Выбрать главу

- Не дадзім! - крычалі. - Як Бог Богам, не дадзім. Памром, а не дадзім! Апошніх валоў прададзім, душы жыдам папрадаем, а не дадзім! Капроўскаму грошы мы прынеслі. Няхай бярэ і адбярэ наша. Твая праўда, Мікалай. Хто дурань, таму нічога не дадуць, а хто разумны і інтарэс свой ведае, таму будзе ўсё...

У гэты час перад карчмой пачуўся грукат колаў і данёсся крык:

- Мікалай! Мікалай!

Салдат ускочыў і пабег да дзвярэй, да якіх паціснуліся грамадой і сяляне. Усім тлумам высунуліся за карчомныя дзверы, дзе на брычцы, запрэжанай парай укормленых коней аканома, сядзеў Капроўскі. З нерухомай галавой і тварам, схаваным у футраны каўнер, пачаў гаварыць ён з Мікалаем пра нейкага ягонага сына Юрку, які, як можна было зразумець, служыў у яго лёкаем.

На сялян, што акружылі ягоную брычку, ён нават не зірнуў. А тыя прасілі яго, каб вылез з брычкі і зайшоў у карчму.

- Яснавяльможны пане, - пачынаў Паўлюк, - толькі на мінутку ўвайдзіце... пагаворым...

- На мінутку! - плаксіва паўтаралі іншыя.

- Не пакідайце нас, яснавяльможны пане! Не гневайцеся на нашую дурасць... - схіляючыся сівой галавой аж да колаў брычкі, цягнуў Ясюкоў дзядзька.

- Але! Не гневайцеся! - падтрымліваў і енчыў хор.

Урэшце Капроўскі павярнуў да іх свой твар, пабліскваючы блакітнымі шкельцамі акуляраў.

- Мае дарагія, - сказаў ён, - калі не давяраеце мне і сказалі ўчора, што не хочаце далейшых выдаткаў на інтарэс, дык рабіце, як вам падабаецца, ідзіце да іншага. Іншы, можа, будзе вам таннейшы. Толькі прышліце каго па свае паперы.

Гаварыў гэта ўсё звысоку, пагардліва, але худы твар яго нервова ўздрыгваў, а вусны сціскаліся ў хваравітую і неспакойную грымасу. Няцяжка было здагадацца, што ў глыбіні сваёй душы ён добра калаціўся і думаў: «А калі і праўда пойдуць да іншага!» На секунду з-за акуляраў утаропіў свой пільны пагляд у вочы Мікалая. Той усміхнуўся ледзь-ледзь, але шматзначна.

- Хай ужо яснавяльможны пан даруе ім іхнюю дурасць, - сказаў, - яны нічога не разумеюць...

І, звяртаючыся да сялян, спытаўся:

- Ну, праўда, што вы нічога не разумееце?

- Не разумеем, не разумеем, яснавяльможны пане, - кланяючыся, адказалі ўсе, апроч Паўлюка, які не хацеў прызнаваць таго, што нічога не разумее, і нават трошкі нахабна хадваката цягнуў за рукаў сурдута.

- Вылезьце, пане, - казаў, - мы грошы прынеслі. Сваёй зямлі Дзельскаму не дадзім, згінем, а не дамо...

- Ну, - сказаў Капроўскі, стоячы на брычцы, - толькі ўжо па просьбе Мікалая...

Тады пачалі высаджваць яго з брычкі і весці ў карчму. Падставілі яму пад локці свае чорныя спрацаваныя далоні, ішлі перад ім, за ім, каля яго, зазіралі яму ў твар, гаворачы, крычучы, расказваючы ўсе разам.

Калі Капроўскі ўвайшоў у карчму і скінуў з плячэй на рукі сялян воўчае футра, было відаць, што адчуваў сябе адразу крыху ніякавата і не ведаў, што яму рабіць і казаць. Нязмушаная элегантнасць, якой фанабэрыўся ўчора ў гасцёўні Бахрэвічаў, сёння пакінула яго амаль цалкам. Добра разумеў, што тут была б яна не да месца, затое імкнуўся замяніць яе надзьмутым тварам і строгай паставай. Меў, аднак, ён тут свайго супольніка і, ведаючы пра гэта, хутка вярнуў сабе былую ўпэўненасць. Супольнікам жа ягоным быў тут Мікалай. Быў ён нават яшчэ нечым большым, сувязным паміж ім і той грамадой, якая без яго і не ведала б пра існаванне хадваката, не кажучы ўжо пра пачатак працэсу. Мікалай, гэты вясковы разумнік, рыхтаваў і ачышчаў дарогі Капроўскаму, гарадскому разумніку. Першы ведаў вясковых людзей, другі - напамяць артыкулы закону, і разам яны дапаўнялі адзін другога, і не маглі абысціся адзін без аднаго. Мікалай хутка перабег карчму і пачаў дзьмухаць на лаву, якую таксама некалькі сялян узяліся старанна выціраць поламі сваіх кажухоў. На гэтае вычышчанае месца салдат і Паўлюк пасадзілі Капроўскага, падтрымліваючы яго за локці. Паўлюк зараз жа палез за пазуху і выцягнуў адтуль жменю асігнацый. Як музыкі, паслухмяныя дырыжорскай палачцы, усе іншыя зрабілі тое самае. Усунулі рукі за пазухі і павыцягвалі з-пад кашуляў жмені папяровых грошай. Некаторыя развязвалі рагі анучак, з якіх выпадалі паперкі, скручаныя ў форме шарыкаў. Над карчомным сталом, зробленым з некалькіх старых, заплямленых, павышчэрбліваных дошак, у кірунку хударлявага чалавека ў зграбным сурдуце, з залатым ланцужком і блакітнымі акулярамі на ўздзёртым носе выцягнулася некалькі пар рук, дужых і чорных, амаль як зямля, з вузлаватымі, скрыўленымі, са шрамамі пальцамі. Некаторыя з гэтых рук цягнуліся смела і нават настойліва, іншыя, такія дужыя, трошкі дрыжалі і адступалі, каб праз нейкую хвіліну трывожным і нясмелым рухам зноў высунуцца наперад. Мікалай час ад часу падкідаў які-небудзь вясёлы жарцік. Капроўскі сваімі малымі худымі рукамі з кароткімі пальцамі ў пярсцёнках хутка і спраўна лічыў грошы. Сяляне слухалі гэтае лічэнне з вялікай увагай, з пахіленымі да яго галовамі, з нерухомымі тварамі. Непадалёк ад гэтае групы на фоне чорнага коміна з'явілася хударлявая постаць і рудавалосая галава жыда-арандатара, які здалёк з дагодлівай усмешкай чакаў хвіліну, калі пасля заканчэння інтарэсу настане час усеагульнага піцця гарэлкі.

- Пяцьсот! - голасна і з прыціскам вымавіў Капроўскі, устаў, выпраміўся і пачаў гаварыць. Гаварыў ён хутка, манатонна, з трошкі пахіленай галавой, але з упэўненым выразам твару, які слухачы ўжо добра памяталі. Стараўся выбіраць выразы зразумелыя для ўсіх, а калі ў яго гэта не атрымлівалася, то Мікалай, што стаяў за яго плячыма, дапаўняў і тлумачыў ягоныя словы. Праўда, сяляне слухалі Капроўскага так ўважліва і з такім захапленнем, што ўмяшанне Мікалая выклікала ў іх толькі незадавальненне. Адмахваліся ад яго рукамі, нецярпліва кажучы:

- Знаем, знаем! Ты ўжо маўчы, Мікалай! Хай яснавяльможны пан гаворыць.

І яснавяльможны пан гаварыў: пра маніфест дзевятнаццатага лютага, пра ліквідацыйную камісію, пра камітэт па зямельных пытаннях, пра з'езд міравых пасрэднікаў, пра палату, сенат, сенацкія ўказы, апеляцыі, артыкулы закону з такога, такога і такога года... Бязвусая моладзь так шырока паразяўляла раты, што ў іх магла ўляцець варона, старэйшыя пачалі дабрадушна ўсміхацца і ківаць галовамі, час ад часу пераглядаючыся паміж сабой. У іхніх усмешках адбівалася поўнае супакаенне за лёс толькі што выдаткаваных грошай; погляды выяўлялі думку: «От дык брэша! Але ж разумны!» На заканчэнне прамоўца сказаў: «Будзьце здаровыя, мае дарагія» і жэстам, у якім можна было лёгка ўбачыць жаданне як мага найхутчэй уцячы адсюль, схапіў са стала сваю далікатную футравую шапку. Сяляне расступіліся ў глыбокай пашане, а Ясюк і Хрысціна высунуліся з кута, дзе дагэтуль сядзелі як нямыя і нікім не заўважаныя сведкі ўсяго, што тут рабілася. Тады Мікалай ухапіў Капроўскага за локаць і вельмі ціха сказаў яму на вуха некалькі слоў. Хадвакат зморшчыў бровы і незадаволена прыцмокнуў языком. Надта ж пільна, мусіць, яму хацелася пакінуць карчму. Меў ён пэўныя эстэтычныя густы, якія змагаліся ў ім з патрэбаю матэрыяльных выгод, і паколькі на гэты раз ладны яго партфель ажно распух ад грошай грыньскіх сялян, можа быць, першае і пераважыла б другое, калі б Мікалай зноў не адыграў для яго ролю анёла-вартаўніка. Ён так хутка і спрытна, што сяляне амаль не заўважылі, што адбылося, упіхнуў Ясюка і Хрысціну ў каморку арандатара, куды таксама, але ўжо значна далікатней, адправіў і Капроўскага, а сам, застаўшыся ў карчме, прымкнуў дзверы гэтай каморы. Ясюк і Хрысціна апынуліся паміж двума высока засланымі ложкамі перад абліччам адваката, што пабліскваў шклом залатых акуляраў у жоўтым святле мутнага акна.

Ясюк трымаўся яшчэ нядрэнна, бо падтрымлівала яго нянавісць, якой з учарашняга вечара загарэўся ён да свайго дзядзькі Паўлюка. Пару дзён назад ён яшчэ гаварыў з ім мірна і нават прыязна. Нават не быў перакананы, хто з іх у гэтай спрэчцы меў рацыю. «Можа, мая праўда была, а можа, яго, хай Пан Бог судзіць», - казаў. Паўлюк, са свайго боку, ставіўся да яго нядрэнна. Што там было даўней, то было, але потым быў яму сватам да агароднікавай Галены, дзяцей да хросту насіў і пару разоў дапамагаў у малых клопатах. Сёння ўсё змянілася. Ясюк з кута, у якім сядзеў, сачыў за дзядзькам хмурным і злосным паглядам, і цяпер, стоячы перад адвакатам, нясмеласць, што адчуваў, перамагаў сваёй нянавісцю. Інакш было з Хрысцінай. Яна склала рукі пад грудзьмі і, упіўшыся ў Капроўскага поўнымі слёз вачыма, плаксівым голасам пачала гаварыць: