Выбрать главу

Які-такі, абы быў і на хлеб-соль зарабіў.

Ажаніўся - зажурыўся, жонка памерла - развесяліўся.

Удава дзвюх кароў мае і плача, а ўдавец адну авечку - і скача. Мужчына і жанчына па-рознаму ўспрымаюць сваё становішча.

Бацька, маці кормяць дзетак - і дзеткі скачуць, а як дзеткі кормяць, бацька, маці плачуць. Бацькоўская любоў мацнейшая за любоў дзяцей.

Гадавала дзеці, а няма дзе галавы падзеці.

Дзеці, дзеці, добра з вамі ў леце, а зімой галавой у печ. Пра цяжкасці ўтрымлівання і абагравання сям'і зімой.

Няма той хаткі, дзе не было б звадкі (сваркі, калатнечы).

Шэпты хату губяць. Таямніцы і інтрыгі, шэпты па кутках знішчаюць спакой і хатні дабрабыт.

Мая хата з краю, нічога не знаю. Не хачу ні ў што ўмешвацца.

Чым хата багата, тым рада.

Круці не круці, мусіш памярці.

Калі возьме навекі, не памогуць лекі.

Бог з людзьмі робіць ігрыска: аднаго высока, другога нізка.

Богу свечка, чорту качарга. Інакш: дзве свечкі.

Над сіратою Бог з калітою.

Бог не цяля, знае круцяля.

Бога не гняві, людзей не смяшы.

На табе, Божа, што мне не гожа!

Не хваліся, але да Бога маліся. Пахвальба - заўсёды неразумная, бо ўсё ў руках Божых.

На каго Бог, на таго і людзі.

Хто рана ўстае, таму Пан Бог дае.

Паны сварацца, а ў сялян кудлы трасуцца.

Папалася, жучка, у панскую ручку.

Не дай, Божа, з Івана пана.

Які пан, такі крам.

Казаў пан, зрабіў сам.

Калі не поп, не прыбірайся ў рызу. Не май прэтэнзій без адпаведных правоў. Не бярыся за работу, якую выканаць не зможаш.

Хто з кім, а поп з Касяй.

Чорт сваё, а поп сваё: падавай малітоўнік! Трываласць добрага супраць ліхога. У спрэчцы, калі ніводзін з бакоў не хоча саступіць.

Сказаў поп, што ў нядзелю свята. Калі нехта гаворыць пра рэчы ўсім добра вядомыя.

Сыты галоднаму не спачувае.

Каму што, а галоднаму хлеб у галаве.

Галодны ўсё поле аббяжыць, а голы ні за парог.

Голы разбою не баіцца.

Уцякай, голы, бо абдзяруць! З найбяднейшых найбольш людзі здзекуюцца і рэшту гатовыя абадраць. (А можа, насмешлівае застрашэнне, бо голаму няма чаго баяцца.)

Купіў бы сяло, але грошай гало.

За дурной галавой і нагам неспакой.

Пашлі дурнога, за ім другога. Пашлі па што-небудзь дурня, адразу ж мусіш пасля яго пасылаць кагосьці іншага.

Абяцанка, цацанка, а дурному радасць.

Не такі чорт страшны, як яго малююць.

Багатаму чорт дзяцей калыша. Багатаму сам чорт спрыяе і дапамагае.

Сем пар лапцей (альбо пасталоў) чорт падраў, пакуль такую пару дабраў.

Маліся пад фігурай, а чорт за скурай.

Разабраўся, як свіння ў перцы.

Ведаў Бог, што не даў свінні рог. Добра, калі злосны і нядобры чалавек не мае сродкаў, каб шкодзіць іншым.

Калі б свіння рогі мела, дык цэлы свет пакалола б.

І свіння гаспадыня, калі мукі поўна скрыня. І абы-якая кабета будзе добрай гаспадыняй, калі ў хаце дастатак.

Кошцы смех, а мышцы смерць.

Носіцца, як кот з салам.

Ведае кошка, чыё сала з'ела. Крыўдзіцель адчувае сорам перад пакрыўджаным.

Стары вол баразны не псуе. Вопыт засцерагае ад памылак у працы.

Ласкавае цялятка дзве маткі ссе, а гордае ніводнай. Лагоднасць людзей аб'ядноўвае, а пыха раздражняе.

Захацелася, як кабыле воцату. Калі хтосьці захоча для сябе неадпаведнай рэчы.

Якое жарабятка народзіцца, такое і воўк з'есць. Трываласць прыроджаных чалавечых інстынктаў альбо нязменнасць некаторых чалавечых лёсаў.

Не ў твой бок цыранка (чырок) носам сядзіць. Не для цябе гэты шанец альбо -поспех.

Не нашаму цяляці воўка за хвост злавіць. Інакш: не нашаму дзіцяці воўка ў лесе злавіць. Азначае тое самае.

Не радзіся красівай, але шчаслівай.

Хлеб не нявестка: які спячэцца, такі і з'ясі. Лягчэй есці дрэнна выпечаны хлеб, чым цярпець нядобрую жанчыну.

Дачакаліся казакі: ні хлеба, ні табакі. Дажыліся людзі да цяжкіх часоў.

За такую работу няварта той вады, што ў хлебе.

За такую работу толькі шылам кашу есці. За такую работу належыць столькі заплаціць, колькі можна набраць кашы на канец шыла.

Ухапіўшы шылам мёду (патакі). Столькі з нечага скарыстаў, колькі можна мёду на канец шыла набраць.

Добра п'яніцу і кропелька. Добра сабаку муха.

Калі п'ян, дык капітан, а як праспіцца, дык і свінні баіцца. П'яны адважны, а цвярозы палахлівы.

На злодзею шапка гарыць.

Украў іголку, добра, пахолку, украў шпільку, добра, сынку. Злодзею кожная дробязь спатрэбіцца.

Абое рабое. Пра дваіх падобных у маральных адносінах людзей.

Маленькая, але даражэнькая.

Жыдоўскае: зараз, а панскае: пачакай!

Слаўны бубны за гарамі, як наблізяцца - роўны з намі. Розгалас часта бывае падманным, рэчы, якія здалёк лічацца надзвычайнымі, пры збліжэнні аказваюцца звыклымі.

Свая сярмяжка нікому не цяжка.

Чакаў мядзведзь на мёд і не еўшы спаць лёг. Вымагаючы ад лёсу лепшага, не цешымся тым, што маем.

Даганяць - не цалаваць. Інакш: даганяючы, не нацалуешся. Нельга змушаць на каханне. Змушаныя пацалункі нямілыя.

Будзеш есці абаранак, будзеш плакаць цэлы ранак. Нястрыманасць, марная трата грошай прыносяць шкадаванне.

На сяло людзей дурыць (ідзі сабе)! Не на дурня натрапіў, ідзі падманвай дурнейшых за мяне.

Што ўмела, забыла і кніжку згубіла. Поўнае адурэнне, страта некалі набытых ведаў.

Чаго шмат, тое нясмачна. Азначае перанасычанасць.

Чаго шмат, таго і свіння не есць. Што ўжо надта дрэннае, недалікатнае, дакучлівае, тым брыдзілася б нават такая істота, як свіння.

Не ўрадзіўся мак, перажывём і так. Калі не маем дастатку, шчасця, і без іх будзем жыць.

Скачы, вораг, як пан кажа, а я буду так, як сам хачу. Няхай мой вораг уласнай волі не мае, мне мая свабода дарагая.

Што ўбіў, то ўехаў. Столькі спажывае, колькі цяжка запрацуе. Адносіцца таксама да гультаёў.

Злітаваўся рак над жабай, як вочы выеў. Запозненая літасць крыўдзіцеля да пакрыўджанага.