Сур'ёзна, моўчкі, з цікаўнасцю яна глядзела на брата, які стаяў воддаль. На парозе паказаўся высокі і прыгожы Піліп, а з-за яго пляча высоўваўся бязвусы гарэзлівы твар Данілкі.
Убачыўшы сястру, Павел паволі накіраваўся да яе і, спыніўшыся перад ёю, спакойна сказаў:
- Франка вярнулася...
Ульяна кіўнула галавой. Яна яшчэ ўчора даведалася пра гэта ад Данілкі, які заўсёды ўсё ведаў. Але што Франка і дзіця з сабой прывезла, гэтага не ведаў нават Данілка. Цяпер Ульяна здагадалася аб усім і глядзела на брата моўчкі і з яўнай пагардай. Піліп таксама маўчаў, але раптам, нібы не вытрымаўшы, гучна плюнуў. На лбе Паўла пралеглі зноў дзве глыбокія складкі. Кінуўшы позірк на дзіця, ён сказаў:
- Яно ні ў чым не вінавата... божае стварэнне...
- Але! - адказала Ўльяна.
Актавіян паказаў пальцам на вераб'я і прашчабятаў:
- Хлі-хлі-хлі-лі-лі?..
Позірк Ульяны палагаднеў, а Павел, счакаўшы хвіліну, абазваўся зноў:
- От, звычайна... сірата!
- А гэта ж...
Яна завагалася крыху і дакранулася пальцамі да малога:
- Але ж і дробненькі, і худзенькі, костачкі ды скура.. Колькі ж яму?
- Год і восем месяцаў, - адказаў Павел.
- Вой? - здзівілася Ўльяна і паглядзела на аднаго са сваіх дзяцей. - Гэта ж майму год і тры месяцы, а глядзі якое.
Задавальненне і гордасць засвяціліся на яе поўным, румяным твары. Пасля яна жаласліва глянула на «сірату», а Піліп заўважыў ад парога:
- Ой, швагер, швагер, навошта табе гэты байструк? Няўжо табе не сорамна будзе глядзець людзям у вочы?
Вочы Паўла бліснулі:
- Чаго саромецца? Граху саромецца трэба, а над няшчаснай сіратой злітавацца не сорамна. Я Богу за яго дзякую... Пры дзіцяці і ёй хата мілейшая будзе, лягчэй будзе грэх ад душы адганяць... І сумленнай стане...
- Ой? - пагардліва засмяяўся Піліп. - Каб злым людзям так добра на свеце было, як яна сумленнай стане. Ніколі гэтага не будзе!
У гэтую хвіліну праз нізкі плот, што падзяляў два двары, пераскочыла Франка і з гучным смехам падбегла да людзей. Твар яе быў вельмі худы, жоўты, але прычасалася яна сёння гладка, і яе чорныя валасы блішчалі на сонцы, як шоўк, і пераліваліся цёмнай сінню. Свой заплямлены каптан яна падперазала каляровым саматканым поясам, але нават і ў гэтай вопратцы яна была зграбная. Падбегшы, яна адразу павісла на шыі Ўльяны і пачала цалаваць яе лоб, шчокі і вусны. Піліпу падала руку, а Данілку далікатна ўдарыла далонню па плячы і па шчацэ.
- Ну, як маецеся? Як маецеся, мае мілыя, залатыя, брыльянтавыя? Даўно я вас не бачыла! А ў цябе, Ульянка, за гэты час ужо двое дзетак нарадзілася? А Данілка як вырас! Сапраўдны мужчына!.. Вось бачыце, вярнулася я, а Паўлючок такі добры, што нават благога слова мне не сказаў. Ой які ж ён добры! Другога такога на ўсім свеце няма! А я ў хаце прыбрала, у печы падпаліла і да вас, мае даражэнькія, прыбегла прывітацца!
Яна зноў пачала цалаваць Ульяну і дзяцей, кружылася, смяялася. Здавалася, яна гатова была гэтым людзям аддаць сваю душу, любіла іх усім сэрцам. У гэтую хвіліну яна і сапраўды іх любіла. Яна супакоілася, зноў закахалася ў Паўла, адчувала сябе шчаслівай. Пры гэтым яна ані не саромелася. Перад Паўлам ёй было сорамна толькі тады, калі пасля ўсяго, што адбылося паміж імі, яна зноў вярнулася ў яго хату, ды яшчэ з дзіцем на руках. Аднак і гэты сорам ужо знік без следу. Ульяна аслупянела ад здзіўлення. Піліп пагардліва ўсміхаўся, а Павел спакойна падышоў да яе і сказаў:
- Вазьмі дзіця і ідзі ў хату. Падаі карову і згатуй абед, ды хутчэй, бо мне ў мястэчка трэба паехаць.
Франка паслухмяна ўзяла Актавіяна і пайшла. А Павел папрасіў у Піліпа на некалькі гадзін каня і пайшоў у стайню.
Вярнуўшыся з дзецьмі ў хату, дзе Піліп ужо завіхаўся з гэблікам і малатком каля новых дошак, Ульяна злосна сказала:
- Шкада, што яна не скруціла сабе шыю, перш чым сюды вярнуцца! Зноў спакойнага дня не будзе... Яшчэ дзецям што-небудзь зробіць...
- Хай толькі паспрабуе! - не то жартам, не то пагрозліва кінуў Піліп.
У іх памяці яшчэ захаваліся тыя страшэнныя сваркі, якія заводзіла Франка перад тым, як уцякла ад Паўла тады, ахопленая новай любоўю і непрыязнасцю да Паўла, Франка была заўсёды злосная і ледзь не кожны дзень сварылася з сястрой мужа, а ў часе апошняй сваркі пагражала, што перадушыць яе дзяцей, знішчыць усё іх хамскае племя. Піліп з гэтых пагроз смяяўся, але ў матчына сэрца Ўльяны яны глыбока запалі.
У той жа дзень Павел з'ездзіў у мястэчка і купіў вопратку для Франкі і малога.
Мінула некалькі месяцаў. Неяк у нядзелю, седзячы на траве непадалёк ад сваёй хаты і грэючы на сонцы старыя косці, Аўдоцця ўбачыла Паўла, які ішоў берагам ракі.
- Куме, а куме! Паўлюк, чуеш? Хадзі сюды! - паклікала яна.
Пачуўшы яе, Павел ахвотна падышоў. Трымаўся ён зноў проста, яго хада і рухі былі па-даўнейшаму бадзёрыя. Калі ён падышоў да яе, Аўдоцця ўзняла галаву ў чырвонай хустцы і запытала:
- Ну, як?
Павел адразу зразумеў яе пытанне і з усмешкай адказаў:
- Усё добра. Усё, дзякуй богу, добра. Каб так добра было да канца жыцця!
І, нібы рыхтуючыся да доўгай гаворкі, прытуліўся плячом да дрэва, пад якім сядзела Аўдоцця. А яна, узняўшы на яго вочы, пачала шаптаць:
- А я ўчора ў тваёй хаце была, на вас і на ваша жыццё паглядзець хацела... Цябе не бачыла, бо ты яшчэ з ракі не вярнуўся, а яе бачыла... Яна цяпер не такая, як была тады, крыху іншая...
- А Хтавіяна бачыла? - запытаў Павел.
- А як жа! І на рукі яго брала... лёгкі, як пёрка...
- Мілае хлапчанё! - заўважыў Павел.
- Толькі вельмі худзенькі.
- Цяпер ужо не такі, крыху паправіўся.
- Але! Над сіратою бог з калітою.
Гэтым прыслоўем Аўдоцця закончыла сваю гаворку з Паўлам, але было відаць, што хоча пагаварыць з ім яшчэ аб нечым, больш важным. Жмурачыся ад яркага сонца, яна глядзела на кума і, падпёршы далонямі падбародак, яшчэ цішэй заўважыла:
- А Франка гарод капае.
- Капае! - задаволена адказаў Павел. - Увесь гарод скапала. Усё робіць: гатуе, карову доіць, бялізну мые... Хлеб пячэ... Так ужо ёй загадана...
- Ты загадваеш?
- Я. Штодзень раненька яе буджу. Загадваю разам са мной пацеры адмаўляць, а пасля загадваю рабіць... Толькі на раку па ваду хадзіць не прымушаю, гэта ёй не па сілах, а ўсё, што ёй па сілах, мусіць рабіць.
- А яна цябе слухаецца?
Павел сцвярджальна кіўнуў галавой:
- Слухаецца. Хоць часам і крыўдзіцца, а слухацца мусіць. Цяпер ёй ужо нічога не дапаможа. Хоць крыўдуй, хоць цалуй - нічога не дапаможа! Яна - сваё, а я - сваё. «Працуй, - кажу. - Гасподзь Бог кожнаму чалавеку працаваць загадаў. Святая малітва, - кажу, - чорта ад цябе адгоніць, а пры рабоце не палезе ў галаву ніякае паскудства!» Вось як я з ёю цяпер...
- Добра, Паўлюк, ой як добра! - горача падтрымала яго Аўдоцця. - Я табе і тады казала, што так трэба рабіць, панства ёй ніякага не трэба даваць...
- Тады мне здавалася, - разважліва казаў Павел, - што калі я пасля той няволі, якую яна цярпела, дам ёй волю і добрае жыццё, дык у яе прападзе ахвота да дрэннага. Пасля я зразумеў, што з ёю трэба было абыходзіцца інакш. Цяпер я яе святой малітвай да Бога вяртаю, ушчуваннем і працай бараню ад д'ябла. Цяпер ужо я ёй патураць не буду. Калі што не гэтак зробіць, дык і накрычу...
Ад вялікай цікаўнасці Аўдоцця часцей заморгала вачыма.