Выбрать главу

- Гэта Мікалай... - сказала.

- Ага, - пацвердзіла Галена.

Мікалай і сапраўды, зняўшы свой шынель і бліскучыя медалі, меў звычку садзіцца вечарам перад сваёй хатай і граць на трубе.

Вячэрняе сонца з-за дажджлівых аблокаў выслала на зямлю пару касых промняў. Акенца Ясюковай хаты зарумянілася, як іскрысты рубін. Чырвонае полымя ўпала на людзей, што месціліся каля ляжанкі. Боб, што падаў у гаршчок з рук дзвюх жанчын і дзяўчынкі з льнянымі валасамі, стаў падобным у яго святле да залатых пацерак. Басаногае хлапчанятка ў кашульцы заснула, паклаўшы галаву на плячо сястры. Мікалаева труба далёка-далёка ўсё яшчэ грала манатонную салдацкую пабудку, а Хрысціна, не ўзнімаючы галавы і хутка-хутка разлушчваючы бабовыя струкі, думала, напэўна, пра сына-салдата, бо па ейным твары павольна і ціха з маршчынкі на маршчынку каціліся слёзы.

ІІІ

Ані брудная хата, поўная сялян, ані гасцёўня аканома, ўпрыгожаная хай сабе і найлепшымі «ракака», не былі для Капроўскага роднай і любімай стыхіяй. Роднай і любімай стыхіяй яго быў горад, не якая-небудзь вялізная сталіца, вымаганні якой, аднолькава як і радасці, цалкам пераўзыходзілі меру ўсіх ягоных сіл, але адзін з тых сярэдніх гарадоў, якія найлацвей, пры пэўных варунках грамадскай атмасферы, робяцца збіральнікамі пылу і каламуці, дзе паўстаюць і віруюць раі людскіх мікробаў. Гэтыя арганізмы такія дробныя, што заўважыць іх на целе грамадства можна толькі праз мікраскоп. Такім гарадскім мікробам быў і Капроўскі. Быў ён настолькі малым і настолькі малую, здавалася б, ролю іграў у гэтым свеце, што кожны, хто на людскі мурашнік паглядае зверху і няўважліва, ледзь-ледзь змог бы яго заўважыць, і, пэўна, не захацеў бы да яго прыглядацца. Не вызначаўся ён ні паходжаннем, ні багаццем, ні прыгажосцю, ні талентам, ані асаблівымі вартасцямі, ані добрымі ўчынкамі. Было б каму і чаго прыглядацца! Мікроб, і ўсё! Хай сабе застаецца, які ён ёсць, і жыве, як яму падабаецца, такой драбязой чалавецтву займацца няварта! Так сказаў бы кожны, хто глядзіць на людскі мурашнік зверху і няўважліва. Але калі хто-небудзь аднойчы больш пільна прыгледзеўся б да яго і ягонага руху, то павінен бы быў задаць сабе пару цікавых пытанняў: «З чаго ён узнік? Якое ягонае мінулае? Чым ён займаецца на свеце?»

Узнік ён проста з гарадскога пылу і бруду. Можна было б нават сказаць, што ягоная знешнасць прыстасавалася да гэтай стыхіі, альбо нават што яна стварылася з розных яе складнікаў. Так як колер сялянскай скуры робіцца амаль аднолькавым з колерам зямлі, так і скура ягонага твару, рыхлая і жоўтая, была падобная да пылу, які спякотнай парой завісае над вуліцамі і асядае на дамы Ангроду. Ягоныя вочы з пачырванелымі і міргаючымі павекамі, здавалася, былі аслепленыя святлом, якое сонечнымі днямі адбіваюць белыя гарадскія муры, і выедзеныя тытунёвым дымам, што напаўняе цукерні. Вочы гэтыя, аслепленыя нездаровымі водбліскамі і выедзеныя тытунёвай атрутай, засланяў ён блакітным шклом акуляраў, часткова таму, што яны міргалі і балелі, а часткова і таму, каб аслабіць іхні бляск, востры, нібы запалены ля газавых лямпаў, і іхнюю хцівую рухавасць, якая, здавалася, сочыць за бесперапынным і неспакойным гарадскім вірам. Задзёрты нос і грымаса бледных вуснаў надавалі ягонаму твару выраз нахабнай самаўпэўненасці, вузкі лоб парэзаны быў ніцямі зморшчынак, што выпісвалі гісторыі таямнічых згрызотных турбот і няўдач. Невысокі і худы, з малымі рукамі і нагамі, усёй сваёй фігурай ён паказваў перавагу нерваў над іншымі складнікамі свайго арганізму; можна было нават сказаць, што ён увесь быў з нерваў і што ў дадатак нервы гэтыя былі хворымі. Пры самым маленькім хваляванні нервовыя дрыжыкі прабягалі па ягоных вуснах і шчоках, рукі пачыналі дрыжаць. У гэтай фізічнай слабасці, хутчэй у рысах, што яе вызначалі, відаць было, як на далоні, няправільнае харчаванне, бяссонныя ночы, праведзеныя сярод узбуджанай азартнай гульні і гаму, якім напаўнялі задымленую атмасферу вандроўныя спявачкі і музыкі, відаць былі ў ёй вынішчальныя жарсці і атрутныя ўцехі, пагоня за грашыма, пустыя растраты іх і здабыванне зноў. Уся гэтая постаць гарадскога мікроба была задрапавана палітурай вытанчанага адзення і своеасаблівай элегантнасцю ў рухах і мове, так як чырвоная ці шакаладная фарба пакрывае аблупленыя сцены старых гарадскіх дамоў і як лайкавыя пальчаткі хаваюць рукі людзей на вуліцы, учора ці сёння яшчэ забруджаныя людской крыўдай і слязамі.

Якім было ягонае мінулае? Капроўскія былі калісьці дробнымі землеўладальнікамі, і акурат гэтая сямейная акалічнасць значна прычынілася да ўтварэння таго арэолу, якім акружыла Бахрэвіча жаніцьба з Мадзяй. У досыць даўнія часы некаторыя члены гэтай сям'і, не могучы змясціцца ўжо на вузенькім зямельным надзеле, пайшлі ў свет, паступілі на службу ў дзяржаўныя ўстановы і зрабілі сабе там, зрэшты, сціплую кар'еру. Адным з такіх быў бацька Мадзі, які на працягу дваццаці гадоў цешыўся пасадай паліцэйскага, што ў даўнейшыя часы мела назву асэсар. Свайго пляменніка, бацьку Людвіка, паводле пратэкцыі ўвёў ён у аддзел ангродскай паліцыі. Людвік нарадзіўся ўжо ў горадзе; ён быў сынам паліцэйскага чыноўніка і засцянковай шляхцянкі, якую ягоны бацька ўзяў замуж за трыста рублёў пасагу і прывёз у горад. Вясковая дзеўка, гожая, працавітая і вясёлая ў родным сваім засценку, ператварылася на гарадскім бруку ў жанчыну смешную і дурную. Ганарылася новым сваім становішчам і разам з тым была праз яго ж нешчаслівай. Насіла капелюшы, а на іх цэлыя велізарныя кветнікі, свае тоўстыя рукі зацягвала ў пальчаткі і больш ахвотна сябравала з самымі цёмнымі мяшчанкамі і гарадскімі кухаркамі. Ціхі і абмежаваны бацька, затурканы працай, цэлыя дні праводзіў у канцылярыі, а калі быў вольны, спаў ці ішоў да таварышаў на партыю прэферанса. Людвік рос сярод мітуслівых клопатаў і праблем убогай гаспадаркі, сярод бесперапынных размоў і плётак маці і яе сябровак, у таварыстве сыноў гэтых сябровак, тыповых вулічных падшыванцаў, якім быў і сам. У падзёртым швэдары і напаўбосы цэлымі днямі гойсаў ён па дзядзінцах і гарадскіх плошчах, з захапленнем і хцівасцю разглядаючы вітрыны крам. Гарадскія пейзажы, размовы з таварышамі, убоства бацькоўскага дому заўчасна распалялі яго апетыт да бліскучых і смачных уцех гэтага свету. Ягоны бацька, ціхі і сонны бюракрат, усё ж, відаць, меў у сваёй галаве разумныя думкі, бо, калі Людвіку споўнілася дзесяць гадоў, загадаў яму хадзіць у гімназію. Хадзіў і нават нядрэнна вучыўся. Нараджаліся ў ім амбіцыі, успрынятыя з бледных вуснаў бацькі, які часта казаў яму пра сваю найзапаветнейшую мару аб тым, каб сын ягоны калі-небудзь стаў доктарам. Доктарства падабалася і хлопцу, як нешта такое, што прыносіць часам багацце і значнасць. Не надта здольны ад прыроды, ён старанна працаваў, і можна сказаць, што быў гэта самы чысты і самы ўзнёслы перыяд у ягоным жыцці. Нават з пункту гледжання асабістага: здабытыя веды пачыналі адмываць яго ад бруду вулічных знаёмстваў і гулянак, ад вульгарнай прыземленасці мацярынскіх сябровак. Такім чынам скончыў ён чацвёрты клас і меў пятнаццаць гадоў, калі раптам ад бледнага, замучанага бюракрата адабралі крэсла, на якім сядзеў ён больш як дваццаць гадоў. Гэта не было пакараннем за асабістыя грахі, а толькі вынікам грамадскага крызісу, які адначасова закрануў і сямейны гонар, таго самага асэсара, бацьку Мадзі. Увесь род знаходзіўся ў поўным заняпадзе. Цяжкая бяда зазірнула туды і сюды, ніхто нікому не мог дапамагчы.

Без людской дапамогі для пятнаццацігадовага хлапчаня, аслабленае нялёгкім дзяцінствам, не надта здольнае, без пэўнай сілы характару і падтрымкі маці, школьная навука стала не магчымая. Калі ніхто не ўнёс за яго чарговай аплаты і не было за што купіць падручнікі, Людвік зняў школьны мундзір, сеў у куце халоднага дому і горка заплакаў. Была гэта зноў самая ўзнёслая хвіліна ў ягоным жыцці, з якой пазней неаднойчы смяяўся... У другім куце гэтага халоднага дому заходзіўся кашлем ягоны бацька, а ля стала, на якім нічога, апрача кавалка хлеба, не было, плакала маці. Праз год бацькі ў Людвіка не стала. Скінуты са свайго крэсла канцылярыст памёр ад сухотаў, якія пачаліся ў яго ад нуды, а таксама з жабрацтва, пераадолець якое не дазволіла яму хвароба. Пасля доўгіх старанняў і мноства нізкіх паклонаў Людвік атрымаў пасаду, маленькую і няпэўную, бо трымалася яна на валаску, але адганяла ад яго і ягонай маці прывід галоднай смерці. Прайшоў ужо час цудоўных летуценняў пра будучае доктарства, летуценняў, што, плывучы з тых ці іншых крыніц, сеялі ў ягонай душы ўзнёслыя зярняты; настаў час абароны ад канчатковага жабрацтва, унутранай раззлаванасці на лёс, жарсцлівых пажаданняў лепшае долі, глухой зайздрасці, нізкіх паклонаў, нявольніцкага згінання плячэй пад усялякі плот, пад які можна пралезці. Праз дванаццаць гадоў пасля таго, як ён развітаўся са школьным мундзірам, у Людвіка не было ўжо маці, і ён пакінуў службу. Зрабіў гэта добраахвотна ў выніку разлікаў і добра прадуманых цёмнымі начамі планаў, выпешчаных ў ягоным раз'едзеным атрутай гневу і жалю сэрцы. Зрабіўшы гэта, стаў ён на гарадскі брук, як сябра той змрочнай дзіўнай суполкі людзей у элегантных сурдутах і лайкавых пальчатках, ахвочых да ўсялякіх прысмакаў жыцця; яны не мелі пад нагамі ані кавалачка зямлі, ані маральнага грунту, - нічога, апрача разбэшчаных інстынктаў спажывання, апрача тых схільнасцяў і сімпатый, што выспяваюць на каменнях гарадскога бруку і ў пыльных, брудных гарадскіх завулках.