Выбрать главу

Зрабіўшыся гэткім пралетарам, Капроўскі, аднак, не адчуў трывогі. Зусім шчыра меркаваў, што мае ў сваіх руках спецыяльнасць, у якой нават лічыцца майстрам. Добрая памяць і шматгадовая практыка ў канцылярыі, а ў дадатак успаміны, што захаваліся з дзяцінства, дазволілі яму стварыць у галаве багаты спіс законаў, працэдур, звілістых сцежак і цесных юрыдычных пералазаў. Адчуў сябе так, як быццам скончыў якую акадэмію. Добра ведаў, што і як павінен рабіць, і не хапала яму толькі аднаго - сувязяў з людзьмі. Ахвотна, ах як ахвотна і з якой радасцю ўзнёсся б ён да высокіх грамадскіх сфер! Аднак адразу зразумеў, што гэта было неверагодным, і таму не траціў часу на дарэмныя лятункі і спробы. Адразу зышоў да нізоў, да людзей безабаронных, цёмных, даверлівых, затурканых нястачай і нязбытнымі пажаданнямі. Але ў роспачы зразумеў, што гэты грунт быў для яго такім самым чужым, як і ранейшы. Не ўмеў па ім хадзіць, бо яго не разумелі і ён не разумеў, ішоў і рабіў усё навобмацак, абыходзілі яго іншыя, тыя, хто ўмеў свае языкі і галасы зніжаць да вульгарных гукаў і слоў, хто не захапляўся шляхетнымі вінамі так, як ён, не гідзіўся так непераадольна, як ён, звычайнай гарэлкі і смуроду авечых кажухоў. Абыходзілі яго, і атрымлівалася ў іх значна лепш, хоць, як ён быў упэўнены, не мелі яны і сотай часткі яго здольнасцяў. Тады прыклад іншых і дастатковы ўласны спрыт дарадзілі яму ўзброіцца рукамі, якія б выконвалі для яго тую працу, што ў васьмінога выконваюць ягоныя шчупальцы. Такіх рук, адной з якіх быў камісаваны салдат у Грыньках, знайшоў ён шмат, і яны добра працавалі, бо разумелі, што яны без яго, як, зрэшты, і ён без іх, - нішто. Таму работы ніколі не бракавала, і яна прыносіла плён, і ўсё ішло як найлепш, і Капроўскі ўжо дасягнуў бы сваёй мэты, якою было багацце, калі б...

Шмат часу прайшло з той пары, калі быў ён у Лясной і Грыньках. І аднойчы бліжэй да абеду, седзячы ля акна сваёй спальні, чытаў ён нейкі ліст, накрэмзаны на ружовай паперцы. Быў тады жнівень, пагодны і яшчэ спякотны... Жыллё гарадскога мікроба напаўняла задушлівае і смярдзючае паветра брудных і зачыненых памяшканняў. Вокны вітальні і двух невялікіх і невысокіх пакояў выходзілі на дзядзінец, акружаны спарахнелымі платамі і хаткамі, падобнымі больш да сабачых будак, чым да чалавечага жылля. Ад чырванаватых круглых камянёў, з якіх быў зроблены брук дзядзінца, ішла сухая, пякучая гарачыня, на сценах хатак і парканах сонца паразвешвала шаты манатоннага, нязноснага бляску. Унутры дома, у вітальні, пятнаццацігадовы хлопец у портках і кашулі, седзячы на сенніку, які служыў яму ложкам, ляніва чысціў дарагія, модныя чаравікі. Гасцёўня, што адначасова была і прыёмнай і кабінетам, калісьці, відаць, старанна прыбіралася. Насупраць уваходных дзвярэй вісела вялікае люстэрка ў раме, якая з-пад тоўшчы пылу яшчэ кідала цьмяныя водбліскі золата. Каля сцяны стаялі канапы і крэслы са старой, але мяккай абіўкай, пасярод жа распасціраўся вялізны стол з мноствам папер і юрыдычных даведнікаў, упрыгожаны безліччу разнастайных дрындулак са шкла і бронзы. Гэты стол разам з фатэлем з высокімі парэнчамі, што суседнічаў з ім, рабілі сур'ёзнае, нават грознае ўражанне. Палінялы і затаптаны дыван упрыгожваў гэты пакой, аздаблялі яго таксама рэпрадукцыі на сценах, на адной з якіх жывымі фарбамі свяцілася дзіцячая галоўка. Ніжнюю частку гэтай карціны заседзелі мухі і пакрыў пыл і толькі сам дзіцячы твар, ружовы і наіўны, з усмешкаю райскай нявіннасці, здзіўляў у гэтым памяшканні, быццам пераломлены ў гнілой вадзе промень ідэалу. Спальня была цеснай, бо перапаўнялі яе: ложак з раскіданай бялізнай, шэзлонг, што схаваўся пад гурбай адзення, вешалка, поўная разнастайных убораў, столік з тазікам і кавалкам мыла, нэсэсар з люстэркам і рознымі прадметамі мужчынскага туалету, стол, на якім сярод розных камізэлек і гальштукаў, насовак і грабянёў, кавалкаў хлеба, сыру і селядца на шчарбатых талерках, сярод бутэлек поўных і напаўвыпітых, стаяў, пыхкаючы параю, укаранаваны імбрычкам, самавар. Клубы пару, якія вырываліся з самавара, яшчэ больш згушчалі і награвалі паветра ў пакоі, дыхаць якім было сапраўды цяжка, і пагражала гэтае дыханне павольным, але няўхільным атручваннем. Аднак Капроўскі ані цяжкасці, ані атрутнасці зусім не адчуваў. Было гэта роднае ягонае паветра, іншага ён не ведаў і не прагнуў. Не адчыняў нават акна сваёй спальні, ля якога сядзеў. У халаце і тапачках, з нерасчасанымі валасамі, бо толькі што ўстаў. Ягоны твар быў больш чым калі стомлены і азызлы, але свяціўся ўсмешкай, калі чытаў наступнае:

«Мой анёлак! Пяты ўжо ліст пішу да цябе, а адказу як не было, так і няма. Ці ты пра мяне забыўся, ці перастаў кахаць? Памятай, калі гэта так, то згубіш мяне навекі. Няхітрая штука, калі такі чалавек, як ты, разумны і з вялікага свету, падмане маладую дзяўчыну, але памятай пра тое, што са мной будзе, калі ты мяне пакінеш і ўсё адкрыецца. Я ўжо і зараз цэлымі начамі плачу і думаю, што прыйдзецца мне некалі ўтапіцца з адчаю. А толькі чакаю і чакаю, ці часам не прыедзеш альбо не напішаш да бацькоў, што будзеш браць мяне замуж. Памятаеш, як абяцаў тады зараз жа сказаць маім бацькам, што будзеш са мною жаніцца. А цяпер ужо нават не пішаш мне. Анегдай у сакрэце ад мамы Тарэску (гэта дачка нашага парабка) паслала на пошту, ці часам ліста мне няма, а як яна вярнулася і сказала, што няма, са злосці дала ёй у карак. Ах, мой Людвік! Ты мой ідэал, мая зорка на шляху, мой анёл. Калі спяваю маю любімую песню: «О, анёле, што з гэтай зямлі ў нагорныя сферы лёт узносіш», ты заўсёды стаіш перад маімі вачыма і так узлятаеш, узлятаеш аж пад самае неба. Не магу табе ўсё апісаць, што са мной робіцца. Апетыт страціла зусім. Мама ўчора першы раз у гэтым годзе зрабіла дасканалую сялянку (гэта такая страва, што робіцца са смятаны). Даўней так аб'ядалася гэтай сялянкай, што мне ажно ў бакі калола, а ўчора аніразу ў рот не ўзяла. Прытым маю розныя непрыемнасці з боку мамы, якая летам заўсёды больш крычыць на нас, чым зімой, бо мае вельмі шмат работы. Я б нават хацела ёй часам дапамагчы, бо і праўда матухна забіваецца з гэтай работай, і Рузя таксама хацела б, але нам тут усё выглядае агідным, за што ні вазьміся. Рузя дык трохі больш празаічная, чым я, у яе няма свайго ідэалу, дык часам і дапаможа ў чым маме, а я дык толькі пра цябе і пра цябе думаю, мой анёле, а мама, як раззлуецца, дык крычыць. Анегдай дык нават дала мне кухталя, а сёння зноў пачала мяне ні з таго ні з сяго цалаваць і дапытвацца, чаму я такая сумная. Вядома, я ёй нічога не сказала. Хай Пан Бог бароніць, каб бацькі даведаліся пра тое, што паміж намі адбылося да шлюбу. Але я веру, што гэта настане хутка, што ты злітуешся нада мной і не будзеш зважаць на тое, што я бедная вясковая дзяўчына і парафіянка, а ты разумны кавалер з вялікага свету і, як бацька кажа, мецьмеш вялікі маёнтак.

Два сэрцы звязаныя, Ключ кінуты ў мора, Ніхто нас не разлучыць, Хіба ты, о Божа!