала і гуло дзесяць самавараў. А горш за ўсё ёй бывала тады, калі яна думала пра Паўла, пра яго дабрату, пра ціхую хату, адкуль яна збегла. Тады такая злосць яе брала, што, здаецца, забіла б кожнага, хто трапіў бы ёй на вочы. Аднойчы ў такую хвіліну пасварылася яна з кухаркай, таксама злоснай кабетай, і Франка гэтай кухарцы гаршчок з гарачай вадой на галаву абярнула. Гвалт у доме ўзняўся страшэнны, Франку судзілі. Суд пастанавіў: тры месяцы зняволення або заплаціць кухарцы грошы, яна ўжо не памятае колькі. Грошай у яе не было, і давялося ісці ў астрог. Ой, чаго толькі яна там не наглядзелася, чаго не наслухалася! Адна з кабет, з якімі разам у астрозе сядзела, мужа свайго атруціла, другая дзіця задушыла, былі там і такія, што дамы падпальвалі і ўсё жыццё крадзяжом займаліся. Сорамна ёй было сядзець з такімі злачынцамі, а да таго ж былі амаль усе яны простыя бабы, хамкі і гаварылі па-хамску. Галава ў яе з кожным днём балела мацней, усё мацней шумела ў вушах, і калі яе выпусцілі з астрога, яна наведала дзіця, абцалавала ўсяго, над горкай доляй яго паплакала, а пасля пайшла ў бальніцу. Там яна прахварэла некалькі месяцаў нейкай дзіўнай хваробай. Гарачкі ў яе амаль не было, аднак часта бывала непрытомная, або нападаў на яе такі смех ці плач, што ледзь богу душу не аддала. Калі гэта нападала на яе, яна на шматочкі дзёрла бальнічныя коўдры і біла шклянкі, у якіх ёй давалі лекі. Нарэшце дактары яе вылечылі - нават шум у галаве сціх, і сіла да яе вярнулася. Выйшла яна з бальніцы, і так захацелася ёй вярнуцца да Паўла, як піць таму чалавеку, якому тры дні вады не даюць! «Паеду ды паеду да яго», - думала ўвесь час. Пачала яна зноў наймацца мыць бялізну ды падлогу, але не вельмі хацелі яе браць у дом, бо ведалі, што яна толькі што выйшла з астрога. А тут яшчэ гэтая прачка ні яе, ні дзіця не хацела больш у сябе трымаць. Што рабіць? Куды падзецца, ды яшчэ з дзіцёнкам? Пачала яна зноў губляць сілы, і ў галаве шумець пачало... Прадала тады ўсё, што яшчэ мела, да апошняй сарочкі, і прачка, кабета літасцівая, у нейкіх знаёмых паноў некалькі рублёў выпрасіла. Узяла дзіця і паехала. Спачатку ехала чыгункай, а ад мястэчка нейкі мужык за злоты на сваёй фурманцы сюды давёз, бо яму па дарозе было. Высадзіў яе ля Паўлавай хаты і паехаў далей. Вось і ўсё.
Нацярпелася яна нямала. З вачэй Франкі цяклі слёзы, цяклі бясконца па яе схуднелым твары і частым дожджыкам сыпаліся на яе рукі і брудную кофтачку. Павел слухаў яе моўчкі, апусціўшы галаву, а калі Франка скончыла, не адрываючы ад зямлі вачэй, паціху прамовіў:
- Пекла! Пекла! Гарачае пекла!
І выгляд у яго быў такі, нібыта і спакой, і адвага, і прынятае рашэнне яго зноў пакінулі.
Цяпер, калі ён ведаў усё, Франка чакала яго першых слоў, як прысуду, які прынясе ёй смерць ці жыццё. Скурчыўшыся і стрымліваючы дыханне, яна стаяла ля сцяны і калацілася ўсім сваім кволым целам. Пасля яе то гнеўнага, то жаласлівага расказу ў хаце запанавала глухое маўчанне, чуліся толькі цяжкое дыханне Паўла ды аддалены шум ракі. Так прайшло даволі багата часу, пакуль ад процілеглай сцяны тонкі, жаласны галасок не паклікаў:
- Ма-ма! Ма-ма!
Устрывожаная тым, што яе чакала наперадзе, Франка нават не зварухнулася. Павел узняў галаву: