Праз колькі тыдняў пасля гэтай размовы Марыся па нашай просьбе прынесла тую дабрадзейную для яе зёлку. Гэта расліна, што расце на вільготных лугах, з прыгожай зоркападобнай цёмна-малінавага колеру кветкай і вялікім пёрыстым трохпалым, а найчасцей пяціпалым лісцем. Вось гэтаму лісцю, якое формаю нагадвае пяць пальцаў, Марыся надае вялікае значэнне і найперш яму прыпісвае лекавыя ўласцівасці расліны, у якіх сама моцна перакананая. Сапраўды, яна ўяўляе сабе, быццам у арганізме жанчыны пэўны орган мае таямнічую форму не то павука, не то далоні з пяццю растапыранымі пальцамі. Паказваючы мне лісце гэтай расліны, яна панізіла голас і з таямнічым выразам твару казала: «Таксама як у чалавека... такія пяць пальцаў...» І тут жа паказвала ўласную далонь з шырока растапыранымі пальцамі. Гэтую расліну яна назвала парушэнец-мацічнік, бо перакананая, што яна ўратавала яе ад хваробы жаночага органа. Ува ўсім гэтым можна заўважыць пэўную сімволіку, створаную гульнёй народнай фантазіі. Як у першабытных народаў спажыванне сэрца адважнага ворага ўмацоўвае мужнасць у сэрцы таго, хто яго з'еў, альбо надаванне дзецям імёнаў Арла, Льва і г.д. нібыта адорвае будучага мужчыну рысамі, уласцівымі гэтым істотам, так і ва ўяўленнях нашага народа, праўда, не надта часта, расліна, што нагадвае сваёй формай нейкую частку чалавечага цела, аказвае на гэты орган лекавы ўплыў. Тая ж самая Марыся расказвала мне, што ведае траву на вільготных лугах, якую ніхто інакш не называе, як толькі трава. Яна цвіце ружовымі катахамі, а яе корань нагадвае чалавечую нагу, дык таму, хто параніць ці пакалечыць нагу, вельмі добра яе карэннем і сцяблом абкласці скалечанае месца. Гэтую траву з ружовымі катахамі ўверсе я ведаю, але карэнне яе не бачыла, бо, калі Марыся мне пра яе расказала, лугі былі ўжо скошаны і адшукаць яе было немажліва. Яна паабяцала мне ўвесну выкапаць і прынесці гэты корань.
Гэтая сімволіка ў народным расліназнаўстве часам бывае вельмі спалучаная з праявамі духоўнасці. Як прыклад тут могуць быць дзве расліны, першая з якіх загартушка, па-лацінску Drosera rotundifolia, належыць да гатунку насякомаедных. Дык вось, як вядома, усе гэтыя насякомаедныя расліны маюць тычынкі, якія, калі на іх сядзе насякомае, загортваюць яго і, скурчваючыся, апускаюць у вадкасць, якую выдзяляе расліна і якая павінна яго разлажыць. Гэтае скурчванне тычынак павінна было нагадаць працэс забірання чагосьці, загортвання, адсюль, відаць, і расліну назвалі загартушка. Прасачыць згаданую з'яву вельмі цяжка, бо гэтая расліна ў нашых краях надта ж дробная, - сама назва яе сведчыць пра досыць высока развітую ў народзе назіральнасць і добрае веданне расліннага свету. Аднак сімвалічнае значэнне загартушкі звязваецца з нечым іншым. Якраз з тым цікавым фактам, што адвару з гэтай расліны прыпісваюцца ўласцівасці абуджаць пачуццё кахання ў чалавеку, які п'е яго.
Таксама для абуджэння пачуцця кахання даюць яшчэ і расліну, што называецца зязюльчыны ручачкі, корань якой у канцы лета набывае форму дзвюх ручак, сплеценых пальцамі паміж сабой. Ані гэтае расліны, ані яе карэння я не бачыла, бо ў наваколлі нідзе яе тут няма і знайсці яе можна ледзьве ні за дзве мілі адгэтуль. Але мне расказвалі пра яе знаёмыя сялянкі і абяцалі прынесці на наступны год. Калі тое, што расказваюць пра форму яе карэння, хоць часткова праўда, то бачым зноў, як сплеценыя ручкі былі ўзятыя сімвалам кахання.
Вяртаючыся да Марысі, варта сказаць, што вельмі сумніўна, каб яна сапраўды вылечылася той зёлкаю. Можа, дапамаглі ёй папярэднія лекі альбо сам па сабе арганізм пераадолеў хваробу. І ўсё ж у гэтай гісторыі заўважаю я два цікавыя факты: стаўленне свёкра да нявесткі, якое, яе мне здаецца, у пераважнай большасці выпадкаў такім быць не магло, калі б нявестка не была дачкой зненавіджанай усімі навакольнымі вёскамі кабеты і паходжаннем сваім не наклікала на сябе зняважлівае стаўленне і непрыязнь.
Шчыра кажучы, узаемаадносіны нявестак са свякроўкамі ў нашых сялян пераважна непрыязныя, але свёкар заўсёды, як мужчына больш разважлівы і практычны, чым кабета, і жонцы свайго сына, пэўне, не загадаў бы трымаць на плячах досыць працяглы час цяжкі воз. Але Марыся і на гэты раз пакутавала з-за дрэннай славы сваёй маці. А потым зноў жа гэтае яе поўзанне на карачках па лузе ў пошуку зёлак, якія маглі б дапамагчы ёй, падказвае ўяўленню нейкія даўнія-даўнія чары, калі, можа, кожная пакутная чалавечая істота, падштурхнутая інстынктам, які ў цывілізаванага чалавецтва зусім загінуў, шукае ў расліннай гушчэчы карэньчыка, сцябла, кветкі, што маглі б яе вылечыць. Карціна гэтая ў нашым стагоддзі выглядае перажыткам нязмерна далёкай эпохі, першым адчувальным пачаткам нечага, што засталося ў стагоддзях, а разам з тым нагадвае звера, што вышуквае сабе на нюх сярод траў такую, якой патрабуе ў гэты час ягоны арганізм.
Досыць цікавы той факт, што расліна, ужытая Марысяй у першы раз з лекавымі мэтамі, была вядомая ў гэтай ваколіцы іншым лекаркам і адпаведна ўжывалася імі. Прыносіла мне яе таксама і Люця, і такія самыя, як Марыся, давала ёй назвы і расказвала пра лячэнне з яе дапамогай хвароб таго ж самага спецыяльнага органа, з такіх самых прычын: гэта значыць з парушэння ці з падымання нечага надзвычай цяжкага. Вось вам відавочны факт распаўсюджвання адкрыцця, зробленага адным чалавекам, без пасрэдніцтва навуковай кафедры ці друку. І не мае значэння - нясе ў сабе гэтае адкрыццё ісціну, ці яно памылковае. Такой, відаць, і павінна была быць працэдура першапачатковага ўзнікнення той агромністай з'явы, якая называецца сёння навукай.
Назвы раслін і звесткі пра іх гэтым летам раздабыла наступныя.
Заечы мак белы (Anemone sylvestris).
Ключыкі (Primula officinalis).
Свёкла (Lithospermum arvense).
Заечы асот (Carlina vulgaris).
Пасвісцёрнік (Anthriscus sylvestris).
Конскі малачай (Hieracium).
Турэцкі перац (Carex vesicaria)*.
* Малазаможныя сяляне, калі не могуць купіць гарэлкі, альбо спрабуюць устрымацца ад п'янства, п'юць астуджаны адвар гэтай расліны, які сваёй гаркатой нагадвае гарэлку.
Сардэчнік (Polygola vulgaris).
Заечы мак чырвоны (Papaver argemona).
Жывотапарушэнец, альбо сабачая мята (Veronica chamaedris).
Свірэпка (Rhaphanus phaphanisticum).