Такая яна была. Ці ж мог Бахрэвіч не цаніць такога брыльянту, ці ж мог пры ўсіх гэтых яе вартасцях не пераносіць пакорліва адзінай яе заганы, якой было шчодрае злоўжыванне крыкам і недалікатнымі выразамі, а таксама лёгкасць, з якой хапалася яна за мятлу? Увогуле, гэтыя праявы моцнага характару яшчэ нават павялічвалі павагу, якую меў ён да жонкі, і падагравалі ягоную прыхільнасць да яе. Ён належаў да той вялікай катэгорыі людзей (значна большай, чым думае нехта, хто мяркуе пра чалавецтва павярхоўна), да той катэгорыі, што шануе бізун і любіць яго прыхільнікаў на зямлі. Бахрэвіч баяўся жонкі, і якраз гэты страх абуджаў у ім да яе пашану і ўдзячнасць. Калі б не той бізун, то, можа, быў бы ён як шмат іншых - распіўся б, разгультаіўся б і ні да чога не дайшоў. Калі б той бізун адразу ж пасля шлюбу не апынуўся ў яе энергічных руках, дык ён бы трымаў яго над ёй і здзекаваўся б з лагоднай, ціхай і пакорлівай. Вакол той, што трымала гэты сімвал зямнога каралеўства, хадзіў ён на дыбачках, асцярожна, гаварыў з ёю мякка, нясмела, глядзеў ёй у вочы, як сабака, што жадае адгадаць волю свайго гаспадара; у хвіліны зацішша цалаваў яе грубыя чырвоныя рукі. Калі б гэтыя рукі былі тонкія і далікатныя, ападалі б на іх замест пацалункаў рамяні бізуна.
Аднак былі часы, калі Бахрэвіч кахаў трошкі іначай; не праз павагу да бізуна, не праз удзячнасць за продаж на сямейную карысць масла, змяшанага з бульбяной кашай, не за прызнанне ў кабеты вышэйшага роду і розуму, але так, з Божай ласкі, нібы з натхнення сэрца і захаплення вачэй, якія не мог адарваць ад статнай і гнуткай постаці, ад смуглага твару і кучаравых валасоў, ад сакавітых, як спелая вішня, вільготных вуснаў сялянкі. Была гэта сялянка, нават не гаспадарская дачка, сірата, без дому, вартая жалю парабчанка. Быў ён тады малады і з грудзей ягоных яшчэ не зусім выветрылася свежасць і паэзія шляхецкага засценка, які ён толькі што пакінуў дзеля службы ў двары. Быў ён засцянковы шляхціц. У бацькавым засценку на пятнаццаці моргах зямлі вырасла ажно чатыры браты Бахрэвічы. Двое старэйшых пажаніліся і засталіся на месцы, двое малодшых пайшлі ў свет. Стафан далёка не пайшоў. Чытаць, пісаць і лічыць навучыў яго дарэктар, наняты ў складчыну для дзяцей некалькімі сем'ямі ў ваколіцы. Спрытны, стройны і пакорлівы, з лёгкасцю атрымаў ён у краснавольскім маёнтку месца дробнага чыноўніка, з гучнай назвай «намеснік». Стаў ён намеснікам не якога-небудзь манарха, але аднаго з краснавольскіх аканомаў. У гэтым жа самым фальварку была і яна: прыгожая, зграбная, чарнавокая дзяўчына. Бахрэвіч так закахаўся ў яе, што надоўга нават забыўся пра тое, што яна сялянка. Станам сваім нагадвала яна маладую бярозу, вочы яе былі поўныя агню, з-за пунсовых вуснаў паказваліся ва ўсмешцы белыя зубы, а калі расплятала косы, хавалася да пояса ў хвалях кучаравых валасоў. Была яна працавітая, бо сярод чужых людзей ніколі не атрымала дарма кавалка хлеба, але нясмелая і паслухмяная, бо як бяздомная сірата залежала ад усіх. Намеснік быў для яе асобай настолькі важнай, як для намесніка сам ўладальнік краснавольскіх зямель. Быў ён да таго ж у той час хлопец зграбны і жвавы. З загарэлым тварам і белым ілбом, з пшанічнымі вусамі над пунсовымі вуснамі, з тым агнём у вачах, якім маладосць і фізічнае здароўе напаўняюць чалавека, што гадаваўся сярод палявой свежасці, на начлежных росах, мужнеў за плугам і на касьбе. Цяпер ужо сам не араў і не касіў, аднак працу гэтую ведаў добра, спрытна і дбайна нёс сваю службу, працадаўцам плаціў паслухмянасцю і марыў заняць пасаду аканома. Добра было яму тады на свеце. Чорнавалосая дзяўчына цудоўна дапамагала яму ў цярплівым чаканні спаўнення амбіцыйных надзей. Пакуль прыйшла тая фартуна, была ў яго каханка, адданая яму целам і душой, пакорлівая, якая і думала толькі пра тое, каб яму падабацца. Час ад часу лаяў ён яе і нават трошкі біў. «Варона, - казаў, - каб хоць калі мне слова сказала, як лаяць яе пачну. Толькі пойдзе ў кут і плача, зацірка з малаком!» Аднак сілаю яе прывязанасці да яго сам прывязваўся да яе ўсё больш. Неўзабаве сталася тое, чаго ён так горача прагнуў і што з усёй сваёй душы і ўсіх сваіх сіл імкнуўся зарабіць. Далі яму аканомства, і не абы-якое, а ў самой Лясной, ды яшчэ з дадаткам Вулькі. Тады чарнявая Хрысця надзіва хутка яму збрыдла. Што мог сабе дазволіць намеснік, не было ўжо годным аканома, і ў дадатак не абы-якога, а таго, што сядзеў на двух найлепшых фальварках краснавольскага маёнтка. Акурат тады прыгадаў ён сабе, што была яна сялянкай. І забыўся зусім пра тое, што два ці тры разы з вялікай злосцю і галасам выгнаў з парабчанскай хаты вясковых сватоў, якія прыходзілі браць прыгожую і працавітую дзяўчыну за жонку для гаспадарскіх сыноў. Сам сабе ён казаў: «Чаго яна прычапілася да мяне?» Аднак ёй сказаць гэта не мог: хацеў некалькі разоў, але словы колам стаялі ў горле, бо добра памятаў, як доўга і палка мусіў старацца, каб пераадолець яе сарамлівасць і страх. Зрэшты, нельга было і цяпер сказаць, што ён перастаў яе кахаць. Наадварот, ён добра разумеў, што расстацца з ёй будзе яму вельмі цяжка. Калі б не была яна сялянкай, дык ажаніўся б з ёй, хоць бы яна і не мела нічога. Да грошай ён не быў надта падкі, але гонар шляхецкі цаніў. Быў ён амбітным. Абдымаў і цалаваў Хрысцю з жарсцю і замілаваннем, але гадзіну пазней марыў пра жаніцьбу з паненкай з добрага дому. «Калі б трафіла, - казаў ён сваім прыяцелям, - то ажаніўся б з босай і голай, была б толькі з добрай сям'і і з адукацыяй». Трафіла. Прыяцелі засваталі, павезлі да паненкі, заручылі і ажанілі. Быў перад тым яшчэ дзень, калі з Лясной выйшла высокая чорнавалосая сялянка з маладым, але звялым ад пакут і слёз тварам, ведучы за руку адно маленькае дзіцятка, а другое трымаючы каля грудзей. Старэйшага з тых хлопцаў звалі Філіп, у сялянскім вымаўленні Піліп, малодшага Антосік. У той жа самы дзень Бахрэвіч, на ўсе зашчапкі замкнуўшыся ў сваім пакоі, ажно выў ад плачу. Такі ён быў. Але толькі аднаго разу змагаўся са сваім сэрцам. Самым блізкім прыяцелям прызнаваўся ён тады, што сэрца ваявала ў ім з розумам і розум перамог, пане дабрадзею. Потым усё жыццё ён віншаваў сябе, што не зрабіў глупства, дзеля сялянкі не завязаў для сябе свет. Але яшчэ доўга, калі ўспамінаў гэтую сялянку, нешта яму так сціскала сэрца, што ажно твар насоўкай выціраў, сплёўваў і як мага хутчэй ішоў у поле, каб забыцца ў працы. Былі гэта, аднак, часовыя з'явы. Потым нарадзіліся дочкі, пачалі збірацца грошыкі... Мадзя паказала ўвесь шык сваіх вартасцяў... Начальства яго любіла, за пасаду сваю ён не баяўся, выгады ўсялякія меў, прыгажосцю і адукацыяй дачок ганарыўся, і часам нават які ўрадовец ці нават пан наведваў ягоны дом. Адчуваў сябе амаль шчаслівым. Праўда, меў часам трошкі і непрыемнасцяў - з-за мятлы, але значна больш хацеў гэтага, чым таго, каб ягоная
жонка была заціркай з малаком.