- Ёсць, дабрадзею! Ёсць мае крывавыя, што я сабе за дваццаць гадоў для сыноў сваіх і на смерць сваю збірала... Што для Антосіка, то пакіну, а што для Піліпкі, то аддам, хай яму на збавенне будзе... Працавала я, гаравала, жала, палола, наймалася да ўсякай работы, скуру работай сабе з рук здзірала, поснае ела, босая хадзіла, а ўсё для іх збірала...
Кажучы пра скуру, здзіраную з рук, выставіла пад святло лучыны, што гарэла ў пячной шчыліне, свае малыя, худыя, чорныя, як зямля, рукі, з скрыўленымі, гузаватымі ад сярпа і каромыслаў пальцамі, ад капання зямлі і іншых непасільных работ, якія рабіла яна дзевятнаццаць гадоў без перадыху... Што поснае дваццаць гадоў ела, верылася без цяжкасці, і нават у гэты сакавіцкі вечар яе ногі былі абутыя толькі ў слой бруду. Мікалай паглядам, які можна было б назваць саркастычным, акінуў постаць гэтай бядачкі і скрывіў вусны.
- Многа ты там грошай можаш мець? - сказаў нядбала. - Пэўне, на пяць працэнтаў не хопіць.
Хрысціна, відаць, спалохаўшыся, што яе падазраюць у недахопе сродкаў і што Мікалай можа адмовіцца ад сваёй пратэкцыі, ударыла сябе кулаком у грудзі.
- Маю! - крыкнула. - Далібог маю, хопіць!
- Ну, а ці шмат маеш?
Скрыжавала рукі на грудзях і пачала казаць:
- От, скажу табе, Мікалай, усё, як ксяндзу на споведзі... Сто рублёў я маю для Антосіка, сто рублёў для Піліпкі і сто рублёў для сябе на смерць... каб мяне, як памру, сыны добра пахавалі, у прыгожай труне, з ксяндзом і з харугвамі... Жыла я ў цяжкай бядзе, хай жа мяне пахаваюць у багацці... і хай сынкі жабракам грошы даюць і ксяндзу на імшу за маю душу, і на маёй магіле маляваны крыж паставяць. Вось што я маю, працай цяжкай сабрала. Поснае ела, босая хадзіла і сабрала. Сама, апрача Пана Бога, аніхто мне не дапамог.
Прызнанне гэтае распачынала яна з неахвотай і толькі пад пагрозай страты пратэкцыі Мікалая. Але на апошніх сказах выпрамілася, змучаны твар яе праяснеў і быццам памаладзеў, чорныя вочы заблішчалі. І дзіўна, заблішчалі яны пачуццём гонару.
- Сама працавала, сама назбірала. Ніхто мне не дапамагаў, - паўтарыла.
Калі стаяла такая выпрамленая і гарачымі сваімі шчырымі вачыма глядзела на двух мужчын, а на далікатных бледных вуснах яе блукала лагодная ўсмешка, то са спрацаванай жабрачкі, з цёмнага, усімі зневажанага быдла перамянілася ў чалавека, што ведае сваю вартасць і годнасць.
Мікалай глядзеў на яе са здзіўленнем. Псіхалагічны аспект, як расла і расцвітала душа кабеты, зусім не закрануў ягонай увагі, затое ўразілі яго пачутыя лічбы. Радасны выраз з'явіўся на ягоным твары.
- Ну, баба! - крыкнуў. - Гэй, каб я з такой ажаніўся, то зараз бы свет перавярнуў. Але мая распуста пайшла сабе ў свет, а дзяцей мне на карку пакінула... Вяртайся ў хату, салдацік, а жонкі тваёй ані духу! Дзе яна зараз, гэтая Марыська мая, дзе?..
На імгненне нават забыўся пра Хрысціну, трос галавой, і штосьці вільготнае заслала яму шэрыя вочы. І ў глыбіні грудзей нейкі сумны ўспамін зварухнуўся, агарнуў жаль... Нядоўгай была, аднак, гэтая расчуленасць былога салдата, які, вярнуўшыся з вайсковай службы, у хаце не застаў сваёй Марыські. Праблемы бліжніх займалі яго, надзіва, значна больш.
- Ну, - сказаў ён, - дык і ты прыходзь заўтра разам з Ясюком у грыньскую карчму.
Ясюк як быццам ачнуўся.
- Калі ж, - запусціў ён руку ў валасы, - калі ж я і сам яшчэ не ведаю, як зрабіць... Ісці ці не.
На гэты раз пачуўся ад печы лагодны і слабы голас.
- Ідзі, Ясюк, ідзі... Не адкідай ласкі Божай! Паспрабуй... Можа, табе зямлю прысудзяць і гараванне нашае скончыцца... Ой, бяда, што я такая слабая... сама б пайшла і ў ногі таму пану пакланілася. Ідзі, Ясюк, калі Бога баішся, ідзі! Я нядужая, можа, памру хутка, хоць паміраючы буду ведаць, што ты на парабкоўскім хлебе жыць перастаў і дзеці...
Не магла скончыць. Была такая слабая, што голас яе перарваўся. Застагнала толькі і паклікала Хрысціну, каб дзіцятка ад яе забрала і паклала ў калыску. Ясюк хвіліну пазіраў у той паўзмрок, адкуль гаварыла да яго жонка і дзе паціху кугакала немаўлятка.
- Ну добра, сказаў ён, устаючы. - Пайду! Хай будзе, што будзе, пайду! Трохі грошай з сабой вазьму. Можа, Пан Бог злітуецца і ўзнагародзіць...
Мікалай ззяў.
- Ну, - закрычаў, - вып'ем!
- Вып'ем, - азваўся Ясюк, які, відаць, гучным голасам і энергічнымі жэстамі хацеў задушыць у сабе рэшткі неспакою і сумненняў.
- На здароўе!
- На шчасце!
- Пі, Хрысціна!
Узяла чарку з рук Ясюка і, адвярнуўшы галаву і локцем засланіўшы твар, выпіла яе да паловы.
- Пі! - налягаў разахвочаны Ясюк.
- Пі! Ды дзякуй Пану Богу за сваё шчасце! - крычаў Мікалай.
- Не магу, - прасілася жанчына. Далібог, не магу! Не піла я ніколі гарэлкі, бо і грошай шкадавала і п'яніцай зрабіцца баялася страшна... Столькі, колькі магла, за здароўе добрых людзей выпіла... больш не магу...
Яны і сапраўды ведалі, што ніколі болей як паўчаркі не выпівала, і таму пакінулі яе ў спакоі.
Затое прычапіліся да Антосіка:
- Пі, парабак, - крычаў Мікалай. - Салдатам не будзеш, каля старой маткі цябе пакінулі...
- Пі, - далучаўся Ясюк. - На добрую жаніцьбу і шчаслівую долю...
Антосік трошкі па-дурному ўсміхаючыся, відочна ўзрадаваны ўвагай старэйшых, працягнуў сваю руку па чарку.
- І не думай! - крыкнула Хрысціна і стала перад сынам у такой паставе і з такім выразам твару, як быццам хацела засланіць яго сваім целам ад смяротнай кулі.
- Пусціце, мама! - спрабуючы адсунуць яе, пачаў разахвочаны парабак.
- І не думай! - паўтарыла і так паглядзела на яго, што апусціў галаву і прысаромлены адышоў ад стала. Яна ж звярнулася да двух старэйшых мужчын:
- Сама я не піла і ім не дазваляла. Сама піць не стану і, пакуль жыць буду, ім не дазволю... Яны не такія, як іншыя... шануюць матчыну волю...
Антосікаў выгляд сведчыў, што яна гаворыць праўду. Ён стаяў, апусціўшы вочы, нават не думаючы рвацца да гарэлкі. Яна ж гаварыла далей:
- Выраслі яны ў мяне не п'яніцамі і не злодзеямі... Берагла іх ад п'янства і ад усялякай распусты, як ад агню... З малых гадоў да паслухмянасці і да працы прывучала. Ведалі яны, як я з імі гаравала, свету за імі не бачыла, то і шкадавалі мяне і слухаліся. Вось так іх і пагадавала. Сама. Апрача Бога, аніхто не дапамагаў.
Ясюк і Мікалай у знак згоды ці пашаны ківалі галовамі. Антосік падышоў да маткі і пацалаваў ёй руку, яна пагладзіла яго па ільняных валасах, але зараз жа звярнулася да Мікалая. Той, другі, далёкі і ў бядзе, як стрэмка, балеў у яе сэрцы. Зноў пачала прасіць былога салдата, каб за яе да таго вялікага хадваката слова замовіў.
- Мы ўжо ўдваіх з Ясюком прыйдзем, і што мой бабскі розум расказаць не патрапіць, Ясюк дагаворыць.
Былы салдат устаў з лавы і пачаў развітвацца з гаспадаром. Не п'яныя ад выпітай гарэлкі, але трохі расчуленыя, абдымаліся і гучна цалаваліся. Праз нейкі час у хаце стала зусім цёмна і ціха. Затое праз шчыліны ў дзвярах было відаць святло ў бакавой каморцы і чуліся адтуль прыглушаныя шэпты. Там перад адчыненай невялікай скрыняй сядзела на зямлі Хрысціна, а каля яе стаяў Антосік і трымаў у руках запаленую лучыну. Жанчына паспешліва адхінула ўбок крыху адзення, свайго і сынавага, і з-пад яго, з самага дна куфра, выцягнула нейкі прадмет, прадаўгаваты, як вузкі мех, звязаны ўверсе шнурком. Была гэта нечым напханая тоўстая ніцяная панчоха. Хрысціна развязала мноства вузлоў, якімі быў завязаны верх панчохі, і спачатку выцягнула адтуль дзве нейкія паперы, пажоўклыя, пачарнелыя, з абдзёртымі краямі. З вялікай пашанай агледзеўшы іх з усіх бакоў, асцярожна, як быццам бы гэта было шкло, якое магло пабіцца, адклала іх убок. Гэта былі гмінныя пасведчанні пра яе паходжанне і паходжанне яе сыноў, а таксама пра розныя правы, якія мелі яны на гэтым свеце. Тых правоў было няшмат, і не было ў іх нічога надзвычайнага, аднак без гэтых пасведчанняў правы іхнія ўвогуле зводзіліся да нуля. І таму гэта быў скарб, які Хрысціна берагла як вока ў лобе; пасля выйсця яго на свет з панчохі паказаўся другі скарб: асігнацыі адна- і трохрублёвыя, а таксама срэбныя саракоўкі, залатоўкі і дзесяткі, нават трошкі медных манет. Відаць, што складала яна ў панчоху ўсё, што мела, як трапляла да рук. За тое, што дзень палола пшаніцу, - саракоўка, за два дні жніва - рубель, за тое, што насіла ваду каромысламі гаспадыні намесніка, - шэсць грошаў, за згрэбанае сена - два злотых, за цэлыя два тыдні жніва - дзве трохрублёўкі, трэцяя - за тры месяцы даення кароў, чацвёртая і пятая - зберагла з парабкоўскага заробку Антосіка і г.д. і г.д. Колькі разоў штодзённым спажыткам былі для яе і сыноў ячныя крупы, бульба, хлеб і соль, столькі разоў кожны грош, што трапляў у руку, хаваўся ў глыбінях ніцяной панчохі. Хавалася там усё гэта на працягу цэлых дзевятнаццаці гадоў.