Выбрать главу

- Як табе здаецца, Рузя, выйдзе з гэтага што ці не?

- Ці ж я ведаю, мама! Каролька ў яго так закахалася, што цэлымі начамі не спіць, толькі ўздыхае альбо плача. Мне здаецца, што ён таксама ў яе закахаўся. Калі былі мы ў Ангродзе, хадзіў увесь час з ёй на шпацыр, а тут я некалькі разоў бачыла, як яны цалаваліся. Але ж ці я ведаю? Можа, ён толькі так... баламуціць Карольку!

- Хай толькі паспрабуе! - усклікнула Бахрэвічыха, падымаючы кулак і страляючы з вачэй маланкай.

Рузя нарэшце расшпіліла гарсэт і з палёгкай уздыхнула.

- Так мне гэтыя рогі ў цела ўядаюцца, што часам проста трываць не магу... Усе мужчыны такія...

- Якія? Што ты вярзеш?

- Баламуты! А татка што, лепшы быў? Хрысціну кінуў... Можа, і кузен Карольцю...

- Што ты разумееш? - крыкнула маці. - Хамка адно, а шляхецкая дзіця іншае... Хай толькі пасмее ён Карольцю збаламуціць і кінуць!..

Яе ахапіла яе вялікая трывога, але не за Карольцю.

- Дзе татка? - спыталася.

- Альбо я ведаю? - адказала Рузя, вельмі занятая развязваннем шнуркоў ад турнюра.

- Чуеш, што кажу! Ідзі зараз жа і паглядзі, дзе татка...

А калі Рузя, дзвюма рукамі падтрымліваючы расшпіленую спаднічку, выпрасталася і, надзьмуўшыся, збіралася адысці да печы, мацярынская далонь з глухім пляскам упала на яе белыя пульхныя плечы.

- Пойдзеш ты ці не, калі табе кажу?..

Рузя скочыла так хутка, што турнюр сам сабой зваліўся з яе пад самыя ногі маці. Не зважаючы на гэта, Рузя выскачыла на ганак і ўбачыла чырвонае святло ліхтара, што мільгала то тут, то там паміж забудовамі фальварка. На адной назе ўляцела ў хату і, не ўваходзячы больш у бацькоўскі пакой, з каморкі, што займала разам з сястрой, надзвычай цеснай і бруднай, заваленай усялякім рыззём, праз парог крыкнула:

- Татка з ліхтаром будынкі абходзіць.

Бахрэвічыха, відаць, добра разумела значэнне тых слоў, бо адразу ж супакоілася і толькі спытала:

- А дзе Карольця?

- Ці ж я ведаю! Можа, на шпацыр з кузенам пайшла, - адказала надзьмутая Рузя.

Бахрэвічыха нічога не сказала, толькі хвіліну гучна сапла і чмыхала. Суняўшы перажыванні за мужа, пачала трывожыцца за дачку. Можа, раздумвала, што рабіць. Аднак не зрабіла нічога. Укруцілася ў коўдру і яшчэ раз азвалася да дачкі:

- Рузя, глядзі, каб мне ў аўторак нагадала пра посны абед. Будзем усе дзеля шчасця Каролькі пасціць дзевяць аўторкаў ажно да святога Антонія.

Некалькі хвілін не было ніякага адказу. Відаць, Рузя набіралася адвагі, бо яшчэ пакрыўджаным голасам адказала:

- Мая ты мамуля, калі кузен Карольцю сапраўды кахае, дык ажэніцца з ёй без святога Антонія, а калі толькі баламуціць, дык тут і сам д'ябал не дапаможа...

- Дурніца! Тваё шчасце, што я ўжо ляжу... Як Каролька прыйдзе, скажаш, каб сюды ішла. Мушу і ёй трохі маралі пачытаць...

На дзядзінцы чырвонае святло ліхтара доўга соўгалася і мігцела паміж будынкамі фальварка. Абышло яно хату парабкаў, стадолу, абору, спіжарню. Бахрэвіч ужо шмат гадоў штовечар, перш чым легчы спаць, хацеў паглядзець уласнымі вачыма, ці пагашаны ўсюды агні, ці не спяць начныя вартаўнікі, ці не залезлі дзе злодзеі. Гаспадар з яго быў дбайны і працавіты, таму вось ужо дваццаць гадоў займаў ён адну з лепшых аканомскіх пасад, што былі ў вялікім Краснавольскім маёнтку. Уладары гэтых багаццяў, вялікія паны, знаходзіліся звычайна там, «дзе цвітуць лімоны і апельсіны». Стары і вялікі двор у галоўным маёнтку займаў кіраўнік, а па фальварках жылі аканомы, якія былі пад кантролем кіраўніка, але досыць незалежныя і добра аплочваліся. Бахрэвіч жыў у Лясной, але меў пад сваёй апекай яшчэ адзін фальварак - Вульку, што месціўся за тры вярсты ад Лясной. Грашовую суму ён атрымліваў невялікую - разам са штогадовымі ўзнагародамі складала яна каля двухсот рублёў. Але ардынарыю давалі яму шчодрую, і складалася яна з усіх гатункаў збожжа. Ён меў права трымаць некалькі кароў, пару коней і колькі яму хацелася птаства, свіней і авечак. Меў ён таксама на сваю карысць морг лёну, пару моргаў бульбы, вялікі і дагледжаны гарод. Словам, у аканомавым доме ўсяго было ўдосталь: булак, гародніны, вяндліны, мукі і круп розных гатункаў. Дзякуючы Мадзі, ад гэтага дастатку, што зрабіў шчокі ўсёй сям'і поўнымі і румянымі, назбіралася яшчэ і ў шуфлядзе камода трохі асігнацый. Няшмат, бо адкуль жа магло назбірацца многа? Але і на тую драбязу каля дваццаці гадоў рупліва і цяжка працавалі абое з Мадзяй... Ох, гэтая Мадзя! Гэта брыльянт быў, не кабета! Ніхто б нават спадзявацца не мог, што спадарыня асэсарка, у бацькоў якой бывалі самыя лепшыя ў ваколіцы паны і якую, толькі страціўшы месца, бацька рашыўся выдаць за аканома; каб дачка чыноўніка, што з дочкамі спраўніка была калісьці запанібрата і нават на вечарынах пару разоў у знатных дамах танцавала, магла стаць такой ашчаднай і працавітай гаспадыняй. Насамрэч, асэсар Капроўскі, звольнены з пасады, якую заняў новапрыбылы станавы, памёр бы ў галечы, калі б зяць напрыканцы жыцця не прыняў яго ў свой аканомскі дом. Праўду кажучы, Мадзя не прынесла ў дом мужа нічога, апрача срэбных лыжак, ахвяраваных калісьці асэсару нейкім чалавекам, які, з выпадку не аплочаных у пару падаткаў, заўсёды меў патрэбу ў сімпатыях дзяржаўных падатковых службаў. Але, з другога боку, злучэнне Бахрэвіча з гэтай жанчынай сямейным вузлом надало яму значнасці: Капроўскія ў параўнанні з Бахрэвічамі былі такой арыстакратыяй, што калі б Мадзя была нават гультайкай, ніхто б не пасмеў яе за гэта ўпікнуць. Аднак яна, наадварот, была такой жанчынай, на якой трымаецца дом мужа. Шчыравала, ашчаджала, напаўняла хату дастаткам, ад якога яшчэ заставалася крыху, каб адкласці ў шуфляду камоды. Уставала на досвітку і ў простым адзенні і абутку даглядала ўсё: кароў, курэй, гарод, кухню. Займалася гандлем: высылала ў Ангрод на кірмаш гладышы з маслам, змяшаным у нейкай частцы з бульбяной кашай. Людзі куплялі масла з кашай, з чаго Мадзя рагатала да колікаў у жываце, пад акампанемент мужавага смеху, які прыходзіў ад яе ў захапленне. Пасылала таксама на продаж сыры, яйкі, птушак, курынае і гусінае пер'е. Калі ў якім-небудзь з гэтых прадуктаў магла зрабіць якую дамешку ці падман, то рабіла. Калі якому-небудзь з парабкаў пры выдачы ардынарыі магла дасыпаць ў зерне мякіны, то дасыпала, а добрае зерне, што сэканоміла, пакідала сабе. Часта недасыпала і ніколі не сядзела, склаўшы рукі, толькі адзін раз на тыдзень, едучы ў касцёл, старанна прыбіралася. Аб адным яна толькі думала, над адным толькі галаву ламала - каб дому і сям'і якім-кольвек чынам прыдбаць рубель, залатоўку ці хоць грош. Любіла смачна і шмат паесці, аднак да раскошы не імкнулася. З вясёлай усмешкай і з поўнымі талеркамі прымала сяброў мужа, а таксама кавалераў дачок, але пра іншыя забавы нават не думала. Няраз падчас мыцця бялізны, біцця масла ці разбірання свежаніны босая цэлы Божы дзень, з закасанымі рукавамі так уходжвалася, што, ледзь толькі дападала да ложка, у імгненне вока пачынала так храпці, як быццам гучалі некалькі духавых інструментаў. Такая яна была. А яе мацярынскія пачуцці і надзвычайны розум, што выявіўся падчас выхавання дачок? Сам Бахрэвіч ніколі б так не здолеў выхаваць дзяўчат, як патрафіла яна. Дзе там! Нават не ведаў бы, як за гэта ўзяцца!

Гэта яна, што была некалі з дочкамі спраўніка на «ты» і пару разоў на вечарынах танцавала ў ядвабнай сукенцы, падумала не толькі пра тое, каб даць дочкам адукацыю, але і змагла ажыццявіць сваю задуму. Яна, што сама калісьці вучылася, ведала, чаму паненкі павінны навучыцца. Выйшаўшы за аканома, яна хутка забыла ўсё дашчэнту, чаму яе некалі вучылі, апусцілася і агрубела. Аднак валодала рэччу найважнейшай - тэорыяй. І кіруючыся ёю, з вялікай цяжкасцю вышуквала гувернантак: напачатку абы-якіх, і нарэшце, на заканчэнне адукацыі адкрыла панну Шуркоўскую, якая, хоць і брала вялікую плату (ажно пяцьдзесят рублёў у год) і ў дадатак жахліва шмат ела, але затое была выдатнай настаўніцай. Гэта пры ёй Каролька навучылася спяваць: «О, анёле, што з гэтай зямлі» ды іграць «La ariere d'une Vierge», а Рузя, якая да музыкі ніякіх талентаў не мела, так захапілася французскай мовай, што, калі аднойчы звярнулася на гэтай мове да Густава Дзельскага, які адведваў яе бацьку, дык кавалер з вялікага свету ад здзіўлення аж анямеў. Гэтая панна Шуркоўская панавучвала іх таксама выробліванню разнастайных дрындушак, якімі цяпер, калі не было гасцей, займаліся яны цэлымі днямі, і яшчэ навучыла іх шматлікім таямніцам і дробязям у дамскіх паводзінах і дамскіх строях. Кошты ўтрымання такой дарагой настаўніцы, яе ненажэрнасць і капрызы Мадзя зносіла з сапраўды анёльскай цярплівасцю: за тры гады яна аблаяла яе не больш дзесяці разоў і ні разу не набіла. Крыніцай гэткай цярплівасці і гэткага самакантролю была толькі мацярынская любоў. Дачок яна берагла, як зрэнку вока. Злавала яе часам тое, што ад іх няма ніякай дапамогі ў гаспадарцы, і калі дзяўчаты не хацелі паставіць самавар ці прынесці з кухні ежу, задумвалася над тым, ці часам іхняя адукацыя не зайшла занадта далёка. У падобных выпадках і ў шмат якіх іншых, а таксама і зусім без усялякіх нагод, плечы паненак уздрыгвалі ад мацярынскіх кухталёў, ці ад мятлы, ці скручанага матка тоўстых нітак хатняга вырабу. А наогул любіла іх самаахвярна. Калі хварэлі - адпойвала іх настоямі зёлак і абкладала горамі кампрэсаў, калі жадалі якога-небудзь убрання - даставала ім грошы, за іхні гонар і дасканаласць гатовая была заўсёды выдрапаць вочы нават роднаму бацьку, калі б яшчэ жыў. А паколькі была схільная да плачу амаль гэтаксама, як і да прыступаў гневу, дык па сто разоў на год плакала, то над іхняй доляй, то ад захаплення іхняй дасканаласцю, то ад злосці, што яны ў доме ні да чога не здатныя.