Цяпер у гэтай хаце было тлумна і шумна. Грыньскія сяляне збіраліся тут, каб яшчэ раз пагаварыць са сваім адвакатам, які вось ужо два гады вёў працэс за луг і ворныя землі супраць колішняга іх уладальніка Дзельскага. Паінфармаваныя былым саладатам Мікалаем, што пан хадвакат гэтым ранкам будзе праязджаць тут, едучы з Лясной, прыйшлі сюды, вядома, не ўсе, бо вёска мела шэсцьдзесят двароў, а дэлегавалі са свайго гурту некалькі больш кемлівых, а можа, проста тыя, якія з выйгранага працэсу маглі мець найвялікшую карысць і таму неслі большыя кошты. Выпадак быў вельмі зручны. Замест таго, каб ехаць у Ангрод за тры мілі, як столькі разоў яны рабілі за гэтыя два гады, маглі яны ў сябе на месцы канчаткова дамовіцца са сваім прадстаўніком. Гэтая дамова павінна была быць канчатковай, як было падобных ёй ужо нямала. Дадуць яны прадстаўніку грашовую суму ў пяцьсот рублёў ці не? Калі дадуць, то працэс, напэўна, неўзабаве будзе выйграны, калі ж не дадуць, прадстаўнік ні за што не адказвае. Так было ўжо неаднойчы. Выдаткі іхнія на гэты працэс былі як агромністая рака, што пачыналася з маленькай крынічкі. Адразу казалі ім, што можна выйграць яго за трыццаць рублёў, і пасля доўгіх роздумаў далі яны па паўрубля з хаты. Потым трэба было заплаціць дваццаць, потым яшчэ дзесяць і зноў пяцьдзесят, потым адразу сто, потым зноў дзесяць і пятнаццаць, а неяк аднойчы ажно дзвесце. Гэтыя розныя сумы пасля доўгіх абмеркаванняў вырашалі яны заўсёды выплочваць і плацілі, і кожная папярэдняя служыла ім за аргумент для наступнай. Калі ўжо тую на інтарэс патрацілі, дык павінны і гэтую патраціць, каб папярэдняя не прапала. Цяпер ішла гаворка пра адну суму, але павінна яна была быць апошняй, і гэта ўжо ясна, як амэн у пацерах. Яшчэ ўчора вагаліся - выплочваць яе ці не, і ў выніку прадстаўнік пакінуў іх страшна раззлаваны. Гэтае злосці яны і спалохаліся. Прападзе інтарэс, і прападуць патрачаныя на яго грошы. Мікалай жа ўзрадаваў іх весткай, што сёння яны змогуць перахапіць хадваката на дарозе. А то ўжо пагаворвалі, што трэба будзе зноў вандраваць у Ангрод.
Таму і прыйшло ў карчму некалькі дэлегатаў, а некаторыя іншыя прывалакліся з цікавасці і таму, што была нядзеля. Ясюк з Хрысцінай таксама прыйшлі і селі ў кут на лаву. Моцны пах авечых кажухоў змяшаны з пахам скураных ботаў з доўгімі халявамі напаўняў хату. Амаль усе былі абутыя і выглядалі досыць заможнымі. Кажухі на ўсіх былі амаль новыя, з багатымі каўнярамі з чорнага футра альбо трошкі паношаныя і забруджаныя, але ў сярмягах, што не надзяваліся ў гэтую халодную пару, было толькі пару чалавек. Адразу было відаць, што жыхары Грынек мелі добрую зямлю і менш за іншыя вёскі былі ахоплены п'янствам. Сядзелі яны па-рознаму, і твары таксама былі ў іх розныя. Адны, седзячы на лаўках, паклалі локці на стол, другія, маладзейшыя, бязвусыя, апусціўшы рукі на калені, разявіўшы раты, услухваліся ў размовы старэйшых. Большасць жа таўклася перад сталом, крычучы, штурхаючыся і замаўкаючы на хвілю, каб паслухаць, што кажа Мікалай. Былы салдат сядзеў пад сцяной пасярод лавы, увесь блішчасты ад ззяння начышчаных гузікаў шыняля. Між бледных шчок чырванеў канец ягонага завостранага носа; сівая кароткая шчэць падкрэслівала сухасць і завостранасць ягонага профілю. З іскрамётнымі вачамі і хітраватай усмешкай на тонкіх вуснах расказваў ён надзвычай цікавыя рэчы. Амаль пятнаццаць хвілін даводзіў ён сваім слухачам, што нікому іншаму, а толькі яму абавязаны грыньскія сяляне сваім цяперашнім розумам.
- Дурнямі былі, - казаў, - дазваляючы Дзельскаму засяваць землі і касіць лугі, якія паверачная камісія толькі памылкова ў план не паставіла, далібог, толькі памылкова. Дзяды і прадзеды вашы там сеялі і касілі. Праўду я кажу ці не?
- Праўда, то праўда, - хорам азвалася некалькі галасоў, а адзін з іх дадаў:
- Толькі бачыце, Мікалай, дзяды і прадзеды нашыя паўсюды сеялі і касілі, на ўсёй зямлі сеялі і касілі, а нам жа ўсё ж гэтай зямлі не аддалі...
Гэтыя словы трошкі са шчырай, а трошкі са злой весялосцю казаў Паўлюк Гарбар, Ясюкоў дзядзька, немалады сіваваты селянін, апрануты ў добры кажух і абуты ў самыя дарагія боты. Быў гэта, відаць, самы заможны з грыньскіх гаспадароў селянін і пасля Мікалая найбольш паважаны ў вёсцы.
- Але! - пацвердзіла ягоныя словы некалькі галасоў. - Казалі, што ўсё аддадуць, а цяпер за сваё мусім ваяваць.
Мікалай лістасціва ківаў галавой.
- Ой вы, дурныя людзі! - пачаў. - Як гэта вы хочаце, каб усё адразу зрабілася. Сам Бог сем дзён свет ствараў, а вы хочаце, каб вам адразу ўсю зямлю аддалі...
- Адразу! - буркнуў Паўлюк. - Дзевятнаццаты год як надзялілі, і да гэтага часу нічога лепшага яшчэ няма...
- Будзе! - урачыстым голасам выгукнуў Мікалай. Узняў указальны палец і паўтарыў: - Я ведаю, што будзе, усё будзе!
- Усё? - задзіваваўся нейкі разяваты голас.
- Усё! - ударыўшы кулаком аб стол, пацвердзіў Мікалай і ўзяўся расказваць аб тым, што чуў і бачыў на шырокім свеце. А чуў ён і даведаўся, што калі не ў гэтым годзе, дык праз два гады, а калі не праз два гады, то праз дзесяць гадоў, але ўся зямля будзе належаць сялянам: і ворная, і лугі, і пашы, і лясы, словам - уся зямля... Калі быў ён дзеншчыком, чуў як палкоўнік і генералы пра гэта гаварылі... Так і гэтак казалі, так і гэтак... А ён, стоячы за дзвярыма, у дзірку для ключа глядзеў і слухаў... І розныя такія кніжачкі на свеце ёсць, дзе напісана, што ўсю зямлю трэба раздаць сялянам. Ён гэтыя кніжачкі чытаў. Былі такія добрыя людзі, што яму далі пачытаць, а ён чытаў і запамінаў, а зараз ім кажа, што ўсё будзе...
- Як Бог Богам, усё будзе і ўжо нават указ на гэта ёсць, толькі яшчэ міністар яго не пусціў. Як міністар пусціць і па паліцыях разашле, тады... усё будзе!..
Гаворачы так, Мікалай ажывіўся і расхваляваўся. Шчыраю праўдай было, што ў тое, пра што гаварыў, ён сам верыў вельмі моцна. Шэрыя вочы яго гарэлі, голас гучаў пераканальна ды імпэтна. Гэтаксама моцна верылі альбо хацелі верыць у ягоныя словы і слухачы. Адны твары свяціліся радасцю і светлай надзеяй, на іншых - з'яўляўся смутак, як бывае звычайна з людзьмі, калі думаюць яны пра сваю самую запаветную мару. Мікалай сваімі апавяданнямі і абяцаннямі закранаў у гэтых грубых і моцных грудзях струны іх мараў, іхніх самых дарагіх і запаветных жаданняў. Як чэрві, што, бясконца точачы зямлю, набіраюцца яе колеру, так і гэтыя людзі колерам сваёй скуры амаль дараўняліся да колеру глебы. Была яна для іх роднай стыхіяй, мацярынскімі грудзьмі, што іх кармілі, каханкай, якую ад першых крокаў свайго жыцця штодзённа абдымалі спякотнымі абдымкамі цяжкай працы. Таму так і жадалі яе, прагнулі яе моцна і яшчэ больш, і так без канца... Мікалай сваімі словамі кранаў і казытаў гэтыя іхнія жаданні, так што смяяліся і плакалі яны ў іхніх грудзях, выбухаючы агнём у вачах, абдымаючы тугой цёмнае, парослае шорсткімі валасамі чало. Але ж ці не быў і сам ён чарвяком, народжаным на загоне, і хоць паўжыцця і правандраваў па свеце, ці ж не захаваў і ён у сваіх жылах той самай крыві, што цякла ў іх? І ягоная хата з палоскай зямлі таксама была на ўскрайку вёскі, і неаднойчы ў сваіх марах падаўжаў ён гэтую палоску аж да небакараю. Таму і яго, калі гаварыў пра ўсю зямлю, ахоплівала жарсць. Асцерагаць пачаў сваіх слухачоў, што ўказ, пра які ён гаварыў і які міністар вось-вось са сваёй канцылярыі выпусціць, «зробіць усё» толькі для тых, якія цяпер пільнуюцца сваіх інтарэсаў і для таго, што ім належыць, іншым не аддаюць...
- Калі Капроўскаму грошай пашкадуеце і працэс з Дзельскім прайграеце, міністар пра гэта дазнаецца і прышле ў паліцыю такое прадпісанне: «Грыньскіх сялян больш зямлёй не надзяляць, бо дурні, не ўмелі бараніць свайго, і тую зямлю, што ім належыла, добраахвотна аддалі іншаму». О!
Скончыў. Сярод сялян узняўся гармідар.