Выбрать главу

- А чаго, цётка, пры дарозе седзіцё?..

Адказала з пакутаю ў голасе, але ахвотна: вось прайшла тры мілі, а паколькі нядаўна паднялася пасля цяжкай хваробы, то надта ж змучылася, у вачах робіцца цёмна і ў сярэдзіне баліць. Пачуўшы пра цемень у вачах і боль у сярэдзіне, кабета з фартухом, поўным зёлак і кветак, падступілася бліжэй да бабкі.

- А куды ж ідзяце?

Бабка ішла ў адведзіны да адной знаёмай пані, якая доўгі час жыла ў суседстве, а цяпер жыве вось тут, за тым лесам.

- А адкуль жа вы?

- З Гледавіч.

Кабета з зёлкамі яшчэ з большай цікавасцю падступілася бліжэй.

- Калі вы з Гледавіч, то, напэўна, ведаеце Люцю, што там жыве, лекаруе.

Бабка, нягледзячы на стому і боль у сярэдзіне, пачала так смяяцца, што ажно на яе чорных кругленькіх вочках выступілі слёзы.

- Ой, мая ты міленькая, якая ты смешная!.. Ой, Божа ж, мой Божа, ой, запыталася! Ведаю, ой, ой, добра ведаю! То ж я сама... гэта Люця!..

Маладзейшую жанчыну гэтая вестка так усцешыла, як быццам яе невядома якое шчасце спаткала. Села каля бабкі на зямлю, абняла яе і з гарачай цікавасцю зазірнула ў вочы.

- Дык гэта ты Люця... гэта ты Люця з Гледавіч! Ой, Божа ж мой, Божа! Ой, мая ж ты міленькая! Як я хацела цябе ўбачыць! Як я хацела з табой пагаварыць!

- А хто ж ты такая?

- А я Каська Караўкава з Горнаў, таксама лекарую, але дзе маё лекараванне да твайго! Цябе людзі так хваляць, не жарт як хваляць!

І пачала новую знаёмку запрашаць у сваю хату. Недалёка адгэтуль, тут за лесам. У яе ў хаце з'есць што-небудзь, зёлак ад болю ў сярэдзіне нап'ецца, адпачне. Абдымала, цалавала і так запрашала, што хоць бабулі і пільна было да знаёмай пані, але яна, стогнучы, паднялася з зямлі і пайшла. Ішлі не дарогаю, а лесам. Апрача цікавасці да старэйшай і больш знакамітай таварышкі, сэрцу Касі было неабыякава і тое, што яна магла ўзяць з гэтага знаёмства. Пра гэта нават адкрыта і сказала.

- Пакажыце мне, што ведаеце, мая вы міленькая, змілуйцеся, пакажыце!

Пара году для паказывання была найлепшая. Зямля стаяла ў квецені, лясны дол іскрыўся самымі разнастайнымі барвамі, нельга было пасунуцца наперад, не разгарнуўшы высокай квяцістай гушчыні і не стаптаўшы тое, што слалася па зямлі. Пасярод ядлоўцавых, малінавых і ажынавых зараснікаў снежна бялеў пух дзікага спірэю, высокі жоўты лянок, ліловыя няспорнікі, адзіночныя і сабраныя купкай званочкі ўзносіліся над густым дываном ружовага чарвятошу і белых суханожак, фіялетавых брунелек, блакітнай, як неба, веранічкі, дзярозкі, што драбнюткімі зорачкамі абвіла пні і каменне, браткаў, гарошку, вікі, рыцытнікаў, дробнай і буйной лясной канюшыны; палянкі, зарослыя чаборам, мелі выгляд аздобленых аметыстамі падушачак, акруглыя кветкі паслёнаў і дзевяціранак выглядалі, як рассеяныя па зямлі малыя і вялікія сонейкі, рамонкі ў смузе ценю ці сонечнага святла нагадвалі агромністыя гронкі белых зорак, узвышаліся бледна-ліловыя кароны станеба (валяр'яны), нібы складзеныя з невялікіх зорачак. Як падчас найбольш урачыстых свят святыня напаўняецца дымам з кадзілаў, так і лес быў поўны пахаў жывіцы, мёду, чабору, валяр'яны, суніц, розных відаў мяты. Жывіца бурштынавымі кроплямі сцякала па пнях соснаў, на ядлоўцавых кустах свяціліся бледна-зялёныя ягады, нізютка румяніліся суніцы, рады малых гонкіх сасонак стаялі, як свечкі, з запаленымі ў сонечным святле верхавінкамі.

І пасярод усяго гэтага дзве сялянкі: малая, павольная бабулька і прыгожа-смуглявая маладзіца ішлі поруч пад соснамі, як некалі хадзілі пад калонамі філосафы, вучачы іншых і навучаючыся самі. У Люці, хоць і была яна стомленая і хворая, абудзілася замілаванне да жыцця і павялічылася звычайная яе схільнасць да справядлівасці, а таксама ўласцівая ёй гаварлівасць. Таварышка ж яе з цікавасцю настаўляла на ўсё гэта свае вушы пад хусткай, што палымнела, як вялізны чырвоны мак на чорных валасах. Яны неаднойчы збочвалі з дарогі, заглыбляліся ў гушчар і, нахіліўшыся да зямлі, разграбалі траву і глебу, выблытваючы з травы галінкі веранікі, грушак, главенек, кусцікі сабачых фіялак, заечага шчаўя, гарлінца, выкопваючы з зямлі карэнне станеба, уразніку, дзенніку, пустацвету, што выглядалі як два злучаныя паміж сабой шарыкі з воску, і пад'елец, падобны да загнутай уверсе спаржы. І пры гэтым увесь час гаварылі і гаварылі. Люця найбольш, але і Каська таксама, пытаючыся, дзівуючыся і ў сваю чаргу дзелячыся і сваімі ведамі са старэйшай кабетай. Гэтая лекцыя, якая давалася і атрымлівалася паводле вельмі старога звычаю практыкаў, а адначасова і вельмі сучаснага метаду ў прыродазнаўчай навуцы, цягнулася яшчэ і тады, калі яны выйшлі з лесу і ўжо хутчэй ішлі дарогай праз даліну, засеяную збажыной. Тут таксама знайшлося шмат чаго да паказвання, якое абуджала вялікую ахвоту да гаворкі. Узбоч дарогі па збожжавых межах беглі два пасы самых разнастайных кветак. Не лічачы тых, што раслі на ўзлеску, цвілі тут уласцівыя толькі палеткам пірамідальныя, малінавыя калюшкі, кусцістыя, белыя мелоты, баркуны, што называліся каласаватымі з-за вялікіх ліловых кветак, далікатныя, як самыя вытанчаныя кароны, жоўтыя і беласнежныя маруны. Там-сям бліскуча-залацісты цвет лугавой медуніцы так густа засцілаў зямлю, што амаль цалкам хаваў зеляніну травы; шырока рассядаліся кусты быльнягу, з лісцем, белы спод якога ў сонечным святле выглядаў серабрыстым, а над усім гэтым узносілася высокая дзіванна, з такімі вялікімі, мяккімі і аксамітнымі лістамі, што народ ахрысціў яе мядзведжым вухам. За кожным з гэтых узмежкаў былі відаць гоны маладога жыта і аўса, аздобленыя аметыстамі, сапфірамі і рубінамі валошак, асоту, сончыкаў. Павой, што слаўся па нізе, быў нябачным, але прысутнасць сваю выяўляў толькі пахам міндалю, які напаўняў паветра. Затрымліваючыся калі-нікалі і на гэтай дарозе і ўвесь час размаўляючы, дзве кабеты прыйшлі ў вёску, дзе жыла Кася. Там адбылося нешта падобнае да прыёму сціплым правінцыйным лекарам знакамітага і высокага ў навуковай іерархіі доктара медыцыны. Расказваючы мне праз колькі гадзін пра сваё спатканне з Касяй, Люця здзіўлена і захоплена казала:

- Ой, прымала яна мяне ж, трактавала, карміла, паіла і пускаць ад сябе не хацела! Ледзьве я вырвалася, ледзьве адчапілася ад яе.

Пазней праз два дні роспавяд пра гэтае здарэнне пачула я ад Касі, і поўнае супадзенне двух апавяданняў упэўніла мяне ў праўдзівасці здарэння. Кася мне нават прадыктавала песню, якую спявала, калі яны ішлі лесам, і якую я, зрэшты, ужо дагэтуль запісала.

ІІІ

Пра адну з найбольш распаўсюджаных і найпрыгажэйшых раслін тутэйшых лугоў - ваўнянку вузкалістую, па-мясцоваму авечкі - пачула я ад Касі наступную казку ці легенду.

«Жыла неяк сіротка, якую звалі Аксанка. У яе быў толькі бацька, маткі ж не было. Бацька быў не злосны і не добры; сам сіротку не крыўдзіў, але мачысе крыўдзіць дазваляў. Страшна баяўся яе, бо надта ж была гэтая мачаха злосная. Хадзіла Аксанка босая і нямытая і цалюткі дзень рабіла ўсё, што талькі мачаха ёй загадае. А як, бывала, ночка падыдзе, дык і спаць ёй няма дзе. Лезе, бывала, Аксанка на печ, а мачаха крычыць: «Там мае дзеці спяць!» Хоча легчы на зэдліку: «Я зэдлік для гасцей вышаравала!» Вось рассыпала мачаха жменю гнілой саломы пад парогам і кажа Аксанцы: «Табе і тут добра будзе!» Легла Аксанка на гнілую салому пад парогам, холадна ёй, плача, аж калоціцца. Так і заснула. Ажно тут ува сне прыходзіць да яе Найсвяцейшая Маці, бярэ яе за ручку і кажа: «Хадзі за мной, сірацінка!» З хаты яе вывела і прывяла на луг, што каля вёскі быў. Аксанка ідзе і дзівіцца: учора была зіма і столькі снегу навокал ляжала, а цяпер лета, так прыгожа, цёпла, кветкі цвітуць. Прыйшла Найсвяцейшая Маці з Аксанкай на луг і пачала рваць авечкі. Нарвала, нарвала, дала Аксанцы і кажа: «Вось табе пасцелька!» Так сніцца Аксанцы. А мачаха абудзілася ноччу і глядзіць: што тут такое? Уся хата ў святле. Глядзіць, а пад парогам Аксанка ляжыць на такой серабрыстай посцілцы, што ад яе ў хаце светла. Устала мачаха і пабудзіла Аксанку: «Адкуль ты посцілку ўзяла?» Аксанка кажа: «Найсвяцейшая Маці на лузе авечак нарвала і мне на посцілку дала». - «Ідзі прэч!» Узяла прагнала Аксанку і сваё дзіця палажыла на авечках. А тое дзіцятка крычыць: «Ой, мама, холадна!» Глядзіць мачаха, а яе дзіця на снезе ляжыць. Тады яна Аксанку на снег, а сваё дзіця на печ. А тут пад Аксанкай зноў посцілка з авечак такая серабрыстая, што ажно ў хаце ад яе светла. Тады мачаха зразумела, што Найсвяцейшая Маці ўзяла Аксанку пад сваю апеку і ўжо больш посцілкі ў яе не адбірала».