Хрысціна паглядзела на яго са здзіўленнем. Вочы хлопца гарэлі такім агнём, якога дагэтуль у іх не бачыла, голас ягоны таксама дзіўна перамяніўся. Хацела палаяць яго за тое, што без належнай павагі азваўся да яе, але апошнія словы яго абудзілі ў ёй шкадобу.
- А чыё ж ты дзіця? - адказала яна. - Вядома, што маё, таксама як і Піліпка. На абодвух вас я працавала і абодвух любіла... толькі што цяпер той бяднейшы... ты тут і, дзякаваць Богу, здаровы і дужы, а ён слабенькі, недалэнга, і шлюць яго туды, дзе жоўтая трасца і такая высыпка, ад якой вушы гніюць і адвальваюцца... Затое я, бачыш, сынок, яму і аддала ягоныя грошы і свае, што на смерць хавала...
- Але маіх то ўжо не аддавайце, - паўтарыў Антосік і яшчэ дадаў: - А калі аддасце, то вам гэтага да смерці не забуду... Далібог, не забуду!..
- Не аддам, сыночак, не аддам! Толькі гэтыя ўжо пашлю... хафіцэр той згодзіцца і выдасць дэкрэт, што Піліпка на зіму ў Грынькі прыйдзе...
- Ну, добра, і я сам гэтага вельмі б хацеў, - скончыў супакоены ўжо хлопец і дапамог мацеры замкнуць куфар.
Усё гэта адбывалася ў чэрвені, падчас сенакосу, абворвання бульбы, праполкі лёну і пшаніцы. Цяпер, у жніўні, Юрка зноў прыбег да бацькоўскага дому, але бацькі ў хаце не было. Уллянка сказала яму, што старэйшы брат арэ ў полі, а бацька пайшоў да Дзельскіх пагаварыць пра тую зямлю, якую яны прадаюць, а ён хоча купіць. Хата была бітком набітая снапамі высушанага лёну. Стаялі тут яны на лавах і на глінянай падлозе, уздоўж чорных, закурэлых сценаў. Дзяўчына, занятая лёнам, паспешна дала брату міску крупніку і кавалак хлеба. Юрка паеў, наплёў сястры розных дзівосаў пра горад, у якім жыў, а потым сарваўся з лавы, выбег з хаты на дарогу і, пасвістваючы, падскокваючы і абрываючы галінкі з дрэў, кідаючы каменьчыкі на поле, памчаў у кірунку Лясной. Досыць хутка, бо, можа, праз гадзіну, вярнуўся да роднай хаты. Вяртаўся ён з іншым настроем. Ногі ледзь перастаўляў, як быццам бы было яму гадоў пад восемдзесят, надзімаў вусны з выразам разгневанасці і пакрыўджанасці, вочы ў яго распухлі ад плачу, каўнер кашулі быў падзёрты і адна шчака была апухлая і чырвоная, як быццам бы ад аплявухі. Усунуўся ў хату, як злодзей, стаў каля дзвярэй і, прыклаўшы кулакі да воч, зарумзаў. Шапка звалілася з ягонай галавы, валасы былі ўскудлачаныя.
Уллянка, якая паліла ў печы, убачыўшы яго такім, крыкнула:
- А што гэта такое? На каго ты падобны? Чаго плачаш? Ці цябе хто набіў?
- Забіла! - усё яшчэ прыціскаючы кулакі да вачэй, заенчыў хлопчык. - Зусім забіла!
Дзяўчына агледзела яго з галавы да ног.
- Хто цябе забіў? - спыталася.
- Тая ведзьма з Лясной... Бахрэвічыха... - заенчыў зноў.
- А чаго ты ў Лясную лятаў?
- З лістом ад гаспадара... Каб ён так свету не бачыў, як ён мяне туды паслаў... гу, гу, гу...
І ён зноў заплакаў. Дзяўчыне стала шкада брата, і яна раззлавалася на Бахрэвічыху. Сваімі чырвонымі рукамі прыгладзіла ягоныя валасы, спарадкавала каўнер і, пасадзіўшы на лаву, дзеля суцяшэння прынесла яму з каморы дзве жмені сланечнікавых семачак, якія высыпала перад ім на стол.
- Еш, - сказала, - ну, еш, а не раві! Бацька зараз прыйдзе, а ты пакуль раскажы мне, як гэта сталася...
Яна вярнулася да печы гатаваць вячэру, а Юрка, лушчачы і з'ядаючы смачныя зярняткі, паволі супакоіўся, пачаў спачатку жаласлівым, а потым ужо весялейшым голасам расказваць сястры, як усё было.
А было гэта так.
У малой гасцёўні Бахрэвічаў дзве паненкі сядзелі, як звычайна, ля двух вокнаў. Паколькі ў той дзень аніякіх гасцей не чакалі, то яны не прышпілілі сабе на галовы валікі, а на таліі не прывязалі турнюры. Тоўстыя, прыгожыя косы ападалі на белыя блузкі, аздобленыя вышыўкай і карункамі сваёй работы. Як звычайна, седзячы ля акна, паводле выразу маці, «калупаліся». Рузя паднаўляла фальбоны і буфы на святочнай сукенцы. Карольця вельмі старанна абшывала нейкую яркую стужку бліскучымі пацеркамі. І сапраўды, трэба было яркае адзенне, каб ажывіць трошкі прывялую і бледнаватую ў апошнія месяцы скуру дзяўчыны. Яна зусім была на сябе непадобная. Свежасць, як і радасць, знікла з яе твару. Яе вочы з сінімі кругамі мелі часам выраз вялікага смутку, а часам увогуле напаўняліся слязамі. Яна ўздыхала, ловячы іголкай рассыпаныя па стале пацеркі. Тоўсценькая і румяная, як і раней, Рузя часам пазірала скоса на сястру і думала: «От, узяў і кінуў! Дурыў, дурыў і кінуў! А Карольця такая дурная, што перажывае па ім. Я б ужо даўно ў вочы яму плюнула і не азірнулася!»
Раптам Карольця, зірнуўшы ў акно, зачырванелася і саскочыла з крэсла. Сумныя вочы яе бліснулі радасцю. Яна ўбачыла Юрку, што стаяў пад плотам сярод зараснікаў акацый і барбарысу, што ўтваралі на дзядзінцы дзве густыя цяністыя клумбы. Ён стаяў у ценю акацый, бэзу і барбарысу на тым самым месцы, дзе ў той сакавіцкі вечар Хрысціна чакала Бахрэвіча, каб прасіць у яго рады для няшчаснага Піліпкі. Юрка, таксама, як і яна, не спускаў вачэй з вокнаў дома, толькі што вочы малога распусніка блішчалі свавольна і нахабна. За два гады службы ў Капроўскага ён многаму навучыўся: цудоўна разумеў значэнне свайго пасланіцтва і, гледзячы ў вокны аканомскага дома, падміргваў ім, пацешна крыўляўся і рукавом швэдара закрываў свой насмешлівы рот. Карольця яго добра ведала, як ведала і тое, дзе ён цяпер служыць. Таму, убачыўшы яго праз акно, раптоўна зачырванелася, радасна бліснула вачамі і як страла вылецела на дзядзінец. Выбегла з пакоя і Рузя, але не на дзядзінец, а ў парабкоўскую хату, што знаходзілася на другім баку дома.
- Мама! Мама! - клікала яна прыцішаным голасам. - Калі мама хоча адкрыць Карольціну таямніцу, то ідзіце зараз на дзядзінец... там лякайчук кузена Людвіка да яе прыйшоў...
У парабкоўскай хаце дзве дзеўкі білі масла і ціснулі сыры. Бахрэвічыха ўласнымі рукамі секла траву для свіней. Пачуўшы паспешлівы шэпт дачкі, у якой гарэлі вочы ад цікаўнасці, кінула на зямлю жалезны сякач і пабегла да дзвярэй.
«Гэтая Рузя спрытная дзяўчына! Заўсёды дазнаецца што-небудзь пра бацьку, сястру ці парабкаў і мігам мацеры данясе. Карольця дык ніколі не была здатная на такія рэчы. Толькі румзаць умее. Вось і зараз! Чытае нейкі ліст, а слёзы, як боб, на паперу падаюць».
У Бахрэвічыхі, што глядзела здалёку на бледны твар дачкі, па якім з-пад спушчаных павек каціліся слёзы, сэрца сціснулася ад жалю і трывогі. Але, як заўсёды, далікатныя і трывожныя пачуцці выклікалі ў яе прыліў крыві да твару і невытлумачальную злосць. Яна выглядала проста страшнай, калі на дыбачках, асцярожна абходзіла зялёную клумбу, каб падкрасціся да Карольці і Юркі ззаду і ўрэшце раскрыць тую таямніцу, якая вось ужо некалькі месяцаў стрэмкай сядзела ў яе сэрцы. Як звычайна пры гаспадарскай працы, была яна босая і раскудлачаная, у кароткай спадніцы і кофце, залітай маслянкай. Убор гэты, аднак, дазваляў выяўляцца ўсім яе магутным формам. Як гром з яснага неба ўпала яна на Карольцю і Юрку, хлопца ўхапіла за каўнер, а ў дзяўчыны вырвала з рук ліст. Дзяўчына так напалохалася, што ажно асунулася на траву і, закрыўшы далонямі твар, як быццам акамянела ў роспачы. Юрка колькі разоў крыкнуў і таксама скамянеў з шырока адкрытым ротам і вытарашчанымі вачыма. Магутная Мадзя, трымаючы адной рукой хлопца за каўнер, другую руку з лістом паднесла да твару. Хоць і была яна магутная, аднак плечы яе ўздрыгвалі ад хвалявання. Была яна калісьці адукаванай, і таму пісаныя літары досыць бегла магла чытаць, а Капроўскі меў почырк буйны і выразны. Усяго за некалькі хвілін прачытала яна гэты кароткі ліст і дазналася з яго пра вялікае, вялікае няшчасце сваёй дачкі. Як на далоні ўбачыла ўсё... Роспачным голасам закрычала:
- Божа мой! Божа мой! Божа мой міласэрны!
Страшны боль скрывіў яе твар, вочы наліліся крывёй і слязамі - і яна пачала лупцаваць хлопца, якога трымала за каўнер. Яе гнеў, падаграваны адчуваннем болю, здавалася, не меў межаў. Насуперак сваёй звычцы, яна зусім не крычала, а толькі са сціснутымі зубамі біла няшчаснага пасланца, драла яго за валасы і вушы, ірвала на ім адзенне. Яна магла б яго забіць, калі б не вяртлявасць хлопца, які, як вуж, выгінаўся ў яе руках. Уратавала яго і з'яўленне на полі бітвы Рузі, якая, не шкадуючы сваіх плячэй і атрымаўшы ў спадчыну ад маткі гэткую ж магутную сілу, пачала хапаць яе за рукі. Больш ніхто на Юркавы крыкі не прыбег. Мужчынскае насельніцтва фальварка было ў аборы альбо на полі, фальваркоўскія ж дзеўкі, занадта прызвычаеныя да хавантур, што вырабляла гаспадыня, ужо на іх і не рэагавалі. Але Рузя ваявала з маці бясстрашна і мужна і ўрэшце вырвала з яе рук хлопца, які тут жа стралою кінуўся да брамы. Тады Бахрэвічыха хацела тут жа кінуцца з кулакамі на Карольцю, якая ўсё яшчэ сядзела на траве і ажно задыхалася ад плачу. Але і гэтым разам Рузя смела стала паміж маткай і сястрой. Засланяючы апошнюю сваёй па-маладому пружыністай постаццю, яна казала: