Выбрать главу

Варта адзначыць, што за тры мілі ад мясцовасці, дзе я дагэтуль збірала назвы, некаторыя з іх называюцца ўжо зусім інакш:

Сардэчнік (Spirea filipendula) - папараць (адна з чатырох папарацяў).

Боршч - Гусіныя лапкі.

Дзеравянка (Cichorium intibus) - Чаразплячнік.

Дзевяціранка - Дзеравянка.

Дзянгель - Сплаўнік.

Дурэц - Весялуха.

Дзевяцьсіл - Нямецкая бульба.

Дзяўнік - Дзындзэль.

Галод - Няспорнік.

Гніды - Раснік.

Яснасць свячашчая - Няспорнік белы.

Падгруднік - Яскулка.

Камела - Калысальнік.

Казліныя бароды - Цыбульнік.

Найсвяцейшай Панны лён - Заечы, альбо Зязюльчын лён.

Сабачы язык - Медаўнік.

Паўночнік (Centaurea Jacea) - Зрыўнік.

Паўночнік 2 (Centaurea scabiosa) - Зрыўнік.

Цытра - Польныя бурачкі.

Расходнік (Lysimachia nummularia) - Барлінец палявы.

Рыцытнік - Расходнік.

Агурэчнік лясны - Сівой зязюлькі лісток.

Сардэчнік 2 - Слёзкі.

Сінагодзе - Сінечка.

Салавейчыкава шчаўе - Дзякоўнічак.

Заечы мак белы - Шпіён.

Жывакост балотны - Велькалюд (напэўна, з-за вялізнага лісця).

Брызгунец - Смактушкі (даюць дзецям смактаць як лякарства ад кашлю).

Зноў жа некаторыя расліны, якія не мелі назваў у папярэдняй вёсцы, тут іх маюць. Гэта тры наступныя:

Авечкі (Eriophorum angustifolium).

Семечка (Briza media).

Бегунец (Capsella bursa pastoris).

Там іх называлі проста травамі, а тут, недзе праз тры мілі, яны маюць прыгожыя, адпаведныя свайму выгляду назвы.

Гэтаксама адбываецца і з ужываннем раслін у лекавых мэтах. Лекарка з вёскі Горны ўжывае пры хваробах сродкі, невядомыя для лекаркі з Гледавіч, якія знаходзяцца праз тры мілі ад Горнаў. Гэтая лекарка апрача вышэйзгаданых расказала мне і пра наступныя расліны.

Пазёмкі (ягады) - адвар з высушаных ягад ужываецца ад болю ў грудзях.

Рута. Сырое лісце і кветкі даюць пажаваць парадзісе, каб палегчыць роды. Гэтая ж расліна, завараная ў малацэ, служыць як лекавы сродак ад кашлю.

Раса жытняя (Кветка жытняя) таксама аблягчае роды, калі жаваць яе падчас пароду. У гэтым самым выпадку не толькі жанчынам, але і каровам даюць піць наготкі, адвараныя разам з асвечанымі ў касцёле лістамі капусты, з кропам і валошкамі (Amarantus retrofloxus).

Рапей (Lapa tomentosa). Адвар з кораня даюць піць ад каўтуна.

Валошкі - п'юць ад слабасці, што паходзіць ад перапуду.

Касьнік (у ваколіцах Міневіч і Гледавіч - гніды). Адварам трэба паласкаць валасы, тады будуць доўгія косы.

У верасе, змяшаным з мохам і бярозавым лісцем, купаюць хворых дзяцей.

Ад нематы, выкліканай злым ветрам, трэба вырваць ліст з кніжкі па набажэнстве, насыпаць у яго зёлак з вяночкаў, што асвячаліся на Божае цела, і гэтым абкурваць хворага.

Слёзкі (не блытаць з зязюльчынымі слёзкамі) добра дапамагаюць ад слёзатачывасці. Лісце і кветкі іх (адвараныя) трэба прыкладаць да вачэй.

Скрыпіца (Silene inflata). Ёю трэба паіць дзяцей, калі ахрыпнуць.

Скочкі, заечая капуста (батанічных назваў абедзвюх гэтых раслін я не ведаю). Гатаваць з гарчыцай і даваць піць адвар жанчынам, калі ў іх не хапае малака.

Тры апошнія згаданыя тут лекавыя сродкі звязаныя з народнай медычнай сімволікай, на якую і раней я колькі разоў звяртала ўвагу. Насенніцы слёзак падобныя на авальныя мяшэчкі, якія сапраўды вельмі нагадваюць кроплі, што сплываюць уніз па сцябле. Мясцовыя жыхары назвалі расліну слёзкамі і лечаць ёю вочы, калі з іх пачынаюць цячы слёзы.

Silene inflata. Пры лёгкім націсканні выдае хрыплы і пісклівы гук. Таму называецца ў народзе скрыпіца і даецца дзецям супраць ахрыпласці.

Скочкі і заечая капуста - расліны тоўстыя, сочныя і мясістыя настолькі, што засушыць іх аказалася немажлівым, у прыватнасці для мяне. Дык таму і п'юць іх жанчыны, якім не хапае малака для кармлення немаўлят.

Усе гэтыя сродкі для Люці з Гледавіч зусім невядомыя, замест іх яна ўжывае мноства іншых, пра якія не ведае Кацярына Караўкава з аддаленай на тры мілі вёскі Горны. Праўда, мінулым летам здарыўся выпадак, які непасрэдна сутыкнуў гэтых дзвюх лекарак і пра які я раскажу тут, як пра досыць цікавую і характэрную рысу народнага жыцця.

ІІ

Прыгожым чэрвеньскім днём падчас найбольшага буяння расліннасці ля дарогі, што перасякала невялікі сасновы барок, раскіданы па пагорках над самым Нёманам, прысела невысокая хударлявая бабка. Было ёй недзе каля шасцідзесяці гадоў, апранутая яна была ў звычайны сялянскі строй. Быстрыя чорныя вочкі на круглым, румяным, але паморшчаным твары нагадвалі разынкі, усаджаныя ў падмарожаны яблык. Відаць было, што кабета стамілася і ёй нешта далягала, бо сядзела пад сасной, крывячыся і стогнучы. Але раптам яна пачала прыслухоўвацца. Па лесе разносіўся спеў. Спявала жанчына. Нехта ішоў сюды бакавой сцяжынкай, што бегла ўглыб лесу смарагдавым пасам, і, ідучы, спяваў.

Свеціць месяц, свеціць паміж зорачкамі, Сядзіць мой міленькі паміж дзевачкамі. Няхай жа сядзіць, няхай рассядаецца, Няхай жа чужым прыглядаецца, з чужымі забаўляецца. Няхай жа чужым прыгажуням віно купляе, А на мяне, маладую жонку, нагайку шукае. Шукай сабе не шукай, але біць не будзеш; Не трэба было ссякаць зялёнага дуба, Не трэба было браць мяне, калі не люба, Не трэба было ссякаць зялёнага гаю, Не трэба было браць мяне да чужога краю, Не трэба было ссякаць зялёнай ляшчыны, А трэба было ўтапіцца, едучы да дзяўчыны. Ой, не было на цябе ні перуна, ні вады: У цёмную ночку прыехаў пракляты пан малады!

Седзячы на ўскрайку лясной дарогі, бабка слухала. Песню гэтую пра разбітае жаночае сэрца яна ведала добра. Шчыра кажучы, пачуццяў, пра якія ў ёй гаварылася, яна не спазнала, бо мела добрага мужа, які яшчэ і сёння, хоць ужо сівы і прыгорблены дзед, часта па-сяброўску з ёю пагаворыць і заступіцца за яе перад нявесткай. Але колькі ж, колькі бачыла яны іншых кабет, якія заліваліся слязамі, спяваючы гэтую песню! Цяпер слухае бабка гэтыя даўно вядомыя словы, гэтую мелодыю, што шырока разліваецца па лесе, і праз некалькі хвілін бачыць у канцы зялёнай сцежкі паміж соснаў жанчыну, што выходзіць з фартухом, двума канцамі прывязаным да пояса і напоўненым зёлкамі і кветкамі. Выглядала яна на няпоўныя сорак гадоў, таму ў параўнанні з ёю была маладая. Цёмныя, бліскуча-чорныя валасы дзвюма пасмамі выбіваліся з-пад чырвонай хусткі і адцянялі смуглы твар, невялічкі, з маленькімі вуснамі і такімі агністымі, што ажно іскрыліся, чорнымі вачамі. У канцы сцежкі яна перастала спяваць, прыспешыла крок і, мінаючы бабку, што сядзела пры дарозе, павіталася, як звычайна: «Хай будзе пахвалёны!», а потым праз некалькі крокаў спынілася пасярод дарогі. Выгляд незнаёмага твару абудзіў у яе цікавасць.