Выбрать главу

Убачыўшы ў дзвярах Паўла, Ульяна, ці то жалем над няшчасцем брата пранятая, ці то баючыся страціць яго прыязнасць, заходзячыся ад плачу, упала яму ў ногі. Данілка вырваўся з рук Піліпа і выбег з хаты, а Піліп з ускалмачанымі валасамі, з п'яным бляскам у вачах звярнуўся да Паўла з тымі самымі грубымі, агіднымі словамі, якімі лаяў хлопца за яго злачынства. Расказ гэты заняў не больш трох хвілін, і калі Ўльяна, стоячы на каленях, закрычала: «Маўчы, Піліп! Ой, Піліп, што ты робіш? Маўчы!» - Піліп ужо ўсё сказаў, і Павел выйшаў з хаты.

Ён пайшоў да сябе не праз двор, а пераступіў праз нізкі паркан у агарод і пакрочыў проста па градах. Ён быў бледны як палатно, і вочы яго кідалі маланкі. Гнеў і рэўнасць расхадзіліся ў яго мазгу, нервах і ў тым кавалачку цела, які б'ецца ў чалавека ў грудзях і завецца сэрцам. Хістаючыся як п'яны, ён прайшоў праз сенцы і з грукатам расчыніў дзверы. У хаце, ля печы, у цёмнай глыбіні якой свяцілася распаленае вуголле, стаяла Франка. Яна скурчылася, змізарнела і моцна прыціскала да грудзей рукі, а твар яе, асветлены ў змроку хаты агнём, свяціўся крывавай чырванню. Яна добра ведала, што адбылося ў хаце Казлюкоў, бачыла праз акно, як зайшоў туды Павел, калі і як адтуль выйшаў. Ёй было страшна, а яшчэ болей - сорамна. Той сорам, які яна перажыла, калі пасля трохгадовых блуканняў вярнулася да Паўла, быў нічым у параўнанні з цяжкім і пякучым сорамам, які адчувала цяпер. Таму яна так скурчылася, змізарнела, таму і твар яе палаў, як жар у печы. Як толькі Павел пераступіў парог, яна працягнула да яго рукі і ўсклікнула:

- Не вер ты ім, Паўлючок, не вер, гэта няпраўда... Гэта яны знарок...

Упершыню ў сваім жыцці Франка хлусіла, і не ад страху, а ад сораму. Яна адала б зараз палову жыцця, каб толькі ён паверыў яе хлусні. Але Павел падышоў да яе і, не гаворачы ні слова, жалезнымі пальцамі сціснуў яе плячо. Яна прарэзліва ўскрыкнула і прыгнулася да зямлі пад ударамі яго кулака. Яна ўскрыкнула яшчэ некалькі разоў, аж раптам адчула, што плячо яе вызвалілася з жалезнага абруча і што Паўла ў хаце няма. Павел выйшаў тым самым шырокім крокам, якім увайшоў, хістаючыся, з кроплямі поту на лбе. Абышоўшы хату, ён прыпаў тварам да сцяны і зарыдаў. Выбух гневу і рэўнасці, які там, у змрочнай хаце, прымусіў яго дзейнічаць кулакамі, цяпер апаў, растаў у вялікім, разрываючым грудзі болю, у жалю да сябе, да Франкі і ў крыўдзе за тую чалавечую святую справу выратавання, якая двойчы азарыла яго душу нябесным святлом і двойчы скончылася нічым. Заламаўшы рукі і прыпаўшы тварам да шурпатай сцяны, ён, захлынаючыся ад плачу, мармытаў:

- Не, няма ўжо, відаць, для яе ратунку і збавення! Няма ўжо для мяне шчаслівай долі на свеце! Што мне рабіць? Божа мой усемагутны! Божа мой лістасцівы, што мне цяпер рабіць?

Праз гадзіну ён ужо плыў на сваім чаўне, які мільгаў маленькай чорнай кропкай на сталёвай паверхні Нёмана, пад небам, на якім запальваліся залатыя зоркі. За чаўном бегла сярэбраная сцяжынка і журчала сваю адвечную манатонную песню. Усю гэту ноч Павел правёў на рацэ, а можа, на якім самотным узбярэжжы пад старой вярбой або дрыжачай асінай.

А ў хаце, дзе ён пакінуў Франку на падлозе, праз пару гадзін пасля таго, як ён пайшоў, у цемры ішла прыцішаная гаворка, якая перарывалася стогнамі і ўздыхамі.

- Ай-ай! Пабіў! Глядзі ты! Відаць, вельмі раўнуе, калі біцца пачаў. Ён ніколі нікога не біў. Такі спакойны, такі добры... а пабіў?

- Каб яму Бог ніколі гэтага не дараваў, як не дарую я! - рэзка ўсклікнула Франка - Не дарую! Не дарую! Да смерці гэтага яму не забуду. Ой якая крыўда, якая ганьба! Божа ж мой, Божа, да чаго я дажылася, чаго дачакалася! Ці на тое мяне маці нарадзіла, каб хамскія кулакі маю спіну таўклі? Я з добрага роду паходжу, дзядуля мой свае дамы меў, матка адукаваная была, стрыечны брат мой багаты, жыве як той пан, а мне вось як цяпер дастаецца. Хай яго Бог за маю крыўду пакарае! Каб яму дабра не было ні на гэтым, ні на тым свеце!

Так яна кляла Паўла, часам плакала жаласна, як дзіця, а часам, як фурыя, зрывалася з пасцелі, ірвала на сабе валасы, біла сябе кулаком у грудзі.

- Даволі я ўжо аддзячыла яму за яго дабрату, заплаціла сваімі сінякамі і ганьбай! Я памятала яго дабрату, і таму мне было так сорамна, што, здаецца, каб магла, жывая пад зямлю пайшла б, каб толькі ў вочы яму не глядзець. А цяпер мне ўжо ані не сорамна! Ані! Калі яму можна мяне біць, дык мне можна ўсё рабіць! Каб не шкадавала Данілку, дык бы зноў уцякла! А можа, і ўцяку!

- А Хтавіян? - абазваўся грубы, ахрыплы голас з кучы лахманоў.

- Хай і яго д'яблы возьмуць! Хай усё возьмуць д'яблы! - усклікнула Франка, але раптам змоўкла, а праз хвіліну няўпэўнена прамовіла:

- А што? Пакіну тут...

Адчуўшы ля сваіх босых ног цяпло заснуўшага дзіцячага цела, яна зноў завагалася.

- Не ведаю... - зашаптала яна. - Ці тут мне яго пакінуць... ці з сабой забраць? Ды і Данілку шкада... Каб ведала ты, Марцэлька, як я яго кахаю... Які ён мілы! А ты не бачыла часам яго, калі ішла сюды, га?

- Чаму ж не бачыла? Бачыла. Знарок зайшла да іх, каб паглядзець, што з ім, бедненькім, робіцца.

- Ну і што? Што? Што? - зашаптала Франка. - Можа, што казаў? Можа, прасіў што мне перадаць?

- Нічога не казаў і нічога не перадаваў, - адказала Марцэля. - Вядома, дзіця яшчэ! Брат пабіў яго, дык ён сядзіць і плача... Што ж яму рабіць?

Франка парывіста ўздыхнула:

- Вось і ён таксама хам, а зусім не такі, як усе хамы... Маладзенькі, зграбны і грубіянству яшчэ не навучыўся...

- А ты некалі і аб Паўлюку тое самае казала, што ён хоць і хам, але не такі, як усе...

- Хай яго Бог пакарае, што ён мяне так ашукаў! Прыкінуўся добрым і далікатным, а цяпер паказаў, хто ён! Каб я тады здуру за яго замуж не пайшла, цяпер бы выйшла за Данілку...

Марцэля здзіўлена ўсклікнула:

- А мая ж ты міленькая, што ты вярзеш! Ён жа яшчэ дзіця ў параўнанні з табой, ты ж яму магла быць маткай. Ах, каб цябе, каб цябе! Вунь што прыдумала! Госпадзі Ісусе, у сорак гадоў за такога смаркача выходзіць!

Марцэля ледзь стрымлівала смех. Яна заціскала далонямі рот, каб заглушыць яго і не абразіць ім Франку. А тая, закінуўшы за галаву рукі, незадаволена прамовіла:

- Ну, і што з таго, што я старэйшая за яго? Адна мая пані яшчэ старэйшая за мяне была, а мела маладзенькага мужа, і ён перад ёю скакаў і ўсё, што загадвала, рабіў. Чаго толькі не бывае на свеце! А ты, можа, думаеш, што ён не хацеў бы са мной ажаніцца? Хацеў бы, ды яшчэ як хацеў бы!

- Ён казаў табе гэта? - запытала Марцэля.

- Казаць не казаў, але я гэта ведаю... - адказала Франка.

Старая, седзячы ля яе ложка, трэслася ад смеху, які ўсё яшчэ душыў яе, але праз хвіліну лісліва прамовіла:

- Пэўна, што захацеў бы! Чаму ж не хацець? Яшчэ не было на свеце мужчыны, каб не хацеў гэтакай красуні! Ты такая далікатная, такая прыгожая і вясёленькая, жвавая, як тая белая козачка на лужку або як каралеўна ў палацы...

- Вось бачыш! - падхапіла Франка. - Але што з таго, калі гэты хам, грубіян, мядзведзь, разбойнік, крывасмок рукі і ногі мне звязаў?

Яна зноў усхапілася з ложка, села, запусціла ў валасы рукі і пачала гаварыць. Гарачы, парывісты яе шэпт напоўніў усе куткі цёмнай хаты.

- Разлюбіла я яго даўно... такі вол, такі мядзведзь... нудны, стары... А цяпер, калі ён асмеліўся яшчэ руку на мяне падняць, у сто разоў больш не люблю... не цярплю, ненавіджу... Так ненавіджу, што, здаецца, забіла б, задушыла сваімі рукамі...

- Ціха! - спалохана прасіпела Марцэля. - Яшчэ падыдзе ды пачуе!

- Не прыйдзе! Чэрці яго ўсю ноч цяпер па рацэ насіць будуць! Ужо я яго звычкі добра ведаю! А каб і пачуў? Я і сама яму ўсё скажу. Хай ведае, як крыўдзіць жанчыну з добрага роду.

Яна заплакала і папрасіла Марцэлю, каб тая намачыла ў халоднай вадзе шмату і падала ёй, таму што ў яе так забалела галава і зашумела ў вушах, што яна, здаецца, зараз памрэ.