Гэта была маладая сялянка, высокая, дужая, смуглявая з твару, з агрубелымі рукамі, цяпер яшчэ чыстымі, бо яна толькі што брала ваду і памылася каля студні. Праз грубую смуглявасць яе шчок прабіваўся моцны румянец. Нізкалобая, з малым, задзёртым носам і тоўстымі губамі, плячыстая і з вялікімі, расплясканымі ступакамі - яна не была красуняй, ды ад яе ішлі здароўе, сіла і свежасць. Вопратка жанчыны складалася з кароткай і стракатай спадніцы, з шэраватай, тоўстай кашулі і паласатага, шырокага фартуха з саматканымі, рознакаляровымі махрамі, якімі Хвядора ў некалькі столак апяразвала свой стан. На шыі ў яе пабліскваў медальёнік, а на галаве была хустка з чырвонымі кветкамі, так завязаная на патыліцы, што над ілбом відаць былі дзве шырокія пасмы валасоў, густых і чорных, але парудзелых і без бляску.
Прыбраўшы ўсё на той час, калі самой не будзе дома, яна схілілася над гліняным начыннем, што стаяла на зямлі, і, наліваючы з аднаго з іх малака ў гарнушак, пачала клікаць:
- Тадэвуш! Тадэвуш!
Цяжка было здагадацца, каго яна кліча, бо ў хаце як быццам нікога ўжо не было. Але так толькі здавалася. Праз момант на шырокім палку, які замяніў тут ложак, пад радном - вялікім кавалкам шэрага палатна, якое пакрывала сяннік і напханую сенам падушку, - пачала варушыцца нейкая жывая істота. Спачатку прысутнасць яе выдавала толькі шалясценне сена і надзіманне ды ападанне складак радна. Пасля над палком і радном узняўся з гудзеннем чорны рой мух, а з-пад палатна пачалі паказвацца два малыя чорныя ступачкі і дзве таксама маленькія ручкі, а потым рог радна зусім адхіліўся, і ў сонечнай паласе на палку паказалася дзіця, якое перш за ўсё запусціла ручкі ў раскудлачаныя валасы і, ці то плачучы, ці то смеючыся, азвалася:
- Мама!
Калі б ён не пабачыў яе, напэўна, зароў бы на ўсю хату, аднак яна якраз ішла да яго з гарнушкам малака, дык ён і засмяяўся гучна, радасна:
- Дайце, мама, дайце!
У сонечным святле і мушыным гудзе малы сядзеў на напханай сенам падушцы, утапіўшыся ў складках радна. Яго чупрынка, светлая, як лён, і вельмі раскудлачаная, натапырвалася ва ўсе бакі, вочы свяціліся бірузой, хоць і былі яшчэ заспаныя, а пунсовыя вусны былі нібы акантаваныя чорным, як у негра. Учора ён, відаць для забавы, абмазаўся тлустай, ліпкай зямлёй - і губы, і падбародак, і кончык носа. Шчокі нейкім дзівам былі не ўмазаныя і з-пад загару, поўненькія, гарэлі румянцам.
Хлопчык нарадзіўся на грамніцы, і было яму два гады і дваццаць два тыдні. Ужо больш за год ён не ссаў матчыных грудзей, але затое штодня, як і ў гэты вось момант, прысмоктваўся да краёчка гарнушка, які маці трымала каля яго рота, і піў малако паволі, са смакам, растапырыўшы пальчыкі рук, выставіўшы з-пад радна голае калена, і глуха пастогнываў, выказваючы такім чынам поўнае задавальненне.
Гэта быў Тадэвуш.
Выпіўшы малако, ён меў выразны намер зноў нырнуць з галавою пад шорсткія хвалі радна, але Хвядора крыкнула на яго, каб зараз жа ўставаў, бо як не, то адлупцуе дзягай.
Праўда, калі яна так сурова крычала на яго, у шэрых вачах яе мільгала пяшчотнасць, а куточкі вуснаў дрыжалі ад усмешкі.
Тым не менш Тадэвуш хуценька ссунуўся з палка і выбег на сярэдзіну хаты, бо дагэтуль дзяга была для яго найбольшай бядой у зямным існаванні.
Хаця прылада гэтая выглядала даволі прыемна - тыя ж рознакаляровыя махры фартуха, што тройчы абвівалі тоўсты стан яго маці, - як толькі яна, Хвядора, пачынала іх развязваць, Тадэвуш быў гатовы зрабіць усё, чаго ад яго патрабавалі. Босы, у кароткай кашулі, распатланы, з чорным падбародкам і носам, гойсаў ён цяпер па хаце, разганяючы процьму мух, круцячыся каля мамы, якая старанна накрывала збаны з малаком і адкройвала ад вялікага бохана маленькія лустачкі хлеба. Хаваючы адну такую лустачку пад кашулю, яна сказала:
- Ну, хадзем, сынок!
- Да таты? - спытаўся ён.
- У сад, - адказала яна.
Маці заўсёды брала яго з сабой на жніво і поліва. А што было з ім рабіць? Пакінуць у хаце? Хату трэба ж было замыкаць, а дзіця не будзеш марыць пад замком. Пусціць на панскі дзядзінец, каб там ён поўзаў, як шчанё, па крапіве - таксама шкада. Дык і брала яго з сабой. Прыбіраць яго неяк, выводзячы ў шырокі свет, нават і не думала. Увесь Тадэвушаў туалет адбываўся адзін раз у тыдзень, у нядзелю раненька, тады ўжо вельмі энергічна і старанна, пры дапамозе балеі, напоўненай вадою, і вялікага грэбеня, не без супольнага крыку сына і маці, а часамі і не без дзягі. А сёння была пятніца, і таму чысціня Тадэвушавай кашулі, а таксама і ўсяго яго цела ўступала ў шосты дзень свайго існавання, а калі дакладней - зусім ужо не існавала.
Ды гэта нічога. Учапіўшыся за матчыну спадніцу, ён бег на панскі дзядзінец, смешна перабіраючы ножкамі, каб паспець за спорнай хадою маці, а па дарозе любаваўся то пеўнем, які, лапочучы агністымі крыламі, гучна закукарэкаў, то катом, які куляўся на паветцы, то карагодам качак, што паволі брылі па траве, схіляючыся да зямлі шырокімі дзюбамі, то голубам, які ўзняўся са страхі «чварака»* і кружыў над ёю, то індычкай, што цёўкала на індычанят, каб ішлі за ёю ў густую клумбу бэзу і глогу, то Рубінам, старым сабакам з вялізным калматым хвастом, які прыязна аціраўся аб Хвядорыну спадніцу і ішоў за маткай і дзіцем паволі, апусціўшы галаву і дазваляючы дзіцячай ручцы гладзіць яго па калматай і роснай поўсці.
* Чварак - памяшканне для батракоў.
Краплістая раса яшчэ блішчала на кустах і траве панскага дзядзінца, які, нягледзячы на ўсё сваё птушынае ды звярынае насельніцтва, быў атулены цішынёй і пустыннасцю. Усе людзі пайшлі ўжо адгэтуль на працу. Шырокія дзверы гумна, канюшняў і кароўнікаў былі пазачынятыя, сям-там толькі стаяў над комінам дым, залаты ад сонца, або якая-небудзь гаспадыня, што засталася дома, выходзіла на парог, каб пляхнуць памыямі ці мыльнай вадою з балеі ды паклікаць курэй, сыпануць ім вымеценую дзесьці жменю леташняга паследу.
На шырозныя, пазамыканыя будынкі, на траву, пакрытую расой і шорсткімі кустамі лопухаў, хрэну і асоту, на кветнікі бэзу, што адцвіў, і глогу, што яшчэ цвіў, на белыя сцежкі, пратаптаныя ва ўсе бакі, і на нізкія плоцікі, што акружалі дзядзінец, - на ўсё гэта апала вялізная посцілка сонечнага святла, якое ўздрыгвала мірыядамі іскраў, спяваючы ў глыбокай цішыні шэптам амаль нерухомай лістоты, галасамі птушак і звонам машкары. Хутка ідучы, Хвядора азвалася:
- Дзень які, божа міленькі!
Тадэвуш нічога не адказаў на гэтыя словы маці, бо зусім не думаў пра тое, што надвор'е сёння добрае. Ён толькі адчуваў яго ў самім сабе. Поячы раскошай усё яго малое цела, пагода ўздымала ў ім жаданне жыць і рухацца. Пусціўшы падол матчынай спадніцы, ён пачаў куляцца, як жарабя, пабрыкваючы нагамі. Калі ж маці была ўжо далекавата, - ён даганяў яе, трасучы сваёю льняною грывай, з гучным крыкам і смехам, з вачыма, поўнымі сонца і шчасця. За брамай яны ішлі трохі па дарозе, абсаджанай таполямі, а потым пасталі абое і раптам спаважнелі.
На Тадэвушавым тварыку спаважнасць гэтая відаць была па вытрашчаных вачах і разяўленым роціку. А твар яго маці выказваў пакору і набожнасць.
Яны стаялі ў падножжы каплічкі, якая складалася з падмурка і драўлянай нішы, што ўздымалася над падмуркам. На беразе нішы, сярод букетаў штучных і жывых кветак стаяла статуя багародзіцы, няўдала выразаная з дрэва, з ярка намаляваным тварам, вельмі старая. Над галавою статуі паблісквала карона з серабрыстай бляхі, а ад шыі і да самых ступакоў аплываў плашч з чырвонага аксаміту, аблямаваны навокал пазалочанай тасьмой.
Каплічка гэтая была высокая і пабудаваная такім чынам, што бокам яна стаяла да дарогі, а адтулінай нішы - да маёнтка, над якім узвышалася і бачная была з кожнага месца.