Выбрать главу

Гэтая самая расліна авечкі згадваецца і ў наступнай дажынкавай песні:

Дажалі жыта, дажалі яркі, Не шкадуй, пані, піва, гарэлкі. А на балоце шэрыя жабы, Дажалі жыта старыя бабы. А на балоце мілыя авечкі, Дажалі жыта малады дзевачкі. Плён жыта, плён з усіх старон! Не шкадуй, пане, сівога коня, Шлі па музыку аж да Кракова. На небе белыя пасы, На нашай пані адны атласы. А як на небе вялікія зоркі, А ў нашай пані жоўты аборкі. А як на небе вялікі дэсэні, А ў нашай пані сукня да земі. А ў гародзе прыгожыя кветачкі, А ў нашай пані прыгожыя дзевачкі. А ў гародзе прыгожая рожа, Нашая пані добра і гожа.

Паводле майго меркавання, слова авечкі ў гэтай песні азначае расліну, а не жывёлу. Найперш таму, што авечак на забалочаных лугах не пасвяць. Апрача таго, лягчэй дапусціць параўнанне дзяўчат з кветкамі, чым са статкам авечак.

ІV

Новых народных пагаворак адшукала толькі некалькі наступных.

Пірагоў захацелі, хлеб згубілі.

Камення - хоць забіся, вады - хоць заліся, хлеба купіўшы, можна жыць.

Уздыхаю, бо свайго не маю.

Калі табе мала, каб табе бакі паабрывала.

Калі хлебна, то не грыбна, калі грыбна, то не хлебна.

Анёльскае жыццё, сабачае быццё.

Жонка не рукаў, не адпароць!

Не купіў бацька шапкі, няхай вушы мерзнуць.

Цяліся карова ялова, каб бабе малако было.

Малая, як палец, злая, як падалец.

Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.

Як быў кірмаш, не было лепшых за нас!

Вучыў поп Марціна, сам дурны, як свіння.

Што так смярдзіць? Нявестчын андарак вісіць.

Апошняя прымаўка - гэта яшчэ адна ілюстрацыя да апісаных раней узаемаадносін нявесткі са свякроўкай. Але як яны могуць быць іншымі, і сэрца якой маці не зойдзецца ад горычы і зайздрасці, калі, напрыклад, паводле адной прыпавесці, мужчына вяртаецца з працы дамоў і, паспытаўшы баршчу з місы, пададзенага яму маткай, бурчыць: «От, матка, згатавала боршч, толькі свінням выліць!» Маці ж адказвае: «Гэта не я, а твая Гануля гатавала!» Мужчына зноў каштуе боршч, круціць галавой і, амаль задаволены, кажа: «Пасаліць толькі трэба, смачны!»

1888-1891

Каментары 

Беларускія словы і выразы, якія ўжывае ў тэксце Э.Ажэшка, выдзяляюцца курсівам.

Усе песні і загадкі ў змешчаных тут творах Э.Ажэшка падае ў арыгінале - на беларускай мове.

Аповесці
Нізіны

Пераклад Галіны Тычкі. На беларускай мове аповесць друкуецца ўпершыню. Згодна з першапачатковай задумай, мела называцца «Танная невялічкая кніжка для люду» і пісалася для часопіса «Кraj», дзе і з'явілася ў 1884 г. (No.33-40). Першае выданне асобнай кніжкай выйшла ў 1885 годзе.

За незвычайна кароткі час пісьменніца стварыла дасканалую з мастацкага гледзішча аповесць пра парэформенную беларускую вёску. Яе героі - батракі, што жывуць у «чвораках» (чатырох вуглах сялянскай хаты). Змрочны каларыт аповесці некаторыя польскія біёграфы (Эдмунд Янкоўскі) тлумачылі пагоршаным душэўным станам Элізы Ажэшкі, нібыта выкліканым у часе летняга адпачынку пісьменніцы заляцаннямі яе каханага пана Нагорскага да пакаёўкі. На самай справе пісьменніца дасканала ведала беларускую вёску і напісала глыбока рэалістычны твор, які даў пачатак яе «беларускаму цыклу» пра чалавека з «нізін».

1 Пантак - гатунак чырвонага віна.

2 Ангрод - пад гэтай назвай Э.Ажэшка мае на ўвазе горад Горадню.

Дзюрдзі 

Пераклад Галіны Тычкі. На беларускай мове друкуецца ўпершыню. Блізкая па творчай задуме да зборніка «Вясковыя вобразы і сцэны», які так і не быў напісаны. Аповесць была закончана ў 1885 годзе і ў тым жа годзе з'явілася ў часопісе «Ateneum». Асобным выданнем выйшла ў 1888 г. як ХХХVІІІ том «Таннага збору твораў» Элізы Ажэшкі.

1 Ачынёна (дыялект.) - вар'ятка.

Хам

 Пераклад Ядзвігі Бяганскай. Аповесць з'явілася ў польскім друку («Gazeta Polska», No.109-158) у 1888 годзе. Асобным выданнем выйшла ў 1889 годзе («Тanie zbiorowe wydanie pism» Элізы Ажэшкі), у кніжным тэксце была зроблена даволі значная карэктура беларускіх выразаў.

Друкуецца паводле выд.: Эліза Ажэшка. «Выбранае». Мн., 1975, с.173-365.

Самой назвай, як і ўсім яго зместам, твор скіраваны супраць арыстакратычных колаў грамадства, якое зняважліва лічыла сялян «быдлам» і «хамамі».

Нёманскі рыбак Павел, што застаўся беззямельным бедняком, сапраўды ўвасабляе лепшыя рысы свайго народа, яго маральна-эстэтычную годнасць, розум, працавітасць. Некаторыя моманты ідэалізацыі героя адбыліся не без уплыву Льва Талстога.

Драматычная інсцэніўроўка «Хама» ў 1913 годзе карысталася поспехам у рэпертуары самадзейных драматычных гурткоў Вільні, у Першай драматычнай трупе І.Буйніцкага (1910-1912 гг.), была пастаўлена ў БДТ-1, цяперашнім Беларускім тэатры імя Я.Купалы (1921 год, рэжысёр Ф.Ждановіч).

1 Мядзведжае вуха - народная назва дзіванны.

2 Госпадзе, злітуйся! Хрыстос, злітуйся! (грэцк.) - пачатак каталіцкай імшы.

Апавяданні, нарысы
Зімовым вечарам

Пераклад Янкі Брыля. Апавяданне створана вясной 1887 г., асобным выданнем выйшла ў 1888 г. Друкуецца паводле выд.: Эліза Ажэшка. «Выбранае», с.13-65. Карысталася выключнай папулярнасцю дзякуючы драматычным пераробкам на беларускую, польскую і ўкраінскую мовы. Аўтар беларускай інсцэніроўкі - Вацлаў Ластоўскі (1913 г.).

Спалучэнне паэзіі зімовай вечарынкі з трагічнай праўдай сялянскага сына, катаржніка Бонка, які раптоўна з'явіўся сярод моладзі, пакідае моцнае ўражанне. Выратаваны бацькам і адпраўлены з хаты, чалавек застаецца адзін на адзін з людзьмі і светам.

Апавяданне стаіць каля вытокаў беларускага прафесійнага тэатра. Спектаклем «У зімовы вечар» 14 верасня 1921 года адкрыўся Беларускі Дзяржаўны тэатр (рэжысёр Ф.Ждановіч). У 1923 годзе пад назвай «Рысь» драматычную інсцэніроўку апавядання паставіла трупа Ул.Галубка.

Тадэвуш