Выбрать главу

Прыход Хрысціны не перапыніў размову Ясюка з госцем. «На векі вякоў», - адказалі ёй і больш не звярталі на яе ўвагі. Яна ж кіўнула галавой сыну, які гэткім самым кіўком ёй адказаў, і стала каля агню. Чырвоны водбліск полымя асвяціў яе ўсю: чорныя ад гразі ногі, намоклае адзенне, высокую і яшчэ зграбную постаць, адно што худую і знясіленую, пасмы зблытаных, ужо з сівізною валасоў, што выбіваліся з-пад намоклай чырвонай хусткі на лоб, загарэлую і агрубелую скуру, што сабралася ў шматлікія маршчыны. Гэта быў лоб шасцідзесяцігадовай бабулі, а ёй не было і сарака. Шчокі яе таксама былі звялыя і зморшчаныя, амаль аранжавага колеру. Затое вялікія чорныя агністыя вочы і бледныя, але прыгожай формы вусны, з-пад якіх выглядаў рад белых зубоў, былі на гэтым састарэлым твары яшчэ не загубленымі адзнакамі маладосці, напамінкам пра былую прыгажосць Хрысціны. Яна стала каля печы, абапёршы локаць на адной далоні, другой жа падпёршы сабе галаву. Стаяла так і ўзіралася ў агонь. У форме яе далікатных вуснаў, у запалых шчоках і ў выразе нерухомых вачэй была цэлая бездань смутку. Светлавалосы парабак, мяшаючы ў гаршку зацірку з салам, спытаўся ў маці:

- Ну што, мама?

Не змяняючы ані паставы, ані выразу вачэй, адказала:

- Нічога сынок. Пойдзе наш Піліпка на край свету, і не пабачаць больш яго нашыя вочы. Відаць, што для нас, бедных, ніякага ўжо ратунку няма.

Антосік уздыхнуў і паківаў галавой. У калысцы заплакала малое, і Хрысцініну задумлівасць як ветрам здзьмула. Яна зусім не дбала аб тым, каб перасушыць адзенне, абагрэць застылыя ногі. Хутка падышла да ляжанкі і нахілілася над хворай. Пашапталіся трошкі між сабой, і хворая са стогнам павярнулася тварам да святла. Хрысціна выцягнула з калыскі малое і паднесла да яе грудзей. Потым прысела на край ляжанкі ля хворай і, склаўшы на каленях рукі, упершыню звярнула ўвагу на гаворку Ясюка і госця. Перад імі стаяла бутэлька гарэлкі і алавяная чарка. Частаваліся ўзаемна з вялікай далікатнасцю, абменьваючыся пасля кожнай перакуленай чаркі пажаданнямі здароўя. Аднак перакуленых чарак было няшмат. Ясюк не быў п'яніцам, што ж да госця, то хоць ягоны пачырванелы нос, здавалася, і выдаваў любоў да моцных напояў, але цяпер чалавек заставаўся цалкам пад уплывам размовы. Ён пераконваў і да нечага надта імкнуўся схіліць Ясюка. З недапітай чаркай у руцэ, выпрамлены, уставіўшыся сваімі быстрымі і хітраватымі вочкамі ў твар парабка, ён гаварыў:

- Яй-богу, Ясюк! Каб я быў на тваім месцы, дык даўно б ужо ў сваёй уласнай хаце сядзеў, еў, піў і ні пра што не дбаў бы. Ці табе так добра на парабкоўскім хлебе, што дзядзьку на сваёй уласнай зямлі панаваць дазваляеш?

Парабак павольна пахітаў сваёй цемнавалосай цяжкай галавой.

- Ой, добра! - адказаў. - Каб маім ворагам так добра было! А што рабіць? Чалавек быў яшчэ дзіцем, калі злыя людзі пакрыўдзілі, ведама, сірата, без бацькі. Як толькі бацька памёр, дык дзядзька зараз усю зямлю і ўсадзьбу і ўсё на сваё імя, значыць, перапісаў. «Мяне, кажа, камісія, гаспадаром зрабіла, дык і ўся зямля мая, а брат, кажа, у мяне парабкам быў і братаваму сыну тут, значыць, нічога не належыць». Людзі мне парадзілі, каб у суд ішоў, а ён хадваката наняў сабе такога, што як пачаў брахаць, дык і выбрахаў сабе ўсё дарэшты. А я, значыць, ужо без нічога застаўся, тай з гаспадарскага сына зрабіўся парабкам...

Махнуўшы рукой і ўліўшы сабе ў чарку крыху гарэлкі, кіўнуў госцю галавой:

- На здароўе! - сказаў.

- А што рабіць? - казаў далей. - Што прапала, то прапала. Над сіратою Бог з калітою. З жонкай і дзецьмі з голаду не памром. Цесць сто рублёў пасагу даў... Багаты... агароднікам служыць... Даў бы і больш... «Як ты, Яська, кажа, будзеш мець за што кавалак зямлі купіць, другія сто дам...» От, можа, і дасць Пан Бог Усемагутны, што і куплю... то жонка заробіць, то з пенсіі застанецца... сякі-такі грош ёсць.

- Шмат? - хціва спытаўся былы салдат.

Селянін хітравата ўсміхнуўся. Скрытнасць і асцярожнасць узялі ў ім верх над гаварлівасцю, абуджанай гарэлкай.

- Сам не ведаю, - напаўсур'ёзна, напаўжартам адказаў. - Можа, шмат, можа няшмат... а такі ёсць...

- Ну, а гэта ж зямля, што дзядзька ў цябе ўкраў, так і прападзе?

- А што рабіць? - уздыхнуў Ясюк. - Можа, мая праўда была, а можа, ягоная. Хай нас Пан Бог судзіць.

- Ой, ты дурань! - з дзіўнай гарачнасцю і энергічнасцю закрычаў салдат. - І ты сабе думаеш, што ўжо скончана, запячатана і прапала! Маўчыш і трываеш! А ці ж не можаш ты зараз таксама хадваката наняць і дзядзьку за сваю крыўду ў суд пацягнуць. Ці ж ён адзін хадваката мець мог? А ты не можаш? Га? Я тваю справу з дзядзькам ведаю, як свае пяць пальцаў. Далібог, тыя ягоныя прэтэнзіі нічога нявартыя, і даўнасць яшчэ не настала. А хапеляцыя для чаго? А зеркала ў палаце нашто?.. Гэй!..

Ён узняў указальны палец і круціў ім у паветры.

- Гэй, гэй! - паўтарыў. - Ты палаты не бачыў. А я бачыў. Вялікая такая зала, як касцёл, а ў ёй стол чырвоным сукном накрыты, а за сталом яснавяльможныя паны сядзяць у мундурах, золатам вышываных, і судзяць...

- Золатам вышываных... - паўтарыў Ясюк, які з такой цікавасцю ўслухоўваўся ў апавяданне госця, што ажно рот разявіў.

- А што ж ты думаў? Не ў такіх сярмягах, як твая. Блішчаць ад золата... на стале зеркала стаіць...

Абодва з пашанай пахілілі галовы. Ясюк уздыхнуў.

- Перад царскім зеркалам, перад чырвоным сталом, перад яснавяльможнымі панамі, што блішчаць ад золата, стаяць хадвакаты і гавораць... Так і так, яснавяльможны суд, кажуць... так і так кажуць... а суд маўчыць і слухае... Слухае, слухае, потым устае і выходзіць.

- Выходзіць? - паўтарыў Ясюк такім тонам, быццам шкадаваў, што ўжо заканчваецца прыгожая дзівосная казка.

- Ага, выходзіць: дык што ж, што выходзіць? Ідзе сабе ў другі пакой, каб пагаманіць пра тое, што хадвакаты брахалі. Потым вяртаецца... усе ўстаюць... а найважнейшы з суду, яво правасхадзіцельства з паперы голасна чытае: «Іск Ясюка Гарбара прызначыць справядлівым, у дзядзькі ягонага Паўлюка Гарбара зямлю і сядзібу адабраць і аддаць Ясюку».

На гэтае неспадзяванае заканчэнне Ясюк Гарбар падняў галаву і хмурныя вочы яго заблішчалі.

- Ага! - усклікнуў. - Каб жа так і было...

- Чаму ж не будзе? - з удаванай абыякавасцю азваўся салдат. - Каб ты, Ясюк, толькі захацеў, то і было б... Я б табе такога хадваката прывалок, які так піша, што ажно сам міністар дзіву даецца, а як пачне брахаць, то ажно суд рот разяўляе і на ўсе вушы слухае.