Выбрать главу

Данілка і сапраўды ўцякаў ад яе. Хоць спачатку, аслеплены і захоплены першай у жыцці любоўнай прыгодай, ён лёгка паддаўся шэптам Марцэлі і залётам Франкі, цяпер ён баяўся не толькі гневу брата, але і граху, сораму. Ён астыў, махнуў рукой і рашуча сказаў сабе:

- І ведаць яе не хачу!

І таму, калі Франка, выбраўшы нарэшце зручны момант, прыбегла да яго на гумно і пачала ласціцца, абдымаць і шаптаць нешта, ён адпіхнуў яе і злосна сказаў:

- Адчапіся! Чаго прыліпла, як тая смала! Чаго табе трэба?

А калі яна яшчэ настойлівей пачала чапляцца да яго, ён ударыў яе кулаком і ўцёк.

Гэтага Франка дараваць ужо не магла. Як гэта! Хіба на тое яна нарадзілася, каб кожны хам біў яе кулакамі? Хто ж яна такая, каб цярпець гэта? Яна ім пакажа, хто яна такая! Папомняць яе!

Усё гэта назаўтра пасля няўдалага спаткання з Данілкам яна выказвала і выкрыквала, сноўдалася ўздоўж агароджы і пагражаючы кулакамі ў бок Казлюковага двара. Было яшчэ вельмі рана, але Павел на досвітку пайшоў на раку, а Піліп і Ўльяна стаялі ля сваёй хаты і не ведалі, што рабіць. Іх пабляднелыя твары былі ўстрывожаны. Ля варот стаяла кучка цікаўных людзей, якія прыглядаліся, разявіўшы раты, да таго, што рабілася на Паўлавым двары. Была сярод іх і Аўдоцця, якая, вяртаючыся з суседняй вёскі ад хворай кабеты, спынілася ля брамы.

- Я пакажу вам, хамы, хто я такая! - крычала Франка. - Я навучу вас, як шанаваць тых, хто вышэй за вас. Я з панскага роду! Бацька мой у канцылярыі служыў, дзядуля свае дамы меў, маці на фартэпіяна грала... Чуеце? Вось хто я! Напішу Ключкевічу! А вы ведаеце, хто ён такі? Адвакат! Усё яму напішу, а ён вас усіх за мае крыўды ў Сібір сашле! Ён - пан і на пані жанаты. Ён багацей, усе паны перад ім шапкі скідаюць. Ён усе суды ў руках трымае і ўсё можа! Ён мой брат і за мяне ўступіцца... Усіх вас у Сібір сашле... усіх... усіх! На катаргу! На ўсё жыццё сашле! Каб і нагі вашай тут не было!

Так яна крычала, выхваляючыся і пагражаючы, лаячыся і праклінаючы, размахвала кулакамі, а пасля заціхала на нейкую хвіліну і з глухім бурчаннем хадзіла па пажоўклай траве ўздоўж нізкага плота туды-сюды. І тады яна мела асабліва жудасны выгляд. У бруднай сарочцы, толькі на плячах прыкрытай дзіравай хусткай, у ружовым фартуху, у чаравіках, уздзетых на босыя ногі, з галавой, абкручанай мокрай шматкай, яна хадзіла туды і назад уздоўж нізкай агароджы, глуха бурчала нешта сабе пад нос. Яна была падобна да дзікага звера, які кружыць па сваёй клетцы, ахоплены шалёным гневам і прагай свабоды. Часамі можна было адрозніць яе словы:

- Кара божая! Кара божая! Кара божая мяне напаткала за тое, што сама сябе не ўмела шанаваць і з хамамі звязалася! Бацька і маці, мабыць, пераварочваюцца ў магілах, пазіраючы на маю ганьбу! Кара божая! Кара божая за тое, што я сама сябе шанаваць не ўмела!

А пасля зноў падскаквала да паркана і, пагражаючы кулакамі Піліпу і Ўльяне, крычала:

- Хату вашу падпалю! Дзяцей падушу! Паром пасяку! Ключкевічу напішу і аднаму майму пану напішу, каб вас за маю крыўду ў астрог пасадзілі, на Сібір выслалі... Я - пані з паноў, я з панамі сябрую і ўсё магу!.. Хату вашу з дымам пушчу... Мая маці на фартэпіяна грала... Я яе з магілы выцягну... Я на вас паліцыю і суд напушчу... Я пані з паноў... Усіх вас, хамаў, са свету зжыву!

Калі яна стаяла, прамая і шчуплая, узняўшы ўгару кулакі, а прыгожыя яе валасы, як чорныя бліскучыя вужы, віліся па плячах і грудзях і вялікія запалыя вочы з-пад мокрай шматы кідалі маланкі, яе можна было палічыць вар'яткай. Але людзям, якія глядзелі на яе, яна здавалася нейкай пякельнай істотай. На тварах іх адбіваліся ашаламленне і жах, асабліва на тварах Піліпа і Ўльяны, да якіх непасрэдна звернуты былі яе пагрозы і праклёны. А што, калі які-небудзь з гэтых праклёнаў здзейсніцца? А што, калі гэты Ключкевіч і сапраўды вялікі які адвакат і шкоду ім зробіць? Што сама яна можа падпаліць хату ці задушыць дзіця, у гэтым Казлюкі не сумняваліся. Яны стаялі спалоханыя, разгубленыя, нямыя, а ў натоўпе ля варот чуўся прыцішаны смех, часцей жа здзіўлены і спалоханы шэпт.

- Камедыя!

- Ведзьма!

- Вар'ятка!

- Яе трэба адвезці ў горад ды пасадзіць у дом вар'ятаў!..

- Ці гэты Паўлюк бога не баіцца, што гэткую ў хаце трымае?!.

Ніхто аднак не хацеў і не адважваўся падысці да яе і паспрабаваць супакоіць ці пагразіць ёй. Ніхто, апрача Аўдоцці. Яна доўга і хутка моргала вачыма, ківала галавой, спалохана ўскрыквала, а пасля перажагналася, схавала рукі пад фартух і дробнымі крокамі прайшла ў двор Паўла, заступіўшы Францы дарогу.

- Франка! - пачала яна лагодна. - Паслухай, Франка! Гэта нехта цябе сурочыў, сапсаваў цябе. Цяпер я ведаю, чаму ты такая. Я прынясу табе ад гэтага зёлак, ты іх нап'ешся, і ад цябе адразу гэта ліха адступіцца. Ёсць у мяне зёлкі ад нагавору, і я табе дапамагу. Выратую цябе! Толькі ты цяпер перажагнайся, даражэнькая, раз толькі перажагнайся, і табе адразу палягчэе. Гэта нехта цябе зачараваў, наслаў на цябе нячыстую сілу. Перажагнайся!

Франка спачатку слухала Аўдоццю з вялікай цікавасцю, але раптам падскочыла да яе з кулакамі.

- Ты сама ведзьма! - задыхаючыся ад злосці, закрычала яна. - Ты што мяне чарамі нейкімі прыйшла палохаць?..

- Я ведзьма?!. - усклікнула Аўдоцця, для якой не магло быць абразы большай за гэту.

Яна была лекаркай, але не ведзьмай, любіла людзям рабіць дабро, а ўсялякае зло было для яе агідным як самы цяжкі грэх. Першы раз у жыцці яе назвалі ведзьмай! Яна схапілася за галаву і гнеўна закрычала:

- Гэта ты сама з чортавага племя!

- Я - пані з паноў, а ты чортава служка! Ідзі прэч з маіх вачэй!.. Ведзьма!.. Хамка!.. Прэч! Прэч!

Дзве кабеты счапіліся ля паркана, і два вісклівыя галасы крычалі так, што нельга было адрозніць слоў. З натоўпу выскачыў Аляксей Мікула і пабег ратаваць Аўдоццю. Следам за ім, толькі крыху павольней, рушылі і іншыя.

- Звязаць яе і адвезці ў вар'яцкі дом! - крычаў Аляксей.

- Звязаць, адлупцаваць як след, замкнуць у хаце і паслаць за Паўлюком! - прапаноўвалі іншыя.

Ульяна, калоцячыся ад жаху, стаяла пад сваёй хатай, адной рукой жагналася, а другой прыціскала да сябе спалоханых дзяцей, сярод якіх быў і Актавіян.

Раптам з-за хаты паказаўся Павел. Нехта ўжо збегаў на раку і паведаміў аб тым, што робіцца на яго двары. Ішоў ён хутка, насунуўшы нізка на вочы шапку, і твар яго быў наліты чырванню. Насустрач яму пабегла Аўдоцця, заламаўшы рукі, пачала скардзіцца, што Франка назвала яе ведзьмай, накінулася на яе з кулакамі і, напэўна, забіла б яе, каб Аляксей і іншыя людзі не абаранілі яе. Павел парывістым рухам адсунуў сваю прыяцельку, адапхнуў двух мужчын, што стаялі на яго шляху, і, схапіўшы Франку за руку, пацягнуў у хату. Усё гэта рабіў ён моўчкі, не пераводзячы духу. Вачэй яго не было відаць з-пад казырка шапкі, твар палаў агнём. Калі разам з Франкай ён знік за дзвярыма хаты, прысутныя пачалі разыходзіцца, толькі некаторыя з іх засталіся на Казлюковым двары і, нібы яшчэ нечага чакаючы, маўчалі. І сярод гэтага маўчання пачуўся з хаты Паўла крык Франкі і паўтарыўся ўжо не два-тры, а шмат разоў. Пасля ўсё сціхла, людзі разышліся, а Казлюкі нават узяліся за сваю штодзённую працу. Толькі ў ляску ля могілак, дзе гулялі чацвёра малых, звінеў вясёлы смех ды час ад часу брахаў Курта, які выграваўся на бледным вераснёвым сонцы.

У гэтым бледным святле вераснёвага сонца хата Паўла стаяла ціхая, як магіла. Дзверы яе былі зачынены, акно завешана саламянай матай і падпёрта жэрдкай. У цёмнай хаце Франка падпальвала ў печы. Адыходзячы, Павел суровым і глухім голасам загадаў:

- Падпалі ў печы і згатуй паесці, каб было гатова, калі я з ракі вярнуся. Калі не згатуеш - зноў буду біць!

Апынуўшыся ў цемры, Франка нейкі час, анямелая, скурчаная, сядзела на зямлі. Пасля ўскочыла і пачала, спяшаючыся, падпальваць у печы. Дрыжачымі рукамі яна кідала ў печ дровы і сухія трэскі і перарывістым, хрыплым, сіпатым шэптам казала:

- Згатую я табе страву, убачыш, якая будзе смачная. Аддзячу я табе... Усім вам пакажу... Будзеш задаволены сёння з маёй стравы... Будзе табе добра, калі паясі! Пачакай, пачакай! Хіба ўжо на тым свеце паспрабуеш такіх, як я, малаціць сваімі хамскімі кулакамі.