Выбрать главу

Склаўшы на грудзях рукі, ён зноў падышоў да стала і, крыху нахіліўшыся, зірнуў у Мікулавы вочы. Стары ўжо некалькі хвілін, падаўшыся наперад усім сваім магутным корпусам, так пранізліва глядзеў на свайго госця, што ажно рука, у якой была люлька, апала на лаву. Яны ўпершыню паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Стары адхіснуўся назад, прыхіліўся плячыма да сцяны. Госцеў голас сарваўся, нібы парваная струна. Чалавек адвярнуўся, зноў падышоў да печы, але ноздры яго ўжо не рухаліся. Значна цішэй, чым дагэтуль, ён пачаў гаварыць:

- Хіба ж кожны так ужо адразу і ляціць у глыбокую яму? Не, не кожны. Можа, і гэты Бонк не адразу забіваў людзей. Цікава, што там у яго за жыццё? Дзе ён нарадзіўся, у якім кутку свету маці яго насіла на руках і калыхала? Відаць, тады ён яшчэ не быў разбойнікам, відаць, ён па нейкіх драбінах спускаўся, пакуль не спусціўся туды, адкуль ужо ні бог, ні чорт яго не выцягнуць. Не ведаю, што ён там такое рабіў, пакуль праліў чалавечую кроў, аднак, кажуць, калі праліў, дык самога сябе спалохаўся і, уцёкшы з турмы, на хвабрыку працаваць пайшоў. А ці далі яму спакойна працаваць? Не далі. Злавілі і зноў у смурод загналі... Ён зноў уцек, а ўцякаючы, калі яму хто наўпоперак дарогі стаў, можа, ён і другі раз, хто яго ведае, праліў чалавечую кроў... А потым, казалі, на хвабрыцы зноў два гады спакойна прасядзеў. Вельмі, відаць, спужаўся самога сябе і той кары, што яго чакала. А ці хто калі цікавіўся, пра што ён там думаў, куды імкнуўся? Чорт хіба цікавіўся, больш ніхто...

Дагэтуль усе слухалі моўчкі, здзіўленыя і зацікаўленыя тым, што ён гаварыў, спачатку дзёрзка і палка, а потым усё больш ды больш жаласліва. Ды Аляксей ужо не змог больш маўчаць.

- Гэй, гэй, панок! - выгукнуў ён. - Нешта ж вы ўжо занадта абараняеце разбойнікаў!

Госць зноў выпрастаўся і зірнуў маладому мужыку проста ў вочы.

- Ой, ой! - сказаў ён з'едліва, ківаючы галавою. - Улез у цёплы кажух і рады, што яму добра! А таго, з якога і скуру хутка здзяруць, дык ужо і зусім пашкадаваць не трэба?

Стары Мікула адняў люльку ад рота і, насупіўшы густыя, касматыя бровы, цвёрда, коратка, сурова сказаў:

- Не трэба.

Здавалася, што стары кінуў два гэтыя словы госцю проста ў твар, і госць адчуў гэта, бо вельмі хутка павярнуўся ўсім целам да Мікулы, ступіў некалькі шырокіх крокаў і з ціхім смехам сеў побач з ім.

У гэты момант зноў рыпнулі дзверы, увайшло некалькі чалавек, і каля печы пачалася гутарка. Аднак госць як быццам і не заўважыў гэтага; ён сеў на зэдліку побач з гаспадаром, павярнуўся на хату спіною, шырокаю, але надта худой, ажно лапаткі вытыркаліся з-пад сурдута; успёршыся на стол локцем, ён наблізіў свой твар да твару старога. Каля іх нікога не было. Аленка з дзіцем, якое прачнулася і заплакала, села насупраць каля сцяны, Аляксей голасна верхаводзіў каля печы, бондар на другім канцы стала корпаўся з тым зубам ад бараны. Толькі баба Настуля, у бяззубым роце якой непрыкметна для ўсіх знікла тры чаркі гарэлкі, хуценька падсунулася амаль пад самую госцеву руку і з прагнай цікаўнасцю падставіла вуха.

Неўзабаве яна пачула словы, сказаныя амаль шэптам:

- Пан гаспадар, а што чуваць пра вашага Ясіка?

- Пра якога Ясіка? - суха спытаўся стары.

- Ды пра сына вашага, трэцяга... Два вось тут, а трэцяга няма. Ці вы ўжо зусім пра яго забыліся, пан гаспадар?

За плячыма госця моцна пляснулі нечыя рукі і пачуўся пісклявы бабскі голас:

А каб я веку свайго не дажыла! Каб мой язык апруцянеў! Каб мае рукі пакруціла, як галіны на той вярбе, калі я пра яго забылася, пра Ясіка майго любага, саколіка майго няшчаснага... Гэта ж я яго, калі ён на свет нараджаўся, ад маткі прымала. Гэта ж я яго на руках сваіх не раз і не дзесяць раз насіла... Сваіх дзяцей не было, але ён быў, і палюбіла я яго, як сыночка родненькага.

Бабіна галава ў чырвоным чапцы, з касмылямі белых валасоў на маршчыністым ілбе, з пачырванелымі ад гарэлкі шчокамі, калывалася над госцевым плячом, дыхала яму амаль у вуха смярдзючым перагарам. А ён, адхіліўшыся крыху, падпёр рукой галаву і, прыжмурыўшы вочы, слухаў, як яна заводзіла. Але неўзабаве перапыніў яе пытаннем:

- Дык вы, пан гаспадар, зусім ужо Ясіка не памятаеце? Ён жа ваш першы быў, старэйшы...

Нібы сілаю адарваны ад сваіх думак, стары змрочна адказаў:

- Чаму ж не памятаю? Памятаю... А вы яго добра ведалі?

- Яшчэ як добра! Добры быў хлопец, кемлівы, смелы...

- Занадта смелы, - буркнуў стары, выбіваючы з люлькі попел. - А вы чулі, што з ім здарылася?

Відаць, нягледзячы на змрочны настрой і пранізлівыя позіркі, якія стары час ад часу кідаў на госця, яму ўсё больш хацелася пагаварыць пра старэйшага сына. Але баба Настуля зноў завялася:

- Ой, гора яго напаткала, горачка! Ды каб ім пан Бог грахоў не дараваў, як яны яму, маладзенькаму ды дурненькаму, тады не даравалі! Загубілі яны яго, як сабаку, змарнавалі... Нябожчыца маці яго даводзілася мне пляменніцай. А ён мяне бабулькай называў...

Госць спытаўся ў старога Мікулы:

- А што ж з ім такое здарылася?

Стары з паўхвіліны варушыў сківіцамі, нібы перажоўваў нешта цвёрдае. І не хацелася яму раскрываць душу перад гэтым чужаком, але пагаварыць ахвота брала.

- От, - пачаў ён, - з драбніцы пачалося... Можа, ён першы раз і за справядлівасць пакутаваў. Суд супраць нас пачалі дубраўлянскія суседзі, каб ім дабра не было... Ну, мяне грамада выбрала ўпаўнаважаным, я ў горад ездзіў і з гадвакатам гаварыў, з тым, значыцца, што на судзе нас бараніў. Я Ясіка з сабою ў горад браў і да гадваката браў, так сабе, без дай прычыны, надта ж я яго любіў, а калі таму чаго вельмі ж захочацца, дык я ўсе яму дазваляў. Можа, Бог усемагутны мяне не пакарае за тое патуранне...

Баба зноў улезла ў яго гаворку:

- Ой, любілі яго, галубілі, песцілі ўсе добрыя людзі і ўсё яму дазвалялі, бо надта ж ужо міленькі быў і ласкавы... Ручкамі, бывала, абдыме за шыю і туліцца да чалавека, як тое ягнятка, а вочкі былі - што тыя васількі ў жыце...

Стары не звяртаў увагі на бабскае прастарэкванне, ён усё больш ахвотна выцягваў з памяці даўнія падзеі.

- Вельмі ён быў разумны, але ж надта дзёрзкі і зусім не такі, як іншыя хлопцы... Ані ў яго работа, ані гульня не былі такія, як ва ўсіх... Калі працуе, дык нібы той конь гарачы, а калі гуляе, дык так, што рады не дасі... Бывала, за шыю абдыме і цалуе, чуць не задушыць, а іншым разам занаровіцца і, каб там немаведама хто, - асой у вочы кідаецца. Лаяў я яго добра, лаяў, але найбольш патураў... Але нічога дрэннага ён тады не рабіў.

Стары задумаўся, паківаў галавою.

- На пагібель браў я яго тады ў горад і да гадваката, - працягваў, разгаварыўшыся, стары.

- Ён слухаў, пра што мы паміж сабою гаварылі, слухаў, а калі вярталіся, бывала, і кажа: «Тата, я заб'ю таго, хто несправядліва прыйдзе забіраць нашу зямлю!» Я толькі смяюся. Маладое, дурное, думаю. Зямля па справядлівасці наша была, але даўнасць зайшла, і суд мы прайгралі. Калі мы суд прайгралі, дубраўлянцы прыйшлі зямлю забіраць, а мы заўзяліся не аддаваць. Не аддамо і не аддамо. Усёй грамадой, бывала, выйдзем і тых захопнікаў, каб ім Бог грахоў не дараваў, праганяем. Усе сваволілі, сваволіў і Ясік. Ну, няхай сабе, думаю. Калі ўсе, дык няхай сабе і ён. Ажно вясною, кажуць, ураднік прыедзе і дубраўлянцам зямлю аддаваць будзе. Бяда! З ураднікам не тое што з мужыкамі. Мы рукой махнулі. Няхай будзе і так! Няхай будзе наша крыўда. Пан Езус больш адпакутаваў. Аднак не ўсё мы як трэба ўлічылі. Не ўлічылі мы гэтых маладых, а надта ж дзёрзкіх, што сваім розумам разважылі і змову зрабілі... Прыехаў нейкі высокі ўраднік і двух ніжэйшых з сабою прывёз, і давай яны па полі хадзіць, таму тое, гэтаму другое выдзяляць... А нашы хлопцы як выскачаць з косамі, з граблямі ды каламі! Можа, з дваццаць іх было, а мой Ясік спераду, як які генерал!.. Ураднікаў прагналі...