Здавалася б, што пасля ўсяго, што сёння адбылося, яна павінна была б адчуваць сябе стомленай і слабай. Ані! Яна жвава і спрытна завіхалася каля печы, налівала ў гаршчок ваду, насыпала крупу. Схапіла з шафкі нож, абрала і парэзала бульбу, пасля выйшла з лучынай у сенцы і ўнесла гаршчок з малаком. Нейкія думкі і пачуцці надавалі спрытнасці яе рукам, гібкасці целу, жвавасці рухам. Здавалася, што яна стараецца, каб страва, якую яна гатуе, была вельмі смачная. Кідаючы ў гаршчок соль, крупу, бульбу, наліваючы малако, яна ўсё таксама хрыпла шаптала:
- Вось цяпер наясіся, будзеш сыты... Я так цябе накармлю, што ўжо ніколі не захочаш есці! І біць мяне ўжо ніколі не захочаш! Падзякуеш мне! У гадзіну смерці сваёй даведаешся, што значыць узнімаць руку на такую, як я!
Але часамі гэты з'едлівы і зларадны шэпт напаўняўся роспаччу і жалем.
- Кара боская! Кара боская! Бог пакараў мяне за тое, што сама сябе шанаваць не ўмела і з хамамі параднілася! Вось да чаго дайшла! Вось што мне цяпер даводзіцца рабіць! Кара боская! Кара боская!
У такія хвіліны ў бляску полымя, які падаў на яе твар, можна было заўважыць у яе вачах глыбокі, чорны, застылы смутак.
Калі крупнік быў ужо гатовы, Франка падышла да сваёй скрынкі, што стаяла ў куце, адчыніла яе, дастала адтуль брудную падзёртую спадніцу і пачала шукаць кішэню. Намацаўшы, яна засунула ў яе руку, дастала нешта завернутае ў паперку. Пасля кінула спадніцу на падлогу, не зачыніўшы скрынкі, вярнулася да печы і высыпала нешта з паперкі ў гаршчок. Усё гэта яна рабіла моўчкі, і хоць рухі яе былі хуткія, але ўжо спакайнейшыя, чым раней. Высыпаўшы з паперкі белы парашок у запраўлены малаком крупнік, яна пачала мяшаць у гаршку вялікай драўлянай лыжкай. Мяшала старанна, не спяшаючыся, вусны яе былі моцна сціснуты, у вачах свяцілася нерухомае полымя, на шчаках гарэлі чырвоныя плямы.
Было відаць, што рабіла яна ўсё гэта зусім свядома, нават з роздумам, і хіба толькі вопытны псіхіятр мог бы сказаць, ці была яна зараз у поўнай свядомасці. Пэўна толькі тое, што ў гэтую хвіліну яна жыла выключна гэтай хвілінай, і ніякія ўспаміны, ніякія думкі аб будучыні яе не займалі. Не было ў яе душы ні дакораў сумлення, ні барацьбы пачуццяў... Яна іх ніколі не ведала, і ўсё жыццё ў яе нібы адсутнічала тая складаная частка душы, якая ў чалавека з грамадскімі інстынктамі здольна будзіць сумленне і барацьбу пачуццяў. А цяпер пад уплывам адной да рэшты напружанай думкі і страсці яны менш за ўсё маглі ўзнікнуць у ёй. Плечы, спіна, шыя ў яе яшчэ балелі ад удараў тых людзей, што абаранялі Аўдоццю, і ад удараў Паўла. Яна лічыла сябе прыніжанай, пакрыўджанай, зняволенай, яна ненавідзела і прагнула жорстка некаму адпомсціць. І болей нічога. Розуму яна, вядома, не страціла, але на той вузенькай мяжы, якая аддзяляе розум ад вар'яцтва, яна вагалася, духоўна скалечаная, п'яная ад шаленства і змучаная.
Зачыніўшы дзверы і акно сваёй хаты і насунуўшы на вочы шапку, Павел пайшоў да Аўдоцці. Ён яшчэ здалёк убачыў, што старая развешвае на паркане памытую бялізну. Не ўваходзячы ў двор і не знімаючы шапкі, ён спыніўся каля паркана і глухім голасам пачаў:
- Выбачайце, кума, што праз мяне непрыемнасць мелі... Пабіў яе...
Заплаканая Аўдоцця выпрасталася і, схаваўшы пад фартух рукі, моргаючы вачыма, зашаптала:
- Не, Паўлюк, ёй і біццё не дапаможа. Ёй гэта зроблена, і пакуль адроблена не будзе, нічога не дапаможа. Я ўжо сёння ўбачыла, што гэта не боская воля, а людская работа... Сёння ўвечары я напару і прынясу ёй капытніку, хай пап'е... капытнік ад зробленага вельмі дапамагае, а калі не дапаможа, дык нешта іншае знойдзем.
Павел доўга маўчаў, а пасля, паціскаючы плячыма, сказаў:
- Хто яго ведае? Можа, ваша праўда... Можа, гэта і зроблена... Ні прысяга, ні ласка не дапамаглі, ні святая малітва, ні работа не дапамаглі, ні біццё не дапамаго... Хіба ж гэта боская воля? Відаць, гэта і сапраўды чартоўская воля і сіла... А можа, хто ёй зрабіў гэта...
Ён сумняваўся, не вельмі верыў у гэта, але, прыбіты сваім горам і расчараваннямі, якія веру яго, заўсёды такую нязломную, паступова падточвалі, гатовы быў ужо дапусіцць, што на Франку ўплываюць нейкія звышчалавечыя сілы. Аўдоцця тым часам працягвала:
- Увечары я падыду да твайго саду і паклічу цябе. Як выйдзеш, дам табе гаршчочак з капытнікам, а ты ёй загадаеш выпіць... Каб Бог ведае як не хацела, загадай выпіць... Нячысты ў ёй будзе крычаць і трэсці яе, ды ты на гэта не зважай і загадай выпіць... «Ойча наш» пры гэтым адмаўляй, жагнайся, увесь час жагнайся і яе жагнай... Увечары я табе раскажу, як рабіць...
- Добра, - адказаў Павел. - Прынясіце, навучыце, дапамажыце, і хай узнагародзіць вас Бог за тое, што ў бядзе мяне не пакінулі.
Ён адвярнуўся і пакрочыў да ракі. Аднак не да работы было яму сёння. Ён выглядаў так, нібы яго самога нехта моцна пабіў. Шчокі яго запалі, гора паклала глыбокія маршчыны на яго лбе. Гадзіны за дзве да ранняга вераснёвага змроку Павел вярнуўся дадому, зняў з акна мату, адчыніў дзверы і ўвайшоў у хату. Печ была прыкрыта драўлянай засланкай, а Франка сядзела на ложку, скурчыўшыся і абхапіўшы далонямі галаву. Як толькі ў хаце стала светла, яна ўскочыла, схапіла кавалак палатна, што ляжаў на лаве, іголку і, ускочыўшы зноў на ложак, пачала шыць. Зірнуўшы на драўляную засланку, якой вясковыя кабеты зачыняюць печ, калі ставяць туды згатаваную страву, Павел успомніў, што ў яго ад учарашняга вечара нічога не было ў роце.
- Ці ёсць што з'есці? - запытаў ён лагадней і спакайней, чым некалькі гадзін таму, тонам чалавека, які пасля выбуху вялікага гневу пачынае адчуваць вялікую літасць. Атмасфера буры і сварак была яму неўласціва, ён прагнуў згоды і спакою.
- Ці ёсць што з'есці, Франка? - запытаў ён другі раз.
- Ёсць, - не ўзнімаючы галавы і вачэй, прамармытала яна.
- Налей і падай.
- Вазьмі сам, - адказала.
Ён адсунуў засланку, дастаў з печы гаршчок і, адрэзаўшы кавалак хлеба, стаў перад прыпечкам, які замяняў яму стол і пачаў есці. Еў вельмі павольна. Хвіліну таму ён адчуваў сябе галодным, а цяпер страва не ішла яму ў горла. Яна здавалася яму гаркаватай. Ён думаў, што гэта прыкрасці залілі яго вусны і горла горыччу. Гэта яны, прыкрасці, а не гаркаваты смак заглушаюць голад. З'еўшы толькі частку стравы, ён пакінуў лыжку ў крупніку, зняў світку, паклаўшы яе пад галаву, выцягнуўся на лаве і цяжка ўздыхнуў. Франка, нізка нахіліўшы галаву, шыла. Пакуль Павел еў, яна не адрывала вачэй ад шытва, а цяпер крадком пачала пазіраць на яго. Калі Павел заплюшчыў вочы і заснуў, яна адкінула ўбок палатно, абаперлася локцямі аб калені і закрыла далонямі твар. У хаце доўга панавала цішыня, якую парушала толькі дыханне Паўла. Звонку даляталі галасы дзяцей, сярод якіх быў і Актавіян. Ульяна і сёння мусіла яго пакарміць, што, дарэчы, здаралася вельмі часта. Ён гуляў з яе дзецьмі на цёплым сонейку і ў хату не прыходзіў. На дварэ пачынала шарэць, дзень ужо схіляўся к канцу. Павел у сне неспакойна паварушыўся раз-другі і ціха застагнаў. Вусны яго скрывіліся, нібы ад болю, аднак ён не прачнуўся. Франка ўзняла галаву, зірнула на яго і, ускочыўшы з ложка, выбегла з хаты. Абышоўшы яе, яна хутка пакрочыла па сцежцы за стадоламі, якія стаялі блізка адна ля адной. Па ёй было відаць, што яна сама не ведала, навошта і куды ідзе. І невядома, ці доўга яна так ішла б, каб не ўбачыла квадратнай, цяжкой, лахманамі акрытай постаці, якая ішла ёй насустрач, абапіраючыся на кій.
- Марцэлька! - усклікнула Франка такім голасам, якім нехта, доўга сярод ворагаў жывучы, вітае адзіную на свеце прыязную яму істоту.
Яна даўно ўжо не бачыла старой жабрачкі. Марцэля жыла цяпер у самым канцы вёскі і не хацела трапляць на вочы Казлюкам і Паўлу, якіх баялася як агню. Як у справе з лёкаем Каралем, так і цяпер у гісторыі з Данілкам яна не магла не адчуваць сваёй віны. Аднак ёй вельмі карцела даведацца, што робіцца ў хаце Паўла пасля сённяшняй сваркі, аб якой яна чула ад людзей. Вось яна і кралася за стадоламі да яго хаты, у надзеі, што, можа, нешта пачуе ці ўбачыць, можа, Франку дзе сустрэне і ў яе пра ўсё распытае. Убачыўшы яе, Марцэля заспяшалася насустрач. Франка да яе ўжо не ішла, а бегла. Падбегшы, кінулася ёй на шыю і, прыпаўшы ўсім сваім высахлым гнуткім целам, залілася слязьмі. Здавалася, што радасць ад сустрэчы з Марцэляй, якая прыязна ставіцца да яе, адразу змягчыла і ў слязах растапіла яе зацвярдзелае і цяжкое, як камень, сэрца. Марцэля прыцішаным голасам пачала распытваць: