Вельмі распаўсюджана меркаванне, што сяляне зусім абыякава ставяцца да навакольнай прыроды, яе прыгажосці, і з'яў, якія непасрэдна не ўплываюць на іхняе штодзённае жыццё, проста не заўважаюць. Здзіўляе адно: як гэтае меркаванне можа суадносіцца з народнай песняй, дзе густа рассыпаны надзвычай маляўнічыя і дакладныя вобразы прыроды. Пярэчыць гэтаму і рэальнае веданне народам расліннага свету, настолькі дакладнае, што смела можна сцвярджаць: ад самага высокага дрэва да найдрабнейшай травінкі, якія растуць на той самай зямлі, што і ён, няма такой расліны, якая ў яго мове не мела б назвы, а ўжо ў саміх тых назвах выяўляецца назіральнасць, выказаная вобразна і паэтычна, часам грубавата, але затое дакладна.
Вось вязанка назваў, што выяўляюць характэрныя ўласцівасці раслін.
Скрыпіца (Silene inflata, на Мазоўшы - skrzypek). Ніклая, фіялетавая кветка, якая, калі сціснеш яе ў пальцах, злёгку паскрыпвае.
Шалястуха (Thlaspi arvense). Калі выспявае насенне гэтай травы, торбачкі, у якіх яно знаходзіцца, набываюць залацісты колер і пры самым маленькім дотыку вельмі мілагучна шалясцяць.
Рагуля (Delphinium consolida). У Лідскім павеце называюць рагулькай. Фіялетавая кветка, якая расце ў збажыне. Лісцікі прадаўгаватыя, падобныя на рогі.
Валачай, альбо коткі, альбо яшчэ каташкі (Trifolium arvense). Від канюшыны; бухматая шэрая кветачка, якая сваім колерам і мяккасцю нагадвае каціную поўсць.
Галубейнік (Anchusa arvensis). Трэба было шмат назіральнасці, каб назваць гэтую расліну паводле колеру кветак, бо нават там, дзе яна шырока разрастаецца, што здараецца вельмі рэдка, толькі зблізку заўважны пяшчотны блакіт яе кветачак, такіх дробненькіх, што можна параўнаць іх з вушкам іголкі, да таго ж яшчэ і схаваных у чашачках з лісця.
Малачай (назва гэтая даслоўна адпавядае польскай - mleczaj, але азначае тут іншую расліну). Малачай па-расейску і ўкраінску азначае Euphorbia. Малачай пад Горадняй значыць Leontodon antumnalis. Сцябло гэтай расліны, калі разломіш, выпускае ў невялікай колькасці вадкасць, падобную да малака. Аднак не ўсе сялянкі назву расліны звязваюць з гэтай яе ўласцівасцю. Некаторыя з іх сцвярджаюць, што калі гэтая расліна густа расце на пашы, то каровы будуць даваць шмат малака.
Званочкі (Campanula rapunculoides).
Кубачкі (Campanula rotundifolia).
Падарожнік (Plontago media). Гэтую назву мае толькі кветка, што на цвёрдым і высокім сцябле тырчыць ля дарогі. Уся расліна называецца бабка.
Гніды (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Маленькі кусцік, абсыпаны драбнюткімі бела-жоўтымі кветачкамі.
Дзеравянка (Cichorium intybus). Цвёрдае, дзеравяністае сцябло, якое цяжка зламаць.
Ліпка (Galium uliginosum). Зарослая валаскамі, якімі пры кожным дотыку моцна прычэпліваецца да скуры ці адзення, робячы ўражанне ліпкай рэчы.
Шалюжкі (Malva rotunditolia). Назва гэтая, верагодна, перайшла ад наднёманскай засцянковай шляхты, якая гэтую расліну называе шалёнжкі з-за насенных гузічкаў, што знаходзяцца на ёй і нагадваюць дробныя манеткі.
Хвашчай (хвошч, хвошчка) - расліна, якая ад цэнтральнага сцябла выпускае мноства аголеных сцяблінак, як быццам тоненькіх хвосцікаў.
Сухавейка, альбо налупнік (Elichrysumi arenarium). Гэтая кветка, як вядома, вызначаецца сухасцю. У народзе лекавы сродак ад сухотаў.
Сардэчнік (Alchemilla vulgaris). Засцянковая шляхта называе яго гусіныя лапкі. Лісце паводле сваёй формы нагадвае сэрца, а размяшчэннем тканак абалонкі - ногі вадзяных птушак.
Казліныя бароды (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Ліловая кветка на высокім сцябле, што выбіваецца з купкі вузкіх прадаўгаватых лістоў, яна, калі вырваць яе з зямлі і павярнуць уніз, вельмі дакладна нагадвае казліную бараду.
Маслянка (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Пры націсканні пакідае на пальцах вадкасць, падобную да тлушчу. Кветка жоўтая і бліскучая, нібыта намазаная тлушчам.
Хмельнічак (Trifolium agrarium). Далікатны, віецца, накшталт хмелю, па кустах.
Зубнік (Euphorbia). Форма ліста нагадвае зуб, вырваны з коранем.
Маркоўнік (Chaerofyllum sylvestre). Калі пацерці, выдзяляе пах морквы. У засцянковай шляхты - мархеўнік.
Картафлянік. Лісце падобнае да бульбянога.
Дзерэза, дзе-нідзе дзераза, дзерэга (Lycopodium elevatum). Падобная на нешта разадранае і дзярэ адзенне, за якое лёгка чапляецца.
Бабіна лета (Chamaenerion). Цвіце ўвосень, кветка цёмна-сіняя. Паколькі мае высокае сцябло, чапляецца за яго восеньскае павуцінне, «бабіна прадзіва».
Мядзведжае вуха. Гатунак вялікай дзіванны, вялікія, мяккія і кашлатыя лісты якой нагадваюць вушы дужага касматага звера.
Асот стропства. Мае лісце, пакрытае белаватымі ўзорамі, аброслае вельмі вострымі шматлікімі шыпамі. Упершыню знайшлі мы яго каля шляхецкай аселіцы пры плоце і, запытаўшыся пра назву ў шляхцянкі, якая мінала нас, атрымалі адказ: «Стропства». На пытанне, чаму гэтая расліна мае такую назву, дзяўчына, не задумваючыся, адказала: ці ж я ведаю! Але крыху засяродзіўшыся, з усмешкаю растлумачыла: «Можа, таму, што і стракатая, і вострая».
Існуе іншая група назваў, якія нібыта паходзяць ад характэрных уласцівасцей расліны (лекарскіх, гаспадарчых ці чарадзейскіх).
Падгруднік (Hypopitys monotropa). Ужываецца супроць болю пад грудзьмі.
Горлінец. Ад гарлавога болю.
Блашчытнік. Мае моцны пах, ад якога здыхае жамяра. Сяляне пасыпаюць ім падлогу ў хатах і ложкі.
Боршч. Як зварыцца, мае кіславаты смак. Часам яго ўжываюць у страву замест бурачнага лісця.
Дурэц (Datura stramonium). Пасля ўжывання выклікае адурманьванне. Вясковыя лекаркі, а часцей за ўсё так званыя ведзьмы карыстаюць яго досыць часта.
Паўночнік (Centaurea jacea). Яго даюць піць дзецям, каб супакоіць іх плач. Вясковая лекарка, на пытанне, адкуль можа паходзіць гэтая назва, без вагання растлумачыла, што найчасцей дзеці прачынаюцца і крычаць каля паўночы, калі іх і пояць гэтым зеллем.
Падбел, інакш капуста стырнікаў. Другая назва іранічная. Тыя, хто дражніць так сялян, якія гоняць па Нёмане плыты і віціны, кажуць, што ў сваіх водных вандроўках яны харчуюцца гэтай раслінай, што расце па берагах рэк над вадой, чаму плытагоны пярэчаць.
Чарнобуль (Artiemiesia vulgaris). Ад такога вялікага болю, што «ажно чорна робіцца ў вачах».
Станоўнік (Chimophila umbellata). Пасля ўжывання ён хворага чалавека «ставіць на ногі». Ужываюць ад болю страўніка.
Шчасце (Erigeron acre). Дзяўчаты падчас жніва затыкаюць яго за пояс, каб прыносіла ім спор і хуткасць у працы. У засцянковай шляхты таксама называецца шчасце, але ўжываецца інакш. Калі расцвіце ўплеценае ў дзявочыя валасы, то каханне будзе ўзаемнае.
Загартушка (Drosera rotundifolia). Ужываюць для мілосных чараў. Згатаваны і выпіты настой з яе карэння мае ўласцівасць прыцягваць каханую асобу. Паводле сцверджання вясковай лекаркі, гэты сродак раяць толькі тыя з жанчын, што ведзьмаруюць, а тыя, што не ведзьмаруюць, але сапраўды лечаць і хочуць рабіць толькі дабро людзям, а дрэннае не хочуць, не раяць яго нікому.