Выбрать главу

Паблісквала вада, не так ужо і шмат вады. З тых каналаў, што ўпрыгожвалі парк, вада па нейкай нізінцы збегла ў ямку, якую, можа, сама і выбіла, а можа, ямка тая і раней была выкапана для чагосьці. Словам, гэта была ні больш ні менш, а яма з вадою. Але на гэтым адхоне, паблізу каналаў, заўсёды мокрым, раслі два вялікія кусты каліны, насеялася процьма незабудак, скакала ў траве вельмі многа жабаў.

Тадэвуш, уздымаючы ручкі да валасоў, закрычаў:

- Ай, ай, незабудкі!

Ён ведаў гэтыя кветкі таксама, як вераб'ёў і гарох. Бо іх было поўна ў яры над ракою, куды яго часта вадзіла Хвядора, калі ішла да свае цёткі на другі бок яра або ўлазіла ў рэчку, каб лавіць каля камення ракаў. Зусім нядаўна ён, пры дапамозе маці, нарваў цэлыя два пучкі незабудак, адзін з якіх яны разам занеслі ў каплічку і палажылі да ног святой статуі, а другі цераз кагосьці з дваровых паслалі той паненцы, якая цяпер каля цяністага ганка рвала і складала букеты з ружаў і вяргіняў. Ён ведаў, што гэтыя цудоўныя кветачкі трэба рваць для «бозі» і для паненкі, памятаў, што, калі ён іх тады многа нарваў, маці потым усю дарогу несла яго на руках, што яму вельмі спадабалася.

Дык вось малы і кінуўся да незабудак і пачаў іх на ўсю сілу маленькіх ручак ірваць, ірваць... Ірвучы адну кветачку, ён шаптаў:

- Гэтая для бозі!

А другую:

- Гэтая для паненкі...

Часамі вырываў кветкі з карэннем або колькі было сілы змагаўся з калівам, што не давалася, соп, стагнаў і злосна мармытаў:

- Каб цябе ліха ўзяло... Каб цябе паралюш...

А потым зноў:

- Гэтая для паненкі... Гэтая для бозі...

Увагу яго адцягвалі жабы і птушкі. Першыя раз-пораз выскаквалі з-пад яго чорных, аблепленых гразёю ступакоў і - плюх у ваду! Малец, гледзячы на гэта, ажно заходзіўся ад смеху. А птушкі выляталі з калінавых кустоў і пырхалі амаль каля самых вушэй.

- Кыш! - крычаў ён, махаючы букецікам незабудак. - Кыш! Кыш!

А потымі зноў ірваў:

- Гэтая для бозі...

Раптам Тадэвуш спыніўся і радасна крыкнуў. Сінічка, зноў сінічка, відаць, тая самая, што была ў маку. Ох! Села сабе цяпер на калінавай галінцы і разам з белым цветам калышацца то ўніз, то ўгару... Памаленьку... галоўкай пакручвае...

На вуснах хлопчыка абарваліся словы: «Гэтыя для паненкі...» Адной рукой трымаючы букецік незабудак, другую ён працягнуў да сінічкі, крыкнуў, схіліўся, скокнуў... Пяшчотныя кветкі і каліўцы рассыпаліся па беразе ямы, вада гучна плюхнула. Тадэвуш знік.

Нічога - ні крыку, ні енку, ні слова да маці ці бацькі. Не было часу. Адно імгненне. На дне ямы, пад пластом стаялай, зеленаватай вады, сынок Хвядоры і Клеманса ляжаў тварыкам угару, нерухома, а на тварык гэты і чорныя ногі лажыліся доўгія, слізкія травы пад колер плесені.

Птушка з жоўтай галоўкай і блакітнымі крылцамі калыхалася на калінавай галіне то ўгару, то ўніз, памаленьку... Зялёныя жабы скакалі па высокай траве. Ліпы патыхалі духмянасцю, і, нібы тысячы прыглушаных арфаў, на іх званілі пчолы.

З другога боку агарода здалёк чуўся голас «пана намесніка»:

- І не сорамна вам? Пабойцеся Бога! То ж гэта грэх!

З поля часамі чулася басавітае, глыбокае пакрыкванне аратага:

- Гэй вы! А ну!..

Над вірлівым морам расквітнелага, закаханага, зіхатлівага жыцця ўздымаўся з аднаго боку цяністы панскі ганак, з другога боку - каплічка са святою статуяй. Яны глядзелі адно на аднаго праз шырокае акно разарванага шэрагу ліпаў. Перад ганкам жанчына, што рвала ружы і вяргіні, здалёк свяціла тварыкам і беленькімі рукамі. У нішы каплічкі карона святой статуі яснела і прамянілася, нібы павешаная ў паветры зорка - цудоўная і нерухомая.

1884

Людзі і кветкі над Нёманам 

1888 год
І

Вывучэнне якіх-небудзь бакоў жыцця народа я параўнала б з выбіраннем жмені канапляных зярнят з бочкі маку. Апынуўшыся ў ролі вучня, я бачыла няёмкасць, нават баязлівасць сваіх настаўнікаў - простых сялян, у якіх я распытвала пра што-небудзь. Ды не ўсё адразу знаходзілі яны ў сваёй памяці, а калі і знаходзілі, не заўсёды маглі дакладна расказаць пра нейкую з'яву. Таму ў мяне і ўзнікла патрэба звярнуцца да шматлікіх крыніц, і не толькі дзеля таго, каб пацвердзіць атрыманыя звесткі, але і дзеля іх удакладнення. Часта здараецца так, што два чалавекі адну і тую ж рэч называюць іначай і надаюць ёй зусім іншае значэнне. Бывае і так: тое, аб чым не ведае адна з распытваемых асоб, іншая, на якую, здаецца, значна менш можна было спадзявацца, дасць аб гэтым дакладныя звесткі. Таму, калі хочаш чаму-небудзь навучыцца ад народа, трэба шырока і настойліва ўжываць сакратаўскі метад актывізацыі руху думкі пытаннямі. Толькі вучань павінен распытваць настаўнікаў безупынку, настойліва, направа і налева, мужчын і жанчын, дзяцей і старых, дасціпных і праставатых з выгляду.

Мушу спыніцца на гэтых апошніх больш падрабязна. Калі размова ідзе пра народ - нашае разуменне розуму і прастоты часам бывае памылковае. Той вясковец, што зблізіўся з маёнткам ці адбыў вайсковую службу, альбо выконвае якое рамяство, што ўключае яго ў адносіны з іншымі пластамі грамадства, бліжэй стаіць да цывілізацыі. Ён і выгляд мае больш разумны і сапраўды з некаторых пунктаў гледжання ведае і разумее больш за тых, хто працуе толькі ў полі. Але такі лёкай, былы жаўнер, рамеснік ужо амаль напалову адвярнуўся ад народнай кнігі ведаў і веры, забыўся пра яе змест альбо прыкідваецца, што забыўся, бо даведаўся ці дачуўся, што ў параўнанні з іншымі кнігамі яна памылковая. І натуральна, аграмаднага значэння таго, што ён лічыць памылкай і цемнатой, ведаць і разумець не можа. Часам, асабліва калі вельмі добра іх ведаеш, і такія могуць быць карыснымі ў атрыманні звестак пра народ, але ўвогуле рыфмы і вершы гэтай народнай кнігі ведаў і веры найлягчэй знайсці ў найбяднейшых хатах, далёкіх ад цывілізацыі.

Урэшце трэба зазначыць, што нашым павярхоўным назіранням пра сялянскую прастоту давяраць павінны мы вельмі мала. Гэтых людзей трэба бачыць у іхнім натуральным асяроддзі, дзе яны займаюць нейкае становішча і карыстаюцца ад роўных сабе пэўнай павагай і зычлівасцю. Толькі тады пераканаешся, што яны зусім не такія, якімі нам здаюцца. Кожны, хто хоць трошкі сутыкаецца з народам, можа засведчыць, што вясковая баба, зусім простая на выгляд, калі яе папрасіць і выказаць ёй давер, няраз сыпане цэлай жменяй займальных апавяданняў, разумных выслоўяў, якія выяўляюць найдалікатнейшыя пачуцці. Альбо найбольш просты і на наш погляд самы цёмны селянін, якому мы ахвотна прычапілі б мянушку дзікага чалавека, калі крануць яго душу ці закрануць самалюбства, секане такім трапным словам і так горда альбо з'едліва, альбо з нянавісцю блісне вачмі на сваім зарослым валоссем твары, што раптоўна і неспадзявана зразумееш: у гэтым нутры, якое мы лічылі пусткай, ёсць сапраўдныя пачуцці, ёсць душа [...]

Павінна зазначыць яшчэ, што ўсё гэта я гавару пра беларускі народ з берагоў Нёмана, а гэта народ, якому найлягчэй трапіць пад падазрэнне пра поўную няздольнасць думаць і абыякавасць да ўсяго, што не мае дачынення да найбліжэйшых і вельмі прыземленых яго запатрабаванняў і інтарэсаў. Цяжкія і лянівыя нават у маладосці рухі ягонага цела, апатычныя рысы, хутчэй пануры і праставаты, чым вясёлы і разумны позірк, павольная, блытаная гаворка - вось ягоныя знешнія рысы, якія спачатку кідаюцца ў вочы.

Але ў апошнія некалькі дзесяткаў гадоў грамадскае жыццё дало нам шмат доказаў таго, што пад гэтай знешнасцю хаваецца цэлы шэраг спецыяльных, выпрацаваных стагоддзямі паняццяў, цэлы кодэкс законаў, якія з гэтых паняццяў вынікаюць, а таксама шмат арыгінальнасці і смеласці ў характарах і меркаваннях. Усё гэта, зразумела, выяўляецца пры адпаведных абставінах [...]