Выбрать главу

Скончыць я хачу невялікім каментарыем да колькі разоў згаданай розніцы паміж ведзьмай і вясковай лекаркай. Бо здаецца мне, што гэтая розніца выяўляе досыць характэрную асаблівасць народнага жыцця. Мы найчасцей аб'ядноўваем гэтыя дзве постаці; сяляне ж размяжоўваюць іх цэлай безданню, што існуе паміж пагардай і страхам, павагай і зычлівасцю.

Жанчына, якая з дапамогай не толькі раслін, але і земнаводных (пераважна рапух), кажаноў, а таксама слоў і таемных знакаў уздзейнічае пэўным чынам на здароўе, дабрабыт, лёсы і характары людзей і кіруецца пры гэтым нянавісцю, помстай, асабістымі пачуццямі ці грашовымі інтарэсамі, называецца ведзьмай. Гэта істота, якая не мае душы, улюбёнка і адначасова ўласнасць д'ябла. Бог не даў ёй душы, а д'ябал уклаў у яе сваю моц і мудрасць. Існуюць нават цэлыя роды, якія належаць не Богу, а д'яблу і, пазбаўленыя душы, носяць у сабе моц д'ябла. Такі род называюць чартоўскае племя. Гэтыя ўяўленні глыбока ўкараніліся ў людскую душу і выцягваюцца на свет з цяжкасцю, бо размова пра гэтыя рэчы праймае людзей страхам і абуджае боязь помсты «нядобрых». Аднак гаваркія вясковыя жанкі, разгаварыўшыся, ужо нічога ўтаіць не могуць. Іхнія расповяды пра ведзьмаў і цэлыя роды, пазбаўленыя душы, я сама чула неаднойчы. Расказвалі пра гэта ціха, з панурым паглядам і наморшчаным ілбом і тут жа, перапалоханыя ўласнымі словамі, прасілі захаваць усё сказанае ў глыбокай таямніцы. Зрэшты, ведзьма апрача чарадзейскай выконвае і лекарскую функцыю. Хворыя ідуць да яе па раду, цяжарныя выклікаюць яе на дапамогу яшчэ часцей, бо кіруюцца пераконаннем, што яна ўсемагутная. І ўсё ж, якім бы ні быў вынік яе лекарскіх парад, не выклікае яна ніколі ў сваім асяроддзі іншых пачуццяў, як пагарду і страх, змешаныя з вельмі выразным адценнем нянавісці.

Зусім іншае - лекарка, гэта значыць кабета, якая, валодаючы ведамі пра лекавыя расліны і варажбой, ніколі іх на людскую шкоду не ўжывае, наадварот - заўсёды на карысць. Ведзьмы звычайна ўбогія, альбо ўдаюць убоства і са сваім рамяством спалучаюць жабрацтва, нахабна карыстаючыся гэтым, бо ўсякая адмова, зробленая ім, можа пацягнуць за сабой фатальныя наступствы. Так, напрыклад, ведзьма Слабошыха ў наднёманскай вёсцы Міневічы за тое, што адмовіліся даць ёй кавалак сала, нешта такое зрабіла Карасю і ягонай жонцы, што яны не перастаюць з таго часу сварыцца паміж сабой. Лекарка ж займае пачэснае месца маці і гаспадыні, апранаецца заможна, на ўбоства не наракае, жабрацтвам не займаецца, а за свае парады прымае добраахвотныя дары, аднак іх не вымагае і часта робіць паслугі бясплатна. Ні прырода ведаў, якімі яна валодае, ні вынікі парад, якія яна дае, не ўплываюць на яе ўспрыманне ў народзе. Сярод людзей гэтая постаць карыстаецца павагай і сімпатыяй. Такой усеагульнай павагай і зычлівасцю ў радыусе некалькіх міль карыстаецца лекарка Люця з наднёманскай вёскі Гледавічы. Ужо некалькі гадоў яе імя часта трапляла ў мае вушы. «Калі хочаце чаго-небудзь даведацца, запытайцеся ў Люці, - казалі мне маладыя і старыя жанчыны. - Яна шмат ведае, але ведае толькі добрае, злое не ведае». Нават сама Слабошыха, якую лічаць ведзьмай, калі я гаварыла з ёю пра расліны, парадзіла мне, каб з маімі пытаннямі падалася да Люці: «Яна больш за мяне ведае. Яна і мяне вучыла». Ад кабет чула, што пра тое ці іншае яны дазналіся ад Люці. Гэта мяне надта зацікавіла: выходзіла, што Люця вяла ў вёсцы нешта накшталт школы батанікі ці медыцыны. Некалькі заможных і разумных гаспадароў з Гледавіч, калі я спыталася ў іх пра Люцю, сур'ёзна адказалі: «Чаму не ведаем, ведаем. Яна лекаруе. Гэта добрая кабета, і калі прыйдзеце да яе, скажа ўсё, чаго вы толькі захочаце, не салжэ». І мы пайшлі да яе, а потым яна часта прыходзіла да нас.

Гэта пяцідзесяцігадовая кабета, невысокага росту, хударлявая, з круглым, румяным і ўжо моцна паморшчаным тварам, на якім блішчаць малыя чорныя і вясёлыя вочкі. Выраз яе твару лагодны, пачцівы і прыемны. Адзенне носіць чыстае і акуратнае. Яна гаспадыня люднай хаты: мае мужа, жанатага сына, дарослых дачок, некалькі малых унукаў; расказвае пра сваю сям'ю весела і ахвотна. Калі прыходзіць з ахапкам зелля, завязанага ў паласаты фартух, і садзіцца за стол, першае, што скажа - стамілася, ажно ў вачах цёмна... Гэта азначае, што трэба ёй выпіць гарэлкі. Гэты кілішак гарэлкі, які павольна і з сарамлівым ваганнем выпіваецца - адзінае, пра што яна вось гэтак нагадвае. Іншага ж ніколі не просіць, грашовыя дарункі прымае, але на іхнюю вартасць не звяртае ўвагі. За адну ці некалькі срэбных манет дзякуе з аднолькавай ветлівасцю, якая не мае найменшага адцення зухвальства ці жабрацтва. Аднойчы, убачыўшы ў сваёй руцэ цэлы рубель, яна ажно крыкнула ад здзіўлення: «Навошта так многа?» На зробленую заўвагу, што яна павінна збіраць гэтыя зёлкі, а потым з вёскі ісці некалькі вёрст у двор, ветліва адказала: «Дык нічога, я і без гэтага да вас прыходзіла б!» Ахвотна расказвае пра ўсё падрабязна і шчыра, а калі ёй дзякуюць за гэтую ахвоту і шчырасць, з задавальненнем, што свеціцца ў малых чорных вочках, і нейкай годнасцю адказвае: «Не маю я, дзякаваць Богу, з чым таіцца ані перад Богам, ані перад людзьмі. Ліха не раблю, дабро, калі толькі патрафлю, заўсёды раблю. А як мяне хто пра што-небудзь спытае, кожнаму ўсё скажу. Чаму не сказаць, калі гэта не дрэннае, але добрае і бедным людзям дапамагчы можа». Гэтая Люця (а падобных да яе лекарак мае кожная ваколіца) - цудоўная крыніца, з якой можна чэрпаць веды пра веру і звычаі народа. Бяда ў тым, што яе вымаўленне невыразнае і шапялявае, і таму, нават добра ведаючы мову, на якой яна гаворыць, трэба надта напружваць слых і ўвагу, каб зразумець яе. Таму значная частка яе лекцый засталася для мяне страчанай, аднак не назусім, бо з пачаткам лета мае адносіны з гледавіцкай лекаркай хутчэй за ўсё адновяцца. А яшчэ ў другой наднёманскай вёсцы, у Паніжанах, жыве Высоцкая Ганулька, маладая, добрая і мілая і надзіва паэтычная дзяўчына, неабыякавая да кожнай кветкі і, здаецца, да кожнай безыменнай травінкі.

ІІ

[...] Аднаго разу паехала я травеньскім ранкам з горада ў вёску Гледавічы, каб узнавіць перарваныя за зіму стасункі з лекаркай Люцяй.

Падарожжа гэтае кароткае, заледзьве трохвёрставае, аднак было яно для мяне і маёй спадарожніцы поўным цяжкасцей і небяспекі, бо шляхціц Багатыровіч, які вёз нас на сваёй каламажцы, светлавалосы, вельмі разумны і надзвычай гаваркі мужчына, не бачачы нас некалькі месяцаў, хацеў шмат што сказаць. Ён канчаткова перамяніў існуючы на белым свеце абавязак возніка і замест таго, каб глядзець каня, павярнуўся да нас тварам і пачаў гаварыць. Пушчаны на волю рослы, дагледжаны гняды конь ішоў сабе па дарозе, паварочваючы то ўправа, то ўлева, з-за чаго каламажка безупынна падскоквала і трапляла ў надта небяспечныя пазіцыі.

Мы едзем сярод шырокіх палёў, пакрытых яшчэ зялёнай збажыной. Дарога камяністая, з лужынамі. Наша каламажка падскоквае ў шалёным тэмпе, і мы таксама падскокваем на ёй на паўлокця, а то яшчэ і вышэй, таму адказы, якія мы даём вазаку, што размаўляе з намі, вымаўляюцца такімі дрыгатлівымі, нават трапяткімі галасамі, як быццам мы ахоплены нейкім раптоўным перажываннем ці смяртэльнай трывогай. Праўда і тое, што, прызвычаіўшыся да падскокаў, мы баімся, каб не перавярнуцца, і штохвіліны гэтымі дрыгатлівымі галасамі крычым: «Пане Багатыровіч, камень, камень!» Тады сімпатычны наш фурман, у імгненне вока павярнуўшыся да каня, надае трошкі іншы кірунак каламажцы, колы якой ужо ўз'язджалі на аграмадны валун, што пагражала нам няўхільным пераварочваннем, а потым зноў паказвае нам свой сімпатычны ажыўлены твар і расказвае пра сябе, сваю гаспадарку, пра суседзяў, аж пакуль мы зноў, заўважыўшы небяспеку, не крыкнем: «Пане Багатыровіч, канава, канава!» На гэты раз мы ледзь не апынаемся на дне канавы. Але настолькі бясстрашны, наколькі і вясёлы наш фурман спакойна нам адказвае: «Гэй, гэта нічога! І ніякая гэта не канава» і далей вядзе каламажку, чапляючыся за ўсе камяні і расказваючы, расказваючы. Калі ж мы ўехалі ў невялікі лясочак на крутую, зрытую каранямі дрэў дарогу, думалі ўжо, што і праўда загінем. Але так не сталася, і толькі трошкі пабітыя, але затое да слёз насмяяўшыся з гаворкі нашага возніка, узбагачаныя не адной цікавай навіной, за гэтым невялікім лясочкам убачылі мы сярод лугоў, жоўтых, як сонца, ад лотаці і аеру, вёску Гледавічы.