- І ведаю! Ну і што, калі ведаю! Разумны гаворыць, дурны дзівіцца... А-а-а! Паразяўлялі раты! Адкуль я ведаю? А ці ж гэта ў людзей языкоў няма, ці не расказваюць?.. Яны расказвалі, а я слухаў. Цьфу!
Ён плюнуў і раптам зноў занепакоіўся, кінуў навокал устрывожаны позірк, пацёр рукі. Аляксей дзёрзка глядзеў у яго вочы.
- Нешта вы, пане, - пачаў ён, - зашмат ужо ведаеце пра гэтага Бонка. Можа, вы яго калі бачылі?
Той абыякава паціснуў плячыма:
- А дзе я мог яго бачыць? Не бачыў. Я з Прусіі іду... Больш за дваццаць год не быў у гэтым баку.
- Шкада, бо калі б вы яго бачылі, дык сказалі б нам, як ён выглядае. Лягчэй было б злавіць... Ой, злавіў бы я яго, з вялікай ахвотай злавіў бы, і пакуль тая паліцыя даведалася б пра яго, сам бы з яго палосамі скуры надраў!..
- Бач, такі малады, а ўжо гатовы людзям скуру са спіны спускаць! - пасміхнуўся госць.
- Дык ён жа разбойнік! - выгукнуў, усхапіўшыся з лавы, малады задзірысты мужчына. - Сам пісар сёння казаў: «Крамы рабаваў, грошы падрабляў, а самае горшае, - казаў, - што трох чалавек забіў са сваімі супольнікамі...» Дык што - шкадаваць такую звяругу? Ой, я б з яго скуру здзёр! Няхай іншых не забівае!..
І ён падняў пагрозліва кулак.
- Ціха, Аляксей! Сціхні, не крычы так! - супакойвала яго маладая жонка, цягнучы за крысо расшпіленага кажуха.
Бондар замахнуўся гэблікам:
- Каб яму так добра на свеце не было, як ён нявінных людзей загубіў...
- Ой! - войкнула Ганулька. - Можа, і цяпер ён пачне буяніць.
- Вядома ж, пачне, - загаварыла баба. - Такі злыдзень, што ў людской крыві выкупаўся...
- Каб яму косці пакруціла... Каб яго паралюш разбіў...
- Ці пачне, ці не пачне, - панура азваўся бондар, - а лавіць яго трэба, бо яшчэ шайку сабе падбярэ і коні пачне красці...
- Не дачакаецца! - выгукнуў Аляксей. - Будзе ён красці коні, калі кат яму дзвесце бізуноў у спіну ўлепіць...
- Ой, ой! - запішчала Ганулька.
- А табе што? - накінуўся на яе Аляксей, але зірнуў на жонку, якая, нахіліўшы свой тонкі стан, таксама пачала галасіць.
- Ай-я-ёячкі!..
Баба Настуля падперла сухую шчаку рукою і голасна ўздыхала:
- Божа ж ты мой, Божа! Ой, божа ж літасцівы!..
Пятнаццацігадовы Ясік стаяў, нібы акамянелы, вылупіўшы вочы, а потым закрыў рот рукамі і дрыготкім голасам зароў:
- Гу-гу-гу!..
- Во напалохаліся, што разбойніку пападзе бізуноў! - засмяяўся Аляксей.
Госць не стаяў ужо так ганарліва, як раней. Калі Аляксей упершыню напомніў пра бізуны, відаць было, як пад тонкім сукном парванага сурдута заварушыліся і паволі палезлі ўгару яго лапаткі, а карак, як ад раптоўнага ўдару, апусціўся долу і барада дакранулася да грудзей.
- Цікава, ці вытрымае злыдзень? - прабурчаў бондар.
- Ого! Яшчэ як вытрымае! - гаварыў сваё Аляксей. - Яшчэ потым у кайданах на край свету пойдзе. А калі прыйдзе туды, дзе жыць загадаюць, дык ад цямна да цямна будзе пад зямлёю молатам біць або тачкі цягаць...
- Ой, бедны ён, такі бедны! - уздыхнула Аленка і яшчэ мацней прыціснула да грудзей малое.
- І навошта яму было на гэты свет прыходзіць? Навошта Бог Усявышні паслаў яго на гэты свет? - уздыхала баба Настуля.
- Я, здаецца б, не вытрымала. Узяла б і ўтапілася... - вяла сваё Ганулька.
Хрысціна, пакінуўшы мыць посуд, выпрастала высокі, моцны стан, зноў склала рукі на грудзях і заглядзелася на агонь сваімі цёмнымі вачыма. Зморшчыліся яе прыгожыя вусны, сышліся цёмныя бровы. Калі ўсе змоўклі, пачуўся яе нізкі, глыбокі голас:
- А і гэтага ж некалі маці на руках насіла і калыхала...
Госць раптоўна павярнуўся да яе.
Ён доўга глядзеў на яе, нахіліўся амаль да самага твару і амаль са свістам прашаптаў:
- Добра пільнуйце свайго сыночка, ой, добра пільнуйце свайго Ясіка, каб ён ніколі не быў такім няшчасным...
Здзіўленая і крыху напалоханая жанчына адхіснулася ад яго. А госць хутка павярнуўся ў другі бок хаты, туды, дзе каля сцяны сядзеў за сталом гаспадар. Мікула ўвесь час маўчаў. Як звычайна, ён спачатку даваў усім хатнім магчымасць выказацца, а потым канчаў спрэчку сваім словам. Ён падняў угару руку з люлькай і паволі, спакойна пачаў:
- Правільна. Такіх і сам Бог не казаў шкадаваць. Правільна. Ужо нам добра-такі надакучылі гэтыя канакрады, рабаўнікі, махляры і іншыя злыдні. Ці ж гэта нявінныя людзі дзеля таго петуюць, каб тыя карміліся ды паіліся іхнім дабром, а то, крый Божа, і крывёю? Нявінным людзям патрэбна абарона ад усякай страты, павінна быць бяспека, а каб за такія цяжкія грахі ды не было ніякага пакарання, дык не, гэта - нельга. Годзе!
Госць так пільна глядзеў на гаспадара, з такім напружаннем слухаў, што ажно вусны яго разышліся, рысы твару акамянелі, адны толькі вейкі часта-часта міргалі над нерухомымі зрэнкамі. Стары змоўк, а той яшчэ некалькі хвілін глядзеў, глядзеў, слухаў, нібы хацеў пачуць нейкае нявыказанае слова. І раптам яго кашчавы твар пачырванеў, а вочы засвяціліся. Ён махнуў рукой.
- Годзе! - паўтарыў і коратка, рэзка засмяяўся. - Добра вам, гаспадар, казаць: годзе! А таму, каго, як дзікага звера, ганяюць па свеце, каб, дагнаўшы, збіць да паўсмерці, а потым на катаргу ўпячы, - таму годзе ці не годзе? Пра гэта ён сам толькі ведае, праклінаючы ўвесь свет, людзей і дзень свайго нараджэння! Кожнага чалавека можа бяда напаткаць, і ніводная маці не ведае, каго яна... на руках калыша...
Ён зірнуў на Хрысціну і Аленку, папярхнуўся, праглынуў сліну і змоўк.
- З кожным можа здарыцца бяда, - спакойна і паволі азваўся Мікула. - Аднак той найгаршэйшы, хто другога чалавека забівае...
- Найгоршы, найгоршы... - паўтарыў госць. - А ці ведаеце вы, пан гаспадар, што найгоршае бывае часамі побач, ойяк блізенька каля найлепшага... І калі б не выпадак які або нешта там іншае, чаго не палічыш, можа, замест найгоршага было б найлепшае...
У горле яго перасохла. Ён шырокім крокам падышоў да стала, наліў чарку гарэлкі, праглынуў яе і вярнуўся да печы.
- Годзе! - пачаў ён зноў, увесь час звяртаючыся да старога Мікулы - Добра вам гаварыць: годзе! А ці ведаеце вы, якім чынам гэты Бонк, за якім цяпер гоняцца, нібы за дзікім зверам, каб затаўчы да паўсмерці, ці ведаеце, як ён першы раз трапіў у бяду? Можа, ён першы раз папаўся за такую драбніцу, што і плюнуць не было на што! А бяда трасе таго, хто на ёй едзе. Ой як трасе, пан гаспадар! Так трасе, што душа наверх падкладкай выварочваецца. Ва ўсіх душа з падкладкай, толькі ў аднаго яна выходзіць навыварат, а ў другога не... Вось як!
Ён зноў падышоў да стала, але гарэлкі ўжо не піў. Машынальна працягнуў руку да бутэлькі, але, не крануўшы яе, зноў вярнуўся да печы. Ноздры яго захадзілі, бровы то паднімаліся, то ападалі. Увесь ён, парывісты, дзёрзкі, адчайны, бліскаў панурымі вачыма, грудзі яго часта ўздымаліся. Аднак ён зноў засмяяўся, спыніўшыся каля печы.
- Годзе! - паўтарыў ён яшчэ раз, нібы гэтае, сказанае старым Мікулам, слова вастрыём сваім упівалася ў яго, вярэдзіла рану. - Каб жа гэта кожны мог сказаць «годзе!» усім тым д'яблам, што раздзіраюць чалавечую душу, і каб яны так ужо ад гэтага аднаго слова паразбягаліся! У адным гэтыя д'яблы спяць, а ў другім прачнуцца і валакуць яго на вечныя пакуты. А можа, вы думаеце, пан гаспадар, што калі д'яблы вядуць людскую душу на вечныя пакуты, дык нехта паможа ёй выратавацца? Ха, ха, ха! Саломінкі ніхто не падасць, каб чалавек за яе ўхапіўся ды з ямы вылез. Або калі чалавек пакаўзнецца і, як тая свіння, уваліцца ў гной, ці знойдзецца на ўсім свеце хоць адзін, што злітаваўся б над ім і вывеў бы на сухое месца? Ого! Ніхто нават не азірнецца, а калі і азірнецца, дык толькі каб нагою кашкануць! Часамі і самому агоркне гэты смурод... Чалавек захоча ўцячы ад яго, але дзе там! Не дадуць! Бяры яго! Як ганчакі за лісою, панясуцца, пакуль назад у гной не загоняць, і скубуць, катуюць, пакуль той зноў не пачне кусацца да крыві! А што яму застаецца? Калі вайна, дык вайна! Калі прападаць, дык хоць спачатку добра пад'есці, напіцца, а калі і па мазгаўні каму стукнуць прыйдзецца, ну дык і што? І так і так пагібель... Дык няхай жа хоць ворагі запомняць... А хто вораг? Увесь свет вораг, калі ніхто і не падумае ратаваць, а кожны прагне загубіць...