Выбрать главу

- Добры вечар, Хрысціна! Ну і чаго ж ты зноў хочаш?

Не хацела гаварыць з ім на фальварковым дзядзінцы, але тут заступіла яму дарогу, бо саромелася гаварыць з ім на людзях. Гады ішлі, яе твар састарэў, яго дочкі і яе сыны дарослыя! - што ўжо там! Саромелася - і ўсё! Здавалася ёй, што не толькі людзі, але дрэвы і птушкі з іх смяяліся б: «Кінуў! Узяў і кінуў! З двума байструкамі кінуў, а баба яшчэ лётае за ім!» А яна за ім ніколі не бегала, ніколі, з таго часу, як яе з-пад сваёй страхі выправіў і іншую ўзяў за жонку. Лепш бы яна пад зямлю правалілася, чым бегаць за ім. Толькі ў сіроцкім яе жыцці без сваякоў і зычліўцаў з двума хлопцамі на карку здараліся сітуацыі, у якіх патрэбна была ёй апека і парада, і даўнія, даўнія ўспаміны, што ўсё яшчэ час ад часу ўсплывалі на дне яе душы, штурхалі яе да яго, па ягоную апеку і параду. Цяпер, калі ён сядзеў на кані, стройны, крамяны, моцны, у доўгім да каленяў адзенні і зграбнай шапачцы на галаве, яна стаяла каля ягонага сядла худзенькая, нясмелая, босая, з пасмамі валасоў, што выбіваліся з-пад вылінялай хусткі на маршчыністы, завялы лоб. Нясмела і прыцішаным голасам расказвала яму свой вялікі клопат. Ці той хадвакат з Ангроду, той Капроўскі сапраўды можа выратаваць Піліпку, ці не? Ці не прападуць яе грошы? Ці даваць яму іх больш?

- Вы, пане, ведаеце гэтага хадваката. Ён нядаўна ў вас гасціў. Мікалай яго ведае, а Мікалай то ўжо вельмі разумны і добры чалавек... але, вядома, чалавек памыліцца можа... Што мне рабіць?

Бахрэвіч пра таго адваката, якога ведаў Мікалай, меў самае добрае ўражанне. Можна нават сказаць, што ягоны розум, адносіны, элегантнасць абуджалі ў ім пэўную павагу. Лічыў яго, зрэшты, ужо амаль сваім зяцем. Але, нягледзячы на неспакой, цярпліва выслухаў кароткія пытанні жанчыны і лагодна сказаў тое, у чым сапраўды быў абсалютна перакананы, а менавіта, што больш спрытнага і больш уплывовага адваката, як Капроўскі, не толькі ў Ангродзе, але і на ўсім белым свеце няма. Калі ўжо што-небудзь у чыім-небудзь інтарэсе і можна зрабіць, то ўжо ён сапраўды зробіць, але без грошай на свеце нічога не робіцца. Колькі ён іх ад Хрысціны запатрабаваў, колькі яна іх мела і магла яму даць, не спытаўся, як таксама не падумаў пра тое, ці і праўда магчыма праз якія-небудзь захады затрымаць у родных мясцінах хлопца, якога кудысьці высылаюць. Але хіба каб дзень і ноч над гэтым раздумваў, усё роўна выйшла б тое самае. Проста зусім не ведаў, было гэта мажліва ці немажліва. Здавалася яму: чаму ж не? За грошы, ды з такім спрытам, які ёсць у Капроўскага, і яшчэ з такімі сувязямі ўсё можна зрабіць. Сказаў гэта Хрысціне і з вышыні свайго сядла, гледзячы на яе спытаўся:

- Што? Як табе там? Не надта дрэнна з Ясюкамі жыць? Га?

Яна не адказала. Як ніколі не бегала за ім, ніколі не расказвала яму, як ёй жылося: добра ці дрэнна. Пыталася часам пра што-небудзь, пра які ратунак для сына, папрасіла, і годзе! Што ёй з таго, што яму раскажа? Ці ж ён яе пашкадуе? Не пашкадаваў маладой, то цяпер састарэлай тым больш шкадаваць не будзе!

- Дабранач, Хрысціна! - развітаўся ён, ад'язджаючы.

- Едзьце, пане, шчасліва! - адказала яна, але не адышлася.

Ён пусціў каня хуткім галопам і, моцна трымаючыся ў сядле, аддаляўся і знікаў ва ўсё больш густым змроку. У паветры паступова сціхаў тупат конскіх капытоў. Яна, падпёршы далонню шчаку, стаяла ўсё на тым самым месцы, дзе толькі што размаўляла з ім. Да зорак, якіх ужо шмат засвяцілася на небе, вачэй не ўзняла. О, не! Глядзела ў зямлю, у зямлю, змочаную расой, як слязамі, у зямлю, на якой вырасла, як адзінокая травінка, людзям для патаптання, для сораму і клопату. Успаміны, якія на дне яе душы пад тоўстым пластам клопатаў, сораму і працы ўвесь час затоена жылі, пры тупаце конскіх капытоў, які ўсё аддаляўся і аддаляўся, цяпер разварушыліся і разбалеліся. Апушчаныя да зямлі яе вочы былі сухія, але пад грубай кашуляй, у запалых грудзях расплакалася незагойная рана. Некалькі разоў яна ціха паўтарыла:

- Едзьце, пане, шчасліва! Едзьце, пане, шчасліва! Едзьце шчасліва! З Богам!

І былі гэтыя словы, як дараванне і блаславенне.

Раптоўна ў яе вачах паўстаў воблік маладога хлопца: стрыжанага па-салдацку, бледнага і хударлявага, з вачыма, падобнымі да кветак ільну. Нявольнік толькі, і нічога больш. Сумны, як бы трошкі заплаканы, і кавалак салдацкага шыняля засвяціўся металічным гузікам. Хрысціна сарвалася з месца і подбегам рушыла да чацвертака. Зараз у яе душы нічога не было, апрача тысячу разоў паўтаранага слова: сын! сын! сын! сын! - і радасць, якая кружылася наўкол гэтага слова, бо яго можна выратаваць. Бахрэвіч сказаў, што можна і што той хадвакат - вялікі чалавек... Яна і перад тым сама сабе думала, што калі Мікалай так кажа, то, пэўне, праўда, але Бахрэвіч лепш яго ведае і яшчэ разумнейшы за Мікалая, а тое самае гаворыць.

У чацвертаку, як толькі павячэралі і заснулі дзеці, Ясюк падсеў да жонкі, якая ўсё яшчэ нездаровая сядзела на адзіным тут ложку, засцеленым сенам і грубым палатном. Пачалі абое вельмі ціха і ажыўлена гаварыць. Ясюк успамінаў пра Мікалая, ад якога вярнуўся перад самай вячэрай, чухаў сабе патыліцу і цяжкімі сваімі рухамі паказваў заклапочанасць і трывогу. Галена, як было відаць, з нечага цешылася і на нешта мужа намаўляла. Пасля тых нешчаслівых родаў часта кашляла і колькі разоў ішла ў яе з рота кроў. Ясюк гэтага кашлю не выносіў і казаў, што калі яго чуе, то яму пад сэрцам нешта круціць пачынае. «Шруба не шруба, казаў, от так і ўкручваецца пад сэрца». Таму цяпер, калі Галена, пераконваючы яго ў нечым і нечага просячы, зайшлася кашлем, ён устаў і сказаў:

- Ну, добра ўжо, добра! Пайду, занясу яшчэ, рызыкну... Можа, Бог злітуецца і пацеху пашле, а ты, баба, як узрадуешся, дык і выздаравееш...

- А пэўне, - адказала Галена, - мусіць, радасць - гэта наймудрэйшая знахарка... найлепей лечыць...

- Але! - пацвердзіў муж, і яны пераглянуліся. Яна, узрадаваная, усміхалася яму сваімі бледнымі, лагоднымі вуснамі, а ў яго раз'ясніўся прыкрыты цёмнай, густой чупрынай лоб.

- Можа, Пан Бог злітуецца і пашле суцяшэнне! - паўтарыў ён.

Потым, калі Ясюк з жонкай заснулі, Хрысціна і Антосік усунуліся ў камору. Так, як і тры месяцы таму, кабета села на падлогу і адчыніла куфар, а малады парабак, стоячы за ёй, трымаў у руках запаленую лучыну. І так, як тры месяцы таму, паказалася са дна куфра панчоха, ужо толькі на дзве траціцы напханая грашыма. Хрысціна выцягнула з яе спачатку два аркушы паперы, пажоўклыя, складзеныя ў чатыры столкі, спаважна адклала іх убок і пачала лічыць медныя і срэбныя манеты. І гэтаксама, як і тады, Антосік дапамагаў ёй лічыць, але, калі ўжо яна адлічыла патрэбную суму, зазірнуў у глыбіню панчохі і з нейкім ваганнем у голасе сказаў:

- Мама, а тое, што засталося, значыць, ужо маё!

- Тваё, сынку, тваё, - адказала і задумалася на хвіліну.

- Вось табе і пахаванне з ксяндзом і харугвамі! Вось табе і прыгожая труна! Вось табе і крыж на магіле, прыгожы, маляваны! Як сабака жыла, як сабаку мяне і пахаваюць. Ой, Піліпка, Піліпка, на смерць я сабе тыя грошы хавала, на годную смерць, хрысціянскую і магілку прыгожую, каб сорам мне ўзнагародзіла, які я за жыццё піла... Але... Божая воля! Смяротныя гэтыя грошы мае на твой ратунак, дзіця ты маё, аддаю...

Некалькі слязінак скацілася з яе вачэй на медныя і срэбныя манеты. Антосік слухаў яе шэпты з панурым выглядам. Калі яна асцярожна і з пашанай засунула пажоўклыя паперы ў звыклую для іх схованку і бралася ўжо завязваць панчоху, парабак раздражнёна і неяк зласнавата буркнуў:

- Але маіх то ўжо, мама, адсюль не бярыце... Каб там невядома што, не бярыце! Досыць ужо надаваліся Піліпку, хай і мне трошкі застанецца... Усё ж і я ваша дзіця, а не чыё... Чуеце, мама!