Выбрать главу

На маю думку, да гэтай групы належыць таксама цэлы шэраг парушэннікаў, раслін, што ўжываюцца звычайна пры жаночых хваробах. Лекаркі сцвярджаюць, што існуе дзевяць парушэннікаў, я ж да гэтага часу атрымала толькі сем назваў. Гэта наступныя:

1) Срэбнік срабрысты (Potentilla argentea).

2) Паслёнак (Helianthemum vulgare).

3) Erythraea centaurium.

4) Veronica officinalis.

5) Грушычка (Pyrola rotundifolia).

6) Дзевянцёрнік (Parnassia palustris).

7) Рдэст (Polygonum dumetorum).

Кожная з гэтых раслін мае асобную назву, так што парушэннік - гэта нібыта лекарская назва, якая адносіцца да цэлай групы раслін, што ўжываюцца ад пэўных хвароб.

Першы са згаданых парушэннікаў называецца бліскавіца, другі курачая слепата, трэці гваздзічка, пяты сямізялён (у засцянковай шляхты грушка), шосты дзевяціранак. Назвы чацвёртага і сёмага яшчэ не даведалася. Чацвёрты (Veronica officinalis) ужываюць ад бясплоднасці.

Да трэцяй групы назваў можна аднесці тыя, якія хутчэй за ўсё маглі ўзнікнуць з паданняў і назіранняў, аднак настолькі аддаленых у часе, што сёння адшукаць іх у народзе вельмі цяжка. Не скажу, што немагчыма, бо на гэтай ніве росшукаў адно новае знаёмства, адзін пробліск памяці, з якой знешне, здавалася, ужо ўсё было ўзята, неспадзявана могуць усё растлумачыць. Назвы, паходжанне якіх паводле іхняй маляўнічасці ці спалучанасці са з'явамі прыроды, можна выводзіць ад старажытных паданняў і назіранняў, наступныя:

Голад (Knautia arvensis). У засцянковай шляхты таксама, але на польскі лад глуд. Чаму? Ці ў неўраджайны год вырастае яго шмат? Ці ў часы голаду яго выкарыстоўваюць у ежу? Ці бледна-ліловы колер кветкі нагадвае пасінелы твар згаладалага жабрака? Нягледзячы на ўсе мае старанні, гэтага дазнацца не змагла.

Зязюлін лён, альбо Найсвентшай Панны лён (Linaria vulgaris). Ад дзвюх кабет чула, што гэтая расліна пачынае расцвітаць тады, калі абзываецца зязюля. Аднак іншыя адкідвалі нават саму першую назву, упарта трымаючыся другой.

Заечы лён (Fumaria officinalis).

Заечая капуста (ні польскай, ні лацінскай назвы не ведаю). Гэтая расліна расце толькі ў лесе. Сцябло яе тоўстае і ружаватае, лісце і кветкі настолькі мясістыя і сакаўныя, што засушыць іх амаль немагчыма.

Грамотнік (Trifolium montanum). Служыць лякарствам ад ліхаманкі і хваробы страўніка.

Святаянскае зелле (Hypericum perforatum). Лякарства ад шматлікіх хвароб.

Краснік (Epipactis palustris). Змяшаны са станоўнікам даюць піць цяжарным.

Станеба (Valeriana). Не чула, каб лекарскія ўласцівасці гэтай расліны былі вядомыя народу.

Лада (Vicia hirsuta).

Чарвятош (Filago arvensis). Пра гэтую прыгожую расліну, якая нагадвае горную флору, існуе паданне, звязанае з яе лекарскімі ўласцівасцямі. Калісьці малады селянін пайшоў на вайну, пакінуўшы ў хаце маладую і каханую жонку. Доўга яго не было, а калі вярнуўся, знайшоў жонку, якая памірала ад страшнай ліхаманкі. Аднак ён не спалохаўся, а сказаў: «Я яе зараз вылечу». Пайшоў у поле, нарваў чарвятошу, заварыў яго і напаіў ім жонку. Як бы ёй нешта зрабіў (нібыта яе зачараваў), казалі, так адразу выздаравела. З тых часоў адвар чарвятошу даюць хворым на гарачку.

Бярозка (Convolvulus arvensis).

Грачынка (Polygonum convolvulus).

Омэн (Senecia).

Тройнік (Lythrum salicaria).

Брызгунец (Rhinantus major).

Грабелькі 1 (Geranium pratense).

Грабелькі 2 (Erodium cicutarium).

Баркун 1 (Melitotus alba).

Баркун 2 (Veronica spicata).

Драсён (Polygonum lupulifolium).

Тры расліны маюць адну назву курачая слепата (казялец, лаганец і паслён), дзве - грабелькі і дзве - баркун. Гэта сустракаецца досыць часта. Прычына, відаць, у меншым альбо большым падабенстве знешніх ці ўнутраных уласцівасцей. Так, напрыклад, усе тры курачыя слепаты маюць круглую жоўтую кветку амаль аднолькавай велічыні. Лісце абодвух грабелькаў амаль аднолькава зубкаватае. Два баркуны маюць коласападобную кветку, якая адрозніваецца толькі колерам: Melitotus alba - белая, Veronica spicata - ліловая.

Потым:

Камёла 1 (Galium verum).

Камёла 2 (Artemisia campestris). У засцянковай шляхты - дзікае Божае дрэўца.

Куколь свойскі (Lychnis githago).

Куколь дзікі (Saponaria vespertina).

Агурэчнік лясны (Spiraea ulmaria).

Агурэчнік палявы (Borrago officinalis).

Рутка, альбо руціца 1 (Lucerna megicago falcata).

Рутка 2 (Lotus corniclatus).

Рутка 3 (Medicago lupulina).

Расходнік палявы (Lysimachia vulgaris).

Расходнік лясны (Carlina vulgaris).

Расходнік балотны (польскай і лацінскай назваў не ведаю).

Падбел вадзяны.

Падбел палявы (Capsella bursa pastoris).

Таксама ёсць вельмі шмат назваў, якія супадаюць з агульнаўжывальнымі альбо тымі, якія прынятыя ў польскай батаніцы.

Шанда (Marrubium).

Ценгель (польск. Dziegiel).

Дзіванна (Verbaseum nigrum).

Брунэлька (Prunella vulgaris).

Пералётнік (Anthyllis vulneraria).

Палын (Artemisia absiuthium).

Лопух.

Жывакост.

Крываўнік (Achillea millefolium).

Брат і сястра (браткі). У адвары гэтых зёлак купаюць хворых дзяцей.

Папараць.

Варанец.

Верас. Згатаваны і змяшаны з ячменнымі крупамі, лечыць пашкоджаныя члены людскога цела, а таксама хваробы свіней.

Крапіва называецца крапівай, але пэўны яе гатунак жыжкай (жыгучкай).

Назваў траў, апрача згаданай шалястухі, ведаю сем:

Жыціца.

Гірса альбо дырса (па-польску ў некаторых мясцовасцях таксама дырса, па-ўкраінску тырса).

Асочка (дзе-нідзе асака, сака).

Мятлічка.

Тымка.

Плоская трава.

Вострая трава.

Канешне, усё прыведзенае вышэй толькі нязначная частка батанічных назваў і ведаў беларускага народа з-пад Нёмана. Цяжкасць і запаволенасць, з якімі гэтыя веды прыадкрываюцца перад намі, прыводзяць мяне да думкі, што спатрэбіцца шмат часу і нястомнай цярплівасці, каб спазнаць іх цалкам. У маім кветніку расце таксама шмат раслін, назваў якіх я не згадала, таму што патрабуе яшчэ пацвярджэння правільнасць гэтых назваў і звязаных з імі тлумачэнняў.