Выбрать главу

Гэта быў час, калі пасля вясновай сяўбы перад пачаткам сенакосу палявыя работы на нейкі час амаль цалкам заціхаюць. Таму ў вялікай вёсцы, што налічвала некалькі дзесяткаў хат, ішла ажыўленая будаўнічая праца. Вакол зваленых каля хат калод і дошак мітусіліся людзі; час ад часу на жахліва забрукаванай вясковай вуліцы разміналіся мы з вазамі, наладаванымі дрэвам, прызначаным на будаўніцтва, і штохвіліны адказвалі на прывітанні сялян, якія, павольна ідучы каля вазоў і злёгку прыўздымаючы шапкі, казалі: «Хай будзе пахвалёны!» Увогуле люд у гэтых ваколіцах (не кажучы ўжо пра засцянковую шляхту, якая ў таварыскіх стасунках надзвычай прыстойная) вызначаецца лагоднасцю і ветлівасцю. Ён па-старасвецку нават незнаёмых звычайна вітае словамі: «Хай будзе пахвалёны!», а калі трэба, гасцінна прымае ў сваіх хатах. Ведаючы гэтую гасціннасць са шматразовага вопыту, вылезлі мы з каламажкі перад хатай, знешні выгляд якой звярнуў на сябе нашу ўвагу і абудзіў цікавасць.

Гэта новая прасторная хата, з чатырма вялікімі вокнамі, зашклёнымі яснымі шыбамі, без ганка, абавязковага ў шляхецкіх сядзібах, але затое з шырокаю прызбаю і старанна аздобленая. Аздоба гэтая - яркі блакіт, якім пафарбаваныя дзверы, рамы вакон і ўсе чатыры вуглы хаты, на фоне блакіту - белыя ўрачыстыя лініі, а часам і далікатны малюнак - зорачкі, цвічкі, ялінкі, кручочкі і г.д. Сярод зелені дрэў гэтыя блакітныя дарогі, пакрытыя белымі малюнкамі, выглядаюць свежа і арыгінальна і са свайго боку сведчаць пра эстэтычны густ тутэйшага люду. З таго часу, як тутэйшыя сяляне сталі будаваць сабе трошкі прасторнейшыя і выгоднейшыя хаты, пачалі ўзнікаць у вёсках аздобленыя, як згадана вышэй, будынкі. І сёння ў кожнай вёсцы можна ўбачыць калі не некалькі, то хоць адну такую хату. Бачыла я іх не раз, але так сталася, што ў сярэдзіну ніколі не заходзіла. Зрэшты, тая, перад якой мы выйшлі ў Гледавічах, была найпрасторнейшая з усіх, якія мне даводзілася бачыць, таму і цікава было, як яна зроблена ў сярэдзіне. Наш фурман, які з-за сваёй дапытлівасці меў самыя дакладныя звесткі пра ўсё і ўсіх на некалькі міль вакол, сказаў нам, што гэтая хата належыць Сымону Крулю, старасту Гледавіч, гэта значыць, выбранаму чыноўніку, які трымае ў вёсцы жазло адміністрацыі. Адкуль жа гэтае не русінскае прозвішча Круль, якога нідзе больш у сялян я не чула? Можа, і цікава было б дазнацца пра гэта; на жаль, сяляне радаводных кніг не маюць, а дамагацца ў іхняй памяці пра тое, адкуль вядзецца іхні род, дарэмны клопат, бо такія рэчы ім невядомыя і абыякавыя. Адно праўда, што, нягледзячы на такі аздобны знешні выгляд, унутранае ўладкаванне хаты Круля не мае і ценю якой-небудзь каралеўскасці. Вялікія сені, запоўненыя драўляным гаспадарчым начыннем, два пакоі, з якіх адзін вялікі, з трыма вокнамі, а другі малы - з адным; зрэшты, у сенях падлога гліняная, а ў хаце зробленая з тоўстых дошак, столь нізкая і шэрая ад пылу, сцены няроўныя і толькі трошку зверху абмазаныя вапнай; драўляныя, нават не пафарбаваныя лавы, сталы; замест ложкаў - збітыя з дошак тапчаны, кросны, печ, каб варыць ежу і пячы хлеб, з вялізным подам, дзе акурат у гэтую хвілю гарыць вялікі агонь і гатуецца страва на абед. Галечы тут не відаць, наадварот, пануе нават пэўны дастатак; але першабытнасць патрэб і густаў яшчэ не парушаная. Поўная супрацьлегласць шляхецкай хаце, якая, няраз нават значна бяднейшая, заўсёды мае якія-небудзь аздобкі і выгоды: нейкую старасвецкую канапку і крэселкі хатняй работы, нейкі абразок на сцяне, кветку на акне, на стале кніжку.

Круля дома няма. Круліха, немаладая, свежая, моцная кабета з энергічным тварам і рухамі ветліва нас вітае, запрашае на лаву, ахвотна падае ў чыстым гліняным збанку ваду, каб напіцца. Мы кажам ёй, што едзем да Люці, яна ківае галавой і кажа, што гэта добрая кабета, якая шмат знае і шмат дапамагае людзям. У хаце ёсць яшчэ адна жанчына, маўклівая, са смутным тварам, шые пад акном грубую кашулю і час ад часу адзываецца да чацвярых дробных дзяцей, што круцяцца па хаце. Здагадаліся мы, што гэта нявестка Круляў, а дзеці - іхнія ўнукі. «Ці ўсе чацвёра ўнукі ад аднаго сына?» - «Ад аднаго». - «Дык у вас толькі адзін сын быў?» - «Не, мелі двух, але старэйшы быў у войску (у маскалях), на Турэччыну пайшоў і не вярнуўся». - «Забілі яго на вайне?» - «Не, з вялікай гарачкі (ад тыфу) там на Турэччыне і памёр. Ужо з хаты выходзячы ведаў, што не вернецца. Такі быў сумны, што хай Пан Бог бароніць, а калі са сваімі развітваўся, нават і сказаў: «Бывайце здаровы, я ўжо да вас не вярнуся». Відаць, яму Пан Бог такое прадчуванне паслаў». Малодшы сын у войска (у маскалі) не пайшоў, пры іх застаўся, а гэта - ягоная жонка і дзеці. Маладая і сумная кабета, калі пра яе згадалі, не падняла ад шыцця вачэй, толькі яшчэ пасмутнела. Хто ведае, ці не зрабіла свякроўку жорсткай да жонкі малодшага заўчасная смерць старэйшага сына; а ведаючы наогул пра нядобрыя стасункі ў сялян свекрыві з нявесткай, няцяжка прачытаць хатнюю драму з твару маладой жанчыны. Але і прычына ёсць: у свякроўкі на дне сэрца цяжкі камень. Пра старэйшага сына і Турэччыну яна расказвае павольна, манатонным голасам, абапёршы бараду на далоні, і з яе вачэй, якія блішчаць яшчэ прыгожымі чорнымі зрэнкамі, цякуць слёзы. А ўжо з таго часу, як адбылося ўсё тое, пра што яна расказвае, прайшло дзесяць гадоў...

Хата, у якой жыве лекарка Люця, зусім не падобная на хату Круля. Малая, пачарнелая і згрыбелая ад старасці, з малымі шыбкамі замест вокан. Аднак ва ўсім, што яе акружае, таксама не відаць галечы. На падворку - стосы бярвення, падрыхтаванага для будаўніцтва, у досыць вялікім садочку, засеяным канюшынай, расце трыццаць - як мы потым палічылі - нядаўна пасаджаных пладовых дрэўцаў. На стосе бярвення сядзіць у задумлівай паставе шэры кот, за стосам, скруціўшыся ў клубок, спіць вялікі чорны дварняк; на плоце рассеўся, апераны ў прыгожыя яркія колеры, певень, па траве падворка пахаджваюць куры, а ў садку па густой канюшыне, якая пачынае ўжо зацвітаць, гайсаюць трое дзетак. Каля самай сцяны дома, таксама на канюшыне, сядзяць дзве кабеты, з якіх адна, маладзіца, шые кашулю, а другая, якая толькі што выбралася на дзеўку, упрыгожвае крамнай чырвонай стужкай сіні, хатняй работы андарак. Першая з іх - нявестка Люці, другая - яе ўнучка ад памерлага старэйшага сына, сірата, значыць. Сіроцтва гэтае відаць па ёй, бо калі маладзіца весела вітае нас і размаўляе з намі з усмешкай, дзяўчына ж, нясмелая і сумная, нават трошкі панурая, маўчыць, а калі што ў яе запытаеш, адказвае коратка і баязліва, не адрываючы вачэй ад шыцця. І ў першай хаце, і ў другой няшчасце напісана на жаночых тварах; толькі што тут пачцівая Люця, відаць, сваю нявестку не мучыць, але пакутуе дзіця, асірочанае і, напэўна, паніжанае ў хаце. Апрача гэтых дзвюх кабет і траіх малых дзяцей, мы бачым яшчэ траіх чалавек: ужо сівога, але яшчэ моцнага дзеда, дарослага прыстойнага мужчыну і стройнага трынаццацігадовага падлетка. Бачым іх, але з імі не размаўляем, бо яны надта занятыя: накладаюць на воз тоўстыя і доўгія дошкі і перавозяць іх на другі бок саду, дзе, як нам расказвае маладзіца, будуць будаваць увосень новую хату. Штохвіліны праязджаюць каля нас то з нагружаным, то з пустым возам, і мы з нейкім здзіўленнем заўважаем, што трынаццацігадовы падлетак, на выгляд нават далікатны, добра дапамагае бацьку і дзеду. Пытаемся, ці не думаюць яны, што такое падыманне цяжару можа пашкодзіць ягонаму маладому здароўю, і атрымліваем адказ: што ж рабіць? У хаце быў толькі адзін парабак, брат Хвядоры (дзяўчыны, што аздабляе андарак), добры і працавіты дзяцюк, але год таму пайшоў у маскалі (у войска), дык як толькі спатрэбяцца мужчынскія рукі, малы Васілёк павінен брацца за работу. Пры гэтай згадцы пра брата Хвядора яшчэ ніжэй апускае галаву, і смуглы яе твар з дробнымі і досыць прыгожымі рысамі робіцца ўжо зусім панурым...

У хату мы не заходзім. Седзячы на вузкай лаве, што стаіць сярод дрэў, чакаем вяртання Люці, якой мы не засталі дома: пайшла ў другую вёску, за кіламетр адсюль, пакліканая да нейкай хворай кабеты, але неўзабаве павінна вярнуцца. Тымчасам дазнаёмся, што сярод пладовых дрэў, у ценю якіх мы сядзім, ёсць скараспейкі, кіслюшкі, панны і сапежанкі. Якія ёсць яшчэ гатункі, жанчына не ведае і растлумачыць не можа. Адно толькі заўважаем, што ўсе яны няўмела, занадта цесна пасаджаныя, так што адно другому перашкаджае расці і будзе перашкаджаць усё больш. Шкада працы і добрых парыванняў! Радыя былі б мы ўладальніку гэтага маладога садку прэзентаваць карысную кніжачку Янкоўскага «Сад каля хаты», але, на жаль, ведаем, што ў Люцінай хаце ніхто не ўмее чытаць. Зноў процілегласць шляхецкай хаце, дзе ўсе мужчыны чытаюць і пішуць, а жанчыны, прынамсі, чытаюць.