- Ратуйце, людзі! Трымайце, ратуйце яго! Зараз упадзе і памрэ!..
Ён не памёр. Гэта няпраўда, што людзі здаровыя, моцныя духам і целам паміраюць ад маральных пакут. Здаровы, дужы сялянскі арганізм Паўла Кабыцкага не надламалі і нават не аслабілі тыя некалькі гадоў, якія агністай маланкай або страшэннай бурай пранесліся над яго ціхім і роўным шляхам жыцця.
З таго дня, калі так раптоўна закончылася гэта гісторыя, мінула ўжо шмат гадоў, аднак і цяпер можна бачыць гэтага наднёманскага рыбака, які плыве ранкам у сваім чаўне па сярэбраных хвалях ракі насустрач ружоваму світанку або ўвечары пад хмары і змрок захаду. Калі пад сасновым борам ён выходзіць з чаўна на пясчаны бераг або прычальвае да вострава, пакрытага снежнай беллю гваздзікоў і лесам высокай дзіванны, часта побач з ім можна бачыць дзесяцігадовага хлопчыка з валасамі, светлымі, як лён, і вялікімі чорнымі, пад доўгімі вейкамі, вачыма. Стары рыбак крыху згорбіўся, пасівеў. Ён заўсёды задумлівы, маўклівы, а хлопчык жвавы, смелы, румяны і няспынна шчабеча, але адразу можна заўважыць, што паміж імі пануе згода і што ім разам добра. Часам, калі хлопчык надоўга знікае ў дзіванне, па рацэ разносіцца мужчынскі голас:
- Хтавіян! Хтавіян!
А з гушчару сцяблоў, абвешаных вялікім, калматым лісцем, званочкам звініць дзіцячы голас:
- Ку-ку, татка! Ку-ку!
Тады па суровых вуснах рыбака прабягае ўсмешка, і ён крычыць хлопчыку, каб той набраў вады ў гаршчок, куды яны кідаюць злоўленую рыбу.
Актавіян з пукам белых гваздзікоў у руках выбягае з гушчару дзіванны, прысядае на беразе ракі, глядзіць, як наплывае ў гаршчок вада, і звініць на ўвесь бераг:
- Голь-гуль-гуль-гуль!
Відаць, што дзіця гэтае шчаслівае.
А што адчувае, аб чым думае ў часе сваіх вандровак па рацэ той, хто замяніў яму бацьку? Гэтага ніхто не ведае, бо ён ні з кім сваімі думкамі не дзеліцца. Людзі гавораць, што аб сваёй жонцы з дня яе пахавання ён ні разу ні перад кім не ўспомніў, што, як і некалі, не шукае таварыства людзей, што так, як і даўней, і вясной, і ўлетку, і ўвосень неба замяняе яму хату, а рака - жонку.
Але ў доўгія зімовыя вечары акно нёманскага рыбака свеціцца бледным святлом лямпы, а хлопцы і дзяўчаты, якія ідуць на вечарніцы да Казлюкоў, чуюць за тым акенцам манатоннае, няспыннае, прыцішанае мармытанне. На стале ляжыць разгорнуты малітоўнік, а над ім сядзіць, нахіліўшыся, высокі сівы чалавек з наморшчаным ілбом і з цяжкасцю, па складах вымаўляючы доўгія словы, паволі чытае малітвы. Іншай кніжкі, апрача гэтай, Павел Кабыцкі дасюль не ведае і, напэўна, не будзе ведаць ніколі, бо ў мястэчку, куды ён возіць рыбу, ніякіх кніжак не прадаюць, а ўзяць іх у людзей яму вельмі цяжка. Затое гэтую кніжку ён прачытаў усю ад першай да апошняй старонкі тры разы, а цяпер пачаў чытаць чацвёрты. Дарэчы, апошнія два-тры гады ў яго ўжо застаецца менш часу для чытання малітоўніка, бо побач з ім часта ляжыць на стале разгорнуты стары буквар, вельмі ўжо стары, пажоўклы, падзёрты, а над ім на высокім табурэце сядзіць Актавіян і, запусціўшы руку ў ільняную кудзелю валасоў, мармыча:
- Б-а - ба, б-е - бе...
Мінулай зімой ён ужо дайшоў да літары «к», але за лета шмат з таго, што вывучыў, забыў, і Павел загадаў яму пачаць зноў з літары «б».
Актавіян мармыча даволі доўга, пасля кладзецца і засынае, а Павел напаўголасу пачынае чытаць малітоўнік.
Нарэшце ў акне рыбака гасне святло. Глыбока і спакойна спіць пад коўдрай снегу доўгі шэраг хат, што стаяць на краю высокага берага. Ніводзін жывы голас не парушае цішыні вясковай зімовай ночы. Толькі зрэдку забрэша сабака або пачуецца спяванне пеўняў, прыглушанае сценамі хат. Затое ў гэтай цішыні выразней гучаць галасы прыроды.
Часамі ледзяны волат-мароз блукае па вёсцы, злосна і моцна стукае то ў адну, то ў другую хату, то здалёк, то бліжэй ціха шчоўкае за вокнамі, з сухім трэскам пахаджвае па агароджах. У іншыя ночы пад ціхія ўздымкі ветру прыходзіць адліга, і тады ледзяшы пад капяжом ціха і манатонна пляскаюцца і плачуць, а вецер шамаціць у дрэвах і таямнічы шэпт разбягаецца шырока па сухім бадыллі агародаў.
А часамі ночы бываюць гучныя, грозныя. У цёмных прасторах зрываюцца шалёныя оргіі віхраў, паветра напаўняецца кіпеннем і віскам усіх галасоў свету. Здаецца, што змагаюцца паміж сабой гіганцкія ядры, перуны, гарматныя стрэлы, грымоты, што з няспынным грукатам ляцяць з канца ў канец зямлі, выюць пад ударамі бізуноў зграі сабак, крычаць катаваныя, плачуць і скардзяцца пакутнікі... Усё гэта напаўняе цёмныя прасторы пякельным шумам, але не трывожыць людзей, якія спяць пад нізкімі стрэхамі, акрытымі снежнымі коўдрамі.
І толькі, калі мароз грукае, шчоўкае і трашчыць, калі ўздыхае, усхліпвае і шэпча адліга і ў прасторах шалеюць вятры, пад адной з гэтых стрэх доўга не засынае адзін чалавек.
На пасцелі спакойна спіць, прытуліўшыся да яго боку, дзіця, а ён углядаецца ў цемру і ўслухоўваецца ў галасы прыроды. І тады часта ў глыбокай цішыні, напоўненай толькі гэтымі галасамі, чуюцца частыя ўдары кулака ў моцныя і цвёрдыя грудзі і ўмольны гарачы шэпт:
- Божа, злітуйся над ёю, грэшнай! Божа, злітуйся над ёю, грэшнай і няшчаснай!
1888
Апавяданні, нарысы
Зімовым вечарам
Яшчэ было не позна, але вельмі цёмна. На хмарным небе - аніводнай зорачкі. Вецер вірыў над самай зямлёю, слупамі ўздымаўся ўгару, шумам, енкам і свістам спяваў у глыбокай катлавіне, па дне якой праходзіў роўны, шырокі шлях замерзлай ракі. Рака з яе нізкімі берагамі і высокія адкосы катлавіны ледзь-ледзь прасвечвалі праз імглу цьмянай беллю снегу. З аднаго боку, на ўзвышшы, было зусім пуста, толькі сям-там тарчалі тонкімі рысамі дрэвы, а з другога, вышэйшага, боку па фоне цемры яшчэ чарней выступалі плямы сялянскіх двароў. Яны паблісквалі радочкам агеньчыкаў, нібы адтуль падміргвалі чырванаватыя вочы.
Над самым рэчышчам сунулася наперад постаць самотнага чалавека. На фоне цьмянай белі снегу постаць гэтая здавалася тонкай рысачкай, што хутка ўразалася ў яшчэ чарнейшую цемру. Высокія адкосы катлавіны, што ўздымаліся абапал чалавека, рабілі яго яшчэ меншым, і можна было падумаць, што гэта штосьці зусім маленькае плыве сабе па моры неабдымнай велічы. Прасторы ночы і адзіноты разліваліся вакол гэтай постаці; шумлівыя хвалі завірухі, здавалася, неслі яе па шырокім, дзікім, панурым улонні прыроды, і перад сілай яе, пагрозамі і веліччу постаць тая была кропляй, крушынкай, зярняткам пяску, каліўцам травы, якое ўпала ў бездань...
Ды так толькі здавалася, бо чалавек, што ішоў па дне той бездані, відаць, быў дужы, бо таксама, як спрытны, натрэніраваны плывец разразае ўспененыя накаты хваль, ён хутка, рашуча распорваў нізкія снежныя хвалі і вірлівыя слупы завеі. Усё, што акружала чалавека, - хоць і чорнае, дзікае, пустыннае, - не запавольвала яго хады, не рабіла яе няўпэўненай. Наадварот, штосьці папіхала яго з-заду, падганяла наперад усё мацней ды мацней. Куды? Можа, да нейкага месца ратунку ці прытулку, бачнага толькі яго вачам, што слеплі ад цемры і націску завірухі, а можа, і гэтым вачам невядомага, толькі напісанага ў цемры вогненнымі літарамі, як покліч: «Наперад! Наперад! Абы далей!»