Цемра і цішыня ахінулі фальварак у Лясной. Каля парабчанскай хаты начны вартаўнік сек дровы, другі ж за стадолай час ад часу працягла свістаў. Зрэдку вялікі дварняк, што спаў у будцы на саломе, брахаў адрывіста і тут жа змаўкаў. Бахрэвіч, абышоўшы будынкі і зазірнуўшы ў кожны кут, згасіў ліхтар і падняўся на ганак. Аднак у хату не пайшоў, сеў на вузкую лаўку, паставіў каля сябе ліхтар і задумаўся. Толькі што ішоў каля таго месца, дзе колькі гадзінаў таму размаўляў з Хрысцяй, і прыпомніў сабе тую гаворку. Быў ён такі, як ёсць, але злога сэрца не меў. Цэлы вечар, бавячыся з госцем, адведзіны якога прынеслі яму гонар і надзею выдаць замуж адну з дачок, і тады, калі еў з апетытам баранову пячонку, і тады, як з захапленнем слухаў песню: «О, анёле, што з гэтай зямлі...», адчуваў, аднак, што нешта глуха яму дакучае. Цяпер, седзячы на ганку, у густой цемры думаў:
«Што я ёй параджу? Ці ж я магу Піліпку тут чым дапамагчы? Бяруць у войска? Бяруць. Шлюць салдата далёка? Шлюць. Што я за фігура, каб у такія інтарэсы ўмешвацца... Можа, з Капроўскім пра гэта парадзіцца... Пайду, вось, спытаюся, ці не знойдзе ён якой рады... Можа, просьбу падаць ад маткі, каб хлопца па хваробе пакінулі... Але зноў жа, а як Капроўскі, барані Божа, перад Мадзяй прагаворыцца, што мяне гэтая справа абходзіць! Нічога з ім не станецца. Хоць свет паглядзіць і на чалавека выйдзе. Баба - заўсёды баба. Як была заціркай з малаком, так і засталася. Бывала... жывот у мяне забаліць, а яна ўжо так перажывае: ногі мне абдымае, галавой да іх туліцца, як бы ў труну са мной разам кладзецца... Так і за сынамі свету Божага не бачыла і не бачыць, дык і выдумляе невядома што. Сказаў бы Капроўскаму, ды баюся, каб перад Мадзяй... Лепш ужо нічога не буду казаць... Што ўжо там? Баба паплача-паплача, а Піліпка праз пару гадоў і вернецца...»
Махнуў рукой, устаў і пайшоў у дом.
Пакінуўшы фальварак у Лясной, ішла яна раскіслай дарогай па цемры, толькі павольней, як дагэтуль. Нашто ўжо цяпер спяшацца? Вярталася з тым самым, з чым гадзіну таму ішла туды. Нічога не выхадзіла, таму і прыгорбілася яе высокая постаць і стала цяжкай хада. Цемра ўсё гусцела, узняўся вецер і пачаў падаць дробны дождж. Сярод пустых і чорных палёў абсаджаная дрэвамі дарога з Лясной да Вулькі здавалася доўгім тунелем, над якім сярод расплаканых аблокаў не свяціла ніводная зорка і ў глыбіні якога павольна сунулася жаночая фігурка, самотная і вельмі ж дробная ў параўнанні з навакольным абшарам цемры і пусткі.
- Такая доля мая, як гэтая ночка! - сказала напаўголаса яна, і магло здацца, што вецер, які ў тую хвіліну пралятаў над дарогай, падхапіў гэтыя словы, панёс іх на густое поле, круціў іх там, як сухія лісты, з шэптам, уздыхамі і енкам. Калі заенчыў вельмі гучна, жанчына перажагналася: - У імя Айца і Сына і Святога Духа... - прамовіла зноў напаўголаса.
Можа, думала, што там ў начной цямрэчы заенчыла ад пакутаў чыясьці душа. І замаўчала. Вецер усё мацней пачаў шкуматаць яе сярмягу, хустка ў яе на галаве так змокла, што струмені вады з яе ліліся на вушы і шыю. З-пад босых ног пырскалі з лужынаў фантаны рэдкай гразі. Прайшоўшы тры вярсты, што аддзялялі Лясную ад Вулькі, яна зноў пачала гаварыць сама з сабой:
- От, яшчэ не спяць! Можа, дзіцятка хворанькае!
Гэтыя словы выклікала маленькае чырвонае святло, што блішчала сярод цёмных збудаванняў Вулькі. Яна сышла з дарогі і крыху прайшла па заараным загоне, пад сцяной пуні ці аборы, потым пералезла праз нейкі невысокі плоцік і, гэтак скараціўшы сабе дарогу, апынулася перад дзвярыма таго дома, у невялічкім акне якога мігцела тое святло. Гэта быў так званы чацвяртак, дзе знаходзілася жыллё для сем'яў чатырох парабкаў. Кожная сям'я павінна была там мець пакой і каморку з асобным уваходам. Аднак вулькаўская гаспадарка вымагала васьмі парабкаў, а чацвяртак быў там толькі адзін. Кіраўнік маёнтка быў чалавек ашчадны, і яму не хацелася будаваць тут другі будынак. На сесіі аканомаў, што адбывалася пад ягоным старшынствам штосуботы, калісьці запытаўся ў Бахрэвіча:
- Што рабіць? Будаваць у Вульцы другі чацвяртак ці не?
Мадзін мужык добра ведаў усе схільнасці і норавы свайго начальніка. Падумаўшы крыху, адказаў:
- Не будаваць, яснавяльможны пане. Навошта будаваць?
- А як жа будзе?
- У кожнай кватэры размесцім па дзве сям'і.
- Праўда? А ці змогуць яны там змясціцца?
- Ой-ой! Чаму ж гэта ім не змясціцца? Ці ж ім выгоды якія патрэбны?
Яны і сапраўды змясціліся, бо што ж было рабіць? Парабак ёсць парабак, таму што быць ім павінен, ці тут, ці там, але павінен. З другога боку, у Вульцы было не горш, чым дзе-небудзь, з жыллём і ў іншых месцах было не лепш. Адным у Вульцы за год службы станавілася прыкра, і яны пакідалі яе, другія сядзелі тут па шмат гадоў, як ужо каму выпадала. Ясюк служыў тут даўно, жывучы то з тымі, то з іншымі людзьмі. Год таму пасялілі да яго маладога парабка Антося і ягоную маці Хрысціну, якіх перавялі сюды ад іншага парабка - Максіма, бо Максім абзываў Антоську крапіўнікам, а Максіміха пару разоў цягала па хаце за валасы Хрысціну, прыгадваючы той усё: якой яна была і адкуль сваіх двух сынкоў прынесла. Ясюкі былі людзьмі спакойнымі і ўмелі жыць у згодзе з усімі. З Хрысцінай і яе сынам нават пасябравалі, можа, таму, што маці маладога парабка не толькі ніколі першай сваркі не пачынала, але, нават калі яе чапалі, маўчала. Дзяцей Ясюковых яна вельмі палюбіла і дапамагала мацеры іх даглядаць так, як быццам яны не былі чужымі. Цяпер, паказаўшыся ў дзвярах, павіталася:
- Хай будзе пахвалёны...
- На векі вякоў, - адказалі ёй тры мужчынскія галасы і адзін жаночы.
Як выглядала хата? Была яна вялікая, але вельмі нізкая, з закурэлымі да чарнаты сценамі і столлю, з глінабітнай падлогай і адным невялікім акном, праз рамы якога дзьмуў сакавіцкі вецер. Бахрэвіч праўду казаў: «Ці ж ім выгоды якія патрэбныя?» Маглі б паабтыкаць акно так, каб божыя вятры не заляталі ў хату, але не рабілі гэтага. Можа, не мелі чым, а можа, так ужо зжыліся з ветрам, што прымалі ягоныя адведкі без прыкрасці. Гэты пакой хоць і быў досыць вялікі, але рабіў уражанне надта цеснага, найперш з-за нізкай столі, а яшчэ таму, што напаўняла яго мноства гаспадарчых прылад і жыўнасць. Былі там лаўкі, сталы, двое кроснаў, балеі, вёдры, чыгуны, прылады для цёркі і часання лёну, матавілы, бочкі з квашанымі буракамі і капустай, мяшкі з бульбай, збожжам, мукой і г.д. У куце стаяла печ з чорнай, як пекла, сярэдзінай з падпечкамі і прыпечкамі. На печы былі відаць чатыры босыя дзіцячыя ножкі, што вылазілі з-пад саматканых кашуль, пад печчу спалі тры курыцы і адзін пеўнік, на палку ляжала жанчына пад саматканай коўдрай і худой цёмнай рукой калыхала сплеценую з лазы і падвешаную вяроўкамі да столі калыску. У калысцы спала немаўлятка, якому было толькі некалькі дзён. Гэтая жанчына была Ясюковай жонкай, слабая яшчэ пасля нядаўніх родаў. Звычайна не рабіла яна сабе такіх цырымоній, каб некалькімі днямі ляжання плаціць за тое, што прывяла на свет новага чалавека. Паляжыць дзень які, дый годзе! Калі ўставала, то не для ўсякай работы, а хаця б абіраць бульбу, гатаваць ежу, даглядаць старэйшых дзяцей. Гэтым разам, аднак, аслабела надаўжэй, чым звычайна: схуднела і неяк збялела. Невядома чаму. Можа, так сабе проста па Божай волі, а можа, і таму, што роды былі цяжкімі і доўгімі і пакліканая з суседняй вёскі знахарка, на хвіліну, на адну толькі хвіліну, падвесіла яе да столі нагамі ўверх... «Каб толькі дзіцятка ў жываце выпрасталася!» - казала. Дзіцятка і сапраўды, відаць, выпрасталася, бо на свет прыйшло жывое і здаровае. Але маці ніяк не магла ачуняць і ўсё яшчэ ляжала, а паколькі ў той дзень і другая гаспадыня хаты адсутнічала, то вячэра значна спазнілася. Ясюк і Антосік пачалі яе рыхтаваць, вярнуўшыся з поля, якое аралі да змроку, а потым яшчэ кармілі і паілі сваіх коней, а потым ставілі плугі ў належнае месца і трошкі пасварыліся з іншымі парабкамі перад дзвярыма ўжо за нейкую вязку сена. Цяпер перад агнём, што гарэў у печы, час ад часу памешваючы нешта драўлянай лыжкай у чыгунах, стаяў толькі Антосік, прыгожы малады парабак, з светлымі, ільнянымі валасамі і агністым паглядам блакітных вачэй. Ясюк, вусаты і плячысты мужчына, з чорнай шчэццю на смуглявым твары і цёмнымі быстрымі вачыма, сядзеў на лаве за сталом і гаварыў з чалавекам, які з выгляду быў поўнай яму процілегласцю. Моцны і плячысты парабак выглядаў стомленым і апатычным. Сядзеў згорбіўшыся, расклаўшы на стале локці, і глядзеў з-пад густых броваў досыць лагодна, але хмурна і як бы недаверліва. Госць жа, наадварот, быў хударлявы, рухавы і выпрамлены, немалады бледны твар яго з доўгім носам і барадой клінам, аздабляла сівая шчэць. Маленькія шэрыя вочы глядзелі смела, нават трошкі нахабна, часам мільгала ў іх жорсткасць і хцівасць. Адзенне ягонае было з жоўтага сукна і зусім іншага фасону, чым сялянскія сярмягі, паблісквала металёвымі гузікамі і бронзавым медалём, навешаным каля пятліцы. Ужо толькі зірнуўшы на яго, па выпрамленай і мускулістай постаці, па выразу вачэй і крою адзення можна было распазнаць у ім былога салдата.