Выбрать главу

- Вось напалохаліся бабы! Ну, я ж ім яшчэ большага страху наганю!

Ён выйшаў ціха ў сені, а праз дзве хвіліны з трэскам расчыніў дзверы і гукнуў на ўсю хату:

- Людзі, ратуйце! Хто ў бога верыць, ратуйце! Бонк ідзе! Разбойнік Бонк ідзе! Вось-вось ужо прыйшоў! З вялікім вострым нажом прыйшоў! Гу, гу, гу!..

Дзяўчаты закрычалі і пахаваліся за прасніцы. Нават Хрысціна ўздрыгнула і з трывогай зірнула на дзяўчатак, што сядзелі каля яе ног. Ясік пранізліва завішчаў і схаваўся за шырокія бацькавы плечы. Мужчыны, хоць некалькі з іх і спалохаліся спачатку, хутка зразумелі, што гэта жарт, і грымнулі смехам. Гэта супакоіла і жанчын. Сур'ёзная Хрысціна абурылася:

- Не дурыся, Аляксей! - прыкрыкнула яна на дзевера. - Ахвота табе людзей палохаць! Пасаромеўся б!

Аднак паніка прайшла не адразу. Відаць, усе прысутныя чулі ў той дзень пра Бонка. Хлопцы прывезлі з кірмашу страшныя гісторыі пра яго. Жанчыны наслухаліся іх. Ганулька прыціскала руку да сэрца.

- Б'ецца, ой як б'ецца і не можа ўтаймавацца! - стагнала яна.

Мажная Ульяна выцірала пот, што кроплямі выступіў на лбе.

Усе яны наракалі:

- А каб цябе, Аляксей!.. Каб такога страшнага чалавека супраць ночы ўспамінаць... Яшчэ, крый Божа, і прыгаворыш! Яшчэ сапраўды калі прыйдзе...

- А што, і прыйдзе! З такім вялікім вострым нажом прыйдзе! - пацвельваўся мужчына.

- Ай! - зноў закрычала некалькі галасоў.

- Годзе! - цвёрда сказала Хрысціна і, крутнуўшы мацней калаўрот, дадала: - От, заспявайма лепш.

Голас яе быў прыгожы, звонкі, сур'ёзны, як і сама яна. Усе ведалі, што хоць яна ўжо шаснаццаць год замужам, аднак вельмі любіць спяваць. Паволі ведучы з кудзелі доўгую, роўную нітку, яна звонка, спаважна завяла:

Ой, валы мае, ды палавыя, Чаму ж вы не араце, Ой, леты мае, леты маладзенькія, Чаму ж вы марна ідзяце...

Хор галасоў - розных: серабрыстых і чыстых, пісклявых і фальшывых - ураз падхапіў:

Каб валам маім ды паша была, То яны пааралі б, Каб летам маім ды раскоша была, То яны пагулялі б...

Песня лілася ў душнай хаце доўга, то ўздымалася, то ападала, нібы хваля. Калаўроты ўторылі ёй роўным, але павольным, прыцішаным тарахценнем. У святле лямпы залаціліся выведзеныя ніткі. Часамі на дзявочых грудзях пазвоньвалі каляровыя нізкі пацерак. Над дзяўчатамі віўся, узнімаўся ў комін блакітны дым папяросаў, што паблісквалі ў ценю, як іскры, а ў паўзмроку віднеліся касматыя галовы і вясёлыя вочы дзецюкоў. Дзве дзяўчынкі, што сядзелі абапал Хрысціны, выцягнулі голыя ногі бліжэй да агню, палажылі на матчыны калені галовы, закрытыя пасмамі льняных валасоў. Чырвоны Настулін чапец калыхаўся то ў адзін бок, то ў другі, ажно ўрэшце прыпаў да краю печы. Баба заснула.

Але якраз у гэты момант стары гаспадар, што адзін моўчкі сядзеў каля сцяны, расплюшчыў вочы. Нібы з нейкіх глыбіняў, аднаму яму вядомых, вынеслі яго на паверхню хвалі песні. Ён прыўзняў павекі і з аслупянелай упартасцю пачаў углядацца ў супрацьлеглы бок хаты. Нядаўна, калі Аляксей з трэскам адчыніў дзверы і гукнуў: «Бонк ідзе! Разбойнік Бонк ідзе!» - госць, які сядзеў побач з Аленкай, закалаціўся ўсім целам і ўсхапіўся, нібы падкінуты мінай. Настуліну казку ён слухаў з яшчэ большай увагай, чым раней загадкі, вачэй не зводзіў з бабы, пасміхаўся толькі часамі, пабліскваючы вачыма. Аляксееў крык вырваў яго з задумы. Госць усхапіўся, моцна сціснуў свой кій, што стаяў паміж каленяў. Кінуўся да дзвярэй. Але тут раптам пачуўся рогат, якім дзецюкі даводзілі, што яны прынялі за жарт Аляксеевы словы. Госць затрымаўся каля парога і нейкую хвіліну вадзіў па хаце памутнелымі вачыма. Ён глядзеў на сцены, на столь, на яркі агонь камінка, пакуль не спыніў позірк на старым, што нерухома сядзеў каля сцяны. Госць пачаў паволі апускацца долу. Ён прысеў за бочкай на таку, відаць, на хвіліну толькі прысеў, трымаючы свой кій у апушчаных руках. Увесь ён схаваўся за бочкай, пад якой толькі ўздымалася яго галава, а збоку пабліскваў сталёвы наканечнік кія. На гэтую галаву зірнуў Мікула, прыўзняўшы павекі, і ўжо не адрываў ад яе аслупянелых вачэй. У святле, што наўскос падала на яе ад агню, галава гэтая, акружаная прыцемкам, здавалася, вісела ў паветры і ўпарта, нерухома глядзела на старога Мікулу. Стары падняў руку да лба і раптам прашаптаў:

- У імя Айца і Сына...

Потым рука яго паволі пачала апускацца долу, абяссіленыя пальцы расчапіліся, ажно люлька высунулася з іх і ўпала на зямлю. Ён гэтага не заўважыў.

- Божа літасцівы! - зашаптаў ён зноў і, падаўшыся наперад усім целам, пазіраў на твар, які з другога канца хаты глядзеў на яго і рабіўся ўсё больш падобны на трагічную маску, худую, змарнелую. Косці на шчоках выпіралі пад упалымі скронямі. Твар гэты, поўны бязмежнай тугі, нібы застыў у ціхім рыданні. Скрыўленыя вусны былі моцна сціснуты, аднак ён гаварыў, выразна гаварыў старому:

«Татачка, ці вы пазнаеце мяне? Ох, татачка, успомніце, які я быў калісьці, і паглядзіце, які я цяпер!»

- Божа літасцівы, злітуйся над намі! - прашаптаў стары.

Каля печы зноў хорам выводзілі песню:

Ой, узыдзі, узыдзі, ясны месячэньку, Як млыновае кола, Выйдзі, дзяўчына, сэрца адзіна, Прагавары да мяне слова...

Твар над бочкай, які нібы вісеў у паветры, выразна гаварыў старому:

«А памятаеш, тата, ой, ці памятаеш той летні сонечны дзянёк, калі ты на гару ўзыходзіў, на плячах несучы сетку з рыбай, а я за табою босы бег, і па пяску скакаў, і так крычаў ад радасці, што голас мой званочкамі разлятаўся па вёсцы, паміж соснамі над магілкамі?.. Памятаеш, татка, ой, ці памятаеш?..»

Песня каля печы пад шум калаўротаў мацнела, нарастала, здавалася, што сцены разнясе:

Як мне да цябе выйсці, З табой гаварыці, Калі людзі смяюцца, Што мне з табой не жыці...

Галава над бочкаю, галава, што нібы павісла ў паветры, пачала паволі трэсціся, падміргваючы старому Мікуле вачыма.

«Не жыць мне з табою, тата, не жыць мне ў гэтай хаце, дзе хлеба заўсёды хапае і людзі ў згодзе жывуць, на вясёлыя вячоркі сыходзяцца і весяляцца. Я выпадкова сюды зайшоў, сам не ведаючы, куды іду, абы толькі далей зайсці, уцячы ад таго, што мяне падганяе, ой, так падганяе, ажно мароз па спіне ходзіць, а то агнём пячэ... Я выпадкова сюды прыйшоў і не вытрываў, у хату зайшоў. Ды мне тут не жыць... Я устану зараз і пайду, бо шмат грахоў на свеце нарабіў, дык нельга, каб за іх ды не было ніякага пакарання, тата... Ты ж сам сказаў і асудзіў, што нельга...»

Услед за галавой, што трэслася за бочкай, пачала трэсціся таксама галава старога. Як быццам адказвала, паўтарала:

«Нельга, сынок, ніяк нельга!»

Раптам стары, але дужы Мікула правёў вялікай, жылістай рукой па вачах і пачаў шаптаць заклінанне:

- То і згінь, прападзі, калі ты такі... Цьфу, прывід з таго свету! Якая нячыстая сіла водзіць цябе па свеце? Згінь, прападзі!

Ён павярнуўся шырокімі плячыма да хаты, а да сцяны - тварам, такім змрочным і грозным, нібы навальнічная хмара.

- Згінь і прападзі, калі ты такі... - паўтарыў ён.

Стары прыхіліўся да сцяны вялікім аблыселым ілбом, на якім сабралася можа сотня маршчын і складак. Ён ужо нічога не хацеў ведаць.

Вясёлая, гарэзлівая песня напоўніла хату:

У полі крыніца, У ёй вада сачыцца, Малады малойчык Вельмі лайдачыцца. Рабіць ён не хоча, Ані працаваці, Толькі піць-гуляці, Дзевак намаўляці.

На гэты раз спявалі адны жанчыны. Дзецюкі не толькі не ўторылі ім, як раней, але нават і спеву іхняга не слухалі. Можа, пакрыўдзілі іх жарты з «маладога малойчыка»? Ці, можа, больш пільная, чым песні, справа прыйшла ў іхнія галовы? Яны сабраліся цеснай грамадой, шапталіся пра нешта паміж сабою, часамі выкрыквалі паасобныя словы. Раптам песня абарвалася на палавіне страфы, нібы хто стужку нажом перарэзаў, і ў цішыні, што агарнула хату, пачуўся смелы, ганарысты Аляксееў голас: