- Бі! - паўтарыла Аўдоцця.
- Ой, калі ж мне гэтае біццё...
- Для яе выратавання бі! Можа, жах яе да розуму давядзе?
- Для яе выратавання... Можа, яшчэ і адумаецца? - не адрываючы ад зямлі позірку, паўтарыў Павел.
Гадзінай пазней ён увайшоў у сваю хату, вобмацкам знайшоў лямпу, запаліў яе і агледзеўся.
- Франка, давай есці! Чуеш? Хутка! Голас яго гучаў сурова.
Франка выскачыла з кута хаты, злосна замахала рукамі і закрычала:
- А ты на сваёй хамскай мове не смей да мяне звяртацца! Я табе не служка! Хоць я, звар'яцеўшы, і пайшла за цябе, у параўнанні з табой я пані! Княгіня! Каралева! Ты мне павінен служыць, а не я табе.
Яна доўга крычала на Паўла, абураная тым, што ён зачыніў яе ў цёмнай хаце. Павел маўчаў. Ён сядзеў як каменны на лаве, а калі яна, нарэшце, скончыла, паўтарыў:
- Дасі есці?
- Няма ў мяне для цябе ніякай ежы! - усклікнула яна.
- Звары, і зараз жа! - павысіўшы голас, загадаў Павел.
Ці таму, што сама яна цэлы дзень нічога не ела і была галодная, ці таму, што, дрыжучы ўсім целам, захацела сагрэцца пры агні, але яна прынесла з сенцаў абярэмак дроў і ў панурым маўчанні, якое зрэдку абрывалася злосным бурчаннем, падпаліла ў печы, наліла ў гаршчок вады і ўсыпала ў яе некалькі жменяк круп.
Нейкі час Павел сачыў за ёю блукаючым позіркам, у якім час ад часу ўспыхвалі гнеўныя агеньчыкі. Пасля ён прысунуўся да стала, разгарнуў малітоўнік, які ляжаў на ім, і прыліп да яго вачыма. Магчыма, ён хацеў прагнаць думкі, якія круціліся ў яго галаве.
- «Хай ап-лак-ваю я грахі мае, хай ганю ад сябе спа-ку-сы...» - пачаў ён паціху мармытаць.
Ад печы, у якой палаў ужо агонь, пачуўся злосны, з'едлівы смех:
- Вось чытанне! Вось цудоўнае чытанне! Вось адразу відаць, што адукаваны! Гной табе вазіць, а не кніжкі чытаць, хамула!
Павел, падпёршы далонямі галаву, чытаў далей:
- «Хай пап-раў-лю злыя звыч-кі, звычкі мае...»
- Перастанеш ты ці не? - усклікнула Франка. - Лепш бы я кваканне жаб слухала, чым гэтае хамскае чытанне! Чытаць захацеў! Пан! Граф! Рабін жыдоўскі!
Павел чытаў, а хутчэй мармытаў далей:
- «Хай ім-кну-ся я да да-бра-чын-насці...»
Ратам маленькая дрыжачая рука выхапіла з-пад носа ў Паўла кніжку. Ён ускочыў з лавы, прамы, як струна, і бліснуўшы вачыма, усклікнуў:
- Аддай кніжку!
- Не твая кніжка, а мая! Не маеш права на маю ўласнасць! Калі захачу, дык спалю, і ад'ё! На тым свеце чэрці табе кніжкі будуць даваць!
- Франка, аддай! Чуеш? Біць буду! - праз зубы прамовіў Павел, і відаць было, што ён надзвычайным намаганнем стрымлівае гнеў, страшны гнеў ціхага і лагоднага і разам з тым страснага чалавека.
- Бі! - усклікнула Франка. - А я спалю кніжку!
Яна замахнулася рукой так, нібы хацела кінуць малітоўнік у агонь, але ўтрымаў яе той самы жалезны абруч, які ўжо аднойчы сціснуў яе плячо. Павел вырваў у яе з рук кніжку і, адпусціўшы яе, цяжка сеў на лаву. Ён быў белы як палатно, цяжка дыхаў і некалькі разоў глуха прамовіў:
- Пекла! Пекла! Пекла гарачае!
Ён устрымаўся, не пабіў яе, а праз некалькі хвілін нават загаварыў з ёю сцішаным, перарывістым голасам:
- Франка, адумайся! Пабойся Бога, пашкадуй душу сваю... Ты ж мне некалі на могілках перад святым крыжам прысягала... А пасля ў касцёле прысягала... Я ж табе нічога дрэннага не зрабіў... Завошта ты мяне мучыш? Навошта сама сябе губіш?
Франка стаяла перад агнём і дрыжачай рукой мяшала ў гаршку ваду з крупой. Па твары яе, залітым чырвоным бляскам агню, блукала сумненне і роздум. Раздзіраўшая яе злосць, здавалася, сціхла, і, калі Павел сказаў: «Я ж табе не зрабіў нічога дрэннага, завошта ты мяне мучыш?» - шчокі яе сутаргава задрыжалі, і павекі апусціліся на вочы. Здавалася, яе зноў пачаў даймаць сорам. Раптам дзверы прыадчыніліся, і ў іх паказаўся малы Актавіян, якога падтрымлівалі дзве вялікія чырвоныя далоні. За дзвярыма пачуўся суровы голас Ульяны:
- Бяры свайго байструка! Чаму сама яго не пільнуеш? Каб не я, дык ад яго засталася б толькі жменька костак... Па дарозе поўзаў... з-пад воза яго выхапіла... з-пад самага воза! Чаму не пільнуеш? Калі нарадзіла, дык і пільнуй! Але ты гэткая маці, як і жонка. Шэльма, а не маці! Садом і Гамора, а не жонка!
Яна з грукатам зачыніла дзверы, а хлопчык, праз парог укінуты ў хату, зайшоўся плачам.
Пачуўшы голас Ульяны, якую ўзненавідзела з таго часу, як з-за яе і яе мужа была пабіта Паўлам і страціла Данілку, Франка са сціснутымі кулакамі і пагрозамі кінулася да дзвярэй.
- Заб'ю! - усклікнула яна. - Далібог, заб'ю!.. Схаплю за горла і задушу, як суку!..
Лёгка было паверыць, што калі яна зараз дагоніць Ульяну, дык пастараецца ажыццявіць сваю пагрозу. Але зноў яна адчула на сваім плячы той самы жалезны абруч і з прарэзлівым крыкам прыпала да зямлі. А ў хаце разам з яе крыкам і плачам спалоханага дзіцяці чутны былі глухія ўдары, перарывісты шэпт.
- Не заб'еш! Не заб'еш! Перш я цябе... Цярпі! Пакутуй! Адумайся! За грахі свае цярпі! Не пра забойства думай, а кайся!
Нарэшце ўсё сціхла, і Павел, апусціўшы галаву, выйшаў з хаты. Грудзі яго бурна ўздымаліся і ападалі, бледны твар быў заліты потам, ногі пад ім дрыжалі і падгіналіся. Ён сеў на парозе і, абхапіўшы далонямі галаву, калыхаўся з боку ў бок.
- Ісусе мой! Ісусе мой літасцівы! - паўтараў ён у роспачы і цяжка ўздыхаў.
З паўгадзіны сядзеў ён, абхапіўшы галаву рукамі, ківаючыся з боку ў бок і заклікаючы да літасці боскай. Пасля раптам аб нечым успомніў, устаў і ўвайшоў у хату. Што там з малым? Ён агледзеўся. Франкі не ўбачыў, яна, мабыць, недзе схавалася, а хлопчык сядзеў перад печчу на падлозе і спрабаваў пабудаваць з трэсак дом ці плот...
Жмурачы сонныя вочы, ён час ад часу пазіраў на гаршчок, што стаяў перад дагараючым агнём. Угледзеўшы Паўла, ён кінуў трэскі і жаласна закрычаў:
- Татка! Есці!
Крупнік яшчэ не зварыўся. Павел дастаў з шафы кавалак хлеба, паклаў на яго тонкі скрылёк сала і даў дзіцяці. Пасля нахіліўся, узяў яго на рукі і пасадзіў на ложак.
- Як з'ясі, кладзіся і спі! - сказаў ён хлопчыку.
З цёмнага кута хаты, дзе сярод рыбацкіх і гаспадарчых прылад найчасцей і найсмялей гулялі мышы, пачулася гнеўнае, змешанае з енкам бурчанне:
- Не чапай маё дзіця! Чуеш? Гэта маё дзіця... Панскае... А ты разбойнік, крывасмок, хам, подлы хам! Чуеш?
Павел нічога не адказаў. Пагасіў лямпу, выйшаў з хаты і зноў усю ноч не вяртаўся дадому.
Дні праз тры пасля гэтага жахлівага вечара настаў яшчэ больш жахлівы дзень для жыхароў гэтых абедзвюх хат, калі Франка, здавалася, зусім звар'яцела. Казлюкі пазіралі за ёю з тым большым жахам і гідлівасцю, што ім вядома была прычына гэтага жорсткага шаленства. Даведаліся пра яе ад Данілкі, які ўчора надвячоркам што куля ўляцеў у хату і ледзь не з плачам закрычаў:
- Ну, што мне рабіць! Пасля зноў усё спадзе на маю галаву... Чапляецца да мяне, нібы тая смала... Вось і зараз прыбегла на гумно... абдымае... спакушае... просіць...
- А ты што зрабіў? - сурова запытаўся Піліп, узнімаючы галаву ад бараны, якую ён папраўляў.
- Даў па карку і ўцёк! - адказаў Данілка.
- Не хлусіш?
- Далібог, праўда!
- Ну, глядзі! Бо калі зноў што - скуру з цябе здзяру!
Ульяна пад дзяжой, у якой мясіла хлеб, прамармытала некалькі праклёнаў і, скрывіўшы вусны, плюнула ўбок.
Данілка казаў праўду. Думка аб сустрэчы з ім цвіком засела ў галаве Франкі і варам цякла ў яе жылах. Яе вабіў да хлопца не столькі інстынкт кахання, колькі жаданне паставіць на сваім, назло ўсяму і ўсім, дзікі бунт супраць кайданоў, якія звязвалі яе, і супраць ненавіснай рукі, якая яе ўтаймоўвала. І чым большую нянавісць яна адчувала да Паўла і яго сваякоў, тым мацней прагнула хоць на момант у абдымках маладога хлопца забыцца на тое, што яе паліла, мучыла. Яна была ўпэўнена, што Данілка прападае за ёю, што ён рады быў бы нават ажаніцца з ёю, каб яна была вольная, і ўцякае ад яе толькі таму, што баіцца Піліпа і Паўла.