Франка, хоць і глядзела ў акно, але гэтай сцэнкі на суседнім двары не заўважыла. Яна была занята сваімі думкамі і доўга маўчала. Нарэшце, калі ў хаце пачало цямнець, стомлена ўзняла над галавой рукі. Яе вялікія запалыя вочы пад мокрай шматай на лбе напоўніліся чорным смуткам.
- Ой, Марцэлька, мая міленькая! - сумна прамовіла яна паціху. - Так мяне нешта мучыць... Цяжка мне жыць на свеце!
- Чаму ж гэта!? - запытала жабрачка.
- А чаму ж павінна быць добра? - адказала Франка. - Ён хоць і добры, а далікатнасці маёй шанаваць не ўмее, і гаварыць так, як я люблю, не ўмее, і ў грубай вопратцы ходзіць. І такі нейкі... Я і сама не ведаю які...
Яна падумала хвіліну і дадала:
- Вядома, хам... Які б ён ні быў добры, а ўсё ж хам! - І яшчэ цішэй: - І такі ж ён цяпер стары... стары!..
Мінула пара касавіцы і жніва. Шмат чаго адбылося за гэты час у дзвюх хатах, што стаялі побач. Аднаго разу, калі касілі лужок Піліпа непадалёку ад вескі, Павел выйшаў раніцай з хаты і, акінуўшы позіркам неба, сказаў швагру, які нёс у хлеў салому:
- Хутчэй звазі сена з лугу, Піліп, бо не сёння, дык заўтра гасподзь дожджык прышле. І па паветры відаць, што пашле надоўга.
У прадказанні Паўла наконт змен надвор'я Піліп верыў свята, а таму ён паспешна пачаў запрагаць каня, а Данілку загадаў падрыхтаваць граблі і вілы. Ульяна засталася дома, каб, калі каму-небудзь спатрэбіцца паром, самой перавезці таго праз раку. Рака цяпер была вузкая і павольная. Увесну двум мужчынам бывала цяжка ўпраўляцца з паромам, а цяпер гэта было па сілах і адной Ульяне. А калі б давялося перавозіць пару коней або цяжкі воз, дык Павел, які збіраўся сёння лавіць рыбу непадалёку ад берага, мог падскочыць і дапамагчы сястры.
Калі яны так дамаўляліся з Піліпам, які скончыў запрагаць каня, з-за спіны Паўла выскачыла Франка і сказала, што яна таксама паедзе на луг зграбаць сена. Дома яна ўсё ўжо зрабіла: ежу на цэлы дзень згатавала, карову падаіла і хоча дапамагчы Піліпу згрэбці сена. На Францы была белая, як снег, сарочка, блакітная паркалёвая спадніца і ружовы фартух. Чорныя валасы, выбіваючыся з-пад квяцістай хусткі, ападалі на яе лоб і плечы. Яна была сёння нейкая ажыўленая, паблісквала вясёлымі вачыма і белымі зубамі. Піліп сустрэў яе прапанову іранічным смехам:
- Ад гэтай тваёй работы хіба толькі чорту будзе пацеха!
Але Данілка запярэчыў:
- Хай едзе! Утраіх яно лягчэй і хутчэй будзе...
- Хай едзе! Пакажаце ёй, як грэбці, дык і патрапіць! А ўсё ж хоць крыху дапаможа, - сказаў Павел.
Франка села з Піліпам на воз і паехала, а Данілка пайшоў пехатой карацейшай дарогай. Але як толькі воз крыху ад'ехаў, Франка саскочыла на зямлю і пабегла да Данілкі.
- Гэй! - крыкнула яна Піліпу. - Мы той дарогай хутчэй дойдзем, як ты даедзеш!
Вярнуўшыся з лугу, Піліп са здзіўленнем расказваў жонцы, што «гэта вар'ятка» Франка даволі няблага зграбала сена і сапраўды дапамагла ім у рабоце.
- Каб не была гультайка, дык усё патрапіла б рабіць, - заключыў Піліп.
- Яна, як захоча, усё здолее, такая спрытная, - заўважыў Данілка, запіхаючы ў рот кавалак хлеба і пазіраючы праз акно на Франку, якая завіхалася на сваім двары, а вочы ў яго, як у ката, зелена паблісквалі.
З гэтага дня Франка часта дапамагала Казлюкам. У жніво яна з сярпом хадзіла ў поле, і, хоць не ўмела так нястомна і добра жаць, як Ульяна, бо ў яе не хапала сіл і спрыту, а ўсё ж дапамагала ім добра. Піліп у гэты час араў або пры пароме і пры доме заставаўся, а Данілка з дзвюма кабетамі жаў і вазіў снапы ў гумно. Франка таксама часта разам з ім узлазіла на воз і ехала дадому, а пасля яны вярталіся і прымаліся за работу. І хоць жалілася яна на гарачыню і боль у паясніцы, была вясёлая, жвавая, гаваркая і, як ніколі дасюль, ахвочая да працы. Да Ўльяны яна падлізвалася, называла яе залаценькай, брыльянтавай, дзяцей яе насіла на руках і выцалоўвала, а да Данілкі ляпілася, як муха да мёду. Але на гэта доўга ніхто не звяртаў увагі. Калі яна дурэе з хлапцом, а ў нядзелю на некалькі гадзін з ім некуды знікае, нічога дзіўнага. Хоць адумалася, да работы ахвоту адчула і людзям, нібы тая аса, у вочы кідацца перастала. Усе ж глупствы з галавы адразу не выкінеш! Немаладая ўжо, а часамі дурэе, як тое дзіця. Данілка таксама яшчэ дзіця, вось яны адзін аднаму і падыходзяць. Добра ўжо і тое, што яна адумалася, працуе, людзям дапамагае, ветлівая. Жыць у такім блізкім суседстве з ведзьмай - зусім не жартачкі. Хай ужо будзе крыху вар'ятка, абы не была ведзьма. Ульяна таксама добразычліва абыходзілася з братавай, усё часцей туліла да сябе Актавіяна і старалася аддзячыць Францы за дапамогу ў полі рознымі паслугамі ў гаспадарцы: то хлеб ёй замесіць і спячэ, то бялізну ў рацэ пранікам выб'е, то, ідучы па ваду, адно вядро прынясе сабе, а другое Францы.
Так на працягу трох доўгіх месяцаў людзі гэтыя, сумленнае жыццё якіх праходзіла ў цяжкай працы, нічога падазронага не заўважалі. Нішто агіднае не зацямняла ім яркага свету сонца, у якім яны купаліся цэлымі днямі, ніводная кропля гразі не абцяжарвала іх сумлення, калі яны засыналі стомленыя і спалі моцна ўсю ноч.
А Павел увесь гэты час выязджаў далёка на лоўлю рыбы, а вяртаючыся дамоў, заставаў Франку за работай, прыбраную ў белую сарочку і ружовы фартух. І хоць часта яна адказвала яму злосна, а часам адпіхала яго з яўнай агідай, Павел прыпісваў гэта рэшткам д'ябальскіх спакус, якіх малітва і павучанні яшчэ не адолелі. «Хай ужо будзе такая, абы жыла сумленна», - думаў ён і браў на рукі Актавіяна, даваў яму прывезеныя з мястэчка абаранкі. Ён усё болей любіў і песціў хлопчыка. Забаўляючыся з ім, ён не звяртаў увагі на злоснае бурчанне Франкі, тым больш што неўзабаве настрой яе паляпшаўся і яна зноў размаўляла з ім прыязна, і хата поўнілася яе гаворкай і смехам, які Павел асабліва любіў. На працягу гэтых доўгіх трох месяцаў нішто не абцяжарвала яго шырока дыхаючых грудзей і не перашкаджала спакойна і моцна спаць уначы.
І раптам у канцы аднаго жнівеньскага дня ў хаце Казлюкоў закіпела, як у гаршку. Узняўся там пякельны крык дарослых і плач дзяцей. Піліп біў брата.
Было гэта ўвечары. Невядома дзе і адкуль Піліп даведаўся аб тым, за што цяпер біў брата, але даведаўся так нечакана і агідна, што тая агіднасць уразіла да глыбіні душы нават гэтага дужага і простага чалавека. Дагэтуль ён ніколі не крыўдзіў свайго малодшага брата, але зараз нібы звар'яцеў - такі гнеўны быў выраз яго твару і так моцна ён біў брата, адной рукой трымаючы яго за каўнер.
- Садом і Гамора! - крычаў ён, б'ючы яго. - З-за цябе пярун божы спаліць нашу хату! Гэта ж ён табе за роднага дзядзьку быў, на руках цябе насіў, розуму вучыў! А ты яму так аддзячыў! А ты з яго жонкай... За плуг, за цапы, за работу бярыся, а не з лайдачкай цягацца! Кару божую на нас і на дзяцей нашых хочаш наклікаць? Прэч з хаты! Чуеш? Каб тваёй нагі тут не было! Чуеш? Ідзі, бадзяйся па свеце, у парабкі наймайся, а тут каб і следу твайго не было! Прападай ты пропадам, а з маёй хаты прэч! Прэч!
Піліп крычаў, біў брата, піхаў яго да дзвярэй. Ульяна галасіла і ламала рукі, дзеці плакалі. Данілка нарэшце ля самага парога вырваўся з братавых рук і, чырвоны, як півоня, у раздзёртым на плячах каптане, бліскаючы вачыма, дзёрзка закрычаў:
- Ты не маеш права выганяць мяне з хаты! Яна такая ж твая, як і мая! Адных мы бацькоў дзеці!
- А хто табе бацькам быў? - кінуўся зноў да яго і ўсклікнуў Піліп. Я табе бацькам быў, калі ты на маіх руках сіратой застаўся! Хіба для таго я цябе гадаваў і карміў, дабру, розуму навучаў, каб ты Садом і Гамору рабіў? Я цябе навучу! Я табе пакажу, як...
І разам з градам абразлівых слоў на галаву і спіну Данілкі зноў пасыпаліся ўдары. Браты, як звар'яцелыя, тузаліся ля дзвярэй. Ульяна, заліваючыся слязьмі, крычала, ламала рукі і спрабавала іх разняць, дзеці раўлі, што было сілы, у запечку кудахталі куры, і нават Курта працягла завыў пад лавай, а буры кот спалохана мяўкаў і кідаўся па хаце, не ведаючы куды ўцячы. Якраз у гэту хвіліну ўвайшоў у хату Павел, які вяртаўся з ракі, пачуўшы крык і плач у хаце Казлюкоў, устрывожаны і здзіўлены, заспяшаўся туды.