Выбрать главу

- А пашпарт, пане, у вас ёсць? Пакажыце, пане, пашпарт, каб мы ведалі, хто вы такі!

Стары Мікула зноў павярнуўся тварам да хаты, палажыўшы на калені вялікія рукі, сядзеў выпрастаны і з-пад цяжкай хмары маршчын пазіраў на тое, што рабілася ў хаце.

Амаль каля самых дзвярэй шэсць мужчын акружылі бочку, над якой некалькі хвілін таму назад уздымалася толькі госцева галава. На чале мужчын стаяў Аляксей, у расшпіленым кажусе, з папяросай у зубах. Ганарыста адкінуўшы галаву, ён звяртаўся да госця. Іншыя паўтаралі за ім:

- Пашпарт пакажыце! Цяпер без пашпарта нікому не дазволена валачыцца па свеце...

- Можа, ты Бог ведае хто, - груба, панура крыкнуў бондар, - а мы адказваць будзем за тое, што цябе не злавілі...

- Можа, ты той самы Бонк, якога ловяць за нявінную людскую кроў, - намагаючыся перакрычаць іншых, загаварыў Дзям'ян. Нездарма называлі яго разумным Дзям'янам. Гэта ён першы, зірнуўшы на госця, што сядзеў за бочкай, шапнуў Аляксею і бондару, нібы загадваючы новую загадку:

- А можа, гэта Бонк?

З-за бочкі ўсхапіўся чалавек. Люта, як у загнанага звера, заблішчалі яго вочы, ноздры раздзьмуліся, ён моцна вылаяўся. Усхапіўся, кій з жалезным наканечнікам падняў і, размахваючы ім шырока, кінуўся да дзвярэй. Але хлопцы ўмомант схапілі яго за рукі. Пачуліся крыкі:

- То ты такі! Замест пашпарта кій нам паказваеш! Ого-го! Добрая ты, відаць, птушка...

- Бонк, напэўна, Бонк! Лавіце, трымайце!

- Трымайце, людзі, хто ў бога верыць, не пускайце яго!

Перапалоханыя, анямелыя ад жаху дзяўчаты збіліся чародкай каля печы, нібы авечкі. Ульяна ад страху нават на печ палезла. Дзве дзяўчынкі прыпалі да зямлі і схавалі тварыкі ў матчынай спадніцы; маці стала перад агнём і, склаўшы на грудзях рукі, глядзела цёмнымі, задуменнымі вачыма на тое, што рабілася каля дзвярэй. Толькі баба Настуля нічога не бачыла і нічога не чула. Прысланіўшы да печы галаву, яна спала, часам толькі нешта мармычучы ці падпяваючы.

Каля дзвярэй ішла тузаніна. Госця не так лёгка было схапіць. Моцны, пругкі, хоць і худы, натрэніраваны ў бойках, ён вырываўся з рук, што хапалі яго, біў нападаючых локцямі і нагамі. Ад гэтага яшчэ больш расла іх заўзятасць. Хлопцы крычалі і лаяліся. Нарэшце Аляксей першы, а за ім бондар - самыя заўзятыя або самыя дужыя - абхапілі яго так моцна і спраўна, што той і паварушыцца не мог.

- Пастронкі! - крычалі яны. - Гэй, бабы, пастронкі давайце!

Хрысціна аднак не расчапіла рук. Яна глядзела, глядзела, а задуменныя вочы нібы паўтаралі:

«Такі ж і гэтага маці калісьці на руках насіла і калыхала!»

Ад печы пачуўся дрыготкі голас соннай бабы Настулі:

Не грайце, браточкі, не грайце, Сэрцайка майго по разрывайце...

А з чарады мужыкоў пачуўся пакорлівы, умольны голас, што дрыжаў ад страху:

- Пусціце мяне, людзі добрыя, калі ёсць бог у вашых сэрцах. Я вам нічога дрэннага не зраблю, пайду адсюль, адразу пайду навечна, з вачэй прападу, толькі пусціце. Ой, пусціце!..

Мужчыны зарагаталі здзекліва, пагрозліва і зноў загадвалі бабам прынесці пастронкі. Але старога Мікулу гэты дрыготкі, умольны голас, што даносіўся ад дзвярэй, нібы чароўнай сілай падняў з лавы. Гаспадар устаў ва ўвесь рост, замахаў рукамі, разявіў рот і, нічога не сказаўшы, зноў сеў на лаву. Баба Настуля зноў ціха заспявала праз сон:

Не грай, татачка, не грай, Сэрцайка майго не разрывай, Мяне браточкі забілі...

Аляксей пабег у сені, відаць, па пастронкі, якіх жанчыны не падавалі. Злоўлены зноў пачаў тузацца і трохі выхіліўся з рук, што акружылі яго. Ён змалеў, скурчыўся, плечы ў яго хадзілі, і галава была ўтулена ў плечы, нібы скура яго ўздрыгвала пад ударамі бізуноў. Твар смяртэльна збялеў, вусны скрывіліся, скура па лбе захадзіла - то паднімалася да залацістых валасоў, то ападала да вачэй, якія кідалі навокал умольныя позіркі. Здавалася, што пакуты ўсяго свету ўвасобіліся ў ім, гэтым убогім гаротніку.

- Я выпадкова да вас зайшоў, - задыханым голасам гаварыў ён, - выпадкова, на гадзінку, без ніякага дрэннага намеру... Каб толькі адпачыць... І я адразу пайду... пайду... Нічога дрэннага не зраблю... Толькі пусціце мяне, калі ў вас бог у сэрцы ёсць, калі хоць кропля літасці... Дзеля збавення душы... пусціце... Дзеля пакут Хрыста нашага... Ой, людзі!..

Хрысціна ўголас прагаварыла:

- А такі ж і гэтага маці калісьці на руках насіла і калыхала...

А побач, амаль каля самай зямлі, сонная баба Настуля мармытала напеўна:

Браточкі мяне забілі, Нож у сэрца ўсадзілі...

- Годзе! - пачуўся над усімі галасамі голас, прызвычаены загадваць. - Годзе! Пусціце яго, расступіцеся і пусціце!

Мікула зноў устаў з лавы, ды ўжо не апаў на яе, як раней, але цяжкі, вялікі, у белай вопратцы, падперазанай цвёрдым поясам, выпрастаны, хоць і апусціўшы да грудзей галаву, ён выйшаў на сярэдзіну хаты.

- Пусціце яго і расступіцеся! - паўтарыў ён.

Пастаяўшы хвіліну, здзіўленыя мужчыны нерашуча расступіліся. Адзін Аляксей, які вяртаўся з вяроўкамі з сяней, паспрабаваў супраціўляцца:

- Гэта ж Бонк, бацька! Далібог, Бонк!

Стары змрочна зірнуў на яго.

- Маўчы! - сказаў ён і падняў свае бліскучыя ад гневу вочы на чалавека, што стаяў, згорбіўшыся, перад ім.

- Ідзі, - сказаў ён, - ідзі...

Хвіліну пазней ён закончыў:

- І больш не грашы!

Аднак той не ішоў. Глядзеў на старога, а потым, ступіўшы шырока наперад, рынуўся на зямлю і прыпаў вуснамі да вялікай, босай, запыленай Мікулавай нагі. Слёзы гарохам каціліся па шчоках старога. Мікула хутка засунуў руку за кашулю, у руцэ яго зашамацелі паперкі. Ён нахіліўся да ляжачага і адразу выпрастаўся.

- Больш не грашы! - паўтарыў ён і настойліва, нібы ад страху, прагаварыў некалькі разоў:

- Ідзі... ідзі ж... Хутчэй ідзі...

Праз момант, сплятаючы вялікія рукі, дакончыў шэптам:

- З Богам!..

* * *

Ноч была цёмная, неба закрывалі хмары, не свяцілася ніводная зорка. Гойсаў свавольны вецер, круціў, уздымаў угару слупы грозных шумаў, стогнаў, завыванняў, посвісту, спяваў у глыбокай катлавіне, на дне якой ляжала шырокае рэчышча замерзлай ракі. Нізка над самым рэчышчам зноў ішоў чалавек, зусім самотны.

На цьмяным фоне снегу ён быў падобны на тонкую рысу, якая хутка перасякала густую, аднак не такую чорную, як яна, цемру. Высокія сцены, што ўзвышаліся паабапал катлавіны, рабілі чалавека яшчэ меншым. Ён здаваўся маленькай драбніцай, якая плыла па моры бязмежнай велічыні. Вялікае мора ночы і адзіноты абдымала яго з усіх бакоў. Моцны, шумлівы вецер, здавалася, нясе яго па гэтым шырокім, дзікім, змрочным свеце, перад сілай, пагрозай і веліччу якога ён быў кропляй, крушынкай, зярняткам пяску, каліўцам травы, якое ўпала ў бездань...

1887

Тадэвуш 

Хвядора, жонка парабка Клеманса, падмяла гліняную падлогу хаты, смецце згарнула ў куток, не збіраючыся выкідваць яго за парог, бульбяное лупінне ўсыпала ў цабэрак з памыямі і паставіла гэты харч для каровы пад лаву. Тады засланіла драўлянай засланкай печ, дзе стаялі два добрыя гаршкі з ужо згатаваным для сям'і абедам. У адным з тых гаршкоў быў боршч з бацвіння і бурачнага квасу, у другім - ячны крупнік з бульбай: па звычаю мясцовых сялян - адна страва кіслая, а другая прэсная. Спажыць іх прыйдзецца апоўдні, а цяпер яшчэ ранняя раніца. Але Хвядора павінна была ўжо ісці з дому, бо на сёння яна нанялася палоць панскія грады, а муж яе, Клеманс, ужо з гадзіну араў каля маёнтка пад асеннюю сяўбу.