- Не мяне, яснавяльможны пане, дружкі на дзяжы саджалі, не мне да шлюбу спявалі...
Тады Ясюк, адсунуўшы яе рукой, выйшаў наперад.
- Я, яснавяльможны пане, і яе і сваю справу раскажу...
Хрысціна спалохалася, што Ясюк будзе дрэнна расказваць і з гэтага выйдзе бяда для Піліпкі. І таму, адпіхаючы яго, цягнула сваё:
- Дзевятнаццаць гадоў сыноў сваіх я гадавала, працавала, гаравала, поснае ела...
Парабак сваёй шырокай рукой зноў яе адсунуў.
- Хай яснавяльможны пан будзе ласкавы паслухаць...
Кабета, ухапіўшыся за яго плячо, зноў высунулася наперад.
- Недалужны, яснавяльможны пане, ад самага нараджэння благенькі быў і худзенькі, а потым як тая ліхаманка прывязалася, што пяць месяцаў...
На гэты раз Ясюк штурхнуў яе так моцна, што яна ажно ўсперлася на парэнчы жыдоўскага ложка.
- Баба гаворыць, як вецер вее... Хай яснавяльможны пан паслухае...
- Ціха, Ясюк, - зноў не вытрымала кабета. - Калі ён нарадзіўся, яснавяльможны пан, бабка сказала, што даўжэй як тры дні не пражыве... Пан Бог даў! Выжыў! Чытаць і пісаць навучыўся... Далікатны.
Капроўскі стаяў як статуя, з насупленымі ад унутранага абурэння брывамі, але трываў. Калі ўжо Мікалай рэкамендаваў яму гэтых людзей, значыць, яны каштавалі гадзіну ягонага часу. Але нават усёй гадзіны ў яго яны не забралі. Скончылася тым, што Ясюк расказваў, а Хрысціна, стоячы за ягонымі плячыма, хліпала толькі і часам дадавала слова-другое. Парабак пра яе і свой клопат гаварыў павольна, разважліва, хмурна і досыць звязана.
Расказ селяніна, адказ і абяцанні адваката, пераход з рук Ясюка і Хрысціны ў ягоныя рукі пачкі асігнацый - усё заняло не больш як паўгадзіны. Потым Капроўскі ў арандатарскай каморы перагаварыў яшчэ трошкі з Мікалаем, уручыў яму добрую частку атрыманых грошай і паехаў. Мікалай, старанна пералічыўшы і схаваўшы ў кішэню шыняля грошы, вярнуўся ў карчму, дзе разышоўся ўжо пах гарэлкі, чуліся крыкі і калатня. Ясюк, што не меў з сабой грошай, апроч тых, якія ўручыў адвакату, зажадаў гарэлкі ў крэдыт, чаго дагэтуль ніколі не рабіў. Піў ён таксама, як ніколі дагэтуль, і адразу ж распачаў сварку з Паўлюком. Той пра нешта здагадаўся і, раз'ятраны ўзноўленай пляменнікам даўно забытай спрэчкай, пачаў даводзіць слушнасць сваіх правоў на зямлю нябожчыка брата. Сярод сведкаў адны падтаквалі Паўлюку, іншыя ж бралі бок Ясюка, які, ужо добра падпіўшы, бэсціў дзядзьку і двух ягоных сыноў, што ўступаліся за бацьку. Самая вялікая і самая стыхійная з жарсцяў гэтых душ - жарсць валодання зямлёй, зманлівая, абвостраная, выбухала тут полымем нянавісці ў вачах, брыдкімі праклёнамі ў вуснах. Нянавісць паліла грудзі, трывога за грош, кінуты на шалі ўдачы, грызла іх неспакоем, прахалоду і супакаенне павінен быў прынесці мутны трунак з гідлівым пахам алкаголю, які ў бутэльках і алавяных чарках з дапамогаю дваіх сваіх дзяцей разносіў ці ставіў на стол арандатар.
Хрысціна тым часам не ішла, а ляцела назад у Вульку. Здавалася, што разам з клопатам пра сына скінула яна з сябе цяжкія кайданы. Памаладзела, свежы румянец з'явіўся на ейных шчоках, чорныя вочы ззялі, як дваццаць гадоў таму. Калі ўляцела такая ў чацвяртак, Галена, што ўсё сядзела на ляжанцы, абазвалася з прыязнасцю:
- Ну што? Ці Пан Бог пацешыў?
Хрысціна абняла яе і, сеўшы на зямлю, задыханая, узрадавана пачала расказваць:
- Вялікі пан... Мудры вельмі і багаты, мусіць, найпершы адвакат у Ангродзе, Піліпку абяцаў выратаваць... Казаў... «Можна, чаму нельга? Генерала, значыць, таго палка, дзе Піліпка служыць, ведаю... З ім пагавару, каб яго далёка не пасылалі, каб у іншы полк перавялі, што ў Ангродзе застанецца... А калі, кажа, генерал не захоча, то, кажа, да вайсковага міністра просьбу падамо...» А такі Піліпку не пашлюць туды, дзе скура ад марозу злазіць і жоўтая трасца трасе.
Расказваючы ўсё гэта, задаволена смяялася, і, калі паказвала ва ўсмешцы свае здаровыя белыя зубы, можна было назваць яе яшчэ маладой і прыгожай. Падхапілася з зямлі і, узяўшы на рукі немаўлятка, якое расплакалася, пачала з ім хадзіць па хаце, калыхаць яго і гушкаць. Галена спыталася пра Ясюка.
- Абяцаў, - адказала Хрысціна, - і яму абяцаў, што ад дзядзькі зямлю адбярэ...
- Слава табе, Пане Божа! - шапнула Ясюкова. - А дзе ж ён цяпер? - спыталася.
- З грыньскімі застаўся ў карчме, цешыцца...
У гэтую хвіліну вясёлая пара ўбегла ў хату. Былі гэта Настка з Юзікам. Дзяўчынка ў паркалёвай спаднічцы і чыстай кашулі, зашпіленай на блішчасты гузік, з выгаралай тоненькай коскай, заплеценай ззаду і аздобленай кавалкам чырвонай стужкі, убегла ў хату з крыкам і смехам, апярэджваючы меншага браціка, усім адзеннем якога была доўгая кашулька, падвязаная паскам, вытканым маткай, і лес ільняных валасоў на галаве. Ён гнаўся за сястрой, прарэзліва спяваючы і піскліва брынкаючы на скрыпачцы. Гэта была незвычайная скрыпачка, зробленая з драўляных прутоў і туга нацягнутых шнуроў. Быў да яе таксама і смык з нацягнутымі замест струн ніткамі. Падобныя інструменты ў вялікай колькасці вырабляў Мікалай, раздаючы іх потым дзецям у вёсцы і ў фальварку. Юзік колькі дзён таму толькі атрымаў гэты падарунак ад салдата і таму рэзаў ад вуха, танцуючы пры гэтым і спяваючы. Пачынаючы ад дзвярэй аж да ляжанкі, дзе сядзела маці, ён круціўся колам па хаце, гучна прытопваючы босымі ножкамі, дрыготкім ад вялікай радасці голасам спяваў:
Настка таксама круцілася за братам па крузе і прытопвала босымі ножкамі, толькі спяваць не магла, бо рагатала так гучна і залівіста, што ажно круглы і бледнаваты яе тварык разружавеўся, як мак. У абаіх дзяцей вочы іскрыліся, нібы абсыпаная брыльянтамі біруза, а коратка падстрыжаныя валасы хлопца пры кожным ягоным падскоку ўзляталі ўверх і рассыпаліся па галаве, як сноп бледна-залатых промняў. Хворую Галену гэтая сцэнка развесяліла. Яна ўсміхалася бледнымі вуснамі і чулліва шаптала:
- Ой, дурненькія вы, дурненькія! Ой, неразумныя такія!
А Хрысціна хутка паклала малое ў калыску, узялася ў бакі і, нахіліўшыся да Юзіка, таксама прытупнула нагамі.
задыхаючыся ад смеху, пачынаў Юзік.
Хрысціна заканчвала:
- А бадай вас, бадай жа вас! - смяялася да знямогі Галена. А ў гэтую хвіліну адчыніліся дзверы і ў хату ўвайшоў па-святочнаму прыбраны Антосік, у зграбнай сярмязе і доўгіх ботах. Вяртаўся з касцёла. Хрысціна кінулася да сына.
- Ужо я Піліпку выратавала, сыночак, ужо я браціка твайго мілага ўратавала.
Малады парабак шчыра ўзрадаваўся і адразу ж папрасіў паесці. Даўно ўжо быў час палуднаваць. Полудзень з'елі ў гэты раз без Ясюка, які прыйшоў дадому значна пазней і п'яны. Галену гэта трошкі здзівіла.
- А! Што гэта з ім сталася? - спытала. - Ніколі ж такога не было!
Але ўрэшце, думала яна сабе, нічога дзіўнага, што селянін часам нап'ецца, а яшчэ ў такі дзень, які, можа, увесь ягоны далейшы лёс вырашае. Таму і не злавала на мужа, і ўчынак ягоны не брала да галавы. Пад вечар абодва мужчыны, адзін на лаве, другі на печы, заснулі. Галена, Хрысціна і дзеці лушчылі боб, які збіраліся гатаваць на вячэру. Каля ног Галены, што сядзела на ляжанцы, стаяла сіта, напоўненае пачарнелымі струкамі, і гаршчок, куды кідалі вылушчаны боб. Хрысціна, Настка і Юзік сядзелі на зямлі. Усе маўчалі. Настка ажно надзьмула губы і голасна сапла, так моцна захапіла яе работа. Юзік трошкі драмаў... У цішыні, што панавала ў хаце, было чуваць толькі гучнае дыханне мужчын, якія спалі, і лусканне сухіх струкоў бобу. І раптам здалёку, з-за брамы фальварка недзе з ціхіх палёў прыплылі гукі вайсковай трубы, што грала манатонную ваенную пабудку... Хрысціна ўзняла галаву.