Выбрать главу

Куча лахманоў, з-пад якой выглядалі вялікія ступні, укручаныя анучамі, пасунулася наперад. Галава жабрачкі трэслася, дзве нейкія бясформенныя далоні абапіраліся на кій. Франка завяла яе ў хату і, весела шчабечучы, пасадзіла на лаве. Пасля яна кінулася да чырвонай шафкі і прынесла кавалак хлеба, міску з халоднай бульбай і соль.

- Еш, міленькая, еш! Ой як жа я рада, што ты прыйшла. Тут і слова сказаць няма каму...

Жабрачка есці не спяшалася, відаць, была сытая. З-пад чырвоных павек яна з цікаўнасцю назірала за Франкай.

- Ой, ды ты, я бачу, тут зноў поўнай гаспадыняй стала, як даўней! - здзівілася яна.

- А як жа! - з гонарам прамовіла Франка. - Ужо і следу не засталося ад таго, што было... Нібы і не было нічога!

- Ну, раскажы ж, богам прашу, што з табой сталася, што рабіла, як сюды вярнулася, як з Паўлам памірылася? - прасіла Марцэля.

Францы не трэба было гэтай просьбы паўтараць двойчы. Яна села і пачала гаварыць, а калі расказвала, як Павел ёй усё дараваў і яе дзіця за сваё прыняў, вусны яе дрыжалі і слёзы блішчалі ў вачах. Марцэля таксама сядзела сур'ёзная, засяроджаная, і ад гэтага яе квадратная постаць здавалася яшчэ больш няўклюднай і цяжкой.

- Вось добры чалавек! - сказала яна з захапленнем.

- Добры! - пацвердзіла Франка - Такога добрага на ўсім свеце няма.

Раптам яна задумалася і ўздыхнула:

- Хоць, ведаеш, Марцэлька, - дадала Франка, - ён ужо цяпер не такі добры, як быў...

- Не можа быць! - усклікнула жабрачка.

- Не такі! Даўней, бывала, што хацела, тое і рабіла. Спала колькі хацела, калі зраблю што ў хаце - добра, а калі не зраблю, дык таксама слова благога ад яго не пачую. Яшчэ і цукеркі прывозіў, і на рукі як малую браў. Пад канец, калі я яго ўжо разлюбіла, сварылася, крычала... а ён нічога! Маўчыць, як сцяна, або абніме і просіць: «Ну, годзе ўжо, дзіцятка! Годзе, супакойся». А цяпер дзе там! Раненька, як той тыран, над ложкам устане і загадвае падымацца. Як ні прашу, як ні пярэчу - не дапамагае! Я - сваё, а ён - сваё: «Уставай ды ўставай!» Часам за рукі возьме і з ложка сцягне, а пасля прымусіць яшчэ ўстаць на калені і пацеры з ім адмаўляць. І з кніжкі малітвы чытае. А што гэта за чытанне? Звычайнае мужыцкае! Пакуль ён адну малітву прачытае, мне ад таго стаяння на каленях галава кружыцца пачынае. А пасля малітвы да работы гоніць: у печы падпалі, карову падаі, агарод загадвае капаць, хлеб пячы, нават калі з хаты адыходзіць - наказвае. «Глядзі, Франка, зрабі ўсё, што я табе сказаў». А калі чаго не зраблю, дык ён, як вернецца, пачынае сварыцца, крычаць. Усё раблю, хоць мне і перад сабой сорамна, што ў гэту чорную работу ўпрэглася, ды і слабасць часамі такая, што, здаецца, упаду і не ўстану. Але лепш ужо рабіць усё, што загадвае, чым слухаць, як ён пачынае пра бога, пра чорта, пра вечныя мукі ды розныя іншыя глупствы плесці. Цяпер я ўжо, як нявольніца, і целам і душой яму прадалася. Здароўя няма, на шыі ў мяне дзіця, і няма ніякага іншага выйсця, як у гэтай хаце з мужыком жыць. Гэткая мая доля... Відаць, у чорную гадзіну я на свет нарадзілася!..

І калі яна гэтак скардзілася Марцэлі на свой лёс, усё большы смутак напаўняў яго вочы, аж раптам з іх струменем паліліся слёзы і таксама раптоўна спыніліся. Яна схапілася за галаву і застагнала:

- Ой, Марцэлька, каб ты ведала, як мяне галава замучыла! Баліць і баліць! Калі вярнулася сюды, яна мне некалькі тыдняў зусім не балела, а цяпер зноў баліць, і ў вушах шуміць... Не так моцна, як раней, але шуміць...

Франка зняла з галавы паркалёвую квяцістую хусцінку і, намачыўшы ў вядры палатняную шматку, абвязала галаву.

- Вось мой адзіны ратунак! - сказала. - Калі вельмі разбаліцца і шумець пачынае, трэба намачыць халоднай вадой.

Яна села зноў насупраць жабрачкі, якая, паклаўшы на кій рукі, уважліва сачыла за ёю і так моцна задумалася, што на нейкі час яе пакінула звычайная балбатлівасць. Пасля паволі сваім сіпатым голасам пачала:

- Глядзіце, людзі добрыя, які ён суровы зрабіўся! І ўсё ж, мая мілая, ты шчаслівая, што такога чалавека маеш! Хто гэта чуў, каб столькі жонцы дараваць, ды яшчэ чужое дзіця як сваё гадаваць, ды яшчэ да работы цябе запрашаць, як тую пані да стала! Не жартачкі, мілая, які ён добры!

- Вядома, добры! - трымаючыся аберуч за галаву, кінула Франка. - За гэту яго дабрату я і прадалася яму ў няволю.

Марцэля, ківаючы галавой, глядзела ў зямлю, на яе стары і брыдкі твар лёг цень змрочнай задуменнасці.

Праз хвіліну, нібы звяртаючыся да зямлі, у якую яна ўтаропіла свой позірк, старая сіпатым голасам загаварыла, заенчыла:

- Ой, доля ж мая, доля! Чаму ж ты ў мае маладыя гады не паслала мне такога чалавека, такога збавіцеля? Чаму ты пакінула мяне на свеце адну, як тую былінку ў полі? Я ведала б, ой ведала, як такога чалавека і такога збавіцеля шанаваць! Не давялося б мне гараваць з дзецьмі-сіротамі, не давялося б мне на старасці год гэткую бяду і крыўду цярпець!

Ківалася яе галава, абкручаная лахманамі, а з грудзей яе рваўся не то плач, не то галашэнне. І, нарэшце, палілася дрыготкая, хрыплівая, жаласная песня:

Павей, вецер, павей, вецер, з зялёнага гаю, Павярніся, наш паночак, з далёкага краю!

- Ага! - рэзкім, высокім голасам усклікнула Франка. - Добра табе, Марцэлька, так казаць, калі ты састарэла, нібы той спарахнелы грыб! У маладосці чалавек патрабуе весялосці, розных прыемных прыгод, свету...

Марцэля адарвала ад зямлі мутнай вільгаццю напоўненыя вочы і ўважліва паглядзела на Франку:

- А колькі ж табе гадоў, мая даражэнькая?

- Трыццаць восьмы пайшоў, - з яўным задавальненнем адказала Франка.

Марцэля паківала галавой:

- Ой, ой, і ты ўжо не дзіця, і да саракоўкі табе недалёка. А сорак лет - бабскі век, мая міленькая!

- Вось хамская прымаўка! Хіба гэта праўда? Ого, як бы яшчэ за мной хлопцы лёталі, каб я была здаровая ды не жыла ў гэтай яме!..

Ці то позірк Марцэлі ў гэтую хвіліну спыніўся на самавары, які пабліскваў у кутку, ці то заўважыла яна торбачку з мукой або крупой, якая вісела на сцяне, але яна раптам паспешліва, нібы жадаючы паправіць зробленую памылку, пачала падтакваць Францы:

- Але! Пэўна, што лёталі б! Шчупленькая ты і далікатная, як тая паненка, што ў гарсэце ходзіць, а ручкі твае, як у дзіцяці, маленькія, а вочы...

Раптам з двара Казлюкоў пачуліся галасы. Франка на лаве ля акна ўкленчыла і прыклала твар да маленькай шыбы, яна ўбачыла Ўльяну, якая заганяла ў хлеў карову, чацвёра дзяцей, якія беглі па траве, Піліпа, што з касой на плячы ўваходзіў у хату, і Данілку - ён стаяў ля варот з нейкім юнаком.

- Глянь, глянь, Марцэлька, - зашаптала ўзбуджана Франка. - Глянь, даражэнькая... Які прыгожы хлопец стаў Данілка...

Васемнаццацігадовы Данілка і сапраўды быў прыгожы. У кароткім палатняным каптане, у высокіх ботах, з касой на плячы, якая паблісквала ў апошніх праменнях сонца, ён стаяў ля варот, вясёлы і зграбны. Твар у яго быў далікатны, як у дзяўчыны, а валасы залаціста-рудаватыя.

Зморшчаныя шчокі Марцэлі затрэсліся ад ціхага хітраватага смеху.

- Ат, хлопчык яшчэ! - прамовіла яна. - Малады, дык і прыгожы.

- Дарма, што малады, - глуха прамовіла Франка. - Але такі тонкі і зграбны, як паніч. А я дагэтуль і не заўважала, які ён прыгожы.

Па твары Марцэлі ўсё шырэй расплывалася яхідная ўсмешка. Прыцішаным голасам яна лісліва зашаптала:

- Дык, можа, гэтаму дзецюку перадаць, што ты аб ім казала? Га? Вось узрадуецца! О, Госпадзі Ісусе, Прасвятая Багародзіца, вось пацеха! Яму і не снілася, каб нехта казаў, што ён прыгожы!

- Скажы, мая залаценькая, брыльянтавая, абавязкова скажы! Цікава, ці ўзрадуецца ён і што пра мяне скажа?

Ульяна ў гэтую хвіліну выйшла з аборы, і дзеці, як птушкі, падляцелі да яе. З вясёлай усмешкай яна нешта сказала і, зачарпнуўшы з даёнкі малака ў кубак, па чарзе пачала прыкладваць яго да дзіцячых вуснаў. Трое гэтых малых былі яе, а чацвёрты быў Актавіян. Яна напаіла спярша сваіх, а пасля і яго. Пасля ўсе чацвёра пабеглі за ёю ў хату.