- Дзяўчаты, гэй, дзяўчаты! Не лянуйцеся! Час дарма траціце! То ж гэта грэх!
Або:
- Бабы! Гэй, бабы! Не балбачыце там! Няўжо вам не брыдка? Грошы за што бераце? То ж гэта грэх!
Нехта мог бы падумаць, што ён вельмі ж клапоціцца пра збавенне гэтых жаночых душ, - бо падганяе толькі адным аргументам. Але на галовы, што выглядалі як казачныя півоні, аргумент гэты ўплываў, відаць, станоўча, бо твары сялянак абліваліся потам, карычневыя і да каленяў заголеныя ногі іх рухава бегалі па ўзмежках, а зялёны гушчар на загонах што раз, то ўсё быў радчэйшы, і ўсё больш чыстай зямлі чарнелася ў зеляніне.
Хвядора працавала як усе, можа, і больш за ўсіх, бо была незвычайна дужая і руплівая. Аднак некалькі разоў яна перапыняла на момант працу па дзвюх прычынах.
Спачатку серабрысты на сонцы дом са сваім цяністым ганкам здаваўся ёй проста цудоўным, і яна не магла не зірнуць на яго час ад часу з вялікай прыемнасцю.
З гадзіну таму назад на цяністым ганку паказаліся дзве жаночыя постаці. Яны і засталіся там. Здалёк нельга было заўважыць іх рысаў, убачыць, што тыя жанчыны робяць, але ў рамах, сплеценых з зеляніны павойніку, ды ў светлых сукенках яны нагадвалі Хвядоры святыя малюнкі. Потым адна з іх збегла па шырокіх сходах і пачала зразаць з высокіх кустоў яркія вяргіні і ружы. Сукенка яе здавалася залацістай, а твар і рукі беласнежнымі.
Але яшчэ больш, чым гэты малюнак, Хвядорыну працу перапыняў Тадэвуш. Ужо тройчы пасля таго, як яны прыйшлі сюды, ён выбухаў слязлівым крыкам. Хлопец хацеў да бацькі, басавітае пакрыкванне якога час ад часу даходзіла сюды, хацеў і да маці, якая ўсё хадзіла з месца на месца, забараняючы яму узлазіць на загоны, і Бог ведае чаго яшчэ ён хацеў. Ці то было яму загорача, ці сумна, ці крапіва апякала голыя ножкі. Вось ужо трэці раз малы пачынаў верашчаць.
Першы раз Хвядора занесла яму лусту хлеба і пагладзіла па галаве:
- Ціха, сынок, ціха! Калі будзеш харошы, дык татка цябе і сёння на каня пасадзіць!
Супакоены, заткнуўшы рот хлебам, ён змоўк. Калі ж другі раз над агародам пачуўся яго плач, Хвядора ўзняла над загонам галаву і крыкнула:
- А ну, ціха! А то дзягай як дам!
Ён зноў аціх.
За трэцім разам Тадэвуш дарма галасіў некалькі хвілін. Хвядора адносіла пустазелле ў кут агарода, пад ліпы, а «пан намеснік» крычаў:
- Бабы! Эй, бабы! Завіхайцеся! Бог ёсць на небе, а вы час марнуеце! Гэта ж грэх!
Хвядора, каб не нарабіць граху, хутка вярталася на свой загон, а Тадэвуш ужо без абяцанкі пра каня і дзягу ўсцешыўся, ды так усцешыўся, што ажно рагатаў. Рассмяшыла малога так моцна сінічка з жоўтым жывоцікам і блакітнымі крылцамі, якая зусім блізка ад яго выпырхнула з ляшчэўніку і знікла ў гушчары маку.
Хлопца штосьці пацягнула за гэтай птушкай у мак. Устаў з травы і хуценька пабрыў у густым каліўі, угары аздобленым кветкамі з рознымі адценнямі барвовасці. Толькі паспеў Тадэвуш прайсці некалькі крокаў - сінічка зноў пырхнула і знікла. Яна, відаць, ужо вылецела з маку, панесла чарвяка ў гняздо ў густым ляшчэўніку, але ён гэтага не ведаў. Яму захацелася дагнаць яе, а можа, толькі паглядзець. Малы брыў далей, ломячы калівы маку, але ніхто гэтага не бачыў і не чуў. Ён жа быў такі малы і шархацеў не больш, чым сінічка. Але ісці было чым далей, то ўсё цяжэй.
Унізе ў гушчары было зелле, што блытала яго малыя ножкі. Хлопец паваліўся, але не закрычаў, нават не выдыхнуў гучней - так яму захацелася знайсці і зноў спалохаць сінічку. Не могучы з-за гэтага зелля ісці, пачаў паўзці ў гушчары і рабіў гэта ціхенька, вылупіўшы вочы і рухаючы галавой, як кот, калі ён падкрадаецца да мышы ці птушкі. Часамі з высокіх каліваў маку асыпаліся кветкі, холадна датыкаючыся да яго плячэй і галавы. Тады ён спыняўся і, не паднімаючыся з каленяў, рукамі ўспёршыся на зямлю, разявіўшы рот, глядзеў угару. Сінічкі не бачыў, але затое мноства чырвоных і ружовых плямак калыхалася над ім на фоне неба, такім жа блакітным, як і вочы хлопчыка, што ўзіраўся на яго. Потым, калі ён яшчэ трохі прапоўз на каленях і руках, перад ім раптам расчынілася сцяна высокіх каліваў і паказалася вялікая вольная прастора. Адразу ж яго ахутала моцным пахам кропу, кмену, каляндры, пятрушкі і асвяціла жаўцізною мноства кветак - цвілі агуркі і настурцыі. Невядома, якім чынам там апынулася і некалькі кустоў наготак. Словам - так жоўта, як ніколі яшчэ ў жыцці. Усцешаны, Тадэвуш усхапіўся на ногі і, працягнуўшы рукі, пабег проста да наготак. Як нядаўна захацелася сінічкі, так цяпер наготак. Напэўна ж, ірваў бы ён іх аберуч, поўнымі жменямі, але праз некалькі крокаў спыніўся так спалохана, што нават не змог закрычаць.
Тое, што моцна яго напалохала, было адначасна вельмі цікавае. Складалася гэтае дзіва з высокай тычкі, на канцы якой высока чарнела некалькі невыразных лахманоў і, як абтрапаныя рукі, калыхаліся два саламяныя вехці. Гэта было пудзіла на вераб'ёў, аднак Тадэвуш не ведаў яшчэ гэтага ваеннага прыладдзя агароднікаў. Моцна прыціснуўшы да шчок кулачкі, ён стаяў нейкі момант, глядзеў на саламяныя вехці, добра не ведаючы, ці ўцякаць, ці яшчэ паглядзець на гэтую незвычайную з'яву. Пудзіла напалохала яго больш, чым вераб'ёў, супраць якіх было пастаўлена і якія так ужо з ім асвойталіся, што цэлай хмарай з крыкам уздымаліся над тычкамі з цукровым гарошкам ці зноў ападалі на гэтую смакату.
Крычалі яны так моцна і было іх так многа, што хоць Тадэвуш і ведаў ужо гэты від птушак, якія называюцца вераб'і, але, паколькі ніколі іх так многа за раз не бачыў, яны адвялі яго вочы ад высокай тычкі са страшным пудзілам.
Увесь указальны палец ён утапіў у адкрытым роце і пазіраў, як лётаюць, крычаць і аб'ядаюць гарошак вераб'і, нават, здаецца, пра штосьці глыбока разважаў. Задуменным зрабіўся яго твар, на якім цяпер ад слёз, што змяшаліся з пяском, не было мясцінкі не шэрай ці не чорнай. Сярод гэтых густых плям і малюнкаў відаць было трохі румянцу на шчоках, пунсовыя берагі губак і блакітныя вочы, вельмі задуманыя. Думаў ён доўга, не вымаючы пальца з рота. Што ж? Калі вераб'і могуць лятаць вакол гэтага пудзіла, дык чаму ж яму не паляцець? Зялёныя стручкі гароху вельмі смачныя. Ён ведаў гэта з уласнага вопыту, бо аднойчы бацька прынёс іх яму з поля цэлую жменю. Ого, такія рэчы не забываюцца! Ён добра памятаў, які смачны быў гэты гарох. Тут некаторыя струкі віселі высока, а некаторыя зусім нізка. «Не, палячу!»
І ён прыпусціўся разорамі па кропе, кмене, каляндры, пятрушцы, агурках, настурцыі... Аднак зашмат тут усяго, каб можна было «ляцець»... Загоны былі багатыя, а разоры вузкія і зарослыя зеллем. Замест таго, каб ляцець, ён ішоў, часамі падаў, а часамі поўз. Дайшоў, аднак, да гароху, і якраз тады, калі хмара вераб'ёў з крыкам узлятала над тычкамі, ён лез нізам, сям-там зрываў зялёныя струкі і прагавіта хапаў іх у рот.
Цяпер ён быў ужо далёка ад жанчын, якія палолі. Яго аддзяляла ад іх значная прастора і хавала сцяна маку, гушчар белага кмену і жоўтага кропу і, нарэшце, цэлы лес гароху ды фасолі. Бо за гарохам расла фасоля, таксама на тычках, толькі яшчэ без струкоў, з чырвонымі, ружовымі і белымі кветкамі. Вераб'ёў таксама не было, бо не было чаго кляваць, і Тадэвуш неўзабаве заўважыў, што ён ужо выйшаў з гарохавага раю. Аднак малы так удосталь наеўся, што адчуваў паднябеннем салодкую смакату і было яму вельмі весела.
Фасоля расла радзей, чым гарох, і ён лягчэй, нават з падскокамі, прайшоў гэты мілы гаёк, а пасля на ўскраіне яго заўважыў такую прастору, на якой ужо не было ніякай гародніны. Гэта быў край агарода, спалучаны з паркам і радам цяністых ліп. Гародніны ўжо не было... Але што гэта так паблісквае ў траве?