Выбрать главу

- Б'е? Усё б'е і б'е? Такі, здаецца, добры чалавек быў, а цяпер зрабіўся такі злы! Ой, бедная ж ты, мая рыбачка! Не для таго ты на свет прыйшла, не для таго нарадзілася... Табе панаваць бы на гэтым свеце, а не крыўду гэткую цярпець... Ой, божа мой, Божа! А я і прыйсці да цябе баялася... Яшчэ б і мяне пабіў... Мая ты залаценькая, можа, ты мне ўвечары цукру прынясеш? Я тут цябе чакаць буду... Нешта вельмі жывот мне разбалеўся, станоўніку напарыла, ды вельмі ж ён горкі, пасаладзіць трэба...

Франка раптам перастала плакаць.

- Ён ужо ніколі біць мяне не будзе, - прашаптала.

- Чаму? - спытала жабрачка.

- Я яму ўжо так зрабіла... што не будзе.

- Мая ж ты любая, што ж ты яму такое зрабіла?..

- Атруціла! - парывіста кінула Франка.

- У імя Айца і Сына! Ці ты звар'яцела, Франка, каб гэта казаць? - усклікнула Марцэля.

- Можа, і звар'яцела, але жыць на гэтым свеце ён ужо не будзе...

Марцэля ажно закалацілася.

- Госпадзі Ісусе!.. Франка, ты не хлусіш?

Франка ўдарыла сябе ў грудзі.

- Далібог, праўда! - адказала.

- Ратуйце, людзі! Ісусе, Марыя, святы Іосіф... Святы Антоні!.. Прачыстая дзева Марыя!.. У імя Айца, Сына і Духа Святога... Кірые... алей-сан... - мармытала Марцэля, дрыжучы, жагнаючыся і адступаючы ад Франкі. Яе шэрыя вочкі пад чырвонымі апухлымі павекамі застылі ад жаху. - Ой, бедная мая галовачка! І навошта толькі я сюды прыйшла! Навошта ты гэта мне сказала!.. Яшчэ і на мяне бяда зваліцца! Нягодніца ты, хіба ў цябе душы людской не было?

Раптам ад Паўлавай хаты, з двара, пачуўся вокліч:

- Ульяна! Ульяна! Ульяна!

Голас быў гучны, моцны, але нейкі дзіўны, у ім чуўся боль, ён клікаў на дапамогу. Франка падалася ў той бок, адкуль ён даходзіў, і куляй памчалася дадому. Прыпаўшы да сцяны, яна з-за вугла глядзела на двор. Павел стаяў ля дзвярэй тварам да хаты Казлюкоў і ўсё слабей і цішэй клікаў Ульяну. Дзеці гулялі тут жа, ля варот, але ніякай увагі на гэты вокліч не звярталі. Нарэшце з хлява абазвалася Ўльяна.

- Чаго?

- Хадзі! - паклікаў яшчэ раз Павел. - Богам прашу, хутчэй... Ратуй мяне!..

Хістаючыся і прыціскаючы да грудзей рукі, Павел пайшоў у хату. Спалоханая яго словамі і голасам Ульяна выбегла з хлява. Піліп высунўўся з хаты і закрычаў услед жонцы:

- Ты куды бяжыш, Ульяна?

- Хадзі! Хутка! - адгукнулася Ўльяна і ўбегла ў хату Паўла.

Добрую гадзіну чуліся там прыглушаныя стогны Паўла, галашэнне кабет, якія мітусіліся вакол хворага. Павел без ботаў і світкі, у зрэбнай вопратцы ляжаў на пасцелі. Час ад часу ён стагнаў і курчыўся ад болю, потым на хвіліну заціхаў і толькі безупынна, слабым голасам прасіў піць. Замест вады яму падавалі адвар з нейкіх зёлак, якія гатавала ля печы, адцэджвала і студзіла Аўдоцця. Калі Паўлу рабілася горш і ён стагнаў мацней, старая плакала і хапалася за галаву, а калі ён заціхаў, яна пачынала гаварыць і размахваць рукамі:

- Вось што прыкрасці могуць! Усё гэта ад іх! Замучыла гэтая шэльма бедалагу, давяла да магілы. Можа, яшчэ, дасць Бог, ачуняе... Можа, яшчэ зёлкі дапамогуць.

Яна выграбала з печы гарачы попел, насыпала яго ў торбы і вучыла Ўльяну, як імі абкладаць брата. Па румяным шчакам Ульяны цяклі слёзы, але яна старанна выконвала ўсе ўказанні лекаркі і толькі час ад часу выбягала з хаты, каб зірнуць на дзяцей. Піліп сядзеў на лаве засмучаны і маўклівы і не ведаў, чым і як дапамагчы хвораму. Толькі калі Павел моцна застагнаў і Аўдоцця, падбегшы да яго, усклікнула ў роспачы: «Ён памірае! Хутчэй нясіце грамніцу! Людзі, злітуйцеся, хутчэй грамніцу!» - Піліп пабег дадому і прынёс адтуль кавалак тоўстай васковай свечкі. Абедзве кабеты з плачам запалілі яе і ўклалі ў руку хворага. З гэтай хвіліны яны то галасілі, то запальвалі свечку, то падавалі яе хвораму, то забіралі яе ад яго. Кожны раз, калі пакуты Паўла ўзрасталі, свечку паспешліва запальвалі і падавалі яму, калі ж боль нібы заціхаў, яе адбіралі ў хворага і гасілі.

Тым часам у хату ўвайшла Франка і ціха, як прывід, прасунуўшыся ля сцяны, села на падлогу ў куце. Ніхто не звяртаў на яе ўвагі. Раз толькі Ўльяна, якой трэба было зачарпнуць з вядра вады, бо Аўдоцця збіралася зноў гатаваць нейкія зёлкі, нецярпліва адпіхнула яе з дарогі. Франка яшчэ глыбей зашылася ў кут і, абапёршы на калені локці, закрыла далонямі твар. Яна не ўзняла галавы і тады, калі Павел пачаў стагнаць мацней, а кабеты з плачам мітусіліся ля яго, падавалі яму запаленую грамніцу, ні тады, калі ў хату ўвайшоў Данілка, пашаптаўся аб нечым з братам і, апусціўшы галаву, збянтэжаны выйшаў. Ужо гадзіны з дзве ў хаце Паўла панавала мітусня, і гэта другая гадзіна была страшнейшая за першую. На трэцяй гадзіне хворы пачаў стагнаць радзей, яго цяжкое цела, выцягнутае на пасцелі, цяпер курчылася менш, а твар, які ў змроку быў падобны на сутаргава перакрыўленую сінявата-белую маску, ужо набываў свой звычайны выгляд.

- Табе лягчэй? - схіляючыся над ім, спытала Аўдоцця.

- Лягчэй, - слабым голасам адказаў Павел.

Цяпер Ульяна зноў успомніла пра дзяцей.

- Піліп! - звярнулася яна да мужа. - Ідзі паглядзі, ці ў хаце дзеці. Ды агонь пагасі, бо яшчэ бяды наробяць. Можа, Лукаш плача, дык прынясі яго сюды.

Піліп устаў і выйшаў з хаты. Быў ужо вечар, халаднаваты, пагодлівы, зорны. Падышоўшы да варот, Піліп убачыў у святле зорак тоўстую квадратную постаць, а да вушэй яго дайшло хрыплае мармытанне:

- Ісусе Назарэнскі, злітуйся над намі! Ісусе, выратаванне наша, злітуйся над намі!

Гэта не было звычайнае набожнае мармытанне жабрачкі. Зараз у ім адчуваліся разгубленасць і жах. Піліп не звярнуў на яе ўвагі, тым больш што, калі ён падышоў бліжэй, яна адышла ўбок. Аднак калі Піліп павярнуўся да яе плячыма і пакрочыў да свайго двара, яна паспешліва пайшла ўслед за ім. Так хадзіла Марцэля ўжо тры гадзіны: то яна ішла пад хату Паўла, то вярталася, то тупала на адным месцы, то прысядала на зямлі, калі яе старыя ногі ўжо не слухаліся яе, то зноў уставала, каб ісці, вяртацца, таптацца на адным месцы... Яна горача малілася і не ведала, што рабіць. І сказаць аб тым, што ведала, баялася і маўчаць баялася. Калі скажа, можа выклікаць падазрэнне, тады набярэцца клопату, не міне суда, але і змоўчаць нельга, бо божы суд яшчэ страшнейшы. Шкадавала яна і Паўла, стогны якога чуліся нават на двары і даходзілі да яе вушэй. І агіднасць выклікала кабета, у якой, мабыць, не было душы, калі яна гэткае зрабіла.

Нарэшце яна паклікала Піліпа:

- Піліп! А Піліп!

Піліпу здалося, што за плячыма яго скрыгоча піла. Ужо ад парога сваёй хаты ён азірнуўся.

- Чаго? - запытаў ён.

З кучы лахманоў, што стаяла перад ім, вынырнуў зморшчаны, скрыўлены ад жаху твар Марцэлі.

- Ведаеш, Піліп, - пачала яна. - Ведаеш, што?.. Ён... Значыць, Паўлюк... твой швагер... атручаны!..

- Што? - усклікнуў Піліп.

- Далібог! - зашаптала зноў жабрачка. - Не кажы толькі нікому, мой міленькі, не кажы, што гэта я табе сказала, а то і на мяне бяда зваліцца... Яна сама мне сказала, што атруціла яго... атруты яму ў страву ўсыпала... Не кажы толькі нікому, што ад мяне даведаўся, калі Бога баішся, не кажы...

Піліп ужо даўно баяўся, каб Франка калі-небудзь не зрабіла нечага жахлівага. Ну, вядома, Марцэлька сказала праўду! Адкуль жа раптам узялася гэта хвароба ў Паўла?

Піліп схапіўся за галаву. Да жаху, які ахапіў яго, далучылася пачуццё радасці. Цяпер ужо Павел сам убачыць, якую небяспеку наклікаў і на сябе і на іх! Маланкай мільганула ў яго галаве: «Астрог, суд, Сібір!» Забяруць яе ў астрог, пасля вышлюць у Сібір, і ўсе яны пазбавяцца ад яе назаўсёды. Адштурхнуўшы Марцэлю, Піліп карацейшай дарогай, праз паркан і сад, пабег да Паўлавай хаты, у якой запанавала была цішыня, і, адчышўшы дзверы, закрычаў: